26 апреля 2009 Общество
Язэп ШЧАБЛОЎСКІ, Svabodaby.net
Алесь Адамовіч ва ўсім, за што ні браўся, быў першапраходцам. Першым у Беларусі ўзняў атамную праблему яшчэ за 5 гадоў да Чарнобыля. “Адным з першых у свеце рэальна асэнсаваў і ацаніў маштабы найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы ХХ стагоддзя, яе наступствы для лёсаў ягонай роднай зямлі і нашай планеты", — пісаў расійскі акадэмік, прэзідэнт Курчатаўскага інстытута Яўген Веліхаў. Потым першым ці не ў адзіночку кінуўся змагацца з камуністычнай сістэмай, каб паведаміць суайчыннікам страшную праўду, якую ад іх хавалі: з 350 умоўных хірасімскіх бомб 300 упалі на Беларусь.
Алесь Адамовіч пачаў думаць пра атам яшчэ ў 1981 годзе. “На планеце няма надпісу на нейкіх дзвярах: “Запасны выхад”. Не будзе куды бегчы ў выпадку ядзернага пажару”, — чытаем у ягоным нататніку “От не убий человека до не убий человечество”. У 1985-м ён складае “Катехизис ядерного века”, які і сёння гучыць востра і надзённа.
У ноч на 27 красавіка 1986 года Алесь Адамовіч, яшчэ нічога не ведаючы, ляцеў на самалёце з Мінска ў Жалезнаводск. А ўжо 7 траўня ён адказваў на ліст свайго сябра Васіля Быкава: “Дарагія пацярпелыя — Васілёк, Ірына і ўвесь народ цяпер ужо двойчы хатынскі! Ці так: хатынскі і плюс хірасімскі Я павінен ехаць да навукоўцаў у Маскву. Цікава б запытацца ў высакалобых: адказвае ці не адказвае навуковец-фізік, хімік і г.д., калі яго небяспечную штучку даводзіць, рэалізуе безадказна п’яны “дзядзька Вася”? Думаю, што яны ў адказе”.
Адамовіч вяртаецца дадому, сустракаецца з навукоўцамі ў Мінску і ў Маскве, здабывае і аналізуе засакрэчаную інфармацыю аб наступствах аварыі на ЧАЭС. Ягоная мэта — як мага хутчэй данесці жахлівыя факты да грамадскасці.
1 чэрвеня 1986-га Алесь Адамовіч прывёз асабісты ліст генсеку ЦК КПСС Міхаілу Гарбачову: “Не будзем шумець “на ўсю Еўропу”, але ж мы разумеем, что Беларусь перажывае нешта супастаўляльнае толькі з яе трагедыяй у гады мінулай вайны. Пад пытаннем само існаванне (фізічнае) 10-мільённага народа. Радыяцыя ўдарыла найперш па нашай рэспубліцы”. Зварот разглядалі на Палітбюро, і ўжо праз два дні ў Мінск прыбыла дэлегацыя маскоўскіх спецыялістаў. Але БССРаўскі партактыў вырашыў праблему па-свойму.
“Таварышы Слюнькоў (першы сакратар ЦК КПБ), Барташэвіч (другі сакратар ЦК КПБ), Кавалёў (старшыня Саўміна БССР) проста-такі сценку выбудавалі супраць усякай дапамогі рэспубліцы Калі кіраўнікоў УССР і БССР паклікалі ў Маскву, Ляшко (украінскі прэм’ер) паўтары гадзіны енчыў і плакаўся, як у іх усё кепска і трэба ім дапамагчы. А наш Кавалёў за дзесяць хвілін скончыў справаздачу. Мікалай Іванавіч Рыжкоў (старшыня Саўміна СССР і Камісіі па Чарнобылі) паляскаў яго па плячы: “Вось, вучыцеся ў беларусаў”, — прыгадваў Адамовіч.
Літаратара-мысляра, які дабіваўся, каб паўмільёна чалавек тэрмінова адсялілі з забруджанай зоны, абвінавацілі ў “пацифизме, паникерстве, святотатстве и кликушничестве”, прымусіўшы з’ехаць з Беларусі. Часопіс “Политический собеседник” тады пісаў: страшней ворагаў перабудовы за Адамовіча і Быкава няма. Пазбавіліся сваіх месцаў і аднадумцы, якія забяспечвалі Адамовіча сакрэтнай інфармацыяй, — дырэктар Інстытута ядзернай энергетыкі Васіль Несцярэнка, прэзідэнт Акадэміі навук Мікалай Барысевіч і сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі Аляксандр Кузьмін.
Ягоны першы "чарнобыльскі" артыкул у прэсе выйшаў толькі праз тры гады пасля катастрофы - раней не дазвалялі.
“Бацька раней за іншых пабудаваў лагічны ланцуг “Курапаты — Хатынь —Чарнобыль”, — кажа дачка літаратара, складальніца кнігі " Имя сей звезде Чернобыль" (2007) Наталля Адамовіч. — “Вінаватых Чарнобыля трэба судзіць, — пісаў ён. — Непазбежны экалагічны Нюрнберг, бо калі не спыніць гэтую безадказнасць, кругавую паруку і вялікую хлусню на ўсіх узроўнях, мы не ўратуемся ні ад Чарнобыля, ні ад непазбежных новых катастроф”.
Пасля Чарнобыля Адамовіч дапускаў будаўніцтва атамных станцый толькі пад скальным грунтам (праект Сахарава), а паратунак чалавецтва бачыў у альтэрнатыўнай энергіі, якая не атручвае і не разбурае навакольнае асяроддзе.
— Упэўнена, бацька быў бы супраць цяперашняга будаўніцтва ў Беларусі АЭС. Ён быў перакананым праціўнікам “мірнага атаму” і лічыў, што пакуль навука не дасягне новага ўзроўню бяспекі, будаўніцтва АЭС трэба забараніць, — дзеліцца Наталля Аляксандраўна. — Сёння, калі атам трапіў у рукі недэмакратычных рэжымаў, ўсё, пра што пісаў бацька, як ніколі актуальна. Веліхаў аднойчы сказаў мне: “Памёр Адамовіч, і ў свеце не стала чалавека, які б змагаўся за нашу будучыню”.
“Чарнобыль не ззаду, ён наперадзе. Нам жыць і жыць (і паміраць) побач з ім дзесяцігоддзі, стагоддзі нават пасля таго, як усе блокі чарнобыльскага “мільённіка” прыбяруць з вачэй. Цяпер Чарнобыль у глебах, у вадзе, у прадуктах харчавання. Потым ён выяўляць сябе будзе праз гены — цягам стагоддзяў”, — па-прарочы пісаў Адамовіч амаль два дзесяцігоддзі таму.
ДАРЭЧЫ
Адамовіч пісаў для Галівуда
У 1987 годзе Адамовіч скончыў сцэнар для мастацкага фільма “ Имя сей звезде Чернобыль”, рэжысёрам якога мусіў стаць вядомы амерыканскі спецыяліст Стэнлі Крамер. Стужку ўзялася здымаць кінакампанія Columbia Pictures. Амерыканцы зацвердзілі тэкст, але ў Крамера (яму тады было за 70) нешта здарылася ў сям’і, і праект так і застаўся неажыццёўлены. Шкада, бо мог атрымацца эпахальны фільм, які данёс бы да чалавецтва маштаб аварыі і бяду беларускага народа.
Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей.
Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.