Запрашаем на фэст!. 21.by

Запрашаем на фэст!

18.09.2014 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

«Камяніца»

000-1   Шосты фолк-фэст «Камяніца» прайшоў напачатку верасня ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо пад Мінскам.
З кожным годам пашыраецца геаграфія выступоўцаў, у гэты раз на фэсце выступілі «Троица», Kriwi, Shuma (Беларусь), «Oтава Ё» (Россия), Каролина Циха и Бартек Полыга (Польша), Ahmed Мa Hlad (Чехия), Bandurband (Украіна), а хэдлайнерам фэсту стаў Алег Скрыпка, лідар легендарнага гурта «Воплі Відаплясава».
За гады існавання фэсту ўжо адбудавана якасная музычная праграма, забавы і рамёствы, таму з гэтага года арганізатары вырашылі пашырыць культурны напрамак «Камяніцы»: на фэсце можна было паглядзець разнастайныя выставы, а дзеці мелі магчымасць намаляваць карціну, якая адразу ж трапляла на імправізаваную выставу дзіцячай творчасці.
Фестываль «Камяніца» праходзіць з 2009 года і мае дабрачынны характар. Усе сродкі ад продажу квіткоў ідуць на рахункі Музея народнай архітэктуры і побыту, дапамагаючы захоўваць самую вялікую ў Беларусі калекцыю аўтэнтычнай драўлянай архітэктуры XVIII-XX стагоддзяў.

“Дару табе квахтуху…”

000-2У чэрвені фольк-этна-вандроўку на вясельную тэму зладзіла Гомельская маладзёжная краязнаўчая арганізацыя «Талака» разам з супрацоўнікамі філіяла Веткаўскага музея.
Мерапрыемства праходзіла ў Цэнтральным парку Гомеля, каля будынка Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Шклярава.
Нават выпадковыя людзі спыняліся, каб пазнаёміцца з АРТ-праектам «Сушка»: яны з цікавасцю разглядалі здымкі з вясковымі бабулямі і прыгожымі беларускімі пейзажамі. Гэтыя моманты з жыцця захавалі талакоўцы і супрацоўнікі Веткаўскага музея падчас экспедыцый у раёны Гомельскай вобласці.
Тыя, хто застаўся да канца імпрэзы, сталі ўладальнікам новай кнігі «Традыцыйнае вяселле: рэканструкцыя вясельнага абраду паводле Брагінскай традыцыі» і дыска з мультфільмам «Мульт пра вяселле».
Ну, а што тычыцца кнігі, то чытаць яе весела: закаханыя ў беларускую этнаграфію талакоўцы напісалі яе вельмі жыва і цікава. Тут і вясельныя прымаўкі («Дару табе квахтуху, ідзі пацалуй свякруху», «Дару каробачку жаб, каб не глядзеў на чужых баб») і песні, і нават рацэпт вясельнага караваю. Ды і сам абрад падаецца вельмі падрабязна. І адбываецца ён не два дні, як зараз прынята, а з чацвярга па панядзелак. Што можна рабіць у панядзелак, калі вяселле адгулялі? Панядзелак, па брагінскай традыцыі, трэці дзень вяселля. «У апошні вечар госці пачынаюць чудзіць. Зранку яны пераапранаюцца ў цыган, старцаў, мужчыны апранаюць жаночае, жанчыны – мужчынскае, і ідуць па вёсцы красці курэй», – распавядаецца ў кнізе. Потым у вялікім чане з гэтых курэй вараць суп і частуюць ім гасцей. Як адзначыла А.Паўлава, суаўтар кнігі, вяселле – гэта заўсёды актуальная тэма (асабліва для моладзі) і будзе вельмі прыемна, калі хтосьці гэтыя традыцыі выкарыстае.
– Мы не толькі ездзім кожны год у вёскі, каб паспілкавацца з бабулямі, з носьбітамі традыцый. Мы яшчэ па выніках гэтых экспедыцый выдаем нешта цікавае, – распавяла намеснік старшыні Гомельскай краязнаўчай арганізацыі «Талака» М.Тульжанкова. – Носьбіты старых традыцый зараз паціху паміраюць: гэтым людзям ужо па 80 год і болей. І, на жаль, так сталася, што ў іх не было пераемнікаў – гэта пакаленне СССР, у якога была іншая ідэалогія, таму зараз вельмі важна каб наша пакаленне паспела ўсё гэта перахапіць. У нашай краіне найбольш багата захаваўся фальклор, Беларусь мае такі скарб, і важна гэта цаніць. Мы стараемся гэта папулярызаваць, несці ў масы. У гэтым годзе мы адбудзецца вандроўка па Лоеўскім раёне з мэтай сабраць матэрыял ад старых людзей, ад носьбітаў традыцый.
Засталося дадаць, што падчас вечарыны працаваў філіял Веткаўскага музея, які акрамя цікавых экспазіцый прапанаваў усім, хто заходзіў у музей, гарбату з печывам. Як паведаміў загадчык філіяла Веткаўскага музея Пятро Цалка, тыя экспанаты, што прадстаўлены ў музеі сёння – гэта вынік экспедыцыйнай дзейнасці. Дарэчы, супрацоўнікамі музея былі даследаваны 220 населеных пунктаў Гомельскай вобласці і блізкіх да яе расійскіх рэгіёнаў.

«У госці да Лепельскага Цмока»

000-3Помнік Цмоку адкрылі ў Лепелі менш за год таму – 9 лістапада 2013. Тады на адкрыцці мясцовыя ўлады паабяцалі, што запачаткуюць адмысловае лепельскае «цмачынае» свята. І вось у верасні – цэлы фестываль беларускай міфалогіі пад назваю «У госці да Лепельскага Цмока»!
Чаму менавіта тут паўстаў помнік Цмоку і праводзіцца фэст? Вельмі проста: Лепельскі Цмок – самы вядомы з усіх беларускіх цмокаў. А замацаваў гэтую славу У.Караткевіч у рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», падрабязна таго Цмока апісаўшы. Дарэчы, менавіта паводле гэтага апісання скульптар Л.Аганаў і стварыў помнік Лепельскаму Цмоку. Цмок – міфічная істота, якая прысутнічае ў народнай творчасці ўжо шмат стагоддзяў. У легендах яны надзяляюцца звышсілаю; бываюць і добрыя, і злыя. Але Лепельскі – добры!
Цмачыны фестываль было вырашана правесці адразу пасля Дня горада (а Лепель адсвяткаваў ажно 575 гадоў). Таму горад быў упрыгожаны і прыбраны па-святочнаму. Галоўная дзея адбывалася ў парку на беразе возера – якраз там, дзе і стаіць помнік Цмоку.
Першая частка фестывалю – этнаграфічная, дзе выступалі людзі, якія ведаюць нешта пра Цмока і згадзіліся выступіць перад публікай. Уявіце: сядзяць на сцэне тры кабеты і спяваюць песню пра тое, як «Цмок выпіў ваду», следам за спевам узнімаецца кабета і зачытвае свой уласны верш пра Цмока! Разынкай гэтай часткі фестывалю стаў выступ В.Патапава з вёскі Гогалеўка пад Навалукам’ем, дзе ляжыць славуты Змееў камень.
Што цікава, цмокі ў Лепелі ў гэты дзень былі проста паўсюль – ад сувеніраў да «вялікіх формаў».
А ў парку каля амфітэатра быў арганізаваны шырокі гандаль нашымі нацыянальнымі стравамі, а таксама вырабамі народных майстроў.
Дарэчы, помнік Цмоку ўжо абрастае сваімі традыцыямі. Па-першае, яго прынята церці: хто трэ нос, хто хвост, хто вуха. Але эфект адзін: Лепельскі Цмок прыносіць грошы! Другая традыцыя – прыходзіць да Цмока на вяселле. Мясцовыя жыхары кажуць, што ёсць такі звычай: маладыя мусілі ўкінуць у возера пачастунак для Цмока – і было чуваць, як ён чмякае, пад’ядаючы яе на дне. Некаторыя сучасныя фалькларысты ўзвылі, пачуўшы пра такую традыцыю: як гэта можна, ледзьве не ў чорта дабраславення браць? Аднак, як ужо было сказана, Лепельскі Цмок – добры! Зразумець гэта можна, проста паглядзеўшы яму ў вочы!

«Покліч Палесся»

Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Покліч Палесся» («Зов Полесья») прайшоў 13 верасня ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раена Гомельшчыны. У гэтым годзе ўпершыню – у статусе міжнароднага.
Асноўная мэта фестывалю – захаванне і папулярызацыя этнакультурных традыцый Прыпяцкага Палесся, якія з’яўляюцца здабыткам нацыянальнай культуры Беларусі. Каларыт жыцця і культуры беларускага Палесся гэтымі днямі прыцягнуў увагу тысяч чалавек з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і Польшчы. Фестываль «Покліч Палесся» як люстэрка адлюстроўвае мудрасць продкаў, якую палешукі беражліва захоўваюць і перадаюць нашчадкам. Гэта і рамёствы, песні і танцы. Гэта і ёсць галоўныя палескія прысмакі.
Кожны куток аграгарадка Ляскавічы стварае сваю непаўторную атмасферу свята. Канцэртная пляцоўка, выстава драўляных скульптур, экскурсіі ў музеі прыроды, катанне па Прыпяці на цеплаходзе, узлёт у неба на паветраным шары – госці фестывалю хвалююцца, што не паспеюць паспрабаваць усе, што прапаноўвае «Покліч Палесся». Некалькі кіламетраў набярэжнай займаюць падворкі. На іх гаспадары паказваюць тое, чым так ганарыцца Палессе. На кожным падворку хоць і розныя палескія адметнасці, але тое, як іх умеюць паказаць палешукі – гэта сапраўднае мастацтва.
Сярод удзельніц конкурса «Палеская прыгажуня» не было ніводнай Алесі, але ўсе яны чараўніцы: спявалі, танцавалі, здзіўлялі. Пераможцай конкурса «Палеская прыгажуня» стала Валерыя Валынчыц з Лунінца.
«Покліч Палесся» стаў яшчэ адным нацыянальным брэндам.

«Наш Грунвальд»

000-4«Слаўлю адвагу ваяроў сармацкіх, што пасеклі ў бітве рыцараў крыжацкіх», – словы з песні гурта «Стары Ольса» ярка адлюстроўваюць ідэю фэсту «Наш Грунвальд – 2014».
На працягу двух дзён ліпеня сярэднявечча ажывала ў маляўнічым месцы «Дудуткі». Тут можна было ўбачыць рыцарскія баі на рысталішчы, турніры збраяносцаў і алебардыстаў і масавыя рыцарскія бітвы – бугурты. Гарачае надвор’е і латы вагой 20 кг не перашкода для дэманстрацыі рыцарскай доблесці. Рыцары ў даспехах, скрыгат мячоў і сярэднявечная музыка – усе гэта змаглі ўвасобіць у жыцце ўдзельнікі і арганізатары фестывалю «Наш Грунвальд – 2014».
Не толькі рыцары, але і ледзі паказвалі ўнікальныя нумары. Напрыклад, танцы са зброяй, якая важыла амаль 5 кілаграмаў. Круціць двухручны меч або кап’ё – справа не зусім простая, але дзяўчыны з гэтым спраўляліся. Грацыя ў рухах, сур’ёзнасць у позірку і незвычайная жаноцкасць адрознівалі гэтых ваяўнічых прадстаўніц прыгожага полу.
Лучнікі і лучніцы стралялі па мішэнях. Тут неабходныя сакалінае вока, упэўненасць у сабе і дакладная стральба «ў яблычак».
Адным з самых яркіх момантаў фестывалю стала рэканструкцыя Грунвальдскай бітвы, якая адлюстроўвала падзеі 15 ліпеня 1410 года. Бітва адбылася паміж войскамі Тэўтонскага ордэна пад кіраўніцтвам вялікага магістра Ульрыха фон Юнгінгена і польска-літоўскімі войскамі, якія ўзначальвалі Вітаўт Вялікі і Ўладзіслаў II Ягайла. Ваенныя дзеянні былі настолькі натуральна ўзноўлены, што ў гледачоў не заставалася ніводага сумнення ў праўдападобнасці бітвы. Лёталі стрэлы, гарматы стралялі, а войскі люта біліся. Войскі ВКЛ і Польшчы атрымалі перамогу над Тэўтонскім ордэнам і, як вядома, праз тры гады ордэн спыніў свае існаванне. Рэканструктарам ўдалося ўзнавіць каларыт той эпохі і вядомых гістарычных падзей.
Акрамя гэтага, на галоўнай плошчы ўсе людзі маглі патанчыць сярэднявечныя танцы і паспрабаваць напоі – медавуху і збіцень, прыгатаваныя па старадаўніх рэцэптах.
Што тычыцца гандлю, то ён тут ішоў сваёй чаргой. Купцы і майстры сабраліся на гандлёвых шэрагах, і гэтак жа, як і ў далёкія часы, тут можна было патаргавацца і набыць сабе латы, срэбраныя ўпрыгожванні, адзенне і разнастайныя сувеніры. У адным з гандлевых радоў сядзеў сапраўдны прадказальнік. Пару хвілін – і руны раскажуць вам ваш лёс…
На фэсце было дзве сцэны. Галоўная, днём пустая, бліжэй да вечара асвяцілася вячэрнім сонцам і святлом сафітаў, і на яе выйшлі музычныя калектывы «Hardwood», «CEILIDH CEOL», «FRAM», «Стары Ольса» і інш.
На фестывалі «Наш Грунвальд – 2014» сучаснасць цесна спляліся са сярэднявеччам. Норавы і звычаі тых гадоў і цяпер выклікаюць непадробную цікавасць, павагу і гонар. Фестываль сабраў некалькі тысяч чалавек з розных куткоў нашай краіны і замежжа.

На фэсты запрашала Людміла Ярац.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Камяніца»    Шосты фолк-фэст «Камяніца» прайшоў напачатку верасня ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо пад Мінскам. З кожным годам пашыраецца...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика