Выпрабаванні сапраўдных мужчын не палохаюць. 21.by

Выпрабаванні сапраўдных мужчын не палохаюць

19.01.2018 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У час, калі пераезд з правінцыі ў сталіцу – масавая з’ява, падпалкоўнік унутранай службы Дзмітрый КАСОЎСКІ змяніў мінскую прапіску на вясковую і вось ужо амаль два гады разам з сям’ёй жыве ў Дорах. На такі крок яму прыйшлося пайсці не па закліку сэрца, а па загадзе кіраўніцтва: атрымаў назначэнне ўзначаліць Валожынскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.

    – Дзмітрый Яраслававіч, назначэнне абрадавала ці не?

– Перамены ў лёсе, а тым больш кардынальныя, азадачаць ці насцярожаць любога чалавека. Але ў сілавых структурах загады не абмяркоўваюць, іх выконваюць. Не скажу, што на новай пасадзе адразу адчуў сябе як рыба ў вадзе. Шмат цяжкасцей у першы час давялося зведаць, мяняючы гарадскі ўклад на вясковы. Пачаў з упарадкавання дома. Потым захацелася, каб і ўчастак вакол яго меў рэспектабельны выгляд. Паспрабаваў самастойна ўзараць зямлю і непрыкметна, як кажуць, уцягнуўся: пасадзіў пладовыя дрэвы, кусты, дайшла справа і да агарода. Развялі жыўнасць: двух сабак і ката. Яны ўмеюць выдатна падымаць настрой. Нават і не чакаў, што ўсё гэта пачне прыносіць такое задавальненне. З’явілася ўпэўненасць: у такім жыцці ёсць нешта правільнае, сапраўднае, натуральнае. У Мінску час траціш на дарогу да працы і назад, у таўкатні паміж людзей, машын, у асяроддзі каменных джунгляў ператвараешся ў нейкага робата і не здагадваешся, наколькі сам сябе абдзяляеш простымі чалавечымі радасцямі. Ужо тут, у Валожыне, саслужыўцы цікавіліся, ці сумую па тэатрах, кафэ, шыкоўных магазінах. Быццам бы я кожны дзень іх наведваў! Быў лічаныя разы…

 – Вы ў Дорах па загадзе. А як зрэагавала жонка?

– Паехала за мной, як дзекабрыстка. Цяпер радуецца, калі на градах з’яўляюцца ўсходы, з задавальненнем прымае гасцей з ліку сталічных знаёмых, ганарыцца, што можа пачаставаць іх экалагічна чыстымі прадуктамі, вырашчанымі сваімі рукамі. Дачка таксама палюбіла Доры.

    – Няўжо яны без слёз развіталіся з Мінскам?

– Змены адбыліся не такія і значныя. Жонка працу ў сталіцы не памяняла, дачка Лізавета там засталася вучыцца, займацца спортам. Яна ў нас плыўчыха, наведвае школу алімпійскага рэзерву, уваходзіць у юнацкую каманду па сінхронным плаванні, выдатна выступае ўжо і на міжнародных спаборніцтвах. Перад самым Новым годам дзяўчаты ездзілі ў Славакію, дзе заваявалі золата. Лічу, мы правільна зрабілі, што заахвоцілі Лізу да спорту. Дачка ў свае трынаццаць гадоў вызначаецца самастойнасцю, умее хутка прымаць рашэнні, прывучана да рэжыму. Мы даўно не пакуем ёй чамаданы перад паездкай за мяжу. Ліза гэта робіць сама. Уклад і яе жыцця з пераездам у Доры не вельмі змяніўся: у Мінску, каб паспець на першую трэніроўку, яна падымалася ў 5.45, а зараз – на 15 хвілін раней.

    – А Вы ў дзяцінстве вызначаліся такой самастойнасцю?

– Хутчэй не. Мой лёс вырашалі бацькі. Вучыўся ў фізіка-матэматычнай школе, што па вуліцы Розы Люксембург. Пасля збіраўся паступаць у РТІ, аднак дома параілі пайсці ў вышэйшае пажарна-тэхнічнае вучылішча Міністэрства ўнутраных спраў, якое тады рыхтавала выратавальнікаў. У 1999 годзе было створана Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і 19 студзеня аб’яўлена прафесіянальным святам – Днём выратавальніка. Такім чынам, наша служба мае магчымасць святкаваць двойчы, бо ёсць яшчэ і Дзень пажарнай службы, які адзначаецца 25 ліпеня. Дарэчы, веданне дакладных навук вельмі дапамагло мне авалодаць выбранай спецыяльнасцю.

    – Паглыбленае вывучэнне фізікі і матэматыкі не хацелася змяніць на нешта больш рамантычнае?

– Вучыцца ў школе было вельмі цікава. Сумным прадметам лічыў літаратуру, а сачыненне – найскладанейшай задачай. Праўда, калі ўзначаліў аддзел пры абласным упраўленні МНС, то давялося пісаць шмат дакладаў. Не адразу, але справа пайшла, і мае даклады ацэньваліся станоўча. Матэматыка дапамагае развіваць аналітыку, логіку. Матэматык справіцца з гуманітарнымі прадметамі, а вось гуманітарыю дакладныя навукі могуць і не пакарыцца.

    – Вас як “тэхнара” які від мастацтва захапляе?

– Аддаю даніну павагі ўсяму, што выклікае станоўчыя эмоцыі: кнігам, карцінам, кіно. Аднак каб сказаць, што вось без гэтага помніка ці тэатральнай пастаноўкі я адчую сябе абдзеленым, не магу. Ужо тут, на Валожыншчыне, ацаніў акапэльнае выкананне. Выступаюць з народнымі песнямі “Гасцінец” ці іншыя народныя калектывы раёна – радуецца і слых, і душа. Вельмі падабаецца ансамбль “Чысты голас”, асабліва тыя песні, што артысты выконваюць без музычнага суправаджэння.

    – Дык лірыка ў Вас можна разбудзіць! Давайце паспрабуем гэта зрабіць, успамінаючы самыя прыемныя моманты дзяцінства.

– Зімовыя канікулы ў бабулі, у Пухавіцкім раёне! Можна было ўволю пакатацца на лыжах і каньках. Прыйдзеш стомлены ў хату, а бабуля дастае з-за засланкі вялізныя бульбяныя бліны. Пад’еў – і паляжаць на цёплую печ…

    – Самі што-небудзь гатаваць умееце?

– Мая фірменная страва – бульбяныя клёцкі. Сам націраю бульбу, вымешваю, адварваю, гатовыя клёцкі падаю з падсмажанай грудзінкай і цыбуляй. Зімой часам гатую глінтвейн. Для гэтага бяру бутэльку паўсухога чырвонага віна, дабаўляю карыцу, гваздзіку, духмяны перац, мёд. Стаўлю на агонь і грэю, увесь час памешваючы, да тэмпературы 70 градусаў. Выдатны сродак, каб сагрэцца!

    – Раскажыце, як вольны час праводзіце?

– Перавагу аддаю актыўнаму адпачынку: лыжныя і веласіпедныя прагулкі, паходы за грыбамі. Любімая пара года – залатая восень. Дастаткова з паўгадзіны пахадзіць па ціхім восеньскім лесе, каб прывесці душу ў раўнавагу. Ураджай з уласнага агарода, нават калі і сціплы, радуе.

     – Радасць могуць падарыць і людзі. Які самы памятны падарунак Вы атрымалі?

– Самы памятны феерверк эмоцый – нараджэнне дачкі. Калі ўбачыў маю дзяўчынку ўпершыню: гэтыя вочкі, вусны, то быў шчаслівейшым чалавекам на свеце. Сям’я для мяне – галоўная каштоўнасць. Не тое што ў Дорах, на бязлюдным востраве не засумую, калі побач са мной будуць мае дзяўчаты – жонка Насця і дачка Ліза. Ахвотна падпарадкоўваюся іх загадам і зусім забываюся, што на рабоце я – начальнік.

    – Вы дамасед ці любіце падарожжы?

– Я не вельмі шмат падарожнічаў. Бываў ва Украіне, на Львоўшчыне. Гэта радзіма майго бацькі. Ездзіў у госці да сваякоў у Піцер. Неяк раз давялося наведаць Германію.

    – Назавіце самыя ганебныя чалавечыя заганы.

–  Прытрымліваюся той думкі, што лепш горкая праўда, чым салодкая мана. Ілгуноў не люблю і з павагай ставіцца да чалавека, які лжэ, не магу. Непрыемна бачыць, як дарослы чалавек выкручваецца, прыдумвае апраўданні, каб абяліць сябе. Памылка – непрыемнасць, часам вялікае зло. Але пазбегнуць іх у жыцці не ўдавалася ніводнаму чалавеку. Трэба заўсёды гаварыць праўду! Гэтаму вучу і дачку.

    – Пра што марыце?

– Што такое мара? Нешта летуценнае, нерэалістычнае. Трэба ставіць мэты і дабівацца іх, рашаць задачы, якія падкідвае жыццё. Цяперашняя мая мэта – вывесці наш аддзел на лідзіруючыя пазіцыі. Патэнцыял у калектыву ёсць, штосьці ўжо і зроблена.

    – Паколькі выйшлі на прафесіянальную сцежку, то раскажыце, які працэнт здарэнняў адбываецца па прычыне легкадумства?

– Калі гаварыць пра пажары, то 100 працэнтаў узгаранняў, у тым ліку і з трагічным зыходам, адбываюцца з-за легкадумства. Запытайцеся любога чалавека, і ён раскажа, як правільна эксплуатаваць электрапрыборы, газавае абсталяванне. Але прымяняць свае веды на практыцы некаторыя не спяшаюцца. Чамусьці кожны ўпэўнены: бяда можа здарыцца з кім заўгодна, толькі не з ім і яго блізкімі. Вось і апошняга пажару, які адбыўся ва Улазавічах і панёс жыцці дваіх чалавек, можна было пазбегнуць. Чаго ў тры гадзіны ночы мужчыну захацелася тэрмінова закурыць у ложку ды яшчэ будучы ў стане алкагольнага ап’янення? Ён што, не ведаў пра небяспеку? Хутчэй за ўсё ведаў, бо менавіта з такім кантынгентам працуюць нашы інспектары групы прапаганды і навучання. Прагрэс рухаецца наперад, развіваюцца навука і тэхніка, з’яўляюцца новыя сродкі масавай агітацыі, а вось спрадвечныя чалавечыя слабасці застаюцца.

Вядома, чым вышэй узровень агульначалавечай культуры, чым лепш ідуць справы ў эканоміцы, тым больш стабільнасці ў грамадстве. Канец мінулага стагоддзя на постсавецкай прасторы характарызаваўся цяжкім эканамічным становішчам. Тады і назіраўся самы пік узнікнення розных пазаштатных сітуацый, у тым ліку і пажараў. Цяпер, пагадзіцеся, жыллёвы фонд адрамантаваны, грамадскія ўстановы і адміністрацыйныя будынкі адпавядаюць патрабаванням бяспекі, чым значна зніжана магчымасць узгаранняў. Ды і нашы грамадзяне, набыўшы дарагія машыны, нерухомасць, сталі клапатлівымі гаспадарамі, асцярожнымі пры абыходжанні з агнём і гаручымі рэчывамі.

Паляпшаецца і матэрыяльнае забеспячэнне пажарнай службы. Яшчэ не так даўно галоўнымі “памочнікамі” былі “ЗІЛы” з цыстэрнамі ўмяшчальнасцю 2,5 тоны вады, што давала магчымасць бесперабойнага тушэння агню толькі 7 хвілін, а зараз на ўзбраенне паступаюць дзесяцітоннікі.

Карыстаючыся момантам, хачу павіншаваць сваіх калег з прафесіянальным святам, пажадаць ім здароўя і дабрабыту, а таксама, каб менш у нашым жыцці было пазаштатных сітуацый. Таму заклікаю жыхароў раёна не забывацца пра правілы бяспекі, берагчы жыццё сваё і сваіх блізкіх, маёмасць.

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У час, калі пераезд з правінцыі ў сталіцу – масавая з’ява, падпалкоўнік унутранай службы Дзмітрый КАСОЎСКІ змяніў мінскую прапіску на вясковую і вось ужо амаль...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика