— Музыка падобна на магію, — Аляксей Будзько з Вялікага Малешава. 21.by

— Музыка падобна на магію, — Аляксей Будзько з Вялікага Малешава

15.06.2018 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 

Аляксей Будзько
Зараз на тэлебачанні існуе шмат перадач, у якіх людзі дэманструюць свае таленты: ад “Голаса” да “Лучше всех”. Удзельнікі рознага ўзросту і разнастайных прафесій здзіўляюць журы сваімі здольнасцямі, прымушаючы яшчэ раз упэўніцца ў тым, наколькі многа таленавітых людзей жыве ў розных куточках зямлі. Адзін з такіх  –  Аляксей Будзько родам з Вялікага Малешава.

Сваім прыгожым голасам і неверагоднай энергетыкай ён паланіў сэрцы ўсіх, хто хоць аднойчы бачыў яго выступленне. Не выключэнне і я. Таму ўжо даўно хацела бліжэй пазнаёміць з ім нашых чытачоў. Працуе Аляксей настаўнікам музычных дысцыплін і эстраднага вакалу ў Альшанскай дзіцячай музычнай школе мастацтваў, на выпускным вечары  ў якой і адбылася наша размова.

– Аляксей, пэўна ты ўжо з маленства бачыў сябе на сцэне?

– Не паверыце, але звязаць сваё жыццё з музыкай я вырашыў у апошні момант. Калі надышоў час вызначацца, задумаўся, што мне прыносіць задавальненне. Заўсёды з ахвотай прымаў удзел у школьных мерапрыемствах, гэта было мне па душы. У нашай сям’і ўсе спявалі. Асабліва любіў зацягнуць песню-другую дзед Аляксей, у гонар якога мяне назвалі. Ды і ўсе мае цёткі, як збіраюцца на святы, заўсёды спяваюць.

Але ніхто прафесійна не займаўся. Я таксама не вучыўся ў музычнай школе, аб чым вельмі шкадую, нават не ведаў нотаў. Як чуў, так і спяваў. Таму спадзяваўся на шанцаванне. Паехаў паступаць у Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Р. Шырмы. На ўступных іспытах трэба было выканаць песню і расказаць верш. Як зараз памятаю, яго ўзяў з раённай газеты “Навіны Палесся”. Калі надышла мая чарга, хваляваўся. Тым больш, бачыў, якая канкурэнцыя. Але сабраўся, разумеў: альбо зараз, альбо ніколі. І калі мне абвясцілі, што я залічаны на эстраднае аддзяленне, маёй радасці не было межаў. 

– Значыць, усё ж заўважылі талент вопытныя педагогі?

– Я ніколі не лічыў сябе таленавітым. Проста адчуваў, што ў мяне спяваць атрымліваецца лепш за ўсё. Не хаваю, што на першым годзе вучобы было цяжкавата. Большасць абітурыентаў – выпускнікі музычных школ, якія валодалі хаця б пачатковымі ведамі. А мне давялося вучыць з нуля. Бо толькі на першы погляд здаецца, што вакал – гэта проста. Маўляў, ёсць здольнасці – спявай сабе. Чым больш я вучыўся, тым больш разумеў, што нічога не ведаю. Мала мець голас, патрэбна навучыцца ім валодаць. Тут важна пастаноўка дыхання, развіццё артыкуляцыі, пераадоленне зажымаў. Чулі такое? Вось і я не чуў! А яшчэ спевы – гэта… фізкультура: розныя практыкаванні з павольнымі выдыхамі, шыпеннем, штуршкамі паветра дыяфрагмай. Бывае, так надыхаешся, быццам стометроўку прабег.

Вельмі ўдзячны ўсім педагогам, якія працавалі са мной. Я адчуваў іх зацікаўленасць. Заўсёды параяць, падкажуць, калі сумняваешся. Успамінаю заняткі па класе фартэпіяна, ігру на якім я вывучаў на працягу трох гадоў. Выкладчык са мной займалася, быццам з першакласнікам музычнай школы. Не сорамна не ўмець, сорамна – не хацець навучыцца.

– Студэнты, як народ малазабяспечаны, заўсёды ахвочыя падзарабіць якую капейку. У музыкантаў, пэўна, свае спосабы былі?

– Безумоўна, акрамя ўдзелу ў музычных конкурсах, мы выступалі ў рэстаранах. Адна справа – дэманстраваць вакал перад педагогамі і зусім другая – перад звычайнымі людзьмі. Калі выходзіш упершыню, хвалюешся, бо не ведаеш, як цябе прыме публіка. І калі чалавек паварочваецца і ўважліва слухае, значыць, ёсць кантакт. Гэта падобна на магію. Праўда, доўга я не выступаў, бо не хацеў страчваць у вучобе. Але неабходны вопыт набыў, таму зараз спакойна выходжу на сцэну. Яшчэ важны аспект – гук. Калі ён дрэнны, можна нават голас сарваць. Вось нядаўна выступаў у Століне на мерапрыемстве, прысвечаным Дню пагранічнікаў, дык там спяваць было адно задавальненне.

– Зараз як на айчыннай, так і замежнай эстрадзе многа артыстаў, якія здзіўляюць не голасам, а эпатажам. Ды і спяваць зараз спрабуюць усе, каму толькі хочацца: ад вядучых тэлешоу да былых спартсменаў. Ці не з’яўляліся ў цябе думкі займець сабе якую “фішку”?

– Я больш кансерватыўнага складу. Лічу, што самым галоўным скарбам спевака павінен быць голас. Не разумею, навошта яго прыкрываць усякай мішурой? Не адмаўляю, што неабходна заўсёды ісці ў нагу з часам, але ж не трэба губляць сябе ў пагоні за славай. Часта гэта выглядае камічна. Рана ці позна падман абавязкова раскрыецца.

– Дарэчы, а ў цябе ёсць куміры?

– Не магу сказаць дакладна, у маіх аўдыязапісах розныя творы: ад класічнай музыкі да джазу. Мне падабаецца, калі артыст не толькі крута спявае, але і кожную песню пражывае. Сам я розныя песні спяваў, але нікога не капіраваў. Ды і немагчыма спець адну і тую ж песню аднолькава. Цікавіць творчасць Аляксандра Панаётава, у яго ёсць чаму павучыцца. У нас аднолькавы голас: высокі мужчынскі тэнар. Таму пераймаю некаторыя штукі. Шыкоўны голас у Аляксандра Сярова, Рыгора Лепса. А вось песні Стаса Міхайлава, якога любяць мільёны, нам выкладчыкі ніколі не раілі спяваць, бо гэта шансон і з вакалам ён не мае нічога агульнага.

– Аляксей, ты вярнуўся на сваю малую радзіму і працуеш у музычнай школе. Ці адчуваеш сябе на сваім месцы?

– Калі закончылася вучоба, я спачатку планаваў паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, але потым вырашыў вярнуцца ў раён. Дапамагла з уладкаваннем Святлана Мікалаеўна Галавач – дырэктар Альшанскай музычнай школы мастацтваў. Працаваць з дзецьмі – справа вельмі адказная, але разам з тым пачэсная. Успамінаю сябе адразу. Але ўсё ж больш адчуваю сябе на сцэне, бо там я як у сваёй талерцы.

– Дык можа і табе прыняць удзел у якім модным конкурсе? Тым больш, у цябе ўжо ёсць група падтрымкі!

– Пакуль яшчэ не гатовы на ўсе сто працэнтаў. Як-ніяк – нядаўні выпускнік. Вопыту патрэбна больш, ды маральна “паспець”.

А яшчэ хачу аўтамабіль сабе прыдбаць у бліжэйшай будучыні, таму трымаю парнік. Але калі збяруся, абавязкова дам вам знаць, –  з усмешкай запэўнівае Аляксей.

 

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
  Зараз на тэлебачанні існуе шмат перадач, у якіх людзі дэманструюць свае таленты: ад “Голаса” да “Лучше всех”. Удзельнікі рознага
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика