21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Школа, дзе хочацца вучыцца

25.08.2009 21:34 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вучэбна-педагагiчны комплекс у вёсцы Фiлатава — славутасць Круглянскага раёна.

Фiлатаўская школа бярэ пачатак ад 1917 года. Да 90-х гадоў мiнулага стагоддзя гэта была невялiкая 8-гадовая вясковая школа. Аднак пасля таго, як у Фiлатаве паводле праграмы лiквiдацыi наступстваў Чарнобыльскай катастрофы пачалi будаваць пасёлак для перасяленцаў з забруджаных тэрыторый, у вёсцы з’явiлася новая ўстанова адукацыi.

Тут ажыццявiлi смелую iдэю — не толькi аб’ядналi дзiцячы сад i агульнаадукацыйную школу, яе i далучылi да iх фiлiялы музычнай i спартыўнай школ, фiзкультурна-аздараўленчы комплекс.

— Мы, па-першае, iмкнулiся зэканомiць бюджэтныя сродкi: адзiн комплекс — адно кiраўнiцтва i адны планы, гэта зручная сiстэма працы, — тлумачыць дырэктар Фiлатаўскага вучэбна-педагагiчнага комплексу Уладзiмiр Аляхновiч. — А, па-другое, хацелi мець магчымасць выяўляць здольнасцi i таленты дзяцей з маленства i ствараць умовы для iх развiцця.

Уладзiмiр Аляхновiч, заслужаны работнiк адукацыi Беларусi, стаў на Кругляншчыне чалавекам 2005 года. Ужо 19 гадоў ён працуе дырэктарам Фiлатаўскай школы i ганарыцца тым, што за гэты час дзецi не ўчынiлi нiводнага правапарушэння i нiхто з iх нiколi не стаяў на ўлiку ў iнспекцыi па справах непаўналетнiх. Уладзiмiр Адамавiч лiчыць, што прычына — у занятасцi дзяцей цiкавымi справамi: хочаш займацца лыжамi i футболам — цябе чакае спартыўная школа, прыцягвае турызм — ёсць турыстычны клуб, цiкавiшся рыбкамi i птушкамi — калi ласка, запрашаем у зiмовы сад. Увогуле ў Фiлатаўскай школе цяпер працуе 17 гурткоў — на самыя розныя густы.

У школе лiчаць, што вяскоўцам няма калi займацца выхаваннем сваiх дзяцей: яны працуюць ад цямна да цямна, работа i свая гаспадарка не пакiдаюць вольнага часу. Таму сваiх дзяцей яны поўнасцю давяраюць школе i спадзяюцца на настаўнiкаў. I тыя бяруць на сябе такую адказнасць.

У садок забiраюць дзяцей ад 1 года i пачынаюць за iмi назiраць, выяўляць iх здольнасцi, займаць той цi iншай справай глыбей. У вынiку вучнi дэманструюць добрыя веды на алiмпiядах, трэць дзяцей заканчвае школу з медалямi, а палова выпускнiкоў паступае ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

— Ведаеце, у вясковых дзяцей даволi вузкае кола зносiнаў, усё асяроддзе — школа, ферма, хата, — мяркуе настаўнiца Галiна Смольская. — А тут дырэктар i яго каманда ствараюць для вучняў дадатковыя магчымасцi праявiць сябе.

Уладзiмiр Аляхновiч калiсьцi i сам скончыў Фiлатаўскую школу, але прызнаецца, што тады школьнае жыццё цiкавасцю не вылучалася.

— Памятаю толькi ўрокi i снег па пояс, — узгадвае цяперашнi дырэктар школы. — У нас не было лыжаў, замест iх настаўнiк кiдаў мяч на снег i мы гулялi ў футбол. Я яшчэ тады вырашыў, што калi стану настаўнiкам, ды яшчэ дырэктарам, зраблю так, каб дзецям было цiкава вучыцца. I маiм вучням сапраўды цiкава: у iх няма часу на лухту, яны не б’юцца, не крадуць i не п’юць, яны вучацца!

Сам Уладзiмiр Адамавiч вядзе ў школе спецкурс па здароваму ладу жыцця. Ён пераконвае вучняў яшчэ i асабiстым прыкладам: ужо 24 гады Аляхновiч не курыць i не п’е спiртнога.

— Мы хочам, каб наша школа не толькi давала добрыя веды, а яшчэ рэальна рыхтавала дзяцей да жыцця, — гаворыць Аляхновiч. — Таму выхаванне я стаўлю нават наперадзе вучобы. Нашай маладой дзяржаве патрэбны выхаваныя маладыя людзi — такiя, якiх мы ўвогуле называем прыстойнымi людзьмi.

У Фiлатаўскай школе лiчаць: самае галоўнае, што настаўнiкi павiнны выхаваць у дзецях, — любоў да радзiмы. Каб у вучнёўскiх анкетах лепшым месцам адпачынку значылiся не Канары, а Нарач. Каб маладыя людзi вярталiся ў родную вёску жыць i працаваць. I гэта ўжо адбываецца, — гаворыць Аляхновiч: больш за палову супрацоўнiкаў вучэбна-педагагiчнага комплексу — гэта яго выпускнiкi розных гадоў.

— У нас вельмi прыгожая школа i добрыя настаўнiкi, — лiчыць школьнiца Вiкторыя Мазок. — Асабiста мне найбольш падабаюцца ўрокi працы: там вучаць шыць, вязаць i гатаваць ежу.

— Многае, чаму тут вучаць, спатрэбiцца ў жыццi вяскоўца, — згодны Мiкалай Маскаленка. — Мне падабюцца фотагурток i «Зрабi сам!» Тут можна i вучыцца, i гуляць.

У першым класе школы навучаецца толькi 9 вучняў, i ад таго ў кабiнеце — цiшыня i парадак. Настаўнiца Рыма Фралова задаволена малымi, падыходзiць да кожнага з ласкай i дабрынёй. Вось толькi хацелася б, каб вучняў у класе было паболей.

Цяпер у Фiлатаўскай школе вучыцца 100 дзяцей i яшчэ 24 выхоўваецца ў садку. Але настаўнiкi хвалююцца: цi будуць заўтра ў Фiлатаве i навакольных вёсках дзецi, якiх трэба будзе вучыць?

— Каб нараджалiся ў вёсках дзецi, трэба для моладзi не толькi будаваць домiкi, але i ствараць працоўныя месцы, — упэўнена завуч Наталля Суханоўская. — Мне падаецца, што перспектыўнымi на вёсцы былi б невялiкiя перапрацоўчыя прадпрыемствы. З добраўпарадкаваннем мы ўжо справiлiся. Але людзям хацелася б мець яшчэ i цiкавую працу.

Сёлета ў Фiлатаве, паводле планаў, будзе створаны аграгарадок. У сувязi з гэтым у школьных будынках мяркуюць зрабiць новыя дахi i дзверы, а таксама давесцi да розуму стадыён, зрабiць лыжаролерную трасу, нават з асвятленнем. Увогуле мара школы — выхаваць свайго алiмпiйскага чэмпiёна. Мiкалай Парчэўскi, якога трэнiравалi ў Фiлатаве з 4-га класа, сёлета ледзь не трапiў на Алiмпiяду ў Турын. Не атрымалася, але малады лыжнiк заявiў, што будзе далей працаваць i трэнiравацца.

У планах школы развiваць дыферэнцыраванае навучанне школьнiкаў. Што называецца, кожнаму — па яго здольнасцях. Цяпер фiлатаўскiя старшакласнiкi маюць дадатковыя гадзiны, падчас якiх могуць выбiраць прадметы паводле сваiх iнтарэсаў — часцей за ўсё тыя, якiя iм спатрэбяцца для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Гонар школы — краязнаўчы музей. Ёсць харэаграфiчны клас, у музычнай школе можна навучыцца iграць на баяне i акардэоне. I нават сiстэма харчавання ў школе незвычайная — варыянтная. Вучнi з двух варыянтаў меню выбiраюць прыдатны для сябе. Харчаванне бясплатнае — дзякуючы дзяржаве, СПК «Някрасава—Агра» i самiм школьнiкам. Яны разам з настаўнiкамi працуюць на палетках i не толькi забяспечваюць школу гароднiнай, але i здаюць яе, каб атрыманыя грошы аддаць на рамонт i ўтрыманне комплексу.

Цяпер настаўнiкi i вучнi Фiлатаўскай школы чакаюць новы камп’ютарны клас. Увогуле тут ужо ёсць два абсталяваныя класы, бо калiсьцi фiлатаўцы былi пачынальнiкамi ў справе камп’ютарызацыi. Аднак тэхнiка тая састарэла, i мiнiстр адукацыi Аляксандр Радзькоў, якi нядаўна наведаў комплекс, паабяцаў узорнай вясковай школе ў Фiлатаве самы сучасны камп’ютарны клас.

— Нашы настаўнiкi — строгiя, але вясёлыя i разумныя, — усмiхаецца выпускнiца Ларыса Пачалава. — Яны нас паважаюць, а мы адказваем тым жа.

Iлона IВАНОВА,

Круглянскi раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вучэбна-педагагiчны комплекс у вёсцы Фiлатава — славутасць Круглянскага раёна
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика