Так шчыра, як маці, ніхто нас не любіць…. 21.by

Так шчыра, як маці, ніхто нас не любіць…

16.10.2018 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


   Напярэдадні агульналюбімага свята Дня маці ў цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла ўрачыстасць, на якую былі запрошаны самыя паважаныя жанчыны.

  Гэта матулі, бабулі і прабабулі. Нягледзячы на ўзрост, яны імкнуцца быць у цэнтры грамадскіх інтарэсаў, час праводзяць цікава і з карысцю для здароўя. Вядуць актыўнае жыццё, пашыраюць свой кругагляд і шыкоўна выглядаюць. Большасць з іх да выхаду на заслужаны адпачынак займалі адказныя пасады, былі ў ліку лепшых работніц. А яшчэ яны выдатна справіліся з важнейшай місіяй на зямлі – нарадзілі і выхавалі цудоўных дзяцей.

   Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі святочны сцэнарый. Упрыгожылі яго выступленні жанчын, членаў клуба “Лэдзі” і “Залатая восень”. Аб’яднанні дзейнічаюць пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Ірына Кавяза і спецыяліст установы Аляксандра Іода паклапаціліся пра салодкія пачастункі для гераінь мерапрыемства. Але галоўнай і самай запамінальнай “стравай” стала прэзентацыя праекта “Этапы вялікага шляху” са слайдамі і трапнымі, у меру жартоўнымі характарыстыкамі да іх. Аб’ектыў фотакамеры захаваў безліч яркіх момантаў з гісторыі клубаў. 

  Мерапрыемства закранула самыя лірычныя стрункі душы. Першую радасць атрымалі вочы на выстаўцы вышываных пано, па-майстэрску выкананых Фрэдзяй Дамінікаўнай Альховай. Потым гаючы бальзам адрасаваўся слыху,  былі гэта песні ў выкананні Валянціны Міхайлаўны Далговай.

  Пранікнёнымі аказаліся і словы старшыні клуба “Лэдзі” А. І. Барахоўскай. Не дзіва, што інтэрв’ю ў Алены Ігнацьеўны з вялікай ахвотай бяруць тэле- і радыёжурналісты. Яна не толькі таленавіты прамоўца, але і вельмі прыгожая, эфектная жанчына. Такое выступленне – прыклад шляхетнасці, спалучэння прыроднага розуму і вышэйшай адукацыі. І калі ў каго-небудзь з чытачоў ёсць жаданне павучыцца аратарскаму майстэрству, то ведайце, да каго можна звярнуцца.

  Вершаванымі радкамі з-пад уласнага пяра здзівілі Лідзія Мікалаеўна Сташэўская і Ганна Іосіфаўна Трухоўская. Усё сказанае ішло ад сэрца, а вочы жанчын свяціліся такой дабрынёй, што тускнеў бляск восеньскага сонца за акном…

  Як заўсёды, не расчаравала наша былая калега і кіраўнік Софія Ігнацьеўна Кавяза. Гаварыла простымі словамі, перамяжоўваючы жартоўныя і сур’ёзныя сітуацыі з уласнага лёсу. Гэтыя ўспаміны аказаліся такімі зразумелымі і блізкімі для кожнай матулі, што выклікалі не адну слязу. А літаральна за хвіліну Софія Ігнацьеўна прымусіла публіку весела ўсміхацца, выканаўшы гумарыстычную, бадзёрую песню. Для сцэнічнага нумара нават аксесуар мела ў выглядзе ні то капітанскай, ні то міліцэйскай фуражкі. Уражаныя слухачы дружна апладзіравалі і пыталіся, чаму яна не салістка да гэта часу. На што пачулі адказ: “Ды ўсё жыццё я салістка – салю і агуркі, і шчаўе, і капусту…”

  Вось такія яны, валожынскія жанчыны, матулі і бабулі. Найлепшыя ў свеце…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
      Напярэдадні агульналюбімага свята Дня маці ў цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла ўрачыстасць, на якую былі запрошаны самыя паважаныя жанчыны.      Гэта...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика