На скрыжаванні: Сапегі і самазванцы. 21.by

На скрыжаванні: Сапегі і самазванцы

16.01.2019 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Замак Льва Сапегі ў Ружанах — адзін з буйнейшых у Беларусі. Па дакументальных матэрыялах, супярэчлівых ацэнках, чутках і думках ён быў прыстанішчам для самазванцаў, якія з дапамогай польскіх вяльможаў пракладвалі дарогу да расійскага трона.
Сябар аб’яднання «Стары горад» Юрый Рубашэўскі пісаў: «…Больш за тое, пры двары канцлера рыхтаваліся самазванцы — магчымыя прэтэндэнты на маскоўскі пасад».
Першым самазванцам быў Лжэдзмітрый І, які «ажывіў» прывід царэвіча Дзімітрыя (Дзмітрыя), сына Івана Грознага.
На шляху да «ажыўлення» цара
Іван Грозны памёр у сакавіку 1584 года ва ўзросце 53 гадоў. Ён быў жанаты сем разоў, што супярэчыла звычаю.
Ад першай жонкі Анастасіі Захар’інай быў народжаны сын Фёдар (1557 г.), ад апошняй жонкі Марыі Нагой — сын Дзмітрый (1582 г.).
Згодна з завяшчаннем Івана Грознага, на прастол быў узведзены сын Фёдар, а Дзмітрый з маці і ўсімі Нагімі атрымалі горад Угліч.
Не валодаючы розумам царскім, Фёдар баяўся пакаранняў смерцю і смуты баярскай, баяўся ўлады, як небяспечнай падставы да граху.
«Калі пасланнік Сапега ўпершыню адрэкамендаваўся новаму цару, той ціхамірна сядзеў на троне ў пышным царскім убранні і з усмешкай любаваўся скіпетрам і дзяржавай. Потым па прапанове баяраў сказаў некалькі слоў ціхім і перарывістым голасам. Сапега адразу ж зразумеў, што перад ім прыдуркаваты чалавек».
І паступова праўленне рускай дзяржавай займеў Барыс Гадуноў — баярын, брат жонкі Фёдара — Ірыны.
Тым часам у Углічы падрастаў Дзмітрый, які ў народзе заставаўся царэвічам. Але ў дзесяцігадовым узросце хлопчык быў забіты. Версія забойства такая: апоўдні 15 мая 1591 года царыца Марыя дазволіла сыну пагуляць з чатырма аднагодкамі. Аднак хутка яна з жахам убачыла, што яе адзіны сын нежывы. Хлопчык пакутаваў ад падучай хваробы і падчас гульні ў тычку ўпаў на нож.
«Угліцкая справа» закончылася тым, што смерць царэвіча была прызнана выпадковай. Былі абвінавачаны сваякі маці Дзмітрыя. Апошнюю прымусілі прыняць пострыг (стаць манашкай) як вінаватую ў няшчасці.
Тым часам сын Івана Грознага Фёдар на вачах слабеў. І яго час настаў у 1597 годзе. Барыс Гадуноў, які 10 гадоў замяняў цара Фёдара, фактычна царстваваў, у 1598 годзе каранаваўся на царства.
У гэты час ідэя заключэння міру з Масквой была асабліва папулярная ў асяродку беларуска-літоўскай арыстакратыі і шляхты, таму што менавіта на заходніх землях Вялікага Княства Літоўскага вяліся звычайна ваенныя дзеянні, менавіта гэтыя землі з’яўляліся галоўным аб’ектам маскоўскай агрэсіі, што прыносіла велізарныя матэрыяльныя і людскія страты. Гэта прымушала мясцовых магнатаў шукаць гарантыі вечнага, трывалага міру з усходнім суседам.



У 1600 годзе Леў Сапега на чале пасольства прыехаў у Маскву, каб абмеркаваць праект уніі з рускім царом Барысам Гадуновым і думнымі баярамі. Многа выпрабаванняў прыйшлося перанесці ўдзельнікам пасольства Льва Сапегі па працягу 14-месячнага знаходжання ў Маскве. Леў Сапега ў пісьме да Крыштафа Радзівіла «абураўся, што трымаюць іх не як паслоў, а як вязняў пад неадступным наглядам вартаўнікоў».
Леў Сапега асуджаў легкадумныя адносіны баяраў да вайны і папярэджваў, што вайна — трагічная падзея ў жыцці людзей, а тых, хто пачынае кровапраліцце, чакае Божая кара. На сустрэчы Сапега заклікаў заключыць саюз: «Мы з вамі славяне, адзіны народ».
У той жа час канцлер ВКЛ не згаджаўся прызнаць тытул «цара ўсяе Русі» Барыса Гадунова: той не меў ніякіх фармальных правоў на трон, ён не быў у кроўным сваяцтве з царскай сям’ёй. Па знатнасці баяры Раманавы далёка перавышалі Гадуновых.
Сярод баяраў, а менавіта Раманавых, узнікла ідэя — ажывіць прывід забітага Дзмітрыя. Па задуме цень яго выйшаў з магілы. І ў межах самой Расіі з’явіўся першы самазванец — Лжэдзмітрый І — Рыгор Атрэп’еў, чалавек, які выдаваў сябе за выратаванага сына Грознага.

Трыумф ці фіяска першага самазванца?



У Маскве Рыгор служыў у дамах знатных баяраў — Раманавых і князя Барыса Чаркаскага. Пасля службы на баярскіх дварах ён некаторы час быў манахам пад імем Рыгор (сапраўднае імя — Юшка). Ён без сораму гаварыў манахам: «Ці ведаеце вы, што я буду царом у Маскве?» За такую крамолу цар загадаў адправіць вар’ята ў Салаўкі быццам бы «за ерась на вечнае пасяленне».
Атрэп’еў у суправаджэнні двух манахаў «збег за кардон». Уцекачы дабраліся да ўладанняў кіеўскага ваяводы Канстанціна Астрожскага ў Астрог, дзе Рыгор «скінуў манаскае адзенне і аб’явіў сябе царом».
У 1603 годзе «Дзмітрый апынуўся» ў Брагіне ў Адама Вішнявецкага. Па летапісах ён «расхварэўся» і на споведзі адкрыў святару сваё «царскае паходжанне». Адам Вішнявецкі забяспечыў самазванца добрым адзеннем, загадаў вазіць яго ў карэце ў суправаджэнні сваіх гайдукоў.
Кандыдат у цары пабываў і ў Ружанскім замку ў Льва Сапегі, дзе прызналі «царэвіча». Леў Сапега быў зацікаўлены пасадзіць на рускі прастол свайго цара, каб потым з яго дапамогай вярнуць сабе смаленскія землі, якія некалі належалі роду Сапегаў. Ён не ставіў задачы заваявання чужых тэрыторый і марыў толькі аб вяртанні страчаных. Дакументы ВКЛ і, перш за ўсё, метрыка Вялікага Княства сведчаць, што «малой радзімай» роду Сапегаў з’яўляецца Смаленшчына.
Адначасова з Сапегам Атрэп’еву пачаў пратэжыраваць Юрый Мнішак — сандамірскі ваявода. Стары Мнішак запрасіў Лжэдзмітрыя ў замак Самбар у госці, пазнаёміў з дачкой Марынай.



Маладыя спадабаліся адзін аднаму. Бацька расказаў Марыне аб планах, якія звязаны з гэтым юнаком, пра тое, што, нягледзячы на яго нязнатнае паходжанне, ён у хуткім часе сядзе на рускі трон.
Пакідаючы гасцінны Самбар, Лжэдзмітрый ужо не ўяўляў сябе без Марыны. Яна ж зрабіла ўсё, каб будучы рускі цар згубіў галаву. Вельмі хутка Лжэдзмітрый аб’яўляе дачку Мнішака сваёй нявестай. Марына ставіць умову свайму жаніху: вяселле адбудзецца ў Маскве пасля прызнання рускімі свайго «законнага цара Дзмітрыя».
Мнішак забяспечвае будучага зяця грашыма і складае шлюбны дагавор, у адным з пунктаў Лжэдзмітрый абяцае аддаць Юрыю Мнішаку Смаленскае і Северскае княствы. Гэты дакумент выклікае вялікае незадавальненне ў Льва Сапегі, і ён адыходзіць ад прыхільнікаў самазванца. Ён не падтрымаў кампанію па ўступленні на прастол у Маскве Лжэдзмітрыя.
На працягу некалькіх месяцаў Лжэдзмітрый І змагаўся за прастол. Самазванец заяўляў, што даможацца для сябе «прабацькоўскага прастола».
У паходзе Лжэдзмітрыя І былі шукальнікі прыгод, наёмнікі, якія марылі пра нажыву, казацтва з Дона і Запарожжа.
13 красавіка 1605 года памёр цар Барыс. Шлях да прастола быў адкрыты. На бок самазванца сталі пераходзіць служылыя людзі, гарнізоны пагранічных крэпасцяў, просты народ.
Лжэдзмітрый не толькі сабраў войска, але і займеў атрыбуты манарха — пячатку і ўзоры грошай. Рубель стаў памятным медалём з профілем «цара Дзмітрыя» і прызначаўся для раздачы падчас каранацыі.
У чэрвені 1605 года «новы цар» трыумфальна ўехаў у Маскву і быў абвешчаны царом пад імем Дзмітрыя І, сына Івана Грознага.
Нявеста Лжэдзмітрыя І з бацькам і світай прыбыла ў Маскву праз год. Пад Вязьмай царскую нявесту сустракаў прадстаўнік жаніха, дыпламат Афанасьеў, які ўручыў ёй алмазную карону.
На ўездзе ў сталіцу Марына перасела ў вялікую карэту, у якую было запрэжана 12 беласнежных коней — падарунак гасудара.
8 мая рускі цар і Марына Мнішак узялі шлюб. У гэты дзень упершыню ў рускай гісторыі на жанчыну ўсклалі вянец царыцы ўсяе Русі. Потым былі шматдзённыя вясельныя баляванні.
Так апынулася на троне тая, якая не валодала рускай мовай, тая, якая адмовілася прыняць праваслаўную веру.
Мімалётнымі, як сон, аказаліся шчасце, улада, сіла, магутнасць і багацце Лжэдзмітрыя і Марыны Мнішак.
На дзясяты дзень пасля вясельнага банкета «ўзбунтавалася чэрнь». Народ паўстаў і ўзяў штурмам Крэмль. Атрэп’еў спрабаваў збегчы, выскачыўшы з акна, зламаў нагу, стральцы падабралі яго і аддалі натоўпу толькі пасля таго, як апошняя жонка Івана Грознага і маці памерлага ў Углічы царэвіча Дзмітрыя клятвенна пацвердзіла, што не сын ёй гэты самазванец. Некалькі дзён натоўп мучыў безжыццёвае цела.
Лжэдзмітрый І царстваваў менш за год — з чэрвеня 1605 года па май 1606 года. Самазванца звергнулі баяры на чале з Васіліем Шуйскім.
А расійская царыца Марына Мнішак, абабраная да ніткі, мучылася пад вартай. Яна не плакала па мужу. Яна падпісала адрачэнне.

Справы тушынскага злодзея
Царом стаў Васілій Шуйскі (1606 г.), пры якім папаўзлі чуткі, што «цар Дзмітрый» выратаваўся. Аб гэтым гаварылі тыя, хто лічыў незаконным выбранне новага цара. Быў пасланы ганец да Юрыя Мнішака, каб ён знайшоў «новага цара». Стары Мнішак не прымусіў доўга чакаць. Павінна было адбыцца з’яўленне Лжэ-дзмітрыя ІІ: ён выдаваў сябе за царэвіча Дзмітрыя, які быццам бы змог выратавацца.
Новы стаўленік жыў у Шклове, у мясцовага папа, «дзяцей грамаце вучыў, школу трымаў». За п’янства ён быў выгнаны з папоўскага дома. Чалавек грубы і жорсткі, малога росту, да таго ж, яго расшуквалі за забойства казённага халопа.
Летам 1607 года Лжэдзмітрый ІІ з’явіўся ў Старадубе. З атрадам данскіх казакоў зімой пайшоў на Маскву, асадзіў горад, але ўзяць яго не змог. Пасяліўся ў вёсцы Тушына, і ў далейшым яго празвалі тушынскім злодзеем.
З 1607 года стрыечны брат канцлера Льва Сапегі Ян Пётр Сапега прапанаваў Лжэдзмітрыю ІІ сваю дапамогу ў авалоданні маскоўскім тронам.
Летам 1608 года Ян Сапега з войскам перайшоў мяжу, сустрэў Марыну Мнішак з бацькам і прывёз іх у Тушына да Лжэдзмітрыя ІІ.
Сустрэча Марыны са Лжэдзмітрыем ІІ не была ўрачыстай і радаснай. Але на вачах натоўпу Марына цалавала «ўваскрэшанага мужа».
Ян Сапега ездзіў у Маскву на перагаворы аб перадачы ўлады Лжэдзмітрыю ІІ, да якога многія баяры і дваране цягнуліся з Масквы, каб атрымаць граматы на памесці. Лжэдзмітрый ІІ шчодра раздаваў гарады і вёскі сваім прыхільнікам.
Але справы тушынскага злодзея станавіліся ўсё горшымі. І ў снежні 1609 года, пераапрануўшыся ў сялянскае адзенне, ён таемна збег з Тушына ў гнаявых санях у суправаджэнні толькі адданага блазна. Праз год ён быў за-біты, а Марына адразу ж аб’явіла сябе цяжарнай, нарадзіла сына, названага царэвічам Іаанам.
Марына сышлася з казацкім атаманам Заруцкім, збегла з ім у надзеі на мясцовых казакоў і на новы мяцеж. Але казакі выдалі яе маскоўскаму цару, новаму цару — Міхаілу Раманаву (1613 год выбрання).
Было ўсё — і няма нічога. Разбіты апошнія атрады. Узяты ў палон так званыя царыца і царэвіч. Не гасударыняй, а палонніцай дастаўлена Марына ў сталіцу. Пасаджаны на кол атаман Заруцкі. Павешаны малалетні сын. Па зыходзе некаторага часу памерла ў зняволенні Марына Мнішак. Ёй было ўсяго 26 гадоў.

Выхаванец Афанасія Філіповіча
У «Гродзенскім праваслаўным календары» (том ІІ, Варонеж, 1899 г.) запісана, што Леў Сапега заклікаў у выхавацелі новаму кандыдату ў самазванцы берасцейскага ігумена Афанасія Філіповіча.
«Афанасій па першым часе сваёй настаўніцкай прафесіі вучыў у літоўскага канцлера Льва Сапегі Лубу,… назваўшы яго сынам злашчаснага Лжэдзмітрыя і Марыны Мнішак, хоць забітага» (ст. 629).
Выхавальнікам Афанасій быў на працягу сямі гадоў (1620-1627).
«Берасцейскі ігумен Афанасій быў выхавальнікам Лубы, названага Янам Фаўсцінам Дзмітравічам, калі ён яшчэ ў малым узросце быў давераны літоўскаму канцлеру Льву Сапегу» (ст. 631).
З 1643 года рускі ўрад афіцыйна праз пасольства настойліва патрабаваў ад польскага ўрада выдачы гэтага новага «злодзея». Лубу адправілі ў Маскву на паказ.
14 верасня 1644 года на допыце Луба сказаў пра сябе, што яго бацька падляшскі шляхціц Дзмітрый у трывожны час завёз яго пры войску дзіцём у Маскву, і там яго бацька быў забіты. «Пан Бялінскі, які служыў разам з яго бацькам, запэўніў, што ён — сын цара Дзмітрыя і жонкі яго Марыны. Гэтаму ўсяму, як дзіця, наіўна доўга верыў. Верыў, што маці загадала «адвезці яго ў Польшчу, што і зрабіў Бялінскі», дзе па парадзе шляхты аб’явіў аб ім каралю і радным панам на сейме. Кароль Сігізмунд і паны аддалі яго літоўскаму канцлеру Сапегу, назначыўшы 6000 злотых на ўтрыманне яго. Аддалі Лубу «для ўсякія прычыны, і Сапега Леў загадаў прызнаваць яго царэвічам». Калі ж Леў Сапега памёр (1633 г.), Луба стаў непатрэбным (631-633 старонкі календара).
Ігумен Афанасій заявіў, што ні нябожчык канцлер Леў Сапега, ні Мнішакі — бліжэйшыя родныя Марыны — не прызнавалі Лубу «за царэвіча».


Такая кароткая гісторыя неайчынных самазванцаў. Названы іх імёны, даты, цытаты з дакументаў мінулага. Для нас яны — крыніца звестак па гісторыі нашай краіны, арыгінальная скарбніца ведаў, якая прымушае задумацца.
Вера Церахава.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Замак Льва Сапегі ў Ружанах — адзін з буйнейшых у Беларусі. Па дакументальных матэрыялах, супярэчлівых ацэнках, чутках і думках ён быў прыстанішчам для...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика