21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Дзень роднай мовы ў дзень Чырвонай арміі

26.08.2009 15:24 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

  Баючыся «цяжкага» панядзелку, «цяжкія» беларускія гурты сабраліся на мужчынскі фестываль для сапраўдных абаронцаў Айчыны у нядзелю — 22 лютага. Абараняць гэтым вечарам нікога так і не спатрэбілася. Гурты былі аглушальна святочныя, але вельмі мірныя. За паўсюдным дысторшнам увесь час угадваліся кранальныя тэксты пра пацанскае каханне і хлапечы пошук сэнсу жыцця.

Ды-джэй «Радыё-Мінск» Ілля Маліноўскі, якому выпала праводзіць парад сапраўднай мужчынскасці, адразу ж адзначыў, што мужчыны з гітарамі сабраліся разам найперш у трэці Дзень роднай мовы, а ўжо пасля — напярэдадні Дня Чырвонай арміі. Маліноўскі, між іншым, з кожным разам робіцца ўсё больш падобным да вопытнага канферансье Аляксандра Памідорава і рана ці позна рызыкуе перахапіць у мэтра яго славу. Ён адразу прымусіў натоўп «металічных» падлеткаў і іх сябровак з асіметрычнымі эма-стрыжкамі выбіраць сабе свята: беларуская мова — ці Чырвоная армія, рок-н-рол — ці кулямёт. Як гэта часта адбываецца, выбіралі па магутнасці юначага крыку. «Ну няўжо ніхто з вас не служыў у войску? — рэагуе Маліноўскі на несумненную перамогу рок-н-ролу. — А не, адзін вось знайшоўся». Над галавой вядучага — вялізная назва Men’s Fest, літары стылізаваныя пад назву аднога вядомага мужчынскага часопіса.  

Першым гучным гуртом была каманда TWEED з Ліды. Вакаліст, як сапраўдны джэнтльмэн, увесь выступ пратрымаў левую руку за спіной. Быццам на ім была не спартовая майка, а парадны смокінг. Праўда, на заклік падтрымаць свята роднай мовы так і не адрэагаваў. Больш таго, засталося ўражанне, што ўсе выкананыя кампазіцыі зліліся ў адну, прычым змест яе, прынамсі фанетычна, нейкі непрыстойны. Ліда — вельмі бетонны горад, напэўна, гэтым тлумачыцца многае. Інтравертны і спакойны, як Хрыстос, вакаліст гурта D-Tails з Брэсту, урэшце, падарыў публіцы радасць асвяжыць мазгі, моцна трасучы доўгімі валасамі. У Беларусі — краіне паэтаў і хардкору — «патлы» зусім не апошні складнік добрай «цяжкай» вечарынкі.

Самым валасатым героем мужчынскага фэсту і, відаць, усяго беларускага музычнага жыцця, з’яўляецца вакаліст гурта SOK, які за свой безумоўны хіт «Мінск — горад свабоды» калісьці быў шчодра ўзнагароджаны на фестывалі «Басовішча-2007». Тых, хто не вельмі любіць падобную музыку, каманда SOK усё роўна пацешыць — хаця б візуальна. Доўгавалосы, тонкі і худы фронтмэн да канца свайго выступу паспее напалову вылупіцца з белага камбінезону, бубнач-мумія разыйдзецца ў танцы, махаючы бінтом, а рэшта гурту так і застанецца варажыць і шаманіць у сваіх строгіх паліцэйскіх камбінезонах.      

Разбавіць «цяжкі» мужчынскі вечар арганізатары запрасілі мінскі гурт Unia. Дарэчы, гэта другі сталічны гурт, які выступаў на Men’s Fest, пасля папярэдняга. Астатнія прыехалі з захаду, з-пад беларуска-польскай мяжы. Назіраючы 7-асабовую «унію», абутую ў лапці і апранутую ў тканіну для фіранак, можна не пасаромецца ды паспрабаваць намаляваць іх прыкладную канцэпцыю, а дакладней рэцэпт такога праекту. Для поспеху тут неабходна «скрыжаваць» лепшую, самую вясёлую і заліхвацкую нархораўскую песенную традыцыю, дадаць пабольш аголенага мужчынскага і жаночага цела (жанчыны пры гэтым сэксапільныя і часам нават агрэсіўна вясёлыя), які-небудзь цікавы духавы інструмент (у дадзеным выпадку — валынка) і танцавальную электрычную рытм-сесію. Самая актыўная салістка ансаблю Unia часам — вылітая поп-спявачка Алеся, толькі з дзівоснымі эскімосаўскімі «муфтамі» на руках. У музыцы гэтай каманды можна пачуць і «Палац», і IQ-48, прычым, зусім не горшыя іх вынаходкі. Нічога дзіўнага: Unia — не гурт, гэта музычны праект, разлічаны на камерцыйную паспяховасць. Зрэшты, гледзячы на людзей, якія, пакідаўшы піва мірна выдыхацца ў бутэльках, танчылі пад сцэнай, можна засведчыць, што гэты поспех шматасабовы мінскі гурт чакае безумоўна.

Напэўна, самым лепшым падарункам для беларускіх мужчын, якія завіталі на імпрэзу, сталі два апошнія калектывы — «Сьцяна» з Брэста і B:N з Бярозы. Бярозаўцы вывелі на сцэну агрэсіўную і шыкоўную рок-князёўну Вольгу Самусік, вакалістку гурта «Тарпач», у вампірскім строі, складзеным амаль з суцэльных сетачак. B:N штораз робяцца ўсё магутней, усё лепш, усё прафесійней, і калісьці абавязкова стануць у шэраг беларускіх рок-легенд. Іх кавер на «Гузік» гурта Neuro Dubel як найлепш сведчыць пра тое, што бярозаўскія хлопцы рана ці позна займуць месца на п’едэстале, побач са сваімі знакамітымі кумірамі, а скандаваць «Жыве рок-н-рол!» на манер забароненага ў афіцыйнай прасторы патрыятычнага лозунгу будуць натоўпамі і плошчамі. B:N маглі б стаць гуртом накшталт расійскага «Звери». Для гэтага, аднак, ім прыйшлося б «палягчэць» і «апапсіцца», а гэтых рэчаў надзея беларускага рок-н-ролу рабіць, здаецца, не стане.

Яшчэ адна ўжо цалкам спраўджаная надзея рок-н-ролу — «Сцяна» з Брэсту. За імі, мяркуючы па колькасці прысутных у клубе берасцейцаў, ужо ездзіць невялічкі натоўпік адданых фанатаў. «Сцяна», чый першы і апошні альбом выходзіў так даўно, што ніхто ўжо і не памятае («Рыфмы лёсаў», 2002), прадставіла дзве новыя кампазіцыі — абедзьве нечакана маладыя і па дзіцячы бадзёрыя. Абедзьве пра самыя любімыя ў жыцці беларускага андэграўнднага музыкі рэчы — рок-н-рол і фестываль «Басовішча». Дзякуючы апошнім камандам, канцэпцыя беларускага святкавання Дня савецкай арміі, даўно размытая ў кляксу «дзень мужчын», хаця б у адным месцы сталіцы пераўтварылася ў насычанае і зразумелае культурнае дзейства.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
  Баючыся «цяжкага» панядзелку, «цяжкія» беларускія гурты сабраліся на мужчынскі фестываль для сапраўдных абаронцаў Айчыны у нядзелю — 22 лютага.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика