Аб чым маўчаць помнікі: Змагар, Гаспадар і Бацька Іван Захарынскі. 21.by

Аб чым маўчаць помнікі: Змагар, Гаспадар і Бацька Іван Захарынскі

21.09.2018 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У адным са сваіх артыкулаў з цыкла “Там, дзе няма ні болю, ні смутку, ні плачу” шаноўны наш аўтар Ірына Сядова вельмі трапна заўважыла, што трэба, сапраўды трэба, пакуль ёсць магчымасць, збіраць матэрыялы пра вядомых людзей, што стваралі нашу гісторыю. Бо пройдзе час, згараць рукапісы, навек замоўкнуць сведкі — і вялікія лёсы, не дай Божа, застануцца толькі рысачкамі паміж датамі нараджэння і смерці на надмагільных помніках. Таму я хачу распавесці вам, паважаныя чытачы, пра яшчэ аднаго вялікага чалавека, які пахаваны на Пружанскіх могілках, дарэчы, непадалёк ад урача Таццяны Алефірэнка, пра якую і пісала Ірына Уладзіміраўна.
Імя героя майго артыкула — Іван Ільіч Захарынскі. Прызнацца, пра гэтага чалавека пісалі шмат, і пісалі вядомыя аўтары. Аднак у нашай “раёнцы” апошні раз пра яго ўспаміналі толькі ў 1977 годзе. У маленькім некралогу.
Іван Ільіч Захарынскі нарадзіўся ў 1914 годзе далёка ад Пружан — у в. Заеліца Глускага раёна, што на Магілёўшчыне. Сваю працоўную дзейнасць ён пачынаў у паштовай сферы. А перад вайной быў намеснікам упаўнаважанага па нарыхтоўках па Глускім раёне. Калі пачалася вайна, узяў зброю і пайшоў у лес… Стаў адным з арганізатараў партызанскага руху на Магілёўшчыне. Прайшоў шлях ад камандзіра аддзялення да камісара партызанскага атрада “За Савецкую Радзіму». За заслугі перад Радзімай Іван Ільіч Захарынскі быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені і пяццю медалямі СССР.

Клапатлівы камандзір і бацька
Саслужыўцы любілі Захарынскага за рэдкую адвагу і выключную чалавечнасць: рызыкуючы жыццём, ён неаднойчы ўваходзіў у спаленыя фашыстамі вёскі і выносіў адтуль у лес напаўжывых, знясіленых дзетак… Асаблівае выпрабаванне яму давялося перажыць у лютым 1944 года, калі паліцаі і эсэсаўцы нарабілі бяды ў в.Шумяцічы, што на Бабруйшчыне, дзе падчас вайны жыла жонка Захарынскага Ефрасіння Аляксееўна разам з трыма дочкамі.
Як згадвалі самі Захарынскія (іх успаміны ў свой час былі запісаныя журналістамі), у той марозны дзень, калі вяскоўцы даведаліся, што да вёскі набліжаюцца паліцаі і немцы, Ефрасіння Аляксееўна разам з чатырохгадовай Люсяй хутка пагнала карову ў лес, схавала ў хмызняку дзяўчынку і пабегла назад у вёску ратаваць двайнятак – Зіну і Вольгу, якім было ўсяго па восем месяцаў. Аднак не паспела: карнікі акружылі вёску і перакрылі ўсе ўваходы і выхады. Лютавалі, як дзікія звяры, і да ночы расстрэльвалі мірных жыхароў. Не знялі аблогу і на другі, і на трэці дзень…
Ефрасіння Аляксееўна паспяшалася па дапамогу да мужа ў партызанскі атрад, які базіраваўся тады на адлегласці больш за сотню кіламетраў ад вёскі. Кожная аўтаматная чарга аддавалася вострым болем у сэрцы жанчыны…
Вестка пра расправу ў Шумяцічах дайшла да Захарынскага толькі праз некалькі дзён. Іван Ільіч папрасіў у камбрыга дазволу наведаць вёску.
Дзяцей нідзе не было. Ні ў хаце, ні ў хляве, ні ў іншых хатах. “Дзе ж дзеці? Забілі? Спалілі?” – няшчаснага бацьку апанавала страшная думка. Ужо страціўшы ўсялякую надзею, Захарынскі спусціўся ў калгасны склеп…Там на паліцы без прыкмет жыцця ляжалі яго васьмімесячныя дочкі. Бацька прытуліў іх да сябе і некалькі хвілін не мог зрушыць з месца… Потым знайшоў санкі, паклаў на іх маўклівых, загорнутых у рыззё дзяўчынак і павёз у лес.

Але тут удалечыні паказаліся карнікі (як высветлілася потым, яны на дзень пакінулі пустое сяло, а цяпер вярталіся). Захарынскі падрыхтаваўся да апошняга бою. Калі немцы адкрылі агонь, партызан пачаў адстрэльвацца, пакуль на выручку не падаспелі таварышы (дарэчы, адзін з іх, былы мічман-чарнаморац Мікалай Іванавіч Аляксандраў, пазней напісаў кнігу ўспамінаў “Двойчы не паміраюць”, якую прысвяціў свайму беларускаму сябру).

…Па дарозе партызаны падабралі каля двух дзясяткаў малых, што блукалі ў лесе галодныя і знясіленыя, і прывялі ў лагер. Ефрасіння Аляксееўна, убачыўшы сваіх дачок, страціла прытомнасць. Зіна і Вольга потым яшчэ двое сутак не падавалі голасу, а калі нарэшце заплакалі, то іх бацька ўпершыню за гэтыя дні ўсміхнуўся.
— Праз шмат гадоў пасля вайны мама расказвала нам пра тыя падзеі. Я, аказваецца, была зусім аслабелай і нават не рэагавала на яе голас, а Волечка пазнала яе, усміхнулася і заплакала, — расказвае сёння дачка Захарынскага Зінаіда Іванаўна Рабчук.
Напэўна, вас, як і мяне, зацікавіць, хто ж схаваў дзяцей Захарынскага ў склепе, тым самым адвёўшы ад іх страшную смерць? Сам Іван Ільіч меркаваў, што гэта зрабіў сусед, дзед Макар, па прозвішчы Мікулік, якога, як сведку расправы, фашысты ўзвялі на шыбеніцу.

…Сям’я Захарынскіх перажыла вайну. Сёстры Вольга і Зінаіда адвучыліся ў школе, скончылі Брэсцкі педагагічны інстытут і працавалі ў розных адукацыйных установах Пружанскага раёна. Доўгі час займалі пасаду загадчыц дзіцячых садкоў: Вольга — у Шарашове, а Зіна — у Сланімцах. Сёння жанчыны знаходзяцца на заслужаным адпачынку, жывуць у Пружанах, а старэйшая іх сястра Люся — у Мінску. У міры і згодзе жывуць усе іх дзеці і ўнукі. Моцны род Захарынскіх, загартаваны…

Клапатлівы гаспадар
Кажуць, што на вайне чалавек здзяйсняе подзвігі ў сілу абставін. Аднак ад Захарынскага запатрабаваліся адвага і стойкасць духу і ў мірны час.
Іван Ільіч скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ і ў 1954 годзе ў ліку “трыццацітысячнікаў” быў накіраваны ў Пружанскі раён, у адсталы калгас в.Крыніца, каб узнімаць вытворчасць. Там і працаваў старшынёй да выхаду на пенсію. Мясцовая арцель, створаная адразу пасля вайны, у той час была яшчэ неакрэплай, таму жыхары васьмі вёсак, якія аб’ядналіся ў калгас, спачатку з недаверам глядзелі на прышлага чалавека: якім ты станеш гаспадаром?
Іван Ільіч не падвёў сялян і стаў адным з лепшых кіраўнікоў калгасаў раёна, прыклаўшы ўсе сілы для таго, каб гаспадарка развівалася. Для гэтага, вядома, патрабаваліся немалыя сродкі, і Захарынскі ведаў, дзе іх знайсці. Прыгадаўшы дзедаўскія рамёствы, у калгасе, да прыкладу, пачалі майстраваць з бярозы лыжкі для продажу. Трэба ж было неяк перажыць цяжкі час, каб не згас у людзях агеньчык надзеі на адраджэнне родных вёсак.
Ішлі гады, на ўробленых нівах пачалі налівацца сокам авёс, жыта і кармавыя травы. З насення, прывезенага неяк Захарынскім з Палескай доследнай станцыі, памаленьку завялі ўласную насенную гаспадарку. Паступова з палёў сталі атрымліваць добры ўраджай зерня, бульбы і новай па тых часах культуры — цукровых буракоў (да 400 цэнтнераў з гектара).
Паступова гаспадарка ўмацоўвалася. Не адзін грузавік, а ўжо трынаццаць умяшчалася ў калгасным гаражы. Калгас “Новая крыніца” першым у раёне падвёў да сваіх вёсак электрычнасць і радыё, хутка будаваў фермы, клубы і новае жыллё для калгаснікаў. Вядома, што ў Крыніцу неяк прыязджалі беларусы з Канады і, гледзячы на дабрабыт, створаны рукамі працаўнікоў, плакалі ад радасці. Так адна з самых адсталых гаспадарак стала служыць узорам для іншых калгасаў раёна.
Умелы арганізатар, клапатлівы гаспадар карыстаўся заслужанай павагай у хлебаробаў. Вось як успамінае пра яго жыхарка в. Крыніца Ганна Несцераўна Курлінкова, якая пры Захарынскім пэўны час працавала паляводам, а потым — цялятніцай:
— Івана Ільіча вылучалі сціпласць, прастата і ўважлівы падыход да любой малой або вялікай справы. Калгаснікі ішлі да свайго старшыні з упэўненасцю, што заўсёды атрымаюць добрую параду. Бывала, мы толькі ідзём раніцай цялят карміць, а ён ужо пешшу ўсё балота абышоў (машыны ніколі не патрабаваў). Вельмі спраўны гаспадар быў! А яшчэ людзі былі ўдзячныя Захарынскаму за тое, што ён ніколі не забараняў ім хадзіць у царкву. Сам быў камуністам, але нашай веры не перашкаджаў.
Пацвердзіла словы Ганны Несцераўны і другая калгасніца, таксама жыхарка в. Крыніца Надзея Іванаўна Клімец:
— Сапраўды, Захарынскі яшчэ да ранішняга сходу (да 8 гадзін) усе калгасныя ўгоддзі пешшу абыходзіў. Калі, бывала, і ехаў на машыне, напрыклад, у Пружаны, то падбіраў усіх людзей, хто спяшаўся ў горад. А калі дочкі родныя ішлі на аўтобус, то іх не браў. Казаў: “Не належыць кіраўніку карыстацца службовым становішчам”. Ну, вельмі чэсны быў чалавек. Адметна і тое, што пры Захарынскім пачалі ладзіць своеасаблівыя калгасныя “Дажынкі”. І тэхніку, і коней без праблем даваў людзям. Такіх адданых сваёй справе кіраўнікоў, як ён, не было і не будзе. Калі Іван Ільіч пераязджаў у Пружаны, мы ўсе плакалі, прасілі, каб ён застаўся ў вёсцы.

…Пазней адно з палёў каля Крыніцы калгаснікі назвалі “Захарынскім” і нават усталявалі на ім памятны знак у гонар былога старшыні. На жаль, у пачатку 90-х хтосьці паквапіўся на медны барэльеф…
Аднак памяць пра Івана Ільіча Захарынскага так проста не знікне. Пра яго пісалі, пішуць і будуць яшчэ доўга пісаць удзячныя нашчадкі. Адметна, што пра Захарынскага ў свой час згадвала і адна з самых яркіх і ўплывовых журналістаў Савецкага Саюза, лаўрэат прэміі Саюза журналістаў СССР Вера Макараўна Ткачэнка, якая нават прыязджала ў Крыніцу і прысутнічала на калгасным сходзе. Вось як у сваёй кнізе нарысаў «Дарогі да людзей» жанчына апісвае сустрэчу з Захарынскім: “Я ўважліва слухала чалавека з вуглаватым тварам, на якім прамянелі дабрынёй вялікія шэрыя вочы”…


…Акрамя калгасных спраў, Захарынскі меў яшчэ вялікую грамадскую нагрузку і неаднаразова выбіраўся дэпутатам сельскага, раённага і нават абласнога Саветаў дэпутатаў працоўных. За бясконцымі клопатамі не было калі сочыць за ўласным здароўем. 5 чэрвеня 1977 года бясстрашнага Змагара, клапатлівага Гаспадара і адданага Бацькі не стала… Калісьці ў цяжкую хвіліну ён прыціскаў сваіх дзяцей да сябе, каб абараніць ад страшнага ліха, а сёння яны, тры мілыя жанчыны, з бязмернай любоўю і ўдзячнасцю прыціскаюць да сэрца яго пажоўклыя фатаграфіі, каб недзе там, у іншым свеце, дарагі бацька не ведаў бяды…

*
У 2010 годзе вучань 11 класа СШ №4 Максім Серада пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Ірыны Піліпаўны Філон напісаў творчую работу “Жыццё, аддадзенае людзям”, дзе падрабязна распавёў пра тыя страшныя падзеі лютага 1944 года, пра подзвіг і шырыню душы Івана Ільіча Захарынскага. На абласным этапе VI Рэспубліканскага конкурсу творчых работ “Вялікая Перамога ў нашай памяці жыве” гэтая праца была ад-значана Ганаровым дыпломам II ступені.
Алена Зялевіч.
Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА, Ірыны СЯДОВАЙ і з уласнага архіва сям’і Захарынскіх

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У адным са сваіх артыкулаў з цыкла “Там, дзе няма ні болю, ні смутку, ні плачу” шаноўны наш аўтар Ірына Сядова вельмі трапна заўважыла, што трэба, сапраўды трэба,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика