Адам Глобус: я наўмысна крыўджу людзей. 21.by

Адам Глобус: я наўмысна крыўджу людзей

09.02.2013 01:00 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


На польскім стэндзе ў межах Мінскай міжнароднай кніжнай выставы працягваецца прадстаўленне кніг, што трапілі ў лонг-ліст прэміі імя Ежы Гедройца. 8 лютага старшыня ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч выступіў у ролі інтэрв’юера і задаў аднаму з самых папулярных сучасных беларускіх літаратараў Адаму Глобусу смелыя, правакацыйныя, а часам і “нязручныя” пытанні.

Знаны літаратар і выдавец, у адрозненні ад свайго папярэдніка Уладзіміра Някляева, камунікаваў з невялікай колькасцю наведнікаў (у вузкім праходзе паміж стэндамі нават пры ўсім жаданні папросту не змесціцца шмат людзей) у больш спрыяльных умовах. Пісьменнікі сядзелі за сталом, спакойна і разважліва абмяркоўваючы літаратурныя і калялітаратурныя пытанні. Пакуль Адам Глобус са сціплай усмешкай распавядаў пра сваю кнігу “Сказы”, прысутныя абменьваліся рэплікамі кшталту “вельмі цікавы чалавек!”, “хораша гаворыць”, “трэба будзе гэтую кнігу набыць”.

Атрымалася мерапрыемства, рэдкае для сёлетняй кніжнай выставы: простая і змястоўная гутарка прайшла цікава, без лішняга пафасу і афіцыёзу. Але — дамо слова самому Адаму Глобусу.



Адну з частак гэтай кнігі — Play.by — склалі мае калонкі для інфармацыйнага сайта Naviny.by. Неяк мне патэлефанаваў Алесь Ліпай і прапанаваў пісаць тэксты пра свае назіранні для рубрыкі “Меркаванне”. Гэта цікавы праект, але мне пісаць тэксты з нейкіх інфармацыйных нагодаў не вельмі цікава было. Я прапанаваў Алесю: давай я буду распавядаць гісторыі. Ён пагадзіўся. І вось я напісаў 50 такіх гісторый... Напрыклад, пра жанчыну, якая жыла ў Маскве і пакінула мне ключы ад сваёй маскоўскай кватэры. Яна ўсё зрабіла для таго, каб я зрабіўся сталічнай “штучкай”, размаўляў на рускай мове, хадзіў па Цвярской і зрабіўся рускім пісьменнікам. Але ж я замест гэтага застаўся беларускім пісьменнікам, чым ганаруся, і расказваю вось такія гісторыі пра ключык ад маскоўскай кватэры на інфармацыйных сайтах. Так што гэтая кніга была зроблена спецыяльна для чытачоў сайта Naviny.by.

Другая частка кнігі — вельмі спецыфічная. Гэта “Расейская кунсткамера”, у якой я выказваю свае адносіны да рускай культуры. На мой погляд, руская культура, на жаль, страціла сваю элітную каштоўнасць. Яна ўся засталася ў мінулым. Яна яшчэ супраціўляецца, мы ўсе яшчэ памятаем пра яе вялікія знаходкі і здабыткі, мы яшчэ чытаем ці перачытваем Талстога і Дастаеўскага, але нічога новага руская культура нам не дала. Чаму гэта не аналізуецца, я не ведаю. Руская культура змізарнела, заплыла пошлымі жаночымі раманамі, дэтэктыўнай лухтой — і гэта вельмі сумна насамрэч. Я вельмі шкадую, што так дэградавала менавіта руская культура, якую я вельмі люблю, якой я прысвяціў сваю невялічкую кнігу.

У рускай культуры я вылучаю постаць Мікалая Гогаля, якая для мяне, напэўна, самая загадкавая, незразумелая, таемная. Пра яго Розанаў неяк выдатна сказаў: “Я не ведаю, што здарылася, але Мікалай Гогаль адкруціў нейкі таемны венцель у караблі рускай імперыі. Ён зрабіў дзірку, якую мы ніяк не можам прыбраць, таму наша магутная імперыя паціху адзе на дно”. У адрозненні ад Розанава, я лічу, што гэта нармальны працэс, думаю, што Расія раней ці пазней будзе ў Еўрапейскім саюзе.

Таксама мяне заўсёды хвалявала постаць Веры Маркавай, якая нарадзілася ў Мінску і падарыла рускамоўнаму чытачу класіку японскай літаратуры. Яна пераклала Басё, Сайгё, Сэй-Сёнагон на рускую мову. Японскі імператар узнагародзіў яе найвышэйшым японскім ордэнам. Я ганаруся, што ў нашым горадзе нарадзіўся такі чалавек, пра якога японскі імператар напісаў “вялікі рускі перакладчык”. Такога я не чытаў ні пра воднага пераклачыка ў Расіі… Я лічу, што вуліцу Кірава, на якой яна жыла, варта пераназваць у гонар Веры Маркавай. Думаю, што гэта адбудзецца — і мы павесім шыльду ў гонар вялікага рускага перакладчыка.

Кніга “Крутагорскія казкі” прысвечаная тым месцам, якімі я ганаруся. Калі чалавек праходзіць пэўны жыццёвы шлях, дзяцінства набывае нейкую казачную афарбоўку. Я гляджу на маю радзіму здалёк — і яна для мяне паўстае ў казачных фарбах. Калі мая даўняя кніга пра Койданава — гэта гіперрэалістычная проза, то зараз, гледзячы на Койданава, я ўжо бачу казачны горад…

Зараз актуальныя пісьменнікі — у блогах, фэйсбуках, твіттэрах. Яны пішуць кароткія гісторыі, больш падобныя на навіны. А пісьменнікі, якія пішуць казкі — неактуальныя. Я, як і ўсе астатнія пісьменнікі, вяду свой блог. У асноўным — на платформе Livejournal. Адтуль я выбіраў нейкія тэксты і публікаваў штотыдзень у газеце “Звязда”. Яны былі адаптаваныя, дапасаваныя для газеты. Гэтыя тэксты пазней я сабраў у кнізе “Блогус”. Для публікацыі на паперы я выбіраю з блогу самае каштоўнае. А ўсё маргінальнае, недоўгавечнае адсейваю.

Я лічу, што інфармацыя ў інтэрнэце жыве дзьве гадзіны, у газеце — дзень, у часопісе можа пражыць месяц, а ў кнізе яна жыве год-два, а то і тры. Таму, натуральна, для кнігі я выбіраю жыццяздольныя запісы са свайго блогу. Важна, каб рэдактары падыходзілі да тэкстаў прафесійна і адказна. Мае тэксты чытае не толькі рэдактар, але і газетны юрыст. Для мяне істотна, каб тое, што публікуецца ў кнізе, было вартым паперы, бо ствараецца вельмі шмат тэкстаў, не вартых паперы. Для гэтага іх трэба адрэдагаваць, адкарэктаваць і нават юрысту паказаць, бо, ведаеце, рознае бывае.

На мяне ў суд ужо падавалі — больш не хачу. Гэта тая напруга, якой лепш пазбегнуць, чым пасля з гэтым разбірацца.

Юрыдычна я нікога не абразіў, я людзей крыўджу. Яшчэ Янка Купала напісаў, што “беларусы ідуць і нясуць на руках сваю крыўду”. Усе людзі нясуць праўду, а нашы людзі — беларусы — нясуць крыўду. Таму я сказаў, што калі беларусы хочуць несці крыўду, трэба іх крыўдзіць. Што я і раблю. Але абражаць не трэба. Бо калі абраза — тады ў суд. А калі крыўда — то проста можна не павітацца, не падаць руку, пры сустрэчы паглядзець у падлогу. Але паколькі я ўжо хадзіў па судах, то не хочацца паўтараць гэтыя свае подзвігі.

Мне неяк бацька сказаў: чытай маладых пісьменнікаў, бо ў іх ёсць імпэт, тэмперамент, настрой… А з цягам часу гэтага ўсё менш і менш. З’яўляецца мудрасць, вопыт, грошы, слава, але гэта ўжо іншае. Апошняя частка кнігі “Хлопчыкі” напісаная спецыяльна для школьнікаў у часопіс “Бярозка”. Гэта складана, бо, вы ж разумееце, што для школкі не напішаш ні порна, ні палітычны памфлет, ні “Дамавікамерон”… Ты абмежаваны жанрам, узростам чытачоў. Але разам з тым хацелася, каб гэта было цікава школьніку, каб ён сябе пазнаваў.

Мне хацелася стварыць вобраз хлопчыка-героя. Мне здавалася што ў беларускай літаратуры мала герояў, мала сапраўдных гераічных учынкаў. Не гэтых “герояў” у шкурах ці без іх, а менавіта гераічнага хлопчыка, які будзе адстойваць сваё права, годна адказваць на крыўду і абразу. Для мяне гэта, мусіць, самыя дарагія апавяданні.

Пра кнігу “Сказы”: зборнік Адама Глобуса склалі наступныя кнігі пісьменніка: Play.by — апавяданнi i эсэ, напiсаныя для Naviny.by, “Расейская кунсткамера” — занатоўкi, эсэ i лiтаратурныя партрэты, звязаныя з рускай культурай; “Крутагорскія казкі” — фантазіі, здарэнні і казкі з правінцыйнага і сталічнага жыцця, “Блогус” — гэта блог Адама Глобуса ў Livejournal, што быў перакампанаваны для газеты “Звязда”, а пазней сабраны для кнігі, “Хлопчыкі” — апавяданні пра дзяцей, напісаныя спецыяльна для падлеткавага часопіса “Бярозка”. Набыць кнігу можна ў любой беларускай кнігарні. Прыблізны кошт — 200 тысяч рублёў.





Ася ПАПЛАЎСКАЯ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Знаны літаратар і выдавец прадставіў зборнік “Сказы”, адну з частак якого склалі калонкі пісьменніка для Naviny.by...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика