Яго вочы шэрыя.... 21.by

Яго вочы шэрыя...

18.12.2013 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У пераднавагоднія дні першых гасцей запросіць у сваю рэзідэнцыю шаркоўшчынскі Шарачок

— Здаўна існуе паданне, быццам некалі жыў у нашых мясцінах дбайны, працавіты гаспадар, і было ў яго тры сыны. Малодшага за шэрыя вочы празвалі Шарачком. Калі прыйшла пара бацьку паміраць, падзяліў ён зямлю паміж братамі. Шарачку пашанцавала больш за іншых — на яго надзеле прабілася крынічка. Гаспадаром Шарачок быў, як і яго бацька, рупным, уладкаваў вакол крынічкі зруб, павесіў конаўку — піце, людзі! З таго часу пачалі сяляне казаць: пойдзем на Шаракоўшчыну, вады пап’ём. Адтуль і назва — Шаракоўшчына, Шаркоўшчына, Шаркаўшчына. Таму з’явілася ідэя зрабіць талісман нашага горада ў выглядзе Шарачка, — расказвае дырэктар Шаркоўшчынскага цэнтра рамёстваў Вікторыя Дубоўская.

Шарачок — сімпатычны вусаты дзядок, выраблены ўручную з лёну і іншых натуральных матэрыялаў. На галаве — яркі капялюш, за плячыма — ёмкая ношачка з ляснымі ды агароднымі дарамі. Працавалі над стварэннем лялькі малодшы навуковы супрацоўнік Шаркоўшчынскага цэнтра рамёстваў Людміла Сомава, метадыст Ірына Груніна, а дапамагалі — усе іх калегі.

Вялікі Шарачок — каля метра ў вышыню — стала «жыве» ў Доме рамёстваў, дзясяткі ж яго маленькіх копій ужо раз’ехаліся па раёне і не толькі. Сувенір-ахоўнік карыстаецца попытам у жыхароў гарадскога пасёлка і яго гасцей.

А нядаўна Шарачок займеў сваю рэзідэнцыю. Знаходзiцца яна недалёка ад райцэнтра ў маляўнічым лясным кутку і хутка чакае першых юных наведвальнікаў. У пераднавагоднія дні ў прыгожым драўляным дамку разам з гаспадаром Шарачком вітаць гасцей будуць Дзед Мароз са Снягуркай і многія іншыя казачныя персанажы. Забаў падрыхтавана шмат: спевы, гульні, танцы, вясёлыя сюрпрызы, катанне на санках і конях. Галоўнае, каб надвор’е не падвяло, парадвала сняжком ды марозцам.

Ірына СВІРКО, «Р»
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У пераднавагоднія дні першых гасцей запросіць у сваю рэзідэнцыю шаркоўшчынскі Шарачок
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика