Камплімент міліцыянеру. 21.by

Камплімент міліцыянеру

22.05.2018 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дар’я МУРЫЧЫНА магла стаць музыкантам: яе любімы інструмент – фартэпіяна і разлучацца з ім дзяўчына не збіраецца. Магла б спяваць на сцэне – кіраўнік хору Маладзечанскай дзіцячай музычнай школы яшчэ і сёлета запрашаў Дашу падтрымаць калектыў на фестывалі ў Грэцыі. Ёй пакарылася б і прафесія перакладчыка – валодае англійскай мовай на дастаткова высокім узроўні. Але ўсё гэта засталося захапленнем. Жыццёва важнай справай стала правазнаўства.

З дзяцінства Даша любіла дэтэктывы, серыялы пра міліцыю, а калі разварочваўся сюжэт пра жанчыну-следчага, то дзяўчынка бачыла сябе на яе месцы… У сям’і, дзе мама – настаўніца, а тата – выкладчык курса сцэнічнай мовы, да выбару дачкі не на карысць сямейнай дынастыі аднесліся спакойна. Нават успомнілі, што сярод далёкіх і блізкіх сваякоў вельмі многа прадстаўнікоў менавіта з праваахоўных органаў. Дарэчы, бацькі Дар’і хоць і нарадзіліся ў Маладзечне і лічаць Беларусь сваёй Радзімай – нашчадкі выхадцаў з поўначы і поўдня Расіі. Карані таты – на Кубані, мамы – у Архангельску.

А іх дачка палюбіла Мінск. Ёй хацелася застацца ў сталіцы працаваць пасля заканчэння ўніверсітэта. Юрыст – спецыяльнасць зараз модная, прэстыжная. Але кожная арганізацыя, фірма ці ўстанова хоча атрымаць вопытнага супрацоўніка. Дашы давялося нямала пабегаць з рэзюмэ. Месца адшукала толькі ў Валожынскім сельгасліцэі. Не зусім тое, пра што марылася, але затое дадому блізка…

Праз некаторы час дзяўчыне выпала магчымасць уладкавацца ў Валожынскі РАУС, праўда, на цывільную пасаду – старшы інспектар групы інфармацыйнага забеспячэння. З першых дзён адчула, што яе месца тут. Спадабаўся і калектыў. Вопытам работы з маладым супрацоўнікам ахвотна дзялілася яе непасрэдны кіраўнік Алена Тадэвушаўна Паланцэвіч, дапамагалі начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Валерый Валер’евіч Жук і яго намеснік Уладзімір Баляслававіч Шукевіч, а тагачасны начальнік аддзела – палкоўнік Ігар Уладзіміравіч Шакун і наогул ставіўся да дзяўчыны па-бацькоўску. Ён і прапанаваў Дар’і павучыцца ў вучэбным цэнтры пры Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь па падрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы кадраў органаў унутраных спраў. У гэтай навучальнай установе акцэнт робіцца на практычныя заняткі – тое, што ў ВНУ застаецца па-за ўвагай. Так, у цэнтры Дашы Мурычынай прыйшлося асвоіць тэхніку стральбы з табельнай зброі. Не без гонару адзначае: паказала лепшыя вынікі ў групе.

Трапіўшы на некалькі месяцаў у любімы Мінск, адчула сум па Валожыне, зразумела, што невялічкі, яшчэ нядаўна невядомы райцэнтр стаў сваім, родным. Хацелася хутчэй прыступіць да новых абавязкаў. Пасля вучобы атрымала званне лейтэнанта міліцыі і пасаду старшага інспектара па забеспячэнні грамадскага парадку. Пад яе кантролем знаходзяцца ўсе масавыя мерапрыемствы і святы, любімыя месцы адпачынку грамадзян, чыгуначныя станцыі. Даводзіцца маладой дзяўчыне і на патруляванне вуліц выходзіць разам з участковым інспектарам міліцыі. Пры выкананні гэтай місіі не выключаецца магчымасць выкарыстання такіх сродкаў, як табельная зброя, гумовая дубінка, наручнікі, газавы балончык. Пакуль што прымяняць іх маладому інспектару не прыйшлося, хоць з цяжкасцямі і небяспекай сутыкалася не раз. Але за дапамогай да калег-мужчын не звярталася, бо ведае: на службе трэба забыцца, што ты – прадстаўніца слабай паловы чалавецтва. Тут усе супрацоўнікі аддзела роўныя. Гендарная “ўраўнілаўка” апраўдана. У міліцыі жанчына можа даслужыцца да самых высокіх чыноў, займаць самыя адказныя пасады. І Даша разлічвае на паспяховы кар’ерны рост. Вядома, яна асвоіла толькі першыя ступені прафесіі, але асвоіла паспяхова і робіць усё, каб годна служыць ахове грамадскага правапарадку, прыносіць карысць аддзелу, каб ёй ганарыліся бацькі. Залог гэтага – упэўненасць, што з выбарам жыццёвага шляху не памылілася.

Не сакрэт: кожная прафесія адкладвае на чалавека спецыфічны адбітак. Работа праваахоўніка вельмі сур’ёзная, нават у нечым суровая. Зусім не асацыіруецца з летуценнасцю. Але чым глыбей Дар’я акунаецца ў мужную, мужчынскую справу, тым больш цэніць жаноцкасць. Напрыклад, у пару студэнцтва перавагу аддавала зручнаму адзенню “ўнісекс”: джынсы, красоўкі, світары. Цяпер жа палюбіла сукенкі, абутак на высокіх абцасах. Вось толькі прыбірацца ў іх выпадае ўсё радзей – на службе, і ў будні, і ў святы, трэба насіць форму. Хаця, па прызнанні самой Дар’і Мурычынай, у форменнай вопратцы кампліментаў у свой адрас яна чуе куды больш…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дар’я МУРЫЧЫНА магла стаць музыкантам: яе любімы інструмент – фартэпіяна і разлучацца з ім дзяўчына не збіраецца. Магла б спяваць на сцэне – кіраўнік хору...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика