Гісторыя з фатаграфіяй: вяла дарога да млына старога…. 21.by

Гісторыя з фатаграфіяй: вяла дарога да млына старога…

31.01.2018 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дзьмуў слабы ветрык, скрыпелі, «жуючы» зерне, жорны, і кабылаўскі млын-вятрак павольна махаў сваімі моцнымі рукамі-крыламі, нібы заклікаў да сябе важных гасцей… І яны нечакана з’явіліся: падняўшы слуп пылу на вялікай дарозе, насупраць млына рэзка прытармазіў амерыканскі «Пакард». Прыгожая жанчына ў элегантным капялюшыку, узброеная некалькімі фотаапаратамі, адважна падышла да драўлянай «істоты» і доўга-доўга ўглядалася ў яе абмыты дажджамі і абсмалены сонцам «твар»…
Жанчыну звалі Луіза Арнэр Бойд.
Адна з самых багатых жанчын Амерыкі (дачка ўладальніка залатога рудніка ў Каліфорніі, актыўны член Амерыканскага геаграфічнага таварыства, арганізатар першай экспедыцыі ў Арктыку), запрошаная ў Варшаву на Міжнародны кангрэс географаў, выказала жаданне праехацца па землях «крэсаў усходніх» Рэчы Паспалітай. Пазначыўшы на карце кропкі Львоў, Кобрын, Слонім, Вільня, Пінск і іншыя, Луіза адправілася ў дарогу па «экзатычным» маршруце…

Праз тры гады, у 1937 годзе, у Нью-Ёрку быў апублікаваны фотаальбом «Польская правінцыя» (Polish Countrysides), і на адным са здымкаў ва ўсёй сваёй прыгажосці паўстаў стары вятрак. Подпіс пад ім з удакладненнем — «17 miles (заўв. — 25 км) west of Rozana… October 9, 1934» — і стаў той прынадай, на якую трапіў мой асабісты інтарэс. Хто будаваў і хто валодаў гэтым драўляным цудам тэхнікі, на які звярнула ўвагу нават амерыканская даследчыца?

Ведала б спадарыня Бойд, што акурат у той самы час, але крыху далей шчыра працавалі яшчэ два такія “драўляныя” прыгажуны! На жаль, людзей, якія маглі б расказаць падрабязна пра іх гісторыю, амаль не засталося, але некаторыя звесткі ў нас усё ж такі атрымалася знайсці з дапамогай сваякоў кабылаўскіх млынароў.
Як распавёў жыхар аг. Кабылаўка Мікалай Іванавіч Грышкевіч, млын каля дарогі ўстанавіў прыкладна ў 1920 годзе яго родны дзядзька Платон Платонавіч Грышкевіч. А купіў яго дзесьці пад Руднікамі (дзеля гэтага нават прадаў сваю хату), разабраў і перавёз на хутар. Сам жа з сям’ёю перабраўся ў маленькі хлеўчык. Пасля крыху разбагацеў і пабудаваў новы дом.
Вятрак добра працаваў на радасць новаму гаспадару і людзям… Вядома толькі, што падчас вайны немцы патрулявалі дарогу і гэты млын, з якога бралі муку. Аднак, нягледзячы на небяспеку, карысталіся млыном і партызаны. Па начах прыводзіў іх сюды адважны сямнаццацігадовы сын млынара Сяргей Платонавіч.

Пасля вайны, з 1948 года, калі ў Кабылаўцы ўтварыўся калгас «Шлях камунізму», вятрак стаў працаваць у большасці на грамадскія патрэбы. А летам 1954 года незламаны вятрамі «працаўнік» згарэў. Як успамінаюць старажылы, у той дзень была страшная навальніца з маланкамі. Вось адна і трапіла ў вятрак. Старога небараку, «фотазорку 30-х», ніхто не бег тушыць… Праўда, яшчэ доўга хадзілі па сяле чуткі, што не маланка, а нейкі зайздроснік, скарыстаўшыся непагаддзю, зрабіў сваю цёмную справу. Аднаму Богу і сябру-ветру вядома, што там адбылося на самай справе…

У Кабылаўцы засталося яшчэ два млыны. Аповед Мікалая Грышкевіча пра іх значна дапоўнілі Вольга Васільеўна Уроніч і Таццяна Міхайлаўна Хвясюк, блізкія сваячкі першага гаспадара ветракоў — Івана Андрэевіча Уроніча.
Гісторыя сям’і гэтага чалавека пачалася яшчэ «да палякаў», пры цары. Жыў-быў Іван з братамі Кузьмой і Фёдарам. Небагата жылі, таму і вырашылі шукаць шчасце за акіянам — у Канадзе і Амерыцы. А калі зарабілі грошай, вярнуліся. Праз некаторы час ім зноў давялося бегчы: пачалася Першая сусветная вайна. Толькі вярнуўшыся з бежанства, Іван Уроніч пачаў ажыццяўляць сваю мару.
— Дзеду вельмі падабаліся ветракі. І калі ён з нашай бабуляю Ксеніяй ехаў у Пружаны, то заўсёды спыняўся каля дабучынскага млына, падоўгу глядзеў на яго. Таму не дзіўна, што загарэўся ідэяй пабудаваць такі самы вятрак у Кабылаўцы, — успамінае ўнучка Івана Андрэевіча Вольга Уроніч. — І пачаў будаваць, бо не было такой задачы, якую дзед не змог бы вырашыць. Дапамагаў яму сын Дзмітро, якому тады, у 1920-м, было толькі 14 гадоў. Яны вазілі з лесу вялізныя бярвенні, уручную іх абразалі і распілоўвалі.
— Гэты млын быў высокі, 8-9 метраў, бы трохпавярховы дом, — дадае інфармацыі Мікалай Іванавіч Грышкевіч. — Два вялікія крылы, абшытыя дранкамі, працавалі нават пры маленькім ветрыку. Бывала, ідзеш, здаецца, ледзь трава варушыцца, а лопасці круцяцца! У гэтым млыне рабілі просты размол зерня. Уладкавана была тут і саломарэзка. Цікава, што з дапамогай доўгага дышля-бервяна, якое спускалася ад крыжавіны на зямлю, млын паварочваўся да ветру. Дышаль прывязвалі да аднаго са слупоў, укапаных у зямлю. Млын быў так наладжаны, што адзін чалавек быў здольны павярнуць яго. Мы дзецьмі любілі гуляць каля гэтага млына, лазілі па вялізным бервяне-рычагу. А вакол якая была прыгажосць! Адзін год жыта каласілася, другі — грэчка, бывала, і бульбу там саджалі.
Аднак гэты млын быў зроблены з некаторымі хібамі, і Іван Уроніч у хуткім часе вырашыў будаваць другі, больш удасканалены вятрак (пазней каля яго размяшчаліся камендатура і ПМК). Дапамагалі Івану Андрэевічу сыны і муж старэйшай дачкі Аляксандры: зяць Антоній Станкевіч сам быў родам з Плябанцаў. Вядомы на ўсю пружанскую ваколіцу майстар, ён навучыў цесця і шваграў усялякім тэхнічным прамудрасцям. Праўда, яны і самі былі вельмі ўмелымі і адукаванымі людзьмі. Дзмітро, выдатны бондар і каваль, мог вырабіць любую металічную дэталь, нават гадзіннікі рамантаваў.
Другі сын, Касцюк, паспяхова разводзіў пчол, і мёду ў яго было вельмі многа. Васіль разам з Дзмітруком па ўсім раёне ўзводзілі хаты людзям. Сцяпан быў прафесійным сувязістам, менавіта ў яго з’явіўся першы ў вёсцы тэлефон. А самы малодшы, Уладзімір, быў настаўнікам, але таксама дапамагаў бацьку на млыне.
Будаўнічы матэрыял для новага млына Уронічы нарыхтавалі на пілараме (пры Польшчы яе называлі «тартак»), якая знаходзілася насупраць таго месца, дзе зараз стаіць драўляны «Бусел». У гэтым млыне былі ўсталяваны нават «вальцы» — спецыяльныя прылады для атрымання мукі вышэйшага гатунку, тут і крупы ачышчалі (у якасці платы на карысць уладальніка млына сяляне адлічвалі пэўную частку збожжа, так званы гарнцавы збор). Калі па начах былі буры, то чатыры лопасці круціліся так хутка, што іх даводзілася тармазіць з дапамогай вялізнага кола…

Так уроніцкія млыны і працавалі шмат часу – спачатку, пры Польшчы, на ўласных гаспадароў, а потым і на калгас. Вядома, што пры калгасе на першым, двухлопасцевым, уроніцкім ветраку некаторы час працаваў Васіль Сяргеевіч Клімашэвіч з в. Комлішча. Як паведаміў яго сын Васіль Васільевіч (сёння жыве ў Пружанах), бацька вярнуўся з вайны інвалідам і для палявых работ ён быў не прыгодны. Таму кіраўніцтва калгаса і вызначыла яго на млын.
А на другім уроніцкім млыне доўгі час працаваў родны пляменнік Івана Уроніча Міхаіл Кузьміч Уроніч.
— Тата быў вельмі адказным працаўніком, — успамінае яго дачка Таццяна Міхайлаўна Хвясюк, якая сёння жыве ў хаце дзеда Кузьмы. — Бывала, па трое сутак не прыходзіў дадому. Я насіла яму ежу. А калі прыйдзе, то, як маці ні выбівала, як ні мыла яго адзенне, яно ўсё роўна было белае ад мукі…
У 1959 годзе кабылаўская гаспадарка далучылася да калгаса імя Леніна, кантора якога знаходзілася ў в. Харава. Менавіта там пасля электрыфікацыі вёскі з’явіліся электрычныя млыны, якія пачалі спраўна абслугоўваць вялікую гаспадарку… Мінаў час, і ўсё менш вазоў і машын з’яўлялася на прасёлачнай дарозе, якая вяла да ўроніцкіх млыноў. Хутка пра іх увогуле забыліся. Ветракі не крыўдзіліся, толькі чамусьці рэзка пасівелі і сталі развальвацца: што зробіш, прагрэс ёсць прагрэс.
А калі ў пачатку 80-х пачаў арганізоўвацца саўгас «60 гадоў БССР», першы ўроніцкі млын трапляў пад «водазаборны вузел», і тады вятрак, як галоўную перашкоду, вырашылі прыбраць (спілавалі на дровы). Нашчадкі Івана Уроніча кажуць, што гэта адбылося яшчэ пры старшыні калгаса Антоне Ніканоравічу Асадчуку, а вось Мікалай Іванавіч Грышкевіч сцвярджае, што век драўлянага цуду скончыўся пры першым дырэктары саўгаса Уладзіміру Пятровічу Алампіеве, пры якім ён працаваў брыгадзірам…

Застаўся толькі адзін вятрак. Час не злітаваўся над ім: струхлеў увесь будынак, згнілі і адпалі крылы, зараслі мохам латакі, і толькі вецер свістаў у скрынях, пакрытых, быццам інеем, пылам даўным-даўно змолатай мукі. Унучаты пляменнік Івана Уроніча (унук яго брата Кузьмы) Вячаслаў Фядосавіч хацеў адрэстаўраваць стары вятрак і зрабіць з яго музей, але дзядзька Канстанцін Іванавіч, разумеючы, што млын ужо не ўратаваць, усё ж такі вырашыў паціху яго разабраць… І ляжаць сёння рэшткі вядомага калісьці кабылаўскага млына, складзеныя акуратна каля хлеўчыка і чакаюць свайго канца. Якім ён будзе, ніхто не ведае: можа, бярвенні згараць у печы, а можа, якая ўмелая рука зробіць з іх новы драўляны цуд…

P.S. Адметна, што некалі дасканалымі архітэктурнымі формамі кабылаўскіх ветракоў любавалася не толькі амерыканка Луіза Бойд.
У 1969 годзе два ўроніцкія млыны намалявала народны майстар Рэспублікі Беларусь Марыя Кулецкая, тады яшчэ студэнтка Бабруйскага мастацкага вучылішча.
Малявалі іх і мастакі-аматары.
У 1980 годзе фота апошняга ветрака было апублікавана нават у часопісе «Работніца і сялянка». А ў 2002 годзе яго графічная выява з’явілася і ў дзіцячым часопісе «Бярозка» (№ 9-10). Дарэчы, менавіта гэты вятрак быў унесены ў спіс каштоўных помнікаў, складзены Рэспубліканскім таварыствам аховы помнікаў.
Алена Зялевіч, фота з хатняга архіва сям’і Уроніч і Марыі Кулецкай

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзьмуў слабы ветрык, скрыпелі, «жуючы» зерне, жорны, і кабылаўскі млын-вятрак павольна махаў сваімі моцнымі рукамі-крыламі, нібы заклікаў да сябе важных гасцей…...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика