Яе жыццёвыя прыярытэты. 21.by

Яе жыццёвыя прыярытэты

20.10.2017 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


     На Валожыншчыне ёсць сямейныя дынастыі, якія ўнеслі і працягваюць уносіць важкі ўклад у развіццё раёна ў самых розных галінах – прамысловасці, сельскай гаспадарцы, культуры…

Прозвішча Грыка для нашых землякоў асацыіруецца з медыцынай. Нядаўна мне пашанцавала пагутарыць з Ірынай Юр’еўнай ГРЫКА і непасрэдна даведацца аб адметнасцях сямейных і прафесійных традыцый у гэтай сям’і.

Безумоўна, гучнае прозвішча дасталося жанчыне пасля замужжа. Ды і валожынкай яна стала ўжо дарослай. Нарадзілася ж у Расіі, хоць і беларуска па бацьку. Сям’і ваеннага давялося шмат перамяшчацца па прасторах былога СССР. Скончыла школу ў Баранавічах. Дачка афіцэра з маленства была прывучана да самастойнасці і адказнасці. Гэтыя якасці дапамагалі ў вучобе, сталі істотнай падтрымкай падчас заняткаў спортам.

Не па гадах дарослая, прыроджаны перфекцыяніст, яна рана задумалася пра будучую прафесію. Таму з цікаўнасцю прыглядалася да першых прафесіяналаў, з якімі сутыкнулася, – школьных педагогаў. Настаўнікі з іх ведамі па самых розных прадметах выклікалі захапленне, аднак юная Ірына адчувала: існуе нешта іншае, што больш адпавядае яе характару.

Выпадак пазнаёміў з працай урачоў, і, пачынаючы з пятага класа, пачала трызніць медыцынай. Спачатку падабаўся знешні бок прафесіі – белы халат, загадкавыя прыборы і інструменты. Затым прыйшло разуменне высакароднасці працы, якая прызвана пазбаўляць людзей ад пакут. У старэйшых класах па-сапраўднаму паглыбілася ў неабходныя для паступлення ў медыцынскую ВНУ прадметы.

Амаль да самай падачы дакументаў уяўляла сваю ўрачэбную будучыню толькі ў непасрэдным кантакце з пацыентамі. Але аднойчы ў папулярным часопісе прачытала аб адметнасцях прафілактычнай медыцыны. Інфармацыя прымусіла задумацца і заняцца дэталёвым вывучэннем пытання. Такім чынам было прынята рашэнне паступаць на санітарна-гігіенічны факультэт Мінскага медінстытута. Падчас вучобы пазнаёміліся з будучым мужам.

Сям’я маладых урачоў накіравалася ў Валожын. У той час бацька Валерыя Міхайлавіча – Міхаіл Рыгоравіч – узначальваў раённую бальніцу. Ён напэўна мог дапамагчы сыну і нявестцы застацца ў сталіцы, аднак стаяў на сваім: Валожыну патрэбны маладыя, перспектыўныя кадры. Райцэнтр спрыяў ажыццяўленню мары Валерыя – работы ў хірургічным аддзяленні хапала. Знайшлося прымяненне і ведам урача-гігіеніста. Спачатку працавала з вытворчымі прадпрыемствамі і сельскагаспадарчымі арганізацыямі, а ў 1997 годзе з’явілася магчымасць заняцца гігіенай дзяцей і падлеткаў. Прафілактычная дзейнасць у дадзеным кірунку ажыццяўляецца ў цесным кантакце з установамі адукацыі, што поўнасцю адпавядае характару, вопыту і прафесійным амбіцыям Ірыны Юр’еўны. Канешне, вынік яе работы не так канкрэтна заўважны, як у мужа. Тым не менш, яна верыць у тое, што любое захворванне лягчэй папярэдзіць, чым лячыць, таму сваю місію лічыць важнай і перспектыўнай у сучасным грамадстве, дзе ўсё больш увагі надаецца якасці жыцця і яго працягласці.

Ірына гарманічна ўвайшла ў сям’ю мужа. Свякроў і свёкар – сапраўдныя інтэлігенты і прафесіяналы (настаўнік і ўрач) – з радасцю прынялі сур’ёзную, адукаваную маладую жанчыну. Старэйшыя Грыкі выгадавалі двух сыноў, якія сталі ўрачамі. Сын Ірыны і Валерыя выбраў іншы шлях – скончыў акадэмію МУС. Ён – эксперт-крыміналіст. А вось дзяўчынку маці, бацька і дзядуля змаглі “падсадзіць” на медыцыну. Сёння ў сям’і ёсць студэнтка-другакурсніца медуніверсітэта.

Ірына Юр’еўна прызнаецца, што яны з мужам нават не спрабавалі дома рабіць медыцынскую тэму нейкім табу. “Калі ў сям’і ўрачоў гавораць аб хворых і іх лячэнні – нармальная з’ява. Гэта частка нашага жыцця, якой непамерна даражым”, – расказвае выконваючая абавязкі галоўнага ўрача РЦГіЭ. Аднак жыве яна не толькі медыцынай. І. Ю. Грыка – гаспадыня, маці, сваячка, сяброўка. Апантаная чысцінёй і парадкам (што не дзіўна пры яе прафесіі), шмат часу надае стварэнню ўтульнасці ў доме, здароваму харчаванню. Падчас адпачынку чытае гістарычныя раманы, медыцынскую літаратуру і, як большасць жанчын, звяртае ўвагу на такія пытанні, як мода і прыгажосць.

У юнацтве яна была заўзятай прыхільніцай фізічных нагрузак – займалася лёгкай атлетыкай, баскетболам, плаваннем. Два гады танцавала ў народным ансамблі “Лялькі”, у складзе якога нават прыняла ўдзел у канцэрце ў Крамлі. Відавочна, што ўсё гэта таксама спрыяла фарміраванню яе асобы.

Жыццё ў акружэнні людзей, апантаных сваёй работай, прывучыла паважаць спецыялістаў з розных галін, давяраць іх меркаванням. Важным лічыць і пастаянную самаадукацыю, прафесійны рост. Для сябе як для жанчыны галоўным клопатам вызначае сям’ю. “Прыярытэты кожны з нас расстаўляе самастойна, – разважае І. Ю. Грыка. – Для кагосьці гэты працэс складаны. Многія не могуць разабрацца з хвалюючым пытаннем на працягу доўгіх гадоў. У мяне ж усё надзвычай проста: сям’я і работа. Менавіта ў такім парадку і абавязкова з аднолькавай адданасцю і шчырай любоўю”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
     На Валожыншчыне ёсць сямейныя дынастыі, якія ўнеслі і працягваюць уносіць важкі ўклад у развіццё раёна ў самых розных галінах – прамысловасці, сельскай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика