Шчыры беларус з Ушаччыны. 21.by

Шчыры беларус з Ушаччыны

24.07.2014 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ГЕНАДЗЬ МІХАЙЛАВІЧ сыграў шмат бліскучых роляў у тэатры і кіно. Працаваў са знакамітымі рэжысёрамі: Міхаілам Пташуком, Ігарам Дабралюбавым, Віктарам Туравым і г.д. Вядомы шырокаму колу гледачоў па такіх знакавых стужках, як «Чорны замак Альшанскі», «Людзі на балоце», «Знак бяды», «Белыя росы», «Руіны страляюць» і інш. Творчы вечар, прысвечаны юбілею Генадзя ГАРБУКА, плануецца ў яго родным Купалаўскім тэатры 27 верасня. На сцэне павінен спяваць… сам Генадзь Міхайлавіч. А на яго малой радзіме, на Ушаччыне, у гонар юбіляра ўвесь жнівень будуць праходзіць тэматычныя выставы ў бібліятэках.

НАРОДНЫ артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі  СССР нарадзіўся 24 ліпеня 1934 года ў вёсцы Глыбачка. Лёс не песціў яго.  Ён быў малым, калі пачалася вайна. Яго бацька тады  пайшоў у партызаны, а маці з дзецьмі засталася пад акупацыяй. Ледзьве ацалелі. Прыйшлося малому Генадзю разам з братам шмат працаваць. І гэта звычка — працаваць — засталася на ўсё жыццё. Любіць і цяпер, калі шмат працы. Лічыць, што няма чалавека, якога б сапсавала праца…

Генадзь Гарбук пра вайну можа распавядаць многа. Ён добра памятае і як першы раз убачыў немцаў, і блакаду 1943 года, у памяць аб якой ва Ушачах стаіць помнік «Прарыў»: «Быў я ў гэтай блакадзе. Немцы адступалі і сагналі жыхароў у канцлагер. Мы сядзім на пагорку і чуем: «Матка. Кіндэр». Зганялі ўсіх у адну вёску і расстрэльвалі. Цудам ацалелі». Увогуле тэма Вялікай Айчыннай вайны для Генадзя Гарбука вельмі балючая. Да таго ж яго дзядзька вучыўся ў Ленінградскім інстытуце. Яго прызвалі ў армію, і ён трапіў у Брэст, прама ў крэпасць. І там прапаў без вестак падчас вайны. «У фільме «Брэсцкая крэпасць» я здымаўся з вялікім хваляваннем. Таму што ў Брэсцкай крэпасці пад кожнай плітой, дзе невядомы салдат ляжыць, бачыў дзядзьку», — казаў бліскучы акцёр.

Нават аднойчы Генадзь Міхайлавіч прызнаўся, што кавалачак хлеба не даядае, нібыта хоча, каб і назаўтра засталося. Бо голаду баіцца… Шмат нацярпеўся ў вайну. Перахварэў тыфам, а пасля вайны — малярыяй. Тады  яго выратаваў вясковы доктар. Але засталася блізарукасць, з-за гэтага пакінуў свае мары стаць лётчыкам, а яшчэ і ўрачом, геолагам.

Будучы легендарны акцёр толькі ў дзесяць гадоў, адразу пасля вайны, пайшоў у школу. І амаль адразу трапіў на сцэну! Першая настаўніца ўгаварыла танцаваць у школьным ансамблі. Выконвалі «Крыжачок», «Лявоніху» і іншыя. Потым ён віртуозна чытаў басні, удзельнічаў у школьных пастаноўках. У восьмым класе ўжо сам кіраваў самадзейнасцю — драмгуртком, а таксама хорам. І нават паспрабаваў сябе ў ролі рэжысёра. Паставіў два спектаклі, у якіх і сам выконваў галоўныя ролі. З пастаноўкай Сіманава «Рускія людзі» ездзіў па вёсках. А аб наборы ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут даведаўся з абрыўка газеты.

У 1958 годзе скончыў акцёрскі факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута па спецыяльнасці «акцёр драматычнага тэатра» (курс народнага артыста БССР Дзмітрыя Арлова). Словы любімага настаўніка Арлова любіць часта цытаваць. А той вучыў: «Нават калі два чалавекі ў зале, для іх, як для двух тысяч, павінны іграць». І Генадзь Гарбук самааддана іграе.

А знакаміты артыст не адразу пакарыў сталіцу. Спачатку працаваў у Беларускім тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску. У Купалаўскім тэатры выйшаў на сцэну ў 1962 годзе. Іграў і драматычныя, і камедыйныя персанажы. Часта сабе казаў: «Нічога не ведаю, не ўмею, а з кожнай новай роляй ізноў гатовы вучыцца».

Калі пераехаў у Мінск, прыйшла сапраўдная вядомасць. Яго пазвалі ў кіно. Знакамітасць на ўсю вялікую краіну Саветаў прынесла роля Андрэя Ходаса ў «Белых росах». Пазней — здымкі ў стужцы «Знак бяды» — і новы ўздым папулярнасці.  Поспех «Белых росаў» ён тлумачыць так: у іх паказаны звычайныя, простыя людзі і нармальныя чалавечыя ўзаемаадносіны. А гэта было заўсёды цікава гледачу.

ДАРЭЧЫ, партрэт народнага артыста знаходзіцца ў Лонданскай кінаакадэміі. А стужка Міхаіла Пташука «Знак бяды» — у Музеі кінамастацтва Лондана — у спісе дзесяці лепшых фільмаў пра вайну! У свой час гэтая карціна на Міжнародным фестывалі ў Заграбе сабрала ўсё «золата», абышоўшы амерыканскі оскараўскі баявік «Узвод». Тады ж Генадзь Гарбук быў прызнаны лепшым выканаўцам мужчынскай ролі. Між іншым, яго не адразу зацвердзілі пасля пробаў. Прыйшлося круціцца, як і хацеў рэжысёр Міхаіл Пташук: «Пятрок павінен жыць у карціне, як вуж на гарачай патэльні». Гэта ж хацеў бачыць у стужцы і сам Васіль Быкаў. Дарэчы, з Быкавым Гарбук хоць і мала сустракаўся, але знаёмыя яны былі. А вось з Уладзімірам Караткевічам Гарбук сябраваў. Ды і здымаўся ў стужцы «Чорны замак Альшанскі» паводле твора Караткевіча. І ў яго дома бываў не адзін раз. З Іванам Мележам Гарбук таксама сустракаўся. Першы раз  — калі здымалі бойку за перадзел зямлі ў тэлеспектаклі. «Гляджу: сярод групы нашых людзей — высокі, прыгожы мужчына. У светлым такім макінтошы, у бярэце. Пытаю: «А хто гэта такі?» — «Дык гэта ж Мележ!» Тады пазнаёміліся, і не адна сустрэча была. Ён і на рэпетыцыях быў на старой тэлестудыі. Ён нас і вучыў палескай гаворцы, напрыклад, казаць «ето»… Быў лагодны, гаваркі і гумар у яго быў такі добры. Рагатун! Чалавек вельмі любіў жыццё, гэта было адразу відаць». І Андрэя Макаёнка Генадзь Міхайлавіч добра ведаў: «Чакалі Андрэя Ягоравіча на рэпетыцыях, як свята. Таму што рогат стаяў. Ён жа такі гумаркі быў. І ў той жа час вельмі-вельмі сур’ёзны...»

Не адзін раз Генадзь Міхайлавіч запэўніваў, што яму падабалася ездзіць з выязднымі спектаклямі ў вёскі. Таму што глядач там ну такі цудоўны! «Мы ездзілі па калгасах. А ўлетку не маглі пачаць спектакль раней, чым дзесяць, нават адзінаццаць гадзін вечара. Таму што, пакуль вяскоўцы не справяць гаспадарку, ніхто не прыйдзе. І заўсёды паўнюткая зала. І як глядзяць! Якімі вачыма! І падыдуць, і абдымуць, і падзякуюць».

Між іншым, Генадзь Гарбук — адзін з нямногіх беларускіх акцёраў, які здымаўся ў Парыжы. Тады стваралі стужку «Загадкавы спадкаемец», дзе беларускі артыст працаваў побач са Смактуноўскім, Бранявым, Санаевым, Скобцавай.

Дарэчы, Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ён узнагароджаны за выкананне ролі Васіля Дзятліка ў тэлевізійным спектаклі «Людзі на балоце», Дзяржаўнай прэміяй СССР — за выкананне ролі Чарнушкі ў мастацкім фільме «Людзі на балоце». Таксама  знакаміты акцёр — лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне», лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, уладальнік медаля Францыска Скарыны. А яшчэ і ўладальнік прэміі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная Паўлінка».

Пра Генадзя Гарбука кажуць яго калегі з Купалаўскага тэатра

Народны артыст Беларусі Арнольд ПАМАЗАН:

— Генадзь Гарбук — цудоўны акцёр. Я з задавальненнем з ім працую і працаваў у розных ролях. І гэта для нас радасць. І дзякуй Богу, што ён  у нас ёсць. Мы з Генадзем Міхайлавічам ігралі ў спектаклі па п’есе Аляксея Дударава «Парог» — там у нас быў галоўны герой Андрэй Буслай, гэтую ролю мы з ім выконвалі разам. Ён геніяльна  працаваў  у  спектаклі «Людзі на балоце». Разам з ім мы ігралі пастаноўкі «Лістапад. Андэрсен» і «Вяселле». З апошняй аб’ездзілі паўсвету. Былі і ў Францыі, і ў Азербайджане, і ў Грузіі і шмат яшчэ дзе. Генадзь можа ўсё іграць: і камедыю, і трагедыю. У яго ўсё атрымліваецца. З ім вельмі лёгка працаваць на сцэне. Калі што трэба, ён падкажа. Калі што не атрымліваецца, ён дапаможа табе ў працы над роллю.

Актрыса Ніна ПІСКАРОВА:

— Генадзь Міхайлавіч столькі гадоў прапрацаваў у тэатры! І кожная яго роля — гэта падарунак тэатру. Я з ім на сцэне сустракалася з самага першага спектакля — «Мой бедны Марат», дзе ён іграў Леанідзіка. Гэта быў выдатны партнёр і вельмі добры артыст. Кожная яго роля — заўсёды падзея. І я яго памятаю ў «Дзіваку» Хікмета, у яго была выдатная роля. Я тады яшчэ не працавала ў тэатры, але прыходзіла і глядзела, як ён іграе.

І нягледзячы на тое, што яму спаўняецца восемдзесят гадоў, ён у выдатнай форме, здымаецца ў кіно, іграе ў тэатры. Жадаю яму здароўя, толькі здароўя, усё астатняе ў яго ёсць. 

Актрыса Ала ДОЛГАЯ:

— Генадзь Міхайлавіч — вельмі цікавы, разнастайны акцёр. Ён працаваў у Віцебскім тэатры імя Якуба Коласа, і я пасля інстытута таксама прыехала туды, прыехаў увесь наш курс — народнага артыста Арлова. Гарбук таксама вучыўся  ў яго, толькі раней. І мы ў Віцебску працавалі разам з Генадзем Міхайлавічам, ігралі ў адным спектаклі школьнікаў, старшакласнікаў. Ён сыграў правільнага такога камсамольца, а я — гераіню, якую камсамол лаяў. Памятаю, Гена працаваў тады так праўдзіва, і я жадала збегчы, а ён хапляў мяне і ўсаджваў... Потым мы ігралі з ім «Вясельнае падарожжа», ён быў маім партнёрам… А аднойчы здарыўся вельмі пацешны выпадак. Мы павінны былі з ім спяваць дуэтам. Ідзе ўступленне аркестра, я пачынаю спяваць, а потым Гарбук павінен далучацца. І вось я ўступаю са сваім вакалам і бяру на паўтона вышэй, чым аркестр. Гарбук уступае і бярэ на паўтона ніжэй, чым аркестр. І пачынаецца какафонія. Праспявалі фразу і працягваць больш не маглі — ад рогату. Вось такі быў пацешны выпадак.

Дарэчы, Генадзь Гарбук — эталон Васіля ў «Людзях на балоце».

Па характары сваім Генадзь Міхайлавіч вельмі мяккі чалавек. Напэўна, у чымсьці досыць добры. Шчыры беларус.

Яшчэ быў такі выпадак. Калі мы скончылі інстытут, Віцебскі тэатр імя Якуба Коласа прыехаў у Мінск на гастролі. Працавалі яны ў Рускім тэатры. І Генадзь іграў такога беларускага хлопца, прыпеўкі спяваў, скакаў. А нас, студэнтаў, узялі ў масоўку. І ў Генадзя Міхайлавіча быў жудасны прыступ — забалелі ныркі. Ён даіграў у спектаклі і вызвалі «хуткую дапамогу», зрабілі ўкол. Я стаяла за кулісамі, бачыла гэта ўсё і плакала. Ён танцуе «Лявоніху» на сцэне, потым выскаквае за кулісы і як нежывы садзіцца. А потым яму зноў трэба выбягаць на сцэну, і ён хлопцам кажа: «Пад рукі выпіхніце мяне». І яны яго хапалі пад рукі, разганялі і выштурхоўвалі на сцэну... Генадзь Гарбук —  акцёр-ісціна, акцёрская душа, сэрца акцёрскае. Гэта, як кажуць лекары, дыягназ. Гэта артыст.

У акцёра ўзрост — не перашкода працаваць на сцэне. Артысты не адчуваюць яго. У Рубцова ёсць радкі: «Душа не помнит свои годы, так по-младенчески чиста, как говорящие уста нас окружающей природы…»  Што я магу пажадаць Генадзю Міхайлавічу? Яшчэ, вядома, іграць на сцэне, здымацца ў кіно і здароўя — гэта ў першую чаргу. Таму што ўсё астатняе купім. А калі не купім, то абыйдземся (смяецца). Поспехаў табе, Гена!

Вера ГНІЛАЗУБ, «СГ»

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ГЕНАДЗЬ МІХАЙЛАВІЧ сыграў шмат бліскучых роляў у тэатры і кіно. Працаваў са знакамітымі рэжысёрамі: Міхаілам Пташуком, Ігарам Дабралюбавым, Віктарам Туравым і г.д....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика