Юбілей Вілейскага народнага тэатра. 21.by

Юбілей Вілейскага народнага тэатра

15.12.2017 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

post thumbnail

Нядаўні спектакль Вілейскага народнага тэатра «Зойчына кватэра» ў чарговы раз парадавала вілейскага гледача шыкоўнай пастаноўкай. І хоць гэта ўжо была не прэм’ера, але падзея значная і неардынарная. У гэтым годзе Вілейскі народны тэатр, які пачаў сваю дзейнасць у далёкім 1952 годзе, адзначае свой 65-гадовы юбілей. Трэба адзначыць, што вілейская тэатральная афіша ўжо на працягу больш стагоддзя дае магчымасць акунуцца вілейскаму гледачу ў свет тэатральнага мастацтва. Чаму сто і шэсцьдзясят пяць, спытаеце вы. А таму, што народны тэатр быў створаны на базе Дома культуры, але да гэтага тэатральнае жыццё таксама бурліла ў нашым, на той час павятовым, горадзе. Але ўсё па парадку.

Вілейская тэатральная трупа, 1930-я гады

Яшчэ ў 1910 годзе ў Вілейцы быў арганізаваны першы драматычны гурток, такія ж падобныя тэатральныя аб’яднанні былі і ў Даўгінава, Куранцы і Ільі. У 1911 годзе вілейскімі акцёрамі быў паказаны спектакль «У зімовы вечар» паводле Э. Ажэшкі. Тэатральнае жыццё заўсёды кіпела на Вілейшчыне і не адна заезджая трупа гастралявала па мястэчках нашага раёна, маючы вялікую колькасць прыхільнікаў гэтага мастацтва. Так, напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Вілейцы выступала 1-я беларуская трупа Ігнацыя Буйніцкага, якая паказала дзве п’есы, з элементамі дэкламацый, беларускіх спеваў і танцаў. Прыезд падобных мастацкіх калектываў заўжды абуджаў у маленькіх гарадах і мястэчках тэатральнае жыццё. Свой уплыў трупа Буйніцкага аказала і на вілейскіх самадзейных артыстаў.

У 1920-1930-я гады ў Вілейцы дзейнічала культурна-асветніцкая ўстанова «Беларускі Дом», пры якой з 1921 года працавалі тэатральная майстэрня і тэатральная студыя. У гэты час тэатральныя гурткі таксама дзейнічалі ў Ільі, Забалацці, Даўгінаве і іншых мястэчках. Адным з першых тэатральны гурток у Вілейцы арганізаваў мясцовы фатограф Берка Берман, што ставіў пастаноўкі ў падтрымку бедных дзетак. Драматычная секцыя дзейнічала і пры акруговай управе культурна-асветніцкай арганізацыі «Таварыства беларускай школы» (ТБШ).

Сцэна са спектакля “Пакаранне без злачынства”, 1978 год

Мясцовым вілейскім тэатрам пры Беларускім Доме кіраваў прафесійны артыст Алесь Каляда. Трупа тэатра паставіла каля дваццаці спектакляў па п’есах беларускіх пісьменнікаў і драматургаў, у тым ліку і ўраджэнцаў Вілейшчыны. Кожная пастаноўка была выключна на беларускай мове, большасць спектакляў ставіліся на сцэне польскай гімназіі, клуба польскіх афіцэраў і ў будынку пажарнай аховы. Свае спектаклі вілейская трупа паказвала нават на тэатральных сцэнах у Вільні. Вось як пісала ў той час газета «Наша праўда» за красавік 1927 года ў артыкуле «Жыў беларус і будзе жыць»: «Усе надта задаволены, што беларускі тэатр у Вілейцы пачынае заваёўваць сабе будучыню і гледача, бо зала, якая мае 400 месцаў, была набіта бітком. Віляйчане патрапілі зацікавіць кожнага».
Пра адзін са спектакляў у будынку пажарнай аховы (зараз краязнаўчы музей), верагодней за ўсё заезджай трупы, у сваіх успамінах узгадвае і народны пісьменнік Беларусі Максім Танк. З 1926 па 1928 год ён вучыўся ў Вілейскай рускай гімназіі і пра тыя гады пакінуў некаторыя ўспаміны: «… у будынку пажарнай аховы калісьці, яшчэ будучы гімназістам, я глядзеў «Запарожца за Дунаем». Грошай на білет у мяне тады не было. З раніцы да пачатку спектакля, схаваўшыся, прасядзеў за пажарнай бочкай. Набраўся я тады страху, бо, калі выбіраўся са свайго сховішча, перавярнуў нейкае вядро і на мяне пачалі ўсе шыкаць, што я перашкаджаю ім глядзець…».


Народны тэатр, 1980-я гады

У гады Вялікай Айчыннай вайны тэатральнае жыццё Вілейкі таксама не спынялася. Пры створанай у горадзе нямецкім рэжымам Беларускай настаўніцкай семінарыі, дзе дзейнічала значная група вілейскіх падпольшчыкаў, быў створаны драматычны гурток. Вілейскія артысты, якія займаліся і падрыўной дзейнасцю, у вольныя гадзіны, каб паслабіць пільную ўвагу немцаў, ставілі спектаклі на творы нацыянальнай драматургіі.

Такім чынам, мы бачым, што вілейская тэатральная гісторыя налічвае ўжо больш стагоддзя. Да таго ж, беларускі аматарскі і прафесійны тэатр развіўся са старадаўніх народных абрадаў, дзе была і батлейка, традыцыя паказу сцэнак якой існавала і на Вілейшчыне, асабліва ў час вялікіх кірмашоў у самой Вілейцы і на вялікім кірмашы ў мястэчку Даўгінава. На Вілейшчыне, акрамя кананічных сюжэтаў,вандроўныя артысты паказвалі і сцэнкі з жыцця. Уплыў на станаўленне тэатра аказала і творчасць вандроўных музыкаў, што хадзілі і па вёсках Вілейскага раёна. Дарэчы, пра вандроўнага лірніка і спевака ў нашых ваколіцах узгадвае апошні прадстаўнік роду Багдановічаў з Зацемені пан Анжэй. Шырока былі распаўсюджаны тэатральныя прадстаўленні і ў маёнтках беларускай шляхты. Пра паказ такіх пастановак узгадваецца ў дакументах, якія датычацца маёнтка Ганута (сучасная вёска Ручыца), што належыла роду Агінскіх.

Традыцыі вілейскага тэатральнага мастацтва запатрабаваныя і сёння. З 1952 года пры гарадскім Доме культуры працуе народны тэатр. З таго часу, на розных пляцоўках Вілейкі, у розныя гады і рознымі рэжысёрамі было пастаўлена каля паўсотні выдатных спектакляў беларускіх, рускіх і замежных аўтараў, розных напрамкаў і жанраў. Паспрабуем ўзгадаць кіраўнікоў народнага тэатра ў розныя гады, хаця, прашу адразу прабачэння, за магчымае не наўмыснае неагучванне каго-небудзь, бо спецыяльнага летапісу тэатральнага жыцця Вілейкі не вялося, а ў большасці гэта ўспаміны тых, хто яшчэ ёсць сёння са старажылаў тэатра. Вось імёны вядомых нам кіраўнікоў тэатра, якімі былі: І. Міхайлаў (з 1952 г.), К. Зацаркляны (з 1964 г.), Л. Івашкевіч (з 1974 г.), В. Ляпін (з 1980 г.), В. Мароз (з 1985 г.), В. Роўда (з 1986 г.), Дз. Паўлюшчык (з 2000 г.), Л. Курц (з 2002 г.), Н. Роўда і сучасны рэжысёр-пастаноўшчык народнага тэатра – Вадзім Шырочын.
У вілейскага народнага тэатра багатая творчая спадчына, традыцыі якой развіваюцца і падтрымліваюцца на высокім узроўні і ў цяперашні час. Спектаклі народнага тэатра з вялікім поспехам заўжды праходзяць на сцэне Вілейскага Палаца культуры, шмат спектакляў за гады існавання тэатра паказана і ў сельскіх клубах і дамах культуры, а таксама за межамі раёна. У 1973 годзе вілейскаму тэатру было прысвоена званне народнага. Асобныя словы хочацца сказаць пра самадзейных артыстаў тэатра, які ў свой вольны час з усёй душой аддаюцца тэатральнаму жыццю. Артысты вілейскага тэатра – людзі розных прафесій і ўзростаў.

– Немагчыма не ўспомніць хаця б некаторых імёны тых, хто пакінуў частку сваёй душы і сэрца на падмостках Вілейскай сцэны, – адзначыў на святочным мерапрыемстве рэжысёр народнага тэатра Вадзім Шырочын. – Гэта акцёры старой плеяды: Паліна Грыбоўская, Зінаіда Сопрых, акцёр і рэжысёр Канстанцін Зацаркляны, Марыя Падшыбякіна, Ала Зайцава, Юрый Бохан, Аляксандр Кузьмін, Уладзімір Якуцін, Тамара Малюшкіна, Людміла Кавальчук, Галіна Шатава, Віктар Роўда, Маргарыта Пятніцкая, Тамара Корсак, Людміла Карабко, Галіна Кажарновіч, Валерый Рачып, Жанна Шыманская і многія іншыя. Ішлі гады, змяняліся пакаленні, на вілейскую сцэну паступова прыходзіла маладзейшае пакаленне – Ілья Роўда, Анатоль Занковіч, Леанід Курц, Марына Заяц, Ірына Новік, Вераніка Гайчук, Андрэй Дударчык, Аляксандр Пуцэйка і многія-многія іншыя. Гэта далёка не поўны шэраг людзей, дзякуючы якім быў, ёсць і, спадзяюся, будзе працягваць сваё існаванне вілейскі тэатр. Не магу не адзначыць яшчэ адну катэгорыю нашых землякоў, – асабліва акцэнтаваў увагу падчас свайго выступлення Вадзім Шырочын, – гэта цярплівы, разумны, культурны і незвычайна добразычлівы вілейскі глядач. Менавіта той глядач, які не прапусціць ні адну прэм’еру, які даруе нам міжвольныя агрэхі, які з разуменнем паставіцца да небагацця касцюмаў і дэкарацый. Нашы вілейскія тэатралы – гэта наш стымул для плённай і якаснай працы. А галоўнае, без гледача акцёра не існуе!

Святочнае мерапрыемства, якое адбылося на сцэне Палаца культуры да 65-годдзя народнага тэатра, не абышлося і без паказу спектакля, якім дзеючыя акцёры павіншавалі вілейскага гледача і ветэранаў тэатра. Для ўсіх прысутных акцёры зноў паказалі трагіфарс «Зойчына кватэра» па матывах аднайменнай п’есы Міхаіла Булгакава. Першую прэм’еру гэтага спектакля віляйчане ўбачылі яшчэ ў сакавіку, тады многія адзначалі, што спектакль быў пастаўлены і сыграны на ўзроўні вялікай сцэны. Булгакаўскі трагіфарс «Зойчына кватэра» – гэта НЭП-манаўская Масква сярэдзіны 1920-х гадоў, населеная вострахарактарнымі і рознамаснымі персанажамі. Сюжэт спектакля разгортваецца ў кватэры Зоі Пельц, якая для ўтрымання шматпакаёвай жылплошчы адкрывае тут швейную майстэрню, а пад яе шыльдай маскіруе «дом уцехаў». Рэжысёр-пастаноўшчык Вадзім Шырочын ахарактарызаваў спектакль так: «У ім закранаюцца глабальныя тэмы, актуальныя для любога часу. Тут агольваюцца ўсе чалавечыя заганы: і прагнасць, і зайздрасць, і распуста». Падзеі трагіфарса прыводзяць да забойства ключавога кліента Зоі камерцыйнага дырэктара трэста тугаплаўкіх металаў таварыша Гуся, а галоўная гераіня застаецца без грошаў і кватэры. У пастаноўцы вілейскага тэатра галоўныя ролі выканалі Марына Заяц, Валерый Чачулін, Андрэй Дударчык, Вадзім Шырочын, Крысціна Язневіч, Кірыл Чэрнік і іншыя.
І ўсё ж-такі 65-гадовы юбілей – гэта значная веха ў багатай гісторыі нашага горада і народнага тэатра. Новых пастановак і знаходак, гучных апладысментаў, адданых справе артыстаў. Няхай вечна жыве тэатр!

Сяргей ГАНЧАР.

Фота з архіва народнага тэатра і Аляксея КАМІНСКАГА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нядаўні спектакль Вілейскага народнага тэатра «Зойчына кватэра» ў чарговы раз парадавала вілейскага гледача шыкоўнай пастаноўкай. І хоць гэта ўжо была не...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика