21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Беларусы ўсё часцей разумеюць, што пластыкавыя грошы — таксама грошы,

25.08.2009 21:55 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аглядальнiк «Звязды» гутарыць з генеральным дырэктарам ААТ «Банкаўскi працэсiнгавы цэнтр» Генадзем ЗУБАРАВЫМ

— Ваша прадпрыемства, Генадзь Васiльевiч, адзiнае ў рэспублiцы i настолькi неардынарнае, што чытачу, безумоўна, будзе цiкава пазнаёмiцца з гiсторыяй яго стварэння i станаўлення.

— Пачнём з таго, што беларускiя банкi i iх клiенты ў апошнi час усё больш ахвотна працуюць з «электроннымi грашыма» — банкаўскiмi пластыкавымi карткамi. I каб забяспечыць далейшае развiццё такога вiду паслуг пры разумных iнвестыцыях у гэты бiзнэс, па iнiцыятыве Нацыянальнага банка i шэрагу буйнейшых банкаўскiх структур i было створана наша прадпрыемства. Зарэгiстравана яно ў жнiўнi 2002 года, напачатку называлася «Нацыянальны працэсiнгавы цэнтр», такiм па сутнасцi i засталося. (Патлумачым: тэрмiн працэсiнг азначае «апрацоўка аперацый». Апрацоўка складаецца з некалькiх асобных этапаў — аўтарызацыi, якая дазваляе ўпэўнiцца, што ў клiента сродкi на рахунку ёсць; апрацоўкі транзакцый, калi працэсiнгавы цэнтр збiрае iнфармацыю з усёй абслугоўваемай сеткi i апрацоўвае яе; i гэтак далей.)

Чаму я ўспомнiў пра «разумныя iнвестыцыi»? Работа з пластыкавымi карткамi патрабуе ад любога банка, незалежна ад таго, колькi картак ён збiраецца выпускаць, значных фiнансавых укладанняў, асаблiва на пачатковым этапе. А калi рабiць гэта аб’яднанымi намаганнямi, расходы раскладваюцца на ўсiх.

З самага пачатку нам давялося вырашаць даволi складаныя задачы. Патрабна было стварыць дастаткова капiталаёмiсты апаратна-праграмны комплекс, а таксама iнфраструктуру абслугоўвання картак, забяспечыць кругласутачную падтрымку клiенцкай базы, магчымасць выкарыстання чалавекам яго карткi ў любы час дня i ночы, у выхадныя i святочныя днi. Iнакш кажучы, гарантаваць кругласутачную падтрымку аперацый з пластыкавымi карткамi. Плюс вырашаць пытаннi, звязаныя з выпускам самiх картак. Пачыналi мы працаваць з 18 чалавек, зараз цэнтр налiчвае больш за 90 спецыялiстаў.

Была яшчэ адна задача, доўгатэрмiновая, яна стаiць на парадку дня i зараз — стымуляванне выкарыстання банкаўскай карткi ў якасцi плацежнага сродку для безнаяўных разлiкаў. Для яе рашэння прымаўся шэраг пастаноў урада РБ i Нацыянальнага банка. Над яе выкананнем працуем сумесна з банкамi дастаткова актыўна адразу па некалькiх накiрунках. Адзiн з iх — перадача банкам у арэнду цi ў лiзiнг абсталявання, з дапамогай якога абслугоўваюцца трымальнiкi картак. I ўласна работа па развiццю гандлёвай сеткi — у нас ёсць структура, якая займаецца прыцягненнем гандлёвых прадпрыемстваў на абслугоўванне. Пачынаючы з устаноўкi абсталявання, навучання персаналу, затым — пастаянны манiторынг, у тым лiку па пытаннях бяспекi.

Гэта адзiн блок праблем. Другi звязаны з магчымасцю выкарыстання карткi для аплаты паслуг так званых цэнтралiзаваных правайдараў. Сёння сумесна з банкамi i iншымi кампанiямi, якiя працуюць на рынку iнфармацыйных паслуг, мы забяспечылi магчымасць аплаты безнаяўным шляхам, праз устройствы самаабслугоўвання, камунальных паслуг у Мiнску i ўсiх абласных цэнтрах, аплаты мабiльных тэлефонаў (дарэчы, самая папулярная па аб’ёмах плацяжоў паслуга) — i Velcom, i МТС, i БелСел, а таксама магчымасць аплаты паслуг Белтэлекама, газавых службаў, а ў некаторых рэгiёнах — i арганiзацый па энергазабеспячэнню, прычым у рэжыме рэальнага часу. З дапамогай мабiльнага тэлефона арганiзавалi так званы СМС-банкiнг, калi чалавек можа, не выходзячы з дому, аплацiць карыстанне хатнiм тэлефонам цi паслугi аператара мабiльнай сувязi. Укаранiлi i такое новаўвядзенне, як СМС-апавяшчэнне: клiент разлiчваецца з дапамогай карткi цi здымае наяўныя грошы, i яму адразу прыходзiць паведамленне, што такая аперацыя адбылася. Гэта карысна з пункту гледжання папярэджання выпадкаў махлярства.

— З моманту стварэння цэнтра прайшло роўна чатыры гады. Калi меркаваць па афiцыйнай статыстыцы, колькасць карыстальнiкаў вашых паслуг значна ўзрасла.

— Буйнейшымi карыстальнiкамi нашых паслуг сталi банкi: ААБ «Беларусбанк», Белiнвестбанк, Белпрамбудбанк, Трастбанк, Парытэтбанк, «Залаты талер», некаторыя іншыя крэдыт-ныя ўстановы, пачынае супрацоўнiцтва Белаграпрамбанк — у жнiўнi разлiчваем сертыфiкаваць яго сiстэму безнаяўных разлiкаў з дапамогай пластыкавых картак. Працуем з iмi па розных схемах, няма нейкага агульнага стандарту. Стараемся падыходзiць да пажаданняў банкаў дастаткова гiбка. Адны знаходзяцца на поўным нашым абслугоўваннi, iм застаецца толькi заключыць дагаворы з уласнымi клiентамi, фiзiчнымi цi юрыдычнымi асобамi i выконваць унутрыбанкаўскiя аперацыi. Iншыя карыстаюцца толькi паслугамi нашага фронт-офiса — абсталявання, якое забяспечвае абслугоўванне картак у рэжыме рэальнага часу. Некаторыя банкi карыстаюцца i нашымi тэхнiчнымi магчымасцямi доступу ў мiжнародную сетку банкаматаў i электронных тэрмiналаў. Абслугоўваем мы карткi асноўных плацежных сiстэм, якiя iснуюць — VISA, MasterCard, а таксама лакальныя карты банкаў, якiя з намi працуюць.

— А вось тая статыстыка, якую вы прыводзiлi ў самым пачатку нашай гутаркi, i якая ўражвае...

— Калi мы арганiзавалiся як прадпрыемства, у рэспублiцы было ў абароце прыкладна 300 тысяч пластыкавых картак. На сёння iх 3,5 мiльёна. За два з паловай мiльёны цалкам адказваем мы, мы iх абслугоўваем. Так што можаце ўявiць сабе напружанне, з якiм даводзiцца працаваць калектыву, каб забяспечыць функцыянаванне такога масiву картак. Перш за ўсё ў сэнсе забеспячэння правядзення аперацый. Усё пазнаецца ў параў-наннi. Калi ў лютым 2004 года было крыху больш за 2 мiльёны транзакцый у месяц, то сёння гэта ўжо 12 мiльёнаў у месяц, у рэжыме рэальнага часу. Па вынiках мiнулага года абслугоўваемы абарот склаў 965,5 мiльярда рублёў у месяц. Такi рост патрабуе адпаведнага павелiчэння магутнасцi абсталявання. Мы пастаянна займаемся нарошчваннем магутнасцяў сваёй апаратна-праграмнай платформы. З пункту гледжання прадукцыйнасцi яна цалкам забяспечвае патрэбы банкаў.

— Назавiце, калi ласка, найбольш прыкметныя крокi ў гэтым накiрунку.

— Стварылi свой цэнтр персаналiзацыi, дзе аказваем паслугi банкам па вырабу картак на канечным этапе — нанясеннi на iх iнфармацыi, «прывязцы» карткi да канкрэтнага клiента. 5—6 тысяч картак мы выпускалi на пачатковым этапе, сёння гэта 100—130 тысяч у месяц.

Створаны цэнтр сэрвiсу для клiентаў, якi кругласутачна вырашае самыя «гарачыя» пытаннi. То клiент банка згубiў картку, цi яе ў яго ўкралi, i неабходна тэрмiнова блакiраваць (да 6,5 тысячы выпадкаў у месяц). То па забыўчывасцi некалькi разоў увёў няправiльна пiн-код, i картку патрэбна разблакiраваць (звычайна бывае каля 9000 выпадкаў у месяц). Паступаюць запытаннi па астатках на рахунку — людзям важна ведаць, пералiчана яму зарплата цi не...

— Зараз, калi мы гаворым пра першыя вынiкi дзейнасцi цэнтра, цi задаволены вы сваiм супрацоўнiцтвам з гандлёвымi арганiзацыямi, якiя могуць i павiнны стаць буйнейшым партнёрам у арганiзацыi безнаяўных разлiкаў з дапамогай пластыкавых картак?

— Узровень развiцця безнаяўных разлiкаў з дапамогай банкаўскiх пластыкавых картак менавiта ў гандлi нашай рэспублiкi пакуль што нязначны, мусiм гэта канстатаваць. Прычын, на мой погляд, некалькi. Доўга iснавала iстотная рознiца ў тарыфах за абслугоўванне — за iнкасацыю наяўных грошай i па аперацыях з карткамi. Далей: абсталяванне, якое ўстанаўлiваецца ў гандлёвых залах, дастаткова дарагое, адзiн невялiкi электронны тэрмiнал каштуе ад 600 да 800 долараў. З улiкам таго, што абарот па картках у суадносiнах з тавараабаротам магазiнаў пакуль што зусiм нязначны, iх дырэкцыя не заўсёды сустракала прапановы банкаў i нашы прапановы з належным разуменнем.

У канцы 90-х гадоў больш актыўна iшлi на супрацоўнiцтва атэлi, рэстараны, а таксама гандлёвыя пункты, арыентаваныя на клiента з-за мяжы. Пасля таго, як была прынята адпаведная праграма Нацыянальнага банка — аб паэтапным павелiчэннi долi безнаяўных разлiкаў, i гэтае пытанне было ўзята пад кантроль на ўзроўнi ўрада, банкi адрэагавалi на рост колькасцi картак i больш рашуча павярнулiся ў бок тых прадпрыемстваў гандлю i сэрвiсу, паслугамi якiх насельнiцтва карыстаецца на штодзённай аснове. Гэта ў першую чаргу прадуктовыя i шэраг прамтаварных магазiнаў i г.д. I калi глядзець на лiчбы, то ў параўнаннi з 2000 годам сёння прырост у разы. Але калi не параўноўваць, а проста цвяроза ацэньваць сiтуацыю, то, канешне, усё ж недастаткова. Скажам, да нашай сiстэмы безнаяўнага разлiку падключана 2 тысячы прадпрыемстваў гандлю. Колькасць падключаных плацежных тэрмiналаў у прадпрыемствах гандлю — 2250. (Ёсць, праўда, шэраг iншых банкаў, якiя працуюць у гэтым накiрунку самастойна. Але нават з улiкам iх клiентуры набiраецца тысяч шэсць, не больш.) Суседзi ва Украiне за некалькi апошнiх гадоў «асвоiлi» 45 тысяч гандлёвых кропак.

— Зараз сiтуацыя быццам некалькi мяняецца?

— Варта сказаць «дзякуй» ураду i Нацыянальнаму банку, якiя прадпрынялi шэраг мераў. Напрыклад, ураўнялi камiсiю за iнкасацыю i за безнаяўны абарот у гандлi. У гандлёвых арганiзацый больш няма важкiх аргументаў, каб заяўляць, што iм гэта зараз нявыгадна. У мiнулым годзе i сёлета работа вялася актыўна, не магу назваць выпадку, калi магазiн адмаўляўся ўстанаўлiваць тэрмiнал. Тут ужо, хутчэй, стаiць пытанне аператыўнасцi работы як нашага цэнтра, так i банкаў у частцы прасоўвання такога вiду паслуг. Спадзяюся, што ўжо ў хуткiм часе беларускi гандаль будзе прымаць карткi ў такой жа масавай колькасцi, як прымае наяўныя грошы.

— Магчыма, важкай прычынай, якая стрымлiвае развiццё безнаяўных разлiкаў з дапамогай пластыкавых картак, застаецца той факт, што ў насельнiцтва па-ранейшаму не так ужо i многа «электронных грошай» на руках?

— Пытанне гэта спрэчнае, мала на руках «электронных грошай», цi многа. Усё ж 3,5 мiльёна картак у карыстаннi. Колькi ў нас працаздольнага насельнiцтва — прыкладна 4,5 мiльёна? Нават калi ўсе 5, то таксама не скажаш, што мала. Недастаткова — тут я згодны. Ёсць iстотная база для росту.

Не будзем iгнараваць такi цiкавы момант, як ментальнасць насельнiцтва, усiх нас разам узятых. Не ўсе нашы суайчыннiкi пераадолелi ў сабе прадузятасць, нават страх перад пластыкавымi грашыма. I нават тыя, у каго картка ёсць, выкарыстоўваюць далёка не ўсе яе магчымасцi. Робячы ў месяц 7—8 аперацый па картцы, чалавек у асноўным выкарыстоўвае яе, каб зняць грошы — у банкамаце, у аддзяленнi банка. Зыходзiць з таго, што «калi грошы ў кiшэнi — яны ўсё ж у мяне, а не недзе на рахунку. А раптам яны сёння спатрэбяцца? А калi не будзе?»... Iснуе нiчым не падмацаваны недавер да электроннай плацежнай сiстэмы. А праўда заключаецца ў тым, што грошы, калi яны ў яго на рахунку ёсць, абавязкова будуць i ў банкамаце, i iх можна будзе зняць, каб не насiць за сабой. Яшчэ адна выгада — набягае хай сабе невялiкi, але ўсё ж працэнт на астатак...

Акрамя таго, не будзем забываць, што картка сёння — гэта рахунак у банку, крэдытная гiсторыя, якая ў рэшце рэшт можа чалавеку спатрэбiцца, калi ён прыйдзе за крэдытам. Адносiны любога банка да трымальнiка карткi, у якога ёсць рахунак, iншыя, чым да таго, у каго iх няма: яму больш даверу. Зараз банкi выкарыстоўваюць разнастайныя крэдытныя схемы, у тым лiку з дапамогай пластыкавых картак.

Так што банкi сёння iдуць насустрач насельнiцтву. У свой час яны стварылi iнфраструктуру для зняцця наяўных грошай, потым на гэтую iнфраструктуру «налажылi» магчымасць выканання безнаяўных аперацый. I зараз пры такой колькасцi банкаўскiх пластыкавых картак можна больш аргументавана размаўляць з гандлем.

— Якiя яшчэ паслугi, на ваш погляд, развiваюцца недастаткова актыўна?

— Можна было б смялей iсцi на выпуск сумесных картак з буйнымi тавараправодзячымi сеткамi. Напрыклад, з сеткай заправак i г.д. Тое, што мы бачым сёння за мяжой: сумесныя карткi з двума лагатыпамi. У суседняй Расii гэта, напрыклад, сетка заправак i нейкi банк, аператар мабiльнай сувязi i банк. Сэнс такiх праектаў — праз прадастаўленне трымальнiку карткi скiдак па пэўнай схеме стымуляваць выкарыстанне картак для безнаяўных разлiкаў. Што, у сваю чаргу, стымулюе рост тавараабароту гэтай канкрэтнай кампанii. У нас у Беларусi ёсць буйныя прадпрыемствы i кампанii, з якiмi можна ў гэтым напрамку працаваць. Карыстаюся магчымасцю, каб праз урадавую i парламенцкую газету прапанаваць iм такое ўзаемавыгаднае супрацоўнiцтва. Думаю, банкi-фундатары цэнтра мяне падтрымаюць.

— Вы ўдзельнiчалi ў аб’яднаннi сеткi банкаматаў ААБ «Беларусбанк» i Белпрамбудбанка, што гэта дало клiентам?

— Для клiентаў расшырылася сетка пунктаў абслугоўвання. Сталi даступнымi банкаматы не толькi свайго банка. Прычым за карыстанне банкаматамi «чужога» банка з iх камiсiю не возьмуць. I за безнаяўныя аперацыi, i за тое, што чалавек зняў «жывыя» грошы. Па-мойму, сёння гэта самая буйная сетка ў рэспублiцы.

— Лагiчна выказаць меркаванне, што адным з вашых пастаянных клопатаў з’яўляюцца пытаннi бяспекi пры выкарыстаннi «пластыкавых грошай».

— Гэта важны накiрунак нашай дзейнасцi. Ёсць нават аддзел, якi займаецца пытаннямi бяспечнага звароту картак. Не сакрэт, што як падрабляюцца папяровыя грошы, так ёсць спробы падробак i электронных, цi пластыкавых сродкаў разлiку. Мы аказваем паслугi банкам у гэтым накiрунку, выконваем манiторынг аперацый, iснуюць спецыяльныя праграмныя сродкi. Навучаем супрацоўнiкаў банкаў, персанал гандлёвых прадпрыемстваў працэдуры правiльнага прыёму «пластыкавых грошай», iнакш кажучы, правiльнаму абслугоўванню клiента. Вучым, на што звяртаць увагу, каб выявiць падробку, калi яна будзе мець месца. Актыўна супрацоўнiчаем у гэтым накiрунку з органамi ўнутраных спраў. Не так даўно прыйшло падзячнае пiсьмо з МУС — дапамаглi выявiць злачынцаў, якiя здымалi грошы па падробных картках.

— Наколькi ўсё ж рэальная магчымасць, што нехта па злачынных матывах можа выкарыстаць чужую пластыкавую картку?

— Яна такая ж, як i магчымасць пакарыстацца чужым кашальком. Не большая i не меншая. Усё залежыць ад таго, як мы захоўваем свой кашалёк. Хоць... Ведаеце, вазьму на сябе смеласць сказаць, што грошы на пластыкавай картцы абаронены больш, чым у кашальку. Iх не так проста забраць, злодзей павiнен быць тэхнiчна «падкаваным», нейкiм чынам не проста авалодаць карткай, але даведацца i пiн-код. Так што па-ранейшаму многае залежыць ад уважлiвасцi гаспадара. Калi ён захоўвае пластыкавую картку ў задняй кiшэнi джынсаў, а свой сакрэтны пiн-код трымае не ў памяцi, а пiша прама на картцы, што на практыцы сустракаецца, то кiшэннiкi пастараюцца гэтыя яўныя прамашкi выкарыстаць. Iснуюць вельмi простыя i дакладныя правiлы для карыстальнiка «пластыкавых грошай», выкананне якiх гарантуе бяспеку. Скажам, выявiлася, што картка прапала — патэлефануйце ў службу сэрвiсу нашага прадпрыемства цi свой банк, i мы на працягу некалькiх хвiлiн заблакiруем усякi рух на гэтым рахунку.

— I шмат выпадкаў, калi карткай пакарыстаўся зламыснiк?

— Здараюцца. Праўда, часцей за ўсё гэта адбываецца з карткамi замежных банкаўскiх устаноў. Магчыма, таму, што за мяжой вельмi развiты Iнтэрнэт-банкiнг, i атрымаць iнфармацыю аб картцы праз «сусветную павуцiну» лягчэй. I калi гаварыць пра тэндэнцыi, то больш аперацый па падробленых, а не крадзеных картках. Наш цэнтр актыўна працуе над праблемамi бяспекi выкарыстання картак праз Iнтэрнэт. Сёлета плануем сертыфiкавацца ў сусветных плацежных сiстэмах на бяспечнае правядзенне аперацый у Iнтэрнэце.

Я яшчэ раз хацеў бы падкрэслiць тую думку, што электронныя грошы больш надзейна абаронены, чым папяровыя. Пра бяспеку кашалька ў кiшэнi клапоцiцца толькi яго гаспадар, а пра захаванасць электронных сродкаў разлiкаў дбаюць цэлыя службы прафесiяналаў.

— I ў заключэнне некалькi пытанняў «россыпам». Вы i сёння аказваеце садзейнiчанне беларускiм банкам ва ўступленнi ў мiжнародныя плацежныя сiстэмы?

— Такое садзейнiчанне — адзiн з важных нашых клопатаў. У асноўным гэта падрыхтоўка неабходных дакументаў для ўступлення ў сiстэму i правядзенне ўсiх тэхналагiчных мерапрыемстваў (напрыклад, вызначэнне канфiгурацыi апаратна-праграмнага комплексу), а таксама ўдзел у сертыфiкацыi банка ў плацежнай сiстэме. Я ўжо ўзгадваў, што зараз якраз мы працуем з Белаграпрамбанкам па сертыфiкацыi яго ў плацежнай сiстэме VISA, i ў жнiўнi мяркуем работу завяршыць. Сертыфiкуецца ўвесь банк, з усiмi яго аддзяленнямi i фiлiяламi па ўсёй рэспублiцы. Прыемна, што яны да нас прыйшлi.

— Менавiта вы займаецеся генерацыяй пiн-кодаў. Якi тут рынак для вас?

— Толькi тыя банкi, з якiмi мы працуем, i iх клiенты. Чым больш банк прыцягвае трымальнiкаў картак, тым больш у нас працы. Для кожнага клiента генерыруецца яго персанальны, абсалютна непаўтаральны сакрэтны электронны ключ, з дапамогай якога ён будзе працаваць ва ўстройствах самаабслугоўвання — пiн-код. Мы штогод знiжаем свае тарыфы на гэтую паслугу, як i на многiя iншыя. Зыходзiм з таго, што для банкаў нашы тарыфы павiнны быць прывабнымi.

— Што ў перспектыве, Генадзь Васiльевiч, якiя новыя паслугi вы збiраецеся развiваць?

— Забеспячэнне магчымасцi аплаты ў рэжыме самаабслугоўвання тых пастаўшчыкоў паслуг, якiя сёння яшчэ не ахоплены. Далейшае пашырэнне магчымасцi выкарыстання СМС-банкiнга. Калi раней карыстальнiкамi былi правайдары i аператары мабiльнай сувязi, то сёння гэта ўжо i Белтэлекам. Плануем выкарыстоўваць новыя тэхналогii i для аплаты камунальных паслуг — з дапамогай мабiльнiка.

На тэрыторыi Беларусi мы з’яўляемся афiцыйным прадстаўнiком вядучых сусветных вытворцаў банкаўскага абсталявання — фiрмаў NCR i Hypercom i працуем над больш шырокiм выкарыстаннем гэтых вынаходнiцтваў чалавечай думкi ў паўсядзённым жыццi. Напрыклад, сумесна з вытворцамi i кампанiямi, якiя працуюць у Беларусi ў галiне iнфармацыйных тэхналогiй, распрацавалi магчымасць папаўнення рахунка наяўнымi грашыма праз банкамат. Гэта карысна ў першую чаргу пры шырокiм распаўсюджаннi спажывецкага крэдытавання.

— Геаграфiя вашых паслуг...

— Уся рэспублiка. А калi чалавек з карткай банка, якi мы абслугоўваем, выязджае за мяжу, то там мы таксама прысутнiчаем.

— У вас павiнны быць надзвычай падрыхтаваныя кадры.

— Спецыялiстаў для сябе рыхтуем самi, карыстаемся дапамогай навучальнага цэнтра Нацыянальнага банка. Адна з формаў пастаяннай вучобы — удзел у мiжнародных семiнарах па нашай праблематыцы, дзе вядзецца абмен самай свежай iнфармацыяй. Касцяк калектыву — людзi з вопытам работы ў дзесяць i больш гадоў, яны здольны абучаць моладзь. А да нас прыходзяць фактычна лепшыя выпускнiкi профiльных беларускiх ВНУ.

— Раскажыце, калi ласка, аб сабе.

— Родам з Краснаполля Магiлёўскай вобласцi. Закончыў Мiнскае ВIЗРУ ППА, потым — ваенную акадэмiю. З 1994 года працаваў у сiстэме ААБ «Беларусбанк». У 2002 годзе прызначаны на гэтую пасаду. У 2003-м закончыў БДЭУ. Што яшчэ? Жанаты, двое дзяцей, унук.

— Дзякуй за гутарку, Генадзь Васiльевiч. Ад iмя старэйшай беларускай газеты жадаем, каб тая новая справа, якой служыце вы i ваш калектыў, мацнела i развiвалася. Шчасця i здароўя вам i вашай сям’i, вашым калегам.

Матэрыял да друку падрыхтавалi

Алена ДАЎЖАНОК,

Уладзiмiр ХIЛЬКЕВIЧ,

Яўген ПЯСЕЦКI.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аглядальнiк «Звязды» гутарыць з генеральным дырэктарам ААТ «Банкаўскi працэсiнгавы цэнтр» Генадзем ЗУБАРАВЫМ
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика