Новае жыццё старажытнага замка. Крэпасць XVI стагоддзя, былую рэзідэнцыю Радзівілаў у гарадскім пасёлку Любча Навагрудскага раёна рэстаўрыруюць валанцёры з розных куткоў Беларусі і замежжа. 21.by

Новае жыццё старажытнага замка. Крэпасць XVI стагоддзя, былую рэзідэнцыю Радзівілаў у гарадскім пасёлку Любча Навагрудскага раёна рэстаўрыруюць валанцёры з розных куткоў Беларусі і замежжа

29.07.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 Новае жыццё старажытнага замка.
Крэпасць XVI стагоддзя, былую рэзідэнцыю Радзівілаў у гарадскім пасёлку Любча Навагрудскага раёна рэстаўрыруюць валанцёры з розных куткоў Беларусі і замежжа.

Яшчэ здалёк пачынаюць мільгацець белыя кепкі валанцёраў і любчанскіх энтузіястаў, якія працуюць на тэрыторыі замка. Дакладней, на тэрыторыі таго, што ад яго захавалася: дзвюх з чатырох вежаў і палаца, пабудаванага ў XIX стагоддзі на месцы разбуранага. І няхай значная частка аб’ектаў яшчэ больш нагадвае разваліны, чым замак, краявід, тым не менш, адкрываецца выдатны. Крэпасць знаходзіцца ў дзівосна прыгожым месцы, на высокім беразе Нёмана, побач з Налібоцкай пушчай.

Вялікая гісторыя маленькай Любчы

Упэўнена, адрэстаўрыруюць замак — адбою ад турыстаў не будзе. Тым больш што гісторыя ў яго цікавая. Пабудаваны ў 1581 годзе, на мяжы готыкі і рэнесансу, замак славіўся не толькі сваёй архітэктурай, але кунсткамерай і ўнікальным зборам літаратуры. У розны час ім валодалі Кішкі, Радзівілы, Вітгенштэйны, Гагенлоэ, Фельц-Фейны і сям’я Набокавых. Ды і само мястэчка, першыя згадкі аб якім датуюцца 1241 годам, утойвае ў сабе шмат цікавага і загадкавага. Пагаворваюць, быццам тут быў ахрышчаны першы вялікі князь літоўскі Міндоўг.І вось уявіце сабе, што такое незвычайнае гістарычнае месца, дзе балявалі Радзівілы і, як запэўніваюць мясцовыя жыхары, бегаў маленькі Вова Набокаў, магло проста растаць у гісторыі, не пакінуўшы пасля сябе і следу. Калі б восем гадоў таму назад узнімаць замак з руін не ўзяўся мясцовы жыхар Ян Пячынскі. Даведаўшыся, што ў спісе з пяцідзесяці гістарычных аб’ектаў, якія пры падтрымцы дзяржавы збіраюцца аднаўляць у першую чаргу, Любчы няма, ён вырашыў “уваскрасіць” замак сваімі сіламі.— Пачалі з малога: сабралі з сябрамі-аднавяскоўцамі ініцыятыўную групу і выйшлі на суботнік, — успамінае Ян Пячынскі, заснавальнік і дырэктар фонду “Любчанскі замак”. — Трэба было падрыхтаваць аб’екты для рэстаўрацыі. А то іх і відаць не было з-за дрэў і кустоў. А пазней заснавалі фонд з надзеяй атрымаць нейкую дапамогу. Магчыма, хтосьці і прыняў маю ідэю за вар’яцкую, — усміхаецца энтузіяст, — аднак хутка далучыліся валанцёры.

Адданыя мінуламу

Студэнты, маладыя архітэктары, супрацоўнікі праектна-рэстаўрацыйных інстытутаў прыязджаюць у Любчу ўжо восьмы год — добраахвотна і бясплатна аднаўляць старадаўнюю крэпасць. Зміцер Савельеў, у 2003-м студэнт-першакурснік архітэктурнага факультэта БНТУ, а сёння ўжо дыпламаваны архітэктар — адзін з першых падтрымаў ініцыятыву Пячынскага:— Пра тое, што плануецца выезд у Любчу, я даведаўся ад знаёмых і адразу ж вырашыў далучыцца. Арганізавалі на тэрыторыі замка лагер для валанцёраў. Сталі прыязджаць не толькі на выхадныя, але на тыдзень-два ўлетку. І працавалі, працавалі. Часам да гадзіны ночы пры святле ліхтара, толькі б скончыць запланаванае. Так за лета праз Любчанскі замак праходзіць 100—120 чалавек. Сёлета прыехала моладзь нават з Польшчы і Расіі. Адных прыцягвае рамантыка, другіх — магчымасць практыкі, трэціх — зносіны... Але ўсіх нас аб’ядноўваюць любоў і павага да гісторыі.Акрамя валанцёраў дапамагаюць аднаўленню замка і такія вядомыя кампаніі, як Velcom, ААТ “Забудова”, “Приорбанк”, “Caparol” і многія іншыя.— Мы жадаем падтрымаць такіх энтузіястаў, як Пячынскі, — тлумачыць спецыяліст па рабоце з кліентамі прадстаўніцтва Caparol у Беларусі Алег Скугор. — Магчыма, нашым досведам скарыстаюцца іншыя кампаніі і зоймуцца ўзнаўленнем яшчэ канчаткова не разбураных Крэўскага, Гальшанскага і іншых замкаў.За восем гадоў працы валанцёрам і любчанам атрымалася аднавіць фасад кутняй вежы, частку абарончай сцяны, якая ідзе ўглыб на два метры, падрыхтаваць да рэстаўрацыі ўязную вежу. Без уліку праектнай дакументацыі на аднаўленне замка выдаткавана ўжо 189 мільёнаў рублёў.

Тэхніка часоў Рафаэля і да Вінчы

Натуральна, падняць замак з руін не проста. І справа не толькі ў фінансах і працаўніках. Важна, каб “новы” замак максімальна адпавядаў таму, які быў. Інакш прападае сэнс рэканструкцыі гістарычнага помніка. Таму на замку штогод право-дзяцца даследаванні адмыслоўцамі, робяцца замеры, складаецца праектная дакументацыя. І ўсё на дабрачыннай аснове!Як адзначыла спецыяліст Цэнтра рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і гістарычных тэрыторый Лілія Усоская, рэстаўрацыйная методыка на аб’екце захоўваецца “ад а да я”. Каб дасягнуць эфекту даўніны, у раствор тынкоўкі, напрыклад, як і пяць стагоддзяў таму, дадаюць курыныя яйкі. А каб фасад вежы максімальна адпавядаў першапачатковаму, маладыя архітэктары і студэнты БНТУ выконваюць ледзь не ювелірную працу, за якую не кожны прафесіянал возьмецца.— Зверху фасад дэкараваны хвалямі і лініямі ў тэхніцы сграфіта, папулярнай у Італіі ў XV—XVII стагоддзях. Гэта вельмі складаная праца. Наносяцца два пласты тынкоўкі белага і чорнага колераў. Як толькі першы пачынае схоплівацца, трэба паспець па трафарэце выразаць малюнак з другога, верхняга. У выніку атрымліваецца дзіўны аб’ёмны ўзор. Праўда, над метрам такога карніза адзін чалавек працуе 15 дзён! У Беларусі толькі аднойчы так рабілі — у 90-я гады на Брыгіцкім кляштары ў Гродна.За шматлікія гады праца над аднаўленнем замка ператварылася ў школу рэстаўрацыі, гісторыі і проста ў школу жыцця для валанцёраў з усёй Беларусі. Яны вераць: яшчэ колькі гадоў і ў Беларусі з’явіцца замак, цалкам адноўлены энтузіястамі, як Тракайскі ў Літве або Вавельскі ў Кракаве.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яшчэ здалёк пачынаюць мільгацець белыя кепкі валанцёраў і любчанскіх энтузіястаў, якія працуюць на тэрыторыі замка. Дакладней, на тэрыторыі таго, што ад яго...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика