Інтэрв'ю з начальнікам аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццянай Ражэвай. 21.by

Інтэрв'ю з начальнікам аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццянай Ражэвай

Размер текста:
A
A
A
Напярэдадні Дня работнікаў культуры карэспандэнт газеты сустрэўся з начальнікам аддзела культуры райвыканкама Таццянай Ражэвай  і папрасіў яе адказаць на шэраг пытанняў. Таццяна Мар’янаўна з задавальненнем прыняла прапанову расказаць аб сферы, якую яна курыруе.

Інтэрв'ю з начальнікам аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццянай Ражэвай

- Дзень работнікаў культуры прыпадае на месяц, ад якога недалёка ўжо да заканчэння года, таму можна папярэдне падвесці вынікі працы. А працаваць для людзей заўсёды няпроста. У раёне ёсць нямала розных устаноў, якія аказваюць паслугі насельніцтву, але сфера культуры адрозніваецца ад іх тым, што ў культработнікаў творчы падыход да справы.

Што датычыць культурных дасягненняў у 2018 годзе, то я падзяліла б іх па напрамках дзейнасці: музейная работа, ахова гісторыка-культурнай спадчыны, музычна-эстэтычная адукацыя ў дзіцячых школах мастацтваў, бібліятэчнае абслугоўванне насельніцтва і, вядома ж, клубная работа, якая больш за ўсё на вачах у жыхароў раёна.

- І якая работа праводзіцца па першых двух напрамках дзейнасці?

- Калі казаць аб сферы дзейнасці музеяў і захавання гісторыка-культурнай спадчыны, то прыемна адзначыць, што другі год запар прадаўжаецца работа на знакавых помніках у раёне. Гэта Крэўскі замак і музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага. На выкананне неабходных работ выдзелены грошы з рэспубліканскага бюджэту. Ёсць спецыяльны фонд па падтрымцы культуры і мастацтва,  з якога таксама наладжана фінансаванне гэтага аб’екта.

- Што новага ў дзейнасці гісторыка-краязнаўчага музея?

- Трэба адзначыць, што да рэспубліканскай акцыі “Ноч музеяў” у гэтым годзе падключыўся і наш гісторыка-краязнаўчы музей. Атрымалася вельмі цікавае мерапрыемства. Можа, не  вельмі мнагалюднае, таму ў далейшым плануем ухіліць гэты недахоп.

Цяпер у музеі рэалізоўваецца новая праграма пад назвай “Я археолаг”. Самыя маленькія аматары гісторыі могуць прыйсці ў гэту ўстанову і ў гульнёвай форме пазнаёміцца з таямніцамі зямлі. Прычым кожны юны археолаг сам  зможа нешта выкапаць з пясочка і скласці выкапанае ў  гульнёвай інтэрактыўнай форме ў гістарычны артэфакт.

- Таццяна Мар’янаўна, якія мерапрыемствы праводзілі Дамы культуры?

- Для клубных устаноў гэты год быў вельмі насычаны брэндавымі мерапрыемствамі. Усе Дамы культуры з аграгарадкоў прынялі ўдзел у раённым конкурсе. Кожны калектыў культработнікаў вызначыў для сябе пэўную тэму. Мерапрыемствы былі розныя: “Свята гаспадыняў”, свята “Аграгарадок шчаслівых сем’яў”, якое праводзілася ў Солах, “Свята рыбака” і “Свята мёду”, якое прайшло ў Бялкоўшчыне, “Дзень нацыянальных побытавых танцаў” у Жодзішках.

- А калі ўзяць больш маштабныя?

- Традыцыйным стала для раёна правядзенне двух мерапрыемстваў, якія выйшлі за яго межы. Гэта фестываль-кірмаш “Кераміка Крэва” і свята “Пад знакам Лялівы”. Да гэтага можна далучыць традыцыйны фестываль батлеечных калектываў, на які прыязджаюць творчыя калектывы не толькі з Гродзенскай вобласці, але і з Мінскай, Магілёўскай, іншых абласцей. Плануем зрабіць гэты фестываль адкрытым, каб на яго маглі прыехаць  калектывы з-за мяжы.

- Чым адметны быў у культурным плане чарговы юбілей нашага горада?

- Сёлета Смаргонь адзначыла сваё 515-годдзе. Хаця надвор’е не спрыяла, але была даволі насычаная праграма, і жыхары горада атрымалі ўнікальную магчымасць упершыню ўбачыць конкурс аркестраў пагранічнай службы Беларусі. Яны прыехалі ў наш горад з усіх абласцей і Мінска на паказальныя выступленні. На цэнтральнай плошчы прайшлі цудоўныя жывыя канцэрты.

- Якія здабыткі ёсць у рабоце дзіцячых школ мастацтваў?

- Калі казаць аб дзіцячых школах мастацтваў, то акрамя таго, што яны навучаюць дзяцей музыцы, ёсць у іх такі напрамак работы, як падрыхтоўка і ўдзел у конкурсах юных музыкантаў. Самыя лепшыя з іх заахвочваюцца са спецыяльнага прэзідэнцкага фонду  па падтрымцы таленавітай моладзі. Так, Сольская школа мастацтваў па выніках работы за 2017 год  атрымала матэрыяльную дапамогу, бо адзін з вучняў гэтай музычнай установы стаў пераможцам  рэспубліканскага конкурсу.

Сёлета падала дакументы ў спецфонд Смаргонская дзіцячая школа мастацтваў на заахвочванне 3 чалавек, яшчэ аднаго - на атрыманне стыпендыі з фонду. Атрымліваць яе заслужыла права Насця Ванеева, якая стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу ігры на народных інструментах імя Жыновіча. Гэта вучаніца ўдзельнічала і ў тэлевізійных праграмах.  Вось і нядаўна адбыўся запіс новага сезона праграмы “Талент краіны”. З гэтай нагоды Насця была запрошана на канцэрт у якасці спецыяльнага госця.

- Што новага ў дзейнасці бібліятэк?

- Радуе, што ўжо стаў даступным у кругласутачным рэжыме электронны каталог бібліятэкі. Цяпер любы карыстальнік зможа знайсці патрэбную літаратуру ў зручны для яго час. Гэта зручна для студэнтаў, якія працу-юць познімі вечарамі.

- Ці надаецца ўвага ў культурнай рабоце людзям розных узростаў?

- Так. Ёсць спецыяльна распрацаваная праграма, прычым у кожнай установе. Працуюць аматарскія аб’яднанні, гурткі  па інтарэсах альбо проста праводзяцца мерапрыемствы для пажылых людзей. Нядаўна завяршылася дэкада “Залаты ўзрост”, дзе ва ўсіх установах культуры без выключэння прайшлі мерапрыемствы для пажылых людзей.

Многа ўвагі надаецца рабоце з дзецьмі. Ёсць гурткі, клубныя фарміраванні. Мы кантралюем іх работу. Летась па гэтаму напрамку работы былі пэўныя праблемы. Імкнёмся паправіць сітуацыю, якая звязана з даступнасцю гэтых гурткоў, каб дзеці мелі магчымасць займацца карыснай справай у пазашкольны час.

- Якія кадры працуюць у культуры?

- Правядзенне розных цікавых мерапрыемстваў было б немагчымым, калі б у сферы культуры не працавалі прафесійна падрыхтаваныя людзі. Прыемна адзначыць, што кожны год да нас прыязджаюць маладыя спецыялісты – творчыя, цікавыя, са сваімі новымі ідэямі. Яны папаўняюць сваімі творчымі напрацоўкамі капілку культуры Смаргоншчыны. Але наша салідная база – гэта кадры, якія адпрацавалі ў культуры многа гадоў, глыбока ведаюць гісторыю, культурныя традыцыі нашага рэгіёна, захоўваюць і папулярызуюць іх, ствараюць калектывы розных напрамкаў і жанраў. У нашых бліжэйшых планах – двум аб’ектам раёна надаць статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Гэта якраз тое, што напрацавана работнікамі культуры, тое цікавае, што яны выявілі, і тое, што хацелася б зафіксаваць, каб яно засталося на будучыню.

Напрыканцы адзначу, што сфера культуры працуе ў рамках дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”. Таму напярэдадні прафесійнага свята з прыемнасцю хочацца адзначыць, што выкананы ўсе мэтавыя паказчыкі работы ўстаноў культуры раёна.

Гутарыў Юрый ЯНУШКЕВІЧ. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напярэдадні Дня работнікаў культуры карэспандэнт газеты сустрэўся з начальнікам аддзела культуры райвыканкама Таццянай Ражэвай  і папрасіў яе адказаць на шэраг...
 
 
 


Архив (Новости Культуры)

21.by в социальных сетях


© 2004-2018 21.by
Яндекс.Метрика