Нясвіжскі палацавы гатэль - для VІР-гасцей і не толькі. 21.by

Нясвіжскі палацавы гатэль - для VІР-гасцей і не толькі

24.01.2012 09:22 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нясвіжскі палацавы гатэль - для VІР-гасцей і не толькі


Апантаныя гісторыяй турысты цяпер на нейкі час могуць адчуць сябе жыхарамі палаца. Для гэтага не абавязкова чакаць адкрыцця ўсяго палацавага комплексу (другой чаргі), якое запланавана на вясну. Гатэльны комплекс у палацы ўжо гатовы да працы. Таму ў кожнага ёсць магчымасць на свае вочы пабачыць, да чаго ўсё ж прывяла гучная рэстаўрацыя аднаго з галоўных беларускіх помнікаў гісторыі. З новага года ў Нясвіжскім палацы паболела залаў, адкрытых для наведвання, а ў пачатку лютага адкрываецца гатэль, паведаміў дырэктар музея-запаведніка "Нясвіж" Сяргей Клімаў:

— Ужо сёлета мы адкрылі чатыры залы, каб павялічыць прапускную здольнасць музея, адпаведна — колькасць турыстаў. У нас было іх вельмі шмат на пачатку года — гэта звязана з расійскімі канікуламі. Летась 220 тысяч турыстаў наведалі Нясвіжскі палац, у пазамінулым годзе — 170 тысяч. Сёлета чакаем 300-350 тысяч. Каб людзі ўжо зараз маглі пабачыць больш, мы яшчэ да афіцыйнага адкрыцця ўсяго комплексу адкрылі тры залы ў камяніцы. Гэта інтэр'ерныя залы ХІХ стагоддзя, перыяду Марыі дэ Кастэлян. Пры ёй напрыканцы ХІХ стагоддзя былі адноўлены інтэр'еры ў трох памяшканнях: белая бальная зала, малая сталовая зала і камінная зала, вельмі прыгожая, з італьянскімі панэлямі, якія яна адмыслова замаўляла. Гэтыя залы ў нас ўжо адрэстаўраваныя. Яшчэ адкрылі гетманаўскую залу, якая знаходзіцца на паверх вышэй за камінную. Яна будзе выкарыстоўвацца як канферэнц-зала. Там ужо стаіць мэбля, яна стылізаваная, не старая. Але там вісяць унікальныя работы, якія былі вывезены з палаца перад Другой сусветнай вайной. Гэтыя творы менавіта з Нясвіжскага палаца, якія мы ўзялі на дэпазіт у мастацкім і гістарычным музеях: тры парадныя партрэты Вішнявецкіх і Канстанцін Астрожскі. У нас дамоўленасць пакуль на год карыстання. Далей альбо падоўжым, альбо будзем замаўляць копіі. Гэтыя творы маюць гістарычную каштоўнасць, знаходзіліся ў палацы, тут яны на сваім месцы.

— У Беларусі ёсць партрэты з Радзівілаўскага збору, іх можна было пабачыць на выставах. Ці можа ў палацы з'явіцца больш шырокая экспазіцыя партрэтаў з Нясвіжа?

— Цікавасць да Нясвіжа вялікая, і людзі хадзілі на выставы партрэтаў, якія маюць большую гістарычную каштоўнасць, чым мастацкую. Гэта партрэты прадстаўнікоў адной сям'і, тых радоў, з якімі яны падтрымлівалі адносіны. Вядома, у інтэр'ерах яны глядзяцца па-іншаму: адчуваецца аўра палаца, адразу з'яўляецца дух часу. Мы збіраемся ўзяць на дэпазіт 42 партрэты з тых, што ёсць у Беларусі (усяго іх больш за 60). Яны рознай каштоўнасці, не ўсе нам падыходзяць. Таму што ёсць канцэпцыя, як прадставіць гісторыю Радзівілаў і Беларусі ў інтэр'ерах Нясвіжскага палаца, які жыў уласным жыццём 400 гадоў. Мяняліся гаспадары, мяняліся густы, мода, настрой, уладары самі перабудоўвалі палац — гэта быў іх дом, а не музей. Зараз трэба знайсці нейкія акцэнты, каб паказаць у поўным аб'ёме ўсю гісторыю. Не толькі час Радзівіла Сіроткі ці Марыі дэ Кастэлян (хоць яна вельмі шмат зрабіла), ці апошніх гаспадароў. Будуць блокі, якія прадстаўляюць увесь гэты род на працягу шматгадовай гісторыі краіны, у якой яны жылі.



— І як пра ўсё гэта распавесці падчас экскурсіі, абмежаванай у часе?
 

З замежнымі турыстамі працуюць беларускія тураператары, ёсць буйныя, якія гатовыя з намі заключыць пагадненне на дзесяць гадоў наперад: напрыклад, па суботах на тры гадзіны. У нас ёсць аддзел, які займаецца прыёмам заказаў, маркетынгам і сувязямі з грамадскасцю. Нам важна цяпер "раскруціць" праект. Бігборды ставім (9 паставілі), друкаваную прадукцыю выдалі. Для турыстаў ужо працуе кавярня, неўзабаве адкрыецца рэстаран у інтэр'ерах ХVІІІ стагоддзя. І два гатэлі.

Адзін — VІР-гатэль, усяго чатыры нумары, але яны шыкоўныя. Другі — гатэль эканом-класа. Калісьці ў гэтым будынку былі стайні, за савецкім часам там месцілася гразелячэбніца санаторыя. Зараз будынак значна мадэрнізаваны, нумары хоць і не вялікія, але вельмі добрыя. Усяго гатэль на 49 месцаў. Ён будзе адкрыты з 5 лютага.

— Для каго гатэль у палацы будзе даступны?

— Нумары адна-, двух- і трохмесныя вельмі невялікія, таму кошт будзе даступны. У нумарах тэлевізары, поўны турысцкі сэрвіс. Вельмі шмат да нас прыязджае маладых людзей з усёй Беларусі — на выхадныя. Для іх пажыць у палацы было б вельмі цікава. Прыязджаюць і расіяне. Напэўна, наш гатэль пуставаць не будзе.

— Гатэльныя нумары ў гістарычным стылі аформленыя?

— Не, там універсальны еўрапейскі стыль, што тычыцца гатэля эканом-класа. Дабротная мэбля, зробленая па індывідуальным праекце для гэтага гатэля. Тэндар на яе выраб выйграў "Бабруйскдрэў", там стылізацый няма. Іншая справа — VІР-нумары. Але гэта аўтэнтычныя старыя пакоі. Моцнай стылізацыі няма, справа ў тым, што яны знаходзяцца ў адным са старэйшых памяшканняў — у камяніцы, якая была пабудавана на пачатку ХVІІ стагоддзя, праўда, потым перабудоўвалася. Краявід з акна вельмі прыгожы: парк, дамба, мост... Частка нумароў выходзіць на двор палаца. Усё зроблена адпаведна духу — лепка, пазалота. Вельмі добрая мэбля. І адразу з гэтага гатэля ўваход у канферэнц-залу. Гэта адзін комплекс: рэстаран, гатэль і праход у канферэнц-залу (гістарычную гетманаўскую залу).

— Складана напаўняць такія помнікі мэбляй, якая б адпавядала духу палаца?

— Гэта праблема была ў музеі раней. Калі пачыналі ствараць запаведнік, як ні сумна, была вельмі сырая канцэпцыя музейнага паказу. Прынялі рашэнне набываць мэблю на аўкцыёнах. Скупіць дарагую антыкварную мэблю на еўрапейскіх аўкцыёнах, нешта радзівілаўскае адшукаць — немагчыма. За гэтыя гады ўсплыў толькі адзін гарнітур, які меў дачыненне да Радзівілаў, ды і то не да нясвіжскіх. Па-другое, не заўсёды ў палацы была якасная мэбля, асабліва ў ХХ стагоддзі. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя палац стаяў сорак гадоў без гаспадароў, усё прыходзіла да ўпадку, гніла падлога, правальваўся дах. Гэта паводле слоў Марыі дэ Кастэлян. Апошнія Радзівілы імкнуліся напоўніць палац, аднавіць інтэр'еры, але тых багаццяў ужо не было, як у Пане Каханку ці яго папярэднікаў, не было мануфактур, земляў. Яны куплялі, што было даступна. Нават на фотаздымках з сямейнага альбома відаць, што яны перасоўвалі з аднаго месца на другое некаторыя прадметы інтэр'еру, карціны, каб паказаць, што палац напоўнены. 

Фото: Звязда

Стаяла пытанне ўжо на пачатку гэтага года: ці варта рабіць навадзелы па пэўных узорах мэблі? На сённяшні момант у Беларусі не робяць карэктнай рэканструкцыі мэблі, і тое, што нам прапаноўвалася, было яўным кічам, яшчэ і вельмі дарагім. Можа, лепей было б адысці ад гэтага і шукаць невялікія прадметы з радзівілаўскіх калекцый ці тыя, якія маюць да іх дачыненне? Адысці ад мэбліроўкі пакояў: усё роўна немагчыма аднавіць так, як гэта было. Часта гучала пытанне: чаму палац аднаўляецца на ХХ стагоддзе, на ХІХ, на ХVІІІ? Але ж няма таго паветра, няма тых людзей, няма тых майстроў... Таму была прынятая канцэпцыя, якая паказвае ўсю гісторыю роду Радзівілаў, а праз іх гісторыю нашай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага — з максімальным набліжэннем да арыгінала, з пошукам арыгінальных рэчаў. Я маю на ўвазе дэпазіты — 42 карціны з беларускіх музеяў, 186 прадметаў з касцёла Божага Цела, якія мелі дачыненне да Радзівілаў, няхай і не да самога палаца, але Радзівілы фундавалі манастыры — і ўніяцкія, і каталіцкія, і праваслаўныя.

Прадметы захаваў вельмі неардынарны чалавек Гжэгаш Каласоўскі, які доўгі час быў пробашчам Нясвіжскага касцёла. Ён ад вайны збіраў гэтыя рэчы. Удалося ў касцёле знайсці цікавыя рэчы ХVІІ—ХVІІІ стагоддзяў. І далей ідзе пошук. Вельмі дапамагаюць валанцёры сайта rаdzіwіl.bу, яны знаходзяць рэчы на аўкцыёнах, нешта нам удалося набыць. Але мы набываем толькі прадметныя рэчы, не купляем усё, абы гэта было старадаўняе. З намі працуюць мастацтвазнаўцы, у прыватнасці, Вольга Бажэнава, гэта лепшы спецыяліст па тэме Радзівілаў у Беларусі. Яна напісала канцэпцыю музеефікацыі, згодна з якой мы кожную рэч вывяраем: як яна будзе ў інтэр'еры, ці падыходзіць яна па часе, па стылі. Мы не робім радзівілаўскія інтэр'еры — гэта немагчыма. Іх саміх зараз няма ў Нясвіжы. Але мы стараемся аднавіць дух эпохі. Зараз мы ўжо мэблю не набываем — яе дастаткова. Мы купляем прадметы, аналагі якіх маглі быць у палацы. Дзяржсховішча Міністэрства фінансаў Беларусі нам перадало 48 кілаграмаў сярэбраных рэчаў — чатыры вялікія мяхі. Зараз мы іх апісваем. Серабро, якое магло быць палацавым, прадставім у экспазіцыі. Што не палацавае, тое будзе прадстаўлена ў рамках выставы бытавога серабра ХІХ стагоддзя, якую мы рыхтуем.

Зараз манціруем вітрыны — іх у нас 31. Напаўняем экспанатамі. Але мы не выкарыстоўваем тыя залы, дзе ёсць гістарычныя інтэр'еры — там будзе толькі гістарычная абстаноўка: гадзіннікі, вазы, мэбля, іншыя прадметы. Музейныя вітрыны будуць стаяць толькі ў тых памяшканнях, дзе страчаны аўтэнтычныя інтэр'еры.

— Для такіх музеяў важна, каб была добра праведзена экскурсія. Вы ўжо распрацавалі маршруты і падрыхтавалі экскурсаводаў?

— У нас адпрацаваны восем маршрутаў па палацы. Стаяла задача, каб адначасова прыняць максімальную колькасць: зараз у палацы могуць хадзіць 850 чалавек. Але яны не перашкаджаюць адзін аднаму, групы ручаінкамі расцякаюцца па паверхах. І яшчэ дададуцца два маршруты: па валах і сутарэннях (летам). Будзе рамантычны маршрут з выкарыстаннем краявідаў з вокнаў, з успамінамі пра стары палац, з прымяненнем мультымедыйных тэхналогій. Зараз ён у стадыі распрацоўкі. Мы набылі некалькі сучасных інфакіёскаў, было дастаткова сродкаў на гэта. Набылі аўдыягіды, якімі можа карыстацца чалавек, які не хоча хадзіць з экскурсіяй. Запісваем экскурсію на чатырох мовах, будзе патрэба, запішам і больш, магчымасці ёсць праслухаць экскурс на 12-ці мовах. Будзе так званы тургід: экскурсавод ідзе, а ўся група слухае яго праз навушнікі, каб не перашкаджаць іншым. Будуць і спецэфекты, і Чорная панна будзе з'яўляцца...

— Лёс Панны вядомы, але шмат каго трывожыць лёс вежы, выгляд якой вельмі змяніла рэстаўрацыя...

— Не магу сказаць, што гэта гістарычны выгляд вежы, але так яна паказана на гравюры Макоўскага. І калі быў першы праект рэстаўрацыі (магчыма, ён быў сыры), вырашылі аднаўляць вежу такім чынам. Але я не магу дакладна ведаць, паколькі яшчэ не працаваў у музеі. Магчыма, прынялі рашэнне пра вежу, але не было агульнага рашэння наконт рэстаўрацыі і рэканструкцыі палаца. А калі гэтае рашэнне прынялі, вежа ўжо была зроблена. Потым увесь астатні аб'ём палаца рэканструяваўся на іншы час, і вежа зараз дысануе. Але Міністэрства культуры і навуковы кіраўнік прынялі рашэнне паправіць выгляд вежы. І Радзівілы вельмі прасілі вярнуць, як было на іх памяці. Зараз сабралі сродкі — каля 650 мільёнаў на наш дабрачынны рахунак (гэтая справа будзе рабіцца не за дзяржаўны кошт), і як толькі пацяплее, стаіць задача як мага хутчэй перарабіць вежу. Каб яна была ў адным стылі, у якім адрэстаўраваны палац.

— Сёлета Нясвіж можа стаць не прызначанай, а сапраўднай культурнай сталіцай — калі ў палац вернецца жыццё. Якім чынам можна яго вярнуць?

— У палацы цэлы год будуць праходзіць імпрэзы — музейныя, тэатральныя, вечарыны опернай музыкі (ёсць тэатральная зала на 110 месцаў). Набыты вельмі дарагі чэшскі раяль, зроблены пад заказ. На ім ужо паіграў піяніст Юрый Бліноў, сказаў, што вельмі добры інструмент. Мы б хацелі праводзіць прафесійныя конкурсы ў Нясвіжы, таму што месца прывабнае — гатэль, канферэнц-зала. У перспектыве хацелі б і добры арган — у палацы ёсць трохярусная капліца з добрай акустыкай. На ярусах нават ужо стаяць крэслы. У капліцы адноўлены алтар, для яго падаравалі абраз прадстаўнікі роду Радзівілаў, але не тыя, якія маглі б мець прамыя адносіны да палаца, як, напрыклад, Эльжбета Радзівіл-Тамашэўская. Перадапошні ардынат Нясвіжа быў яе бацька, апошні — дзядзька Леан. Але ў 1939 годзе польскі ўрад скасаваў ардынацыю. І наша заканадаўства не дазваляе прэтэндаваць на валоданне палацам. Радзівілаў дагэтуль сюды цягне. Прыязджаюць Канстанцін і Мацей Радзівілы, але яны з Шыдлавецкай лініі. Дзед Мацея ўладарыў Паланечкай, значным маёнткам для Нясвіжа. Ёсць яшчэ ў Амерыцы Караль Радзівіл, які ніколі не прэтэндаваў на Нясвіж, ёсць пісьменніца Крысціна Радзівіл... Іх шмат па ўсім свеце, мы шукаем з імі кантакты, але найбольшы інтарэс да Нясвіжа праяўляюць Эльжбета, Мацей і Канстанцін, а таксама Эльжбецін унук Аляксандр Тамашэўскі з Францыі.

— Хоць цяпер яны не гаспадары, аднак выказалі незадаволенасць аднаўленнем Нясвіжскага палаца. Наогул крытыкі было шмат. Грамадства вельмі зацікаўлена назірала за гэтай рэстаўрацыяй, што для помніка гісторыі, напэўна, добра: ёсць да яго цікавасць. Значыць, паедуць людзі, каб паглядзець, што атрымалася.

— Пані Эльжбета памятае палац адным, ён быў ужо не ў лепшым стане, да 1939-га года неаднойчы разрабаваны, перабудаваны. Але той выгляд, у якім ён аднавіўся, узяты з гістарычных інвентароў, там распісана, што дзе было. Была пазалота, была лепка, былі каміны — значыць, так і павінна быць сёння. Праводзілася навуковае даследаванне, не магу каментаваць, наколькі яно глыбокае, але яно задакументаванае, прынятае Радай па рэстаўрацыі і рэалізавана. Ад камісіі ЮНЕСКА рэстаўрацыя атрымала высокую адзнаку. Потым прыязджалі дырэктары польскіх музеяў з Кракава, Вроцлава, Варшавы і іншых. Яны прызналіся, што баяліся ехаць у Нясвіж, але тое, што яны ўбачылі, ацанілі на высокім узроўні. Наконт канцэпцыі музеефікацыі напісаў цудоўны водгук прафесар Тадэвуш Бернатовіч, чалавек, які вельмі шмат зрабіў для таго, каб Нясвіж стаў аб'ектам ЮНЕСКА. У такой складанай справе, як рэстаўрацыя і стварэнне музея, важная ацэнка сапраўдных прафесіяналаў. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апантаныя гісторыяй турысты цяпер на нейкі час могуць адчуць сябе жыхарамі палаца. Для гэтага не абавязкова чакаць адкрыцця ўсяго палацавага комплексу (другой...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика