Дарогамі залатой восені прайшоў Васіль Белякоў. 21.by

Дарогамі залатой восені прайшоў Васіль Белякоў

18.01.2013 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Цягам студзеня ў Музеі народнай славы праходзіць выстава “Дарогамі залатой восені”. На ёй прадстаўлена амаль 100 фотаработ пастаўчаніна Васіля Белякова.

Якія ў яго любімыя мясціны на Мядзельшчыне, чаму здымае выключна на стужку – пра гэта ды іншае у інтэрв’ю з фотамастаком

– Адразу раскажыце пра сябе і сваё захапленне фатаграфіяй...

– Займаюся фатаграфіяй з юнацтва, але не ў такіх аб’ёмах, як цяпер. Родам я з Усходняй Сібіры. Скончыў геалагічны факультэт Іркуцкага ўніверсітэта. А геолагі такі народ – трэба ўсё заўважаць, апісваць, фатаграфаваць. Служыў у войску, даслужыўся да падпалкоўніка. Пасля завяршэння службы прыехаў жыць у Паставы.

– Колькі слоў пра гэту выставу...

– Яна прысвечаная мінулай восені. Зрабіў 20 маршрутаў за 40 дзён: з іх 15 пешых і 5 – на ровары. Гэта адносна: з дому выехаў на ровары  да бліжэйшага лесу, і цягаеш яго за сабой. Наматаў семсот кіламетраў, каб зрабіць гэтыя здымкі.

– Мядзельшчына на выставе якімі месцамі прадстаўленая?

– Блакітныя азёры, азёры Нарач, Мядзел ды іншыя. Нямала ёсць вясковых краявідаў, некалькі партрэтаў мядзельскіх людзей. Увогуле, на выставе палова фатаграфій з Мядзельшчыны.

– Што трэба, каб з’яўляліся добрыя фатаграфіі?

– Самае галоўнае, каб была назіральнасць. Цяпер ці не ў кожнай сям’і па некалькі фотаапаратаў. А важна, каб чалавек меў зоркае вока, бачыў, што хоча здымаць. Ёсць такое выслоўе “Здымае не фотакамера, а той, хто трымае яе ў руках”. Таму трэба развіваць назіральнасць, тым больш, што Беларусь – краіна своеасаблівая. Тут няма такіх кантрастаў, як, скажам, на Далёкім Усходзе: горы, вулканы, моры. А ў нас раўніна. Таму трэба адшукаць такія  месцы, якія б зацікавілі, узялі за душу звычайнага чалавека.

– Як гэта ўдаецца?

– Вандрую пешшу, не на машыне. Адразу хадзіў з Пастаў, усё вакол абышоў. Потым стаў выязджаць далей. Выбіраю маршрут па карце. Прыязджаю на аўтобусе, цэлы дзень вандрую, выходжу на іншы пункт. Зноўку саджуся ў аўтобус, вяртаюся дадому. Калі іду, спадзяюся, што нешта цікавае ўбачу. Але мне падабаецца ўсё – людзі, прырода...  Магу нават у самым заняпалым лесе знайсці прыгажосць.  І можна было б не хадзіць далёка, але мне трэба ісці, штосьці шукаць. Раней я шмат пераязджаў, вандраваў, фактычна паглядзеў увесь былы Савецкі Саюз. Але лічу, што ў нашай краіне, асабліва ў такім куточку, як Мядзельскі раён, надта шмат прыгожых месцаў.

– Ваша любімая мясціна на Мядзельшчыне?

– Самая любімая – палоска ад возера Нарач да возера Мядзел. Там ёсць высокія ўзгоркі, з якіх можна бачыць адразу некалькі азёр. І ландшафт такі зрэзаны. Увогуле, люблю фатаграфаваць ваду, любую: у балоце, рацэ, возеры, акіяне. Не вельмі люблю здымаць гарады, людзей: гэта ўсе бачаць. Хачу фатаграфаваць тое, што не бачаць тыя людзі, у якіх жыццё абмежаванае толькі работай і домам.

– Ведаю, што здымаеце выключна на стужку...

– Так. Таму што я люблю прыроду, і мне хочацца паказаць на здымку тое, што ўбачыў прыгожага. Хай гэта будзе не зусім дасканалая фатаграфія, але каб людзі паглядзелі на сапраўдную, не змененую фоташопам, прыгажосць. Мне кажуць: “Вось, размяшчаў бы здымкі ў Інтэрнэце”. Мне гэта нецікава. Я люблю, каб мае фатаграфіі глядзелі ўжывую. Мне хочацца, каб з дапамогай гэтых здымкаў чалавек пакінуў у баку работу, справы, паглядзеў на нашы адметныя мясціны. Каб яму захацелася прайсціся пешшу, палюбавацца на краявіды. Калі ёсць прыгажосць, яе трэба бачыць.

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота забяспечана Алесям ВЫСОЦКІМ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цягам студзеня ў Музеі народнай славы праходзіць выстава “Дарогамі залатой восені”. На ёй прадстаўлена амаль 100 фотаработ пастаўчаніна Васіля Белякова.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика