З АРХІВА ГЛЫБОЦКАЙ РАЁННАЙ ГАЗЕТЫ. 21.by

З АРХІВА ГЛЫБОЦКАЙ РАЁННАЙ ГАЗЕТЫ

10.10.2018 — Афиша |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гартаем падшыўку раённай газеты “Сцяг камунізма” 1954 года  (дарэчы, яна самая першая ў нашым рэдакцыйным архіве, хаця “раёнка”, як вы ведаеце, пачала выходзіць з 1939 года). На пажоўклых старонках наша з вамі гісторыя, і гісторыя камсамола на Глыбоччыне.
«Комсамол”, “комсамольцы» – менавіта такое напісанне мелі ў 1954 годзе гэтыя словы. Засведчыла факт тагачаснага правапісу і наша раённая газета, якая ў той час мела назву “Сцяг комунізма” (таксама звярніце ўвагу на арфаграфію, якую мы захавалі).

«Уперадзе – комсамольцы» – вось так называўся невялічкі артыкул, змешчаны ў “раёнцы” 20 чэрвеня 1954 года за подпісам “З. Яцына”.

“Арганізавана вядуць накапленне сакавітых кармоў для грамадскай жывёлагадоўлі калгаснікі арцелі імя Калініна. Яны скашваюць і закладваюць на сілас дзікарастучыя травы. Тут ужо засіласавана каля 50 тон зялёнай масы. На работах па сіласаванні старанна  працуюць комсамольцы і несаюзная моладзь арцелі. Найлепшых вынікаў у працы дабіваюцца члены ВЛКСМ Канстанцін Шломан, Ірына Фенько, Ірына Жук і другія”, – расказвалася ў тым матэрыяле. І падобных артыкулаў шмат. Усё ж такі камсамол – адзіная маладзёжная арганізацыя вялікай краіны. І камсамольцы сапраўды былі заўсёды ўперадзе – на прадпрыемствах, у калгасах, на будоўлі…

Пагартаем старонкі гісторыі? Дзе яшчэ праяўлялі свой малады запал актыўныя і баявыя камсамольцы Глыбоччыны?

“У бягучым годзе калгасу “Большэвік” прадстаіць убраць 100 гектараў ільну… Паміж ільнаводчымі звеннямі шырока разгорнута соцыялістычнае спаборніцтва… На першае месца ў спаборніцтве выйшла комсамольска-маладзёжнае звяно, якое ўзначальвае Елена Кнырко. За гэтым звяном замацавана 9 гектараў ільну. На сённяшні дзень тут выцераблена два гектары яго. Узоры ў працы па церабленні паказваюць члены звяна Фаня Стоцік, Ксенія Кулашка, Марыя Казачок. Дзённыя нормы яны выконваюць больш як на 130-150 працэнтаў. Выцерабіць на ўсёй плошчы лён члены звяна рашылі ў бліжэйшыя дні”. (“Спаборніцтва льнаводаў” Л. Гуйда, ад 6 жніўня 1954 года).

 “З дапамогай камсамольцаў” – заметка Ф. Кімстач пра тое, як моладзь сувязістам дапамагала:

“Зараз, як вядома, праходзіць падпіска на газеты і часопісы на другое паўгоддзе бягучага года. Сувязістам Абрубскага сельсовета вялікую дапамогу ў правядзенні падпісной кампаніі аказваюць комсамольцы.

Асабліва актыўна ўдзельнічаюць у распаўсюджванні друку комсамольцы калгаса ”Перадавік». Кожны з іх падпісаўся на 2-3 газеты.Члены ВЛКСМ правялі сярод калгаснікаў гутаркі аб значэнні совецкага друку.

У выніку ўсяго гэтага лік падпісчыкаў на перыядычныя выданні ў калгасе зараз увая большы ў параўнанні з першым кварталам бягучага года”.

Пад рубрыкай “Камсамольскае жыццё” надрукавана заметка Г. Кухта “Важакі калгаснай моладзі”: “Сельскагаспадарчая арцель “Новы шлях” паспяхова спраўляецца з уборкай і малацьбой хлябоў. У гэтым вялікая заслуга пярвічнай комсамольскай арганізацыі калгаса. 13 комсамольцаў працуюць у брыгадах.

На ўборцы ўраджаю і малацьбе збожжавых, расцілу лёну і іншых работах комсамольцы ідуць уперадзе, у паўтара-два разы перавыконваюць дзённыя нормы выпрацоўкі. Разам з тым, у паляводчых брыгадах, звеннях і на фермах комсамольцы рэгулярна праводзяць палітычныя гутаркі.

Комсамолец-шафёр Васіль Заяц за выдатныя паказчыкі, дасягнутыя ім на транспарціроўцы на аўтамашыне збожжа дзяржаве і па вывазцы ўгнаенняў занесен на калгасную Дошку гонару. Узоры самаадданай працы паказваюць комсамольцы Іван Арэхаў, Уладзімір Заяц”.

Назва артыкула “Комсамольцы на жывёлагадоўчых фермах” (ад 22 верасня) пад аўтарствам В. Пісарава гаворыць сама за сябе. Тым не менш пачынаецца карэспандэнцыя вельмі ўзнёсла: “На самыя сур’ёзныя і найбольш цяжкія ўчасткі заўсёды ідуць комсамольцы і моладзь. Як вядома, у калгаснай вытворчасці вельмі важная і адказная галіна – грамадская жывёлагадоўля. Тут павінны працаваць чэсныя і любячыя сваю справу людзі. Таму невыпадкова, што калгасныя пярвічныя арганізацыі ВЛКСМ накіравалі многіх комсамольцаў для работы на жывёлагадоўчыя фермы…

У калгасах раёна ў сучасны момант працуюць жывёлаводамі 37 членаў ВЛКСМ, некаторым з іх даручана кіраваць жывёлагадоўчымі фермамі…У сельскагаспадарчых арцелях імя Булганіна і “Перамога” загадчыкамі ферм працуюць комсамольцы Георгій Казёл і Віктар Зінкевіч. Гэтыя фермы з’яўляюцца па паказчыках работы прыкладнымі, тут не маюць месца факты падзяжу або нізкай укормленасці жывёлы. Комсамолка Глафіра Дземідовіч працуе даяркай на ферме буйнай рагатай жывёлы калгаса імя Молатава. Яна ад кожнай з адзінаццаці замацаваных кароў надаіла па 1401 літру малака. Комсамолкі – даяркі Леаніда Сайкоўская і Вера Сталярова з калгаса імя Жданава надаілі па 965 літраў малака ад кожнай з 22 замацаваных за імі кароў. Такога-ж надою малака дасягнула комсамолка – даярка Тамара Жадзейка з калгаса “17 верасня…”.  

І ў апошнім нумары раённай газеты за 1954 год аптымістычная заметка брыгадзіра 1-й паляводчай брыгады В. Філіпава, па словах якога, моладзь Глыбоччыны – зноў наперадзе.

“Паспяхова завяршыўшы сельскагаспадарчы год, хлебаробу сельгасарцелі імя Леніна арганізавана прыступілі да нарыхтоўкі і вывазкі мясцовых угнаенняў пад ураджай будучага года. Паміж паляводчымі брыгадамі шырока разгарнулася соцыялістычнае спаборніцтва, першынство ў якім заваявала першая паляводчая брыгада…На сённяшні дзень у данай брыгадзе вывезена толькі сіламі комсамольцаў і закампаставана з торфам больш 100 тон гною…

Узоры ў працы на нарыхтоўцы і вывазцы мясцовых угнаенняў паказваюць комсамольцы Лілія Алексіна, Авім Лапауцкі, Анатолій Юрдынскі і другія…”

Цікавая яна, гісторыя, на пажоўклых газетных старонках. Можа, каго з вас гэтыя радкі з мінулага вернуць у тое яркае камсамольскае юнацтва, у тую баявую камсамольскую маладосць…Будзем толькі рады, калі захочаце гэтымі ўспамінамі падзяліцца, дапоўніўшы  тагачаснымі фотаздымкамі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гартаем падшыўку раённай газеты “Сцяг камунізма” 1954 года  (дарэчы, яна самая першая ў нашым рэдакцыйным архіве, хаця “раёнка”, як вы ведаеце, пачала выходзіць з......
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Афиша)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика