Самая большая в районе династия культработников отмечает юбилеи. 21.by

Самая большая в районе династия культработников отмечает юбилеи

09.02.2018 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сям’я Барысевічаў — адзіная ў нашым раёне дынастыя культработнікаў, якая бярэ свой пачатак усяго крыху больш за паўстагоддзя таму, але ўжо налічвае каля дзясятка прадстаўнікоў галіны.
Пятага лютага адной з яе пачынальніц — Ніне Іосіфаўне Барысевіч, былой загадчыцы Малочкаўскага клуба — споўнілася 70 гадоў.

Сёння ў Малочках і наваколлі часта ўспамінаюць былыя часы, калі ў вёсках колькасць жыхароў падлічвалася сотнямі, бурліла жыццё і… працаваў клуб.
— Колькі сябе памятаю, заўсёды выступала, удзельнічала ў самадзейнасці, — гаворыць Ніна Іосіфаўна. — Нават на выпускным у школе дырэктар на мой конт зазначыў: «Ніколькі не здзіўлюся, калі раптам недзе пачую, што выступае народная артыстка Ніна Манчык (аўт. — дзявочае прозвішча)».
Народжаная ў шматдзетнай сям’і, у якой выхоўвалася сямёра дзяцей, Ніна Барысевіч была вымушана рана пачынаць зарабляць на кавалак хлеба. Дзяўчыне было 16 гадоў, калі яна адправілася па лепшую долю ў Баранавічы. Магчыма, так і працавала б на баваўняным камбінаце матальшчыцай, раз-пораз прымаючы ўдзел у самадзейнасці, ды абставіны прымусілі вярнуцца дадому: моцна хварэла старэнькая маці, і ёй былі патрэбны дапамога і догляд.
Тым не менш, тры гады ў Баранавічах не прайшлі дарэмна — пакінулі адбітак на далейшым лёсе.
— Я спявала ў вакальным гурце, які існаваў пры камбінаце, і запомнілася ўсім сваім самым нізкім альтам, — юбілярка ўспамінае, з чаго пачыналіся яе першыя крокі ў галіну культуры раёна. — А ў Баранавіцкім Палацы культуры, напэўна, запомнілася роляй Снягуркі.
Калі Ніна Іосіфаўна вярнулася на малую радзіму, ёй прапанавалі работу ў клубе.

З прыходам маладой загадчыцы работа культустановы ў Малочках карэнным чынам памянялася і стала выгадна адрознівацца ад той дзейнасці, якая разгортвалася ў астатніх трох клубах тагачаснага Ружанскага сельсавета. У выніку любое мерапрыемства, якое мясцовая ўлада планавала праводзіць, ладзілася безумоўна ў Малочках. Яно і зразумела: тут працавалі сумленна, укаранялі самыя новыя на той час формы работы.
— Калі я вярнулася з Баранавіч, на Пружаншчыне нават не мелі ўяўлення, што такое «аганёк». Вячоркі, выступленні па бліжэйшых сёлах, супрацоўніцтва паміж клубамі, — пералічвае Ніна Іосіфаўна тыя формы работы, якія найбольш палюбіліся вяскоўцам. — А якой папулярнасцю карысталася мастацкая самадзейнасць! Здаецца, не было ніводнай маладой сям’і, якая не прымала б у ёй удзел. Сёння і сама здзіўляюся, калі мы і час на ўсё знаходзілі: на работу, на хатнія клопаты, якіх у вёсцы безліч, ды яшчэ і на гастролі.
А гастралявалі малочкаўскія артысты часта. Ды заслужылі такую папулярнасць, што пра іх неаднойчы расказвалі ў прэсе, паказвалі па тэлебачанні.

Дарэчы, першая ўрачыстая рэгістрацыя шлюбу на Пружаншчыне прайшла таксама ў Малочках. Як гаворыць сама Ніна Іосіфаўна, яе шчасце працавала побач — у бібліятэцы. Калі б нагодай для размовы з Нінай Іосіфаўнай быў не яе юбілей, то гісторыя гэтай сямейнай пары, напэўна, магла б стаць асноўнай тэмай артыкула: сёлета Барысевічы адзначаць залатое вяселле. Муж і жонка выхавалі трох сыноў, а сёння маюць яшчэ шэсць унукаў і нават дачакаліся праўнучка.
Ужо каля дзясятка гадоў Ніна Іосіфаўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але без любімай работы не сумуе: проста не мае на гэта часу. Гэтая актыўная жанчына не любіць сядзець без справы, заўсёды знойдзе сабе занятак: вышывае, піша вершы, у сезон ходзіць у лес, займаецца агародніцтвам. Яе ведаюць і высока цэняць як актыўнага ўдзельніка дэпутацкай дзейнасці.
— Хтосьці, магчыма, здзівіцца: навошта нагружаць сябе работай? — гаворыць Н.І.Барысевіч. — А я лічу, калі ў сям’і лад — любая работа будзе ў радасць.

Усе члены сям’і Барысевіч займаюцца хаця і рознай дзейнасцю, але праследуюць адну мэту — несці культуру ў масы. Ды робяць гэта так умела, з душой, што ў вёсцы за гэтай сям’ёй даўно замацавалася мянушка Культуры. Старэйшы сын Барысевічаў Аляксандр — дырэктар Ружанскага цэнтра культуры і вольнага часу, займаецца з дзеткамі ў вакальнай студыі. Валодзя — без перабольшвання самы вядомы ў Гродне гукарэжысёр. Ён не толькі працуе ў Гродзенскім каледжы мастацтваў інжынерам і мастаком па святле, але і з’яўляецца тэхнічным дырэктарам Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, гукарэжысёрам раённых, гарадскіх і абласных мерапрыемстваў. Малодшы, Віктар, з’яўляецца арганізатарам знакамітага ў маладзёжным асяроддзі ColorFest — музычнага фестывалю, які вядомы сваёй традыцыяй абсыпаць адзін аднаго фарбамі Холі, якія лёгка змываюцца.
Вось ужо шмат гадоў у галіне культуры раёна працуе нявестка Марыя. Другая нявестка, Святлана,з’яўляецца эстрадным выканаўцам, заснавальнікам і кіраўніком народнай эстраднай студыі пры цэнтры культуры ў Гродне.
Старэйшыя ўнукі, атрымаўшы адпаведную адукацыю, таксама шчыруюць на ніве культуры: Саша, які жыве ў Магілёве, іграе ў аркестры, з’яўляецца выкладчыкам, Каця — харэограф у Ружанскай ДШМ. Школьнікі Даша і Улад маюць рознабаковыя інтарэсы, але ўсе звязаны з культурай: цікавяцца музыкай, займаюцца вакалам, мастацкай творчасцю і маюць усе задаткі для таго, каб стаць годнымі прадаўжальнікамі вялікай дынастыі.

…Павіншаваць любімую, дарагую жонку, матулю, свякроў і бабулю з 70-годдзем пятага лютага Барысевічы сабраліся ўсёй сям’ёй. Як і належыць творчым людзям, рыхтавалі падарункі «з іскрынкай».
— Лепшага падарунка і прыдумаць нельга! — гаворыць маці, расчуленая музычным віншаваннем старэйшага Аляксандра.
Верш пра матулю, напісаны сучаснай беларускай паэткай Людмілай Воранавай, спецыяльна да юбілею дарагога чалавека ён паклаў на ўласную музыку. Не была б гэта творчая сям’я!

Падарункі і віншаванні юбілярка прымала і ад былых калег. Знайшоў час, каб выказаць павагу і ўручыць Падзячны ліст таленавітаму арганізатару і граматнаму кіраўніку Н.І.Барысевіч, і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама К.І.Панімаш.
Узрушаная ўвагай з боку не толькі родных, Ніна Іосіфаўна прызналася:
— Напэўна, ніхто з культработнікаў не адчуваў такога шчасця, як я! Заўсёды атрымлівала задавальненне ад таго, што было справай усяго жыцця. За што і атрымлівала заслужаныя ўзнагароды: павіншаваць мяне з 55-годдзем прыязджалі ўсе культработнікі раёна, не забылі і ў 70.
Марына Вакульская. Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сям’я Барысевічаў — адзіная ў нашым раёне дынастыя культработнікаў, якая бярэ свой пачатак усяго крыху больш за паўстагоддзя таму, але ўжо налічвае каля дзясятка...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика