21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Алё, народ на провадзе!

25.08.2009 21:21 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Протакал

Жыў-быў некалi ў вёсцы...

Зрэшты, не так цiкава ў якой, i нават — хто. А вось сама гiсторыя...

У вёсцы, значыць, жыў-быў Iван. Любiў чарачку кульнуць, а працаваў шафёрам, таму ехаць недзе далёка... (а ўжо ў райцэнтр...) — ды Божа баранi: мiлiцыя ж там — правы забярэ, як пiць даць.

Вось для таго, каб iх не пазбавiцца, не аддаць, i пускаўся Iван на розныя хiтрыкi. Найлепш спрацоўвала свая, «фiрменная». Ехаў ён, напрыклад, «пад шафэ», бачыў наперадзе работнiкаў ДАI, скiдваў трохi хуткасць i крычаў:

— Э-э, камандзiры! Дапамога патрэбна?

Што гучала ў адказ, паўтараць не бяруся: больш выхаваныя мiлiцыянеры моўчкi круцiлi жазлом: во, маўляў, памочнiк знайшоўся... Праязджай давай. Менш выхаваныя — гаварылi ўсе такое, што i папера можа не вытрымаць.

А Iвану што? Ён жа небяспечнае месца праехаў?

...Ды не дарэмна ж кажуць з веку ў век, што колькi вяровачцы нi вiцца, а канец будзе.

Паслалi неяк Iвана ў раённую сельгастэхнiку па запчасткi. Пакуль прыехаў, пакуль загрузiўся — палуднаваць час. Зазiрнуў у сталоўку, каб нешта ўкусiць — пiва там. На разлiў... А яго, пасля ўчарашняга, смага душыла проста нясцерпная...

Не стрываў, карацей: каўтануў куфлiк-другi, сеў шчаслiвы, за руль, едзе. Бачыць — ДАI на абочыне. Ён, як заўсёды, шкло апусцiў, голаў высунуў, пытае сваё: «Э, камандзiр, дапамога патрэбна?» I чуе раптам:

— О! Давай, давай сюды. Трэба пратакольчык адзiн падпiсаць.

Рабiць няма чаго — вылез Iван з кабiны. Роўненька падышоў да мiлiцэйскай машыны, убачыў, што тармазнулi там сябра па няшчасцю, якi на экспертызу катэгарычна iсцi не хоча...

— Во тут распiшыцеся, — паказаў мiлiцыянер.

I пакуль Iван, баючыся дыхнуць, змокшы, як мыш, ад страху, дрыжачай рукой выводзiў свой подпiс, усё зразумеў.

Вось так той «памочнiк» застаўся без правоў. Спачатку — на два гады, а потым i наогул...

Але ж нешта i нажыў. Што? Ды новую мянушку, бо iнакш чым Протакал, за вочы яго не клiчуць i зараз.

М.I. Дзiгалёў,

г. Бабруйск .

З птушкай — на вылет?..

Было гэта ў пяцiдзесятых гадах мiнулага веку. Не помню чаму, але жанчыны ў нашай вёсцы не выйшлi на апрацоўку лёну, «забаставалi». Тут жа наляцела начальства: расшумелася, загадала кожную «ўзяць на карандаш», выклiкаць на праўленне.

Дзявацца няма куды: брыгадзiр (адукацыя 4 класы) узяўся складаць «закладную».

А трэба сказаць, што жанчын працаздольных тады шмат у вёсцы было. Думае: усiх жа на праўленне не пацягнеш? Стаў перабiраць. Кшталту, ага: гэта — «трохi» цяжарная, гэта — сам бачыў — хворая, у гэтай — дзiцятка малое... А супраць прозвiшчаў тых, якiя без прычыны на працу не прыйшлi, брыгадзiр стаў галачкi ставiць («птички» па-руску)...

I вось пачынаецца тое праўленне. Народу ў новы клуб набiлася... Ну як на канцэрт. Цiкава ж, каго хвалiць будуць, каго — караць, якiмi словамi...

Першым старшыня калгаса. Строга так пытаецца:

— Таварыш брыгадзiр, далажыце: усе жанчыны на праўленне прыйшлi?

— Так, — падхапiўся «дакладчык». — Тыя, што з «пцiчкамi» — усе.

(Ад рогату ў клубе аж шыбы зазвiнелi.)

— А тыя, што без «пцiчак» нам i не патрэбны, хай дома сядзяць, — усмiхнуўся старшыня i пачаў пасяджэнне.

Ангелiна Зелянкоўская,

в. Мачуль, Столiнскi раён.

У каго што балiць...

Тая вясна да нас не спяшалася: май на парозе, кармоў — нi ахапачка... А на зямлi не тое што травы — снег месцамi. Прападала скацiна. Калгасная (сваю ж людзi лепей глядзелi): каровак, самых слабенькiх, сталi вяроўкамi падвязваць. А тут юбiлей — 25 гадоў калгасу нашаму. Трэба ж адзначаць, гасцей збiраць...

Да свята — само сабой — сталi рыхтаваць канцэрт. Суседка наша Насця новыя песнi развучвала, новыя вершы. I пiсалi iх, дарэчы, не толькi класiкi. Насцiн муж, Данiла, таксама не лыкам шыты быў. Мог такое «забамбiць»... Ды не без цэнзуры. Вершы найперш чытаў парторг, мог паправiць, мог — «не прапусцiць». Хоць, на першы позiрк, Данiла быў чалавекам дабранадзейным, партыйным...

Праўда, у тую вясну з iм нешта зрабiлася: вершык напiсаў, парторгу паказаў, «дабро» атрымаў. А паколькi чытаць яго павiнна была самая звонкагалосая родная жонка, «зсамадзейнiчаў». Што з таго атрымалася?

Выйшла Настасся яго на сцэну, выдала ўсё ўрапатрыятычнае, а закончыла свой выступ радкамi:

Калiсьцi — тут раслi надоi...

Цяпер — з пянькi вiём вяроўкi,

Каб ад калгаснае нядолi

Не здохлi ўсе нашы кароўкi.

Зразумеўшы, што ў вершы нешта не так, а яна яго ўжо прачытала, аратарка рванула са сцэны, парторг збялеў, госцi з раёна — пачырванелi, у зале на некалькi iмгненняў узнiкла паўза, а потым грымнуў смех. Хай горкi... Але ж праўда, такая балючая, такая ў той дзень патрэбная, прагучала.

За яе пасля юбiлею Данiла атрымаў «страгача» па партыйнай лiнii i за вершы вельмi доўга не браўся — жонка са сцэны чытала «класiкаў». Што, пагадзiцеся, куды больш надзейна.

Мiкалай Гарбачоў,

в. Сiнягорская, Сенненскi раён.

Рубрыку вядзе Валянцiна ДОЎНАР.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жыў-быў некалi ў вёсцы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика