Агонь, вада і медныя трубы…. 21.by

Агонь, вада і медныя трубы…

06.02.2018 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Бяда падкрадаецца непрыкметна. Надзвычайныя здарэнні таксама, а вось іх ліквідацыя праходзіць шумна, раскаціста. Зусім нядаўна цішыню спакойнай вуліцы Леніна, што ў райцэнтры, парушылі гукі сірэны адразу трох пажарных машын. Гэта выратавальнікі спяшаліся тушыць пажар на тэрыторыі ААТ “Завод Белпласт”.

Доўга трымаць інтрыгу няма сэнсу, бо на самай справе ніякага ўзгарання не адбылося, а задымленне і іншы антураж, характэрны для пажару, проста інсцэніравалі ў рамках вучэбнай трэніроўкі. Такія экзамены на прафпрыдатнасць і годнасць выратавальнікі праходзяць штомесяц у абстаноўцы, як кажуць, максімальна набліжанай да баявой.

Літаральна праз пару хвілін пасля таго, як на дзяжурны пульт пажарнай часці № 1 горада Валожына паступіў сігнал, што гараць вытворчыя плошчы завода і патрабуецца тэрміновая эвакуацыя работнікаў, выратавальнікі былі на месцы здарэння. Спецмашыны, рухаючыся адна за адной, акружылі праблемнае памяшканне. Пажарныя, як па камандзе, кінуліся выконваць свае функцыі. Хтосьці лез на дах, каб не дапусціць узгарання бітумнага пакрыцця, некалькі хлопцаў раскручвалі рукавы-шлангі, трое заняліся пошукамі пацярпелых (па легендзе, у памяшканні знаходзіліся людзі, якія атруціліся прадуктамі гарэння). Усе дзейнічалі зладжана, дакладна. Адчувалася, што навыкі адточаны да механізму. У некалькі метрах ад ачага “ўзгарання” знаходзілася брыгада хуткай медыцынскай дапамогі і міліцэйскі аўтамабіль з аперытыўнай групай.

За трэніроўкай сачылі начальнік пажарна-аварыйнай выратавальнай часці № 1 г. Валожына Аляксандр Журкевіч і намеснік начальніка РА МНС па аператыўна-тактычнай рабоце Ігар Хныкаў. Яны канстатавалі, што з задачай выратавальнікі справіліся хутка і высокапрафесіянальна.

Я ж як назіральнік трохі шкадавала, што ад пачатку да фіналу прайшлі лічаныя хвіліны. Чалавек жа бясконца можа глядзець на тры рэчы: як гарыць агонь, як ліецца вада і як працуе іншы чалавек. Карацей, тушэнне пажару – ідэальнае ва ўсіх адносінах відовішча. Хоць на самай справе на трэніровачных занятках ні вады, ні вогнішча не назіралася, але ж сачыць за хлопцамі было так захапляльна! Яны ўразілі выдатнай фізічнай формай, спрытам, веданнем сваёй справы. У гэтым нават нейкая свая прыгажосць прысутнічала… Вядома, калі забыцца, што ў рэальнасці пажарныя сур’ёзна рызыкуюць, змагаючыся са стыхіяй за жыцці людзей.

Акрамя адпрацоўкі навыкаў пры пажары, выратавальнікі праводзяць трэніровачныя вучэнні па ліквідацыі самых разнастайных надзвычайных здарэнняў. І можна не сумнявацца – дапамога чакае кожнага, хто трапіў у бяду.

Зусім нядаўна ў рэдакцыю прыйшло пісьмо ад жыхаркі райцэнтра Людмілы Зянько. У сваім лісце жанчына расказала, што неяк раз на вуліцы ёй стала дрэнна. Прахожых, як на гора, не было. Але нечакана спынілася машына, з якой выскачыў мужчына ў форме МНС. Ён прапанаваў падвезці яе ў бальніцу, потым паклапаціўся даставіць дадому і выклікаць хуткую дапамогу. Завуць чулага чалавека Віталь Хаменка, ён працуе дыспетчарам цэнтра аператыўнага кіравання. Людміла піша: “Я вельмі яму ўдзячна і радуюся, што нашы выратавальнікі такія добрыя і ўважлівыя людзі…”

Тэкст і фота Алены ЗБІРЭНКА




 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бяда падкрадаецца непрыкметна. Надзвычайныя здарэнні таксама, а вось іх ліквідацыя праходзіць шумна, раскаціста. Зусім нядаўна цішыню спакойнай вуліцы Леніна, што...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика