Перасудавіцкія бабулі, ці Як нас вучылі гатаваць товкеню. 21.by

Перасудавіцкія бабулі, ці Як нас вучылі гатаваць товкеню

05.04.2012 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

«Вёска, якая не павінна знікнуць». Ужо паўтара гады як мантру паўтараюць гэтыя словы каардынатары аднайменнага праекта. А разам з імі і тыя, на каго гэты праект распаўсюдзіўся. Апошніх становіцца ўсё больш, улічваючы, што праект ужо скончыў працу ў трох раёнах Берасцейшчыны.

Заключным этапам праекта ў вёсцы Перасудавічы Бярозаўскага раёна сталі двухдзённыя майстар-класы з удзелам мясцовых умельцаў  і рамеснікаў грамадскага аб’яднання аматараў мастацтваў “Тур”.

Перасудавіцкія бабулі прадэманстравалі, што клопаты па гаспадарцы – не адзінае, чым занятыя іх галовы і рукі. Напрыклад, Ганна Шэшка робіць карункі надзвычай тонкай работы. Свайго зроку ўжо не хапае, але выручаюць “очы”-акуляры. Ганна Мікалаеўна з усмешкай прызнаецца, што дзеці  не разумеюць, навошта ёй гэты клопат: “Гэта ўжо нямодна, нікому не патрэбна. А я мінулай зімой два падузорнічкі звязала і прышыла да пакрывалаў. Я люблю, калі яны такія прыгожыя”.

Ганна Мікалаеўна прынесла з сабой і яшчэ адзін шэдэўр народнага мастацтва. Ручнік яе маці захапіў усіх, хто мала-мальскі разбіраецца ў падобных рэчах. Мала таго, што расшыты ён вельмі дробнымі крыжыкамі і прыгожым узорам, дык яшчэ і сатканы так, што не саступае фабрычнаму.

А Ніна Пунько – своеасаблівы перасудавіцкі наватар. Традыцыйны занятак – пляценне дываноў – яна асучасніла, памяняўшы матэрыял з тэкстылю на поліэтылен. Каляровыя пакеты яна, такім чынам, больш не выкідвае, чым уносіць сваю лепту ў экалагічную бяспеку краіны.

Ці ведае чытач, што такое товкеня? Ураджэнцы Бярозаўшчыны адкажуць тут жа: бульбяное пюрэ. “У Перасудавічах товкеня ў кожнай хаце і штодзень”,– запэўнівае гаспадыня Марыя Пунько. Ад гарадскога пюрэ товкеня адрозніваецца тым, што ў патоўчаную бульбу дабаўляюць шкваркі, перакладваюць на патэльню і падсмажваюць у печы. Раскрыла Марыя Іванаўна таксама сакрэты прыгатавання перасудавіцкай яечні і грыбнога квасу, у якім я, ураджэнка Камянеччыны, адразу апазнала посны суп, які перад Калядамі заўсёды гатуе бабуля, праўда, дабаўляючы туды яшчэ сушаных яблыкаў ці груш.

Мужчынская палова Перасудавічаў таксама сказала сваё ёмкае слова ў перадачы рамесніцкага вопыту. Канстанцін Пунько (хай не здзіўляе часты паўтор аднаго прозвішча – для беларускай вёскі гэта звычная справа) прадэманстраваў, як хутка і спрытна можна плесці кашы. На стварэнне аднаго такога вясковага прадмета ў майстра ідзе не больш як паўдня. “У нас многія плятуць кошыкі, не я адзін,– зазначае гаспадар.– У нашым раёне гэты занятак вельмі распаўсюджаны”.

На другі дзень, 18 сакавіка, у немаладых жыхароў вёскі з’явілася магчымасць упэўніцца, што вучыцца ніколі не позна. І калі роспісам па шкле з народным майстрам Марыяй Кулецкай яны займацца не адважыліся (што і зразумела – вочы і рукі ўжо не тыя), то воўну разам з Наталляй Глявацкай павалялі з задавальненнем. Адначасова з гэтым мясцовыя і прыезджыя мужчыны выраблялі драўляныя лыжкі пад пільным наглядам разьбяра Анатоля Туркова. Адну я нават атрымала ў падарунак.

Рэалізаваць праект “Вёска, якая не павінна знікнуць” на Бярозаўшчыне, як мне падалося, удалося ў многім дзякуючы загадчыцы Дома сацыяльных паслуг в. Перасудавічы Надзеі Мікіціч, якая адначасова з’яўляецца кіраўніком мясцовага фальклорна-этнаграфічнага калектыву “Суседкі”. Сама адданая мінуламу і сучаснасці беларускай вёскі, Надзея Васілеўна ўсёй душой падтрымала праект і дапамагала каардынатарам на ўсіх этапах. На майстар-класы нават сабрала сваю пявучую сям’ю, каб наладзіць невялікі канцэрт.

Нотку суму ў гэтыя два дні ўнесла хіба адно: пачатак мерапрыемства супаў з днём, калі вёска развітвалася з чарговым сваім жыхаром. Нягледзячы на гэта, хочацца верыць, што Перасудавічы не павінны знікнуць.

 


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Вёска, якая не павінна знікнуць». Ужо паўтара гады як мантру паўтараюць гэтыя словы каардынатары аднайменнага праекта. А разам з імі і тыя, на каго гэты праект...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика