Рукапісы не гараць. Пакутлівы лёс знакамітага гісторыка, які прайшоў праз ссылку, але не разлюбіў Беларусь
14.02.2016 11:26
—
Новости Культуры
|
14 лютага спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння выдатнага беларускага вучонага-гісторыка, археографа, этнографа, краязнаўцы Мікалая Улашчыка. Сваё жыццё ён прысвяціў вывучэнню гістарычнай мінуўшчыны роднага краю і ўнёс значны ўклад у развіццё нацыянальнай гістарычнай навукі. ![]() Улашчык займае адно з самых пачэсных месцаў сярод вядомых вучоных-гiсторыкаў, археографаў, краязнаўцаў, культуролагаў не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі. ![]() Ён нарадзiўся ў вёсцы Вiцкаўшчына Дзяржынскага раёна Мiнскай вобласцi ў сялянскай сям’i. З дзяцiнства цягнуўся да кнiгi — у гэтым была пэўная заслуга бацькi, якi многа i з задавальненнем чытаў, чым здзiўляў аднавяскоўцаў, i прывучаў да кнiгі дзяцей. Калі яму было сем гадоў бацькі накіравалі хлопчыка ў школу ў Самахвалавічы, далей у вышэйшае пачатковае вучылішча ў Мінску. ![]() Мiкалай Улашчык успамiнаў: «У 1919 годзе у Мiнску (ведаю гэта пра дзве, у другой працавала Мядзёлка) школы былi зроблены беларускiмi, у адной якраз быў я. Да нас ужо пад канец 1919 года прышоў настаўнiк у кароткiм кажушку i пачаў гаварыць па-беларуску, пачаў выкладаць мову па граматыцы Тарашкевiча. Мы пачалi чытаць „Родныя з’явы“ Коласа i „Дыяменты беларускай лiтаратуры“ (здаецца так) Фарботкi. <…> Адсюль i пайшло захапленне беларускай лiтаратурай, а далей i гiсторыяй. Пэўна, у гэты час я несвядома яшчэ i стаў гiсторыкам». ![]() Таксама ён узгадваў: «У апошнiм класе школы адзiн з вучняў спытаў мяне, куды я збiраюся iсцi пасля школы. Я здзiвiўся. Куды яшчэ можна iсцi як не на гiстарычнае аддзяленне унiверсiтэта. Усё ж iншае (уключаючы мову, лiтаратуру, фальклор, дарэчы, у той час я не ведаў, што такое фальклор) здавалася не тое што нецiкавым, але гiсторыя Беларусi не мае ў сэнсе цiкавасцi нiчога роўнага». У 1924 годзе, па заканчэнні 2-й мінскай вячэрняй школы для дарослых, Улашчык паступiў на сацыяльна-гiстарычнае аддзяленне педагагiчнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1929 годзе. Яго настаўнiкамi былi вядомыя вучоныя Уладзімір Пiчэта, Мітрафан Доўнар-Запольскi, Дзмітрый Даўгяла. ![]() Падчас вучобы ва ўнiверсiтэце Улашчык быў адным з арганiзатараў краязнаўчага гуртка, а пасля — i Краязнаўчага таварыства. Юныя краязнаўцы з настаўнiкамi ажыццяўлялi археалагiчныя экспедыцыi па гiстарычных мясцiнах Беларусi. Так, у 1926 годзе Улашчык разам са сваiм сябрам Сцяпанам Шутавым праводзiў археалагiчныя доследы на Свiслачы, у 1927 годзе ўдзельнiчаў у комплекснай экспедыцыi Краязнаўчага таварыства ўнiверсiтэта ў Тураўскi раён, у 1928−1929 гадах быў на раскопках палеалiтычнай стаянкi ў Бердыжы, даследаваў быт у беларускiх вёсках. Паралельна з вучобай ва ўнiверсiтэце Улашчык працаваў у Дзяржаўнай бiблiятэцы імя Уладзіміра Леніна (цяпер — Нацыянальная бібліятэка Беларусі) бiблiятэкарам i сакратаром Беларускай кнiжнай палаты, прымаў удзел у заснаваннi «Летапiсу беларускага друку». У 1929 годзе з’явiлася яго першая навуковая публiкацыя пад назвай «Беларускi друк у 1927−1928 гадах». ![]() Пасля ўнiверсiтэта Улашчыка прызвалi на вайсковую службу ў Ленiнград. Там жа маладога гісторыка арыштавалі па абвiнавачваннi ў кiраўнiцтве маладзёжным цэнтрам не iснуючага «Саюза вызвалення Беларусi» i асудзілі на пяцігадовы тэрмін з высылкай у горад Налiнск. ![]() У 1939 годзе пасля ссылкі вярнуўся ў Ленiнград і уладкаваўся настаўнiкам у школе, марыў аб аспірантуры, нават здаў экзамены, але яго зноў арыштавалі i ў 1941 годзе выслалі ў горад Златавуст. ![]() Адтуль Улашчык вярнуўся моцна, амаль безнадзейна, хворым. Родным давялося прыкласці вялікія намаганні, каб вывесцi яго з гэтага стану. Нягледзячы на усе складанасці, Улашчыку давялося здзейсніць сваю мару: у 1943 годзе ён паступае ў аспiрантуру пры Iнстытуце гiсторыi Акадэмii навук СССР, а ў 1947 годзе паспяхова абараняе кандыдацкую дысертацыю з прысуджэннем вучонай ступені кандыдата гiстарычных навук. Па рэкамендацыi Уладзіміра Пiчэты Улашчык пачаў працаваць выкладчыкам на гiстарычным факультэце Маскоўскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. ![]() ![]() ![]() Але лёс рыхтаваў вучонаму новыя выпрабаваннi. У 1950 годзе яго зноў арыштавалі, асудзілі да васьмі гадоў пазбаўлення волi i этапавалі ў Марыiнскi лагер. ![]() ![]() ![]() I толькi ў 1955 годзе пасля датэрмiновага вызвалення Улашчык узнавiў навуковую дзейнасць, пачаў працаваць у Iнстытуце гiсторыi СССР АН СССР. У 1964 годзе абаранiў доктарскую дысертацыю на тэму «Сельская гаспадарка Лiтвы i Заходняй Беларусi ў першай палове ХIХ ст.», якую ў 1965 годзе выдалі як манаграфiю пад назвай «Перадумовы сялянскай рэформы 1861 года ў Лiтве i Заходняй Беларусi». ![]() Мікалай Улашчык — аўтар прац па пытаннях сацыяльна-эканамiчнага развiцця класавай барацьбы на Беларусi i ў Лiтве, археаграфii i крынiцазнаўству гiсторыii Беларусi дакастрычнiцкага перыяду, праблемах беларуска-літоўскага летапісання, этнаграфіі і фалькларыстыкі. ![]() Шмат гадоў аддаў Мiкалай Улашчык вывучэнню беларуска-лiтоўскiх летапiсаў. У 1966 годзе пераклаў на рускую мову i выдаў «Хронiку Быхаўца». Амаль дзесяць гадоў вучоны-даследчык рыхтаваў да выдання два тамы «Поўнага збору рускiх летапiсаў», у якiх былi сабраны ўсе вядомыя беларуска-лiтоўскiя хронiкi. Даследчыкi творчасцi вучонага лiчаць падрыхтоўку да выдання 32 i 35 тамоў «Поўнага збору рускiх летапiсаў», сапраўдным навуковым подзвiгам. Калі б Улашчык падрыхтаваў да выдання толькі гэтыя два тамы, то ўжо было б дастаткова, каб яго імя з удзячнасцю ўспаміналі нашчадкі. ![]() Увогуле, творчая дзейнасць Улашчыка шматгранная. Ён быў таленавiтым этнографам i фалькларыстам. Усё жыццё збiраў матэрыялы пра родную вёску Вiцкаўшчыну, напiсаў аб ёй гiсторыка-этнаграфiчны нарыс. У прадмове да кнігі вучоны адзначаў: «Книгу начал писать студентом в 1926 году, закончил в 1976 году. Написана она в основном по личным наблюдениям, затем по опросам жителей деревни и, в небольшой мере, по архивным данным. Пока это единственный опыт создания истории одной деревни за определенный период времени, попытка изобразить хозяйство и бытовые условия в деревне в их эволюции за последние 35 предреволюционных лет…». Выданне гэтай манаграфіі адклалі, і толькі ў 1989 годзе, на жаль, ужо пасля смерці вучонага, кніга ўбачыла свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура» пад назвай «Была такая вёска». ![]() ![]() Многія творы Улашчыка, такія як «Хроніка», успамiны пра Янку Купалу, Максіма Гарэцкага, Уладзіміра Пічэту, Мітрафана Доўнар-Запольскага, Сцяпана Баркоўскага, пра перыяд вучобы ў БДУ у 1924 — 1925 гадах, можна аднесцi да мемуарыстыкi. Напісаны яны ярка, цікава. У свой час Уладзімір Караткевіч, заўважыўшы літаратурны талент Мікалая Улашчыка, параіў яму абавязкова паспрабаваць сябе ў мемуарным жанры. У адным з лістоў да Улашчыка ён адзначаў: «…Мяркуючы па тым, што Вы напiсалi ў лiсце да мяне, Вашы асабiстыя ўcпамiны былi б значна цiкавей. Дальбог, напiсалi б! Мемуарная лiтаратура ў нас у зародышы, практычна зусiм яе няма. А што гэта за лiтаратура без мемуараў? Камусьцi трэба пачынаць. Вось Вы i пачнiце. Чалавек Вы разумны, вiдалы, зычлiвы, разбiрацца ў людзях умееце. Можа атрымацца дужа цiкавая рэч». ![]() Таленавiты вучоны, чалавек энцыклапедычных ведаў, адметная асоба, Улашчык шчодра дзялiўся вопытам з маладымi вучонымi Беларусi, вёў шырокую перапiску. У ёй паўстае вялікім знаўцам беларускай літаратуры, сапраўдным патрыётам сваёй радзімы, чалавекам, занепакоеным станам айчыннай навукі і культуры, беларускай мовы, аховай гістарычных помнікаў. ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() Мікалай Улашчык пайшоў з жыцця 14 лістапада 1986 года. На жаль, лёс вучонага склаўся так, што яму не дазволiлi працаваць у Беларусi, але сэрцам і думкамі ён назаўсёды быў звязаны з роднай Бацькаўшчынай. Гэтаму была падпарадкавана і яго навуковая і творчая дзейнасць. Улашчык, як сапраўдны вучоны, клапацiўся пра сваю рукапісную спадчыну, каштоўныя матэрыялы, назапашаныя гадамi, хацеў, каб яны трапілі на радзіму, захоўваўваліся ў Акадэмii навук Беларусi. Яшчэ пры жыццi ён перадаваў, перасылаў, а часам i сам прывозiў у акадэмічную бiблiятэку тое-сёе са сваіх рукапісаў. Пасля смерцi яго сын выканаў волю бацькі - разам з рукапісным архівам Мікалая Улашчыка ЦНБ НАН Беларусі атрымала кнігі з яго хатняй бібліятэкі з дароўнымі подпісамі вядомых пісьменнікаў, паэтаў, культурна-грамадскіх дзеячаў. ![]() ![]() Каштоўная творчая спадчына Улашчыка з’яўляецца шырокай крыніцазнаўчай базай для гісторыкаў, этнографаў, літаратуразнаўцаў. ![]() На Беларусь Мікалай Улашчык вярнуўся сваімі працамі, вучнямі, паслядоўнікамі. На надмагільным камяні на Чыжоўскіх могілках, дзе пахаваны яго прах, выбіты словы Янкі Купалы: «Мне сняцца сны аб Беларусі…». ![]() Матэрыял падрыхтавалі Таццяна Жук і Марына Ліс, навуковыя супрацоўнікі
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Улашчык займае адно з самых пачэсных месцаў сярод вядомых вучоных-гiсторыкаў, археографаў, краязнаўцаў, культуролагаў ў Беларусі і па-за яе межамі. |
|