Газета «Светлы шлях» падвяла вынікі віктарыны “Ці ведаеце вы гісторыю малой радзімы?”. 21.by

Газета «Светлы шлях» падвяла вынікі віктарыны “Ці ведаеце вы гісторыю малой радзімы?”

22.03.2019 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Газета «Светлы шлях» сумесна з краязнаўцам Аляксандрам Камінскім прапанавала школьнікам паўдзельнічаць у віктарыне “Ці ведаеце вы гісторыю малой радзімы?”

сморгонь.jpg
Мы прадставілі шэраг пытанняў, адказы на якія можна было знайсці ў розных нумарах нашага выдання. Удзельнікі дзяліліся, што некаторыя заданні цяжкасцей не выклікалі, а над некаторымі давялося паламаць галаву.

Ці ведаеце вы, напрыклад, хто напісаў кнігу “Запіскі брыёлагічныя”? А гаворка ідзе пра ўраджэнца Кушлянаў Казіміра Шафнагеля. А што такое арбон у мясцовай пагалосцы “Хапай вандзэлкі – арбон на ўзлёце!” Між тым, усе юныя даследчыкі здагадаліся, што гэта звычайны аўтобус. Прыгадалі мы і вёскі Смаргоншчыны. Першая згадка пра Мілэйкава адносіцца ажно да часоў Вітаўта (1411 год), а Ракаўцы праславіліся страшэнным пажарам, што адбыўся 25 жніўня 1898 года.

Не ўсім пакарылася пытанне пра адзіны чыгуначны мост праз Вілію,што знаходзіўся ля вёскі Тупальшчына. А з кім звязана развіццё мясцовайрыбнай гаспадаркі ў Солах? Правільна,з Аўксенціем Івановым. Не ўсе ведаюць пра асобу пахаванага ў Войстаме аўтара першага польскамоўнага падручніка “Метэаралогія” (гэта Апалінары Пяткевіч). А вось імяархітэктара, які спланаваў палац Агінскага, не выклікала цяжкасцей. Безумоўна, гэта Міхаіл Шульц. І яшчэ два пытанні тычыліся роду Агінскіх. Першае: дзе знаходзіўся некалі палац, пабудаваны Тадэвушам Агінскім, дзедам Міхала Клеафаса? (Вёска Ганута) А другое: чыёй жонкай была старэйшая дачка Міхала Клеафаса Амелія? (Караля Залускага).

Добра ведаюць смаргонскія школьнікі і гісторыю Прешай сусветнай вайны. Без асаблівых цяжкасцей яны адказалі, што варонка ад першай падземна-міннай атакі знаходзіцца ля вёскі Навасёлкі, што за Крэвам. А ўрачыстыя парады нямецкіх войскаў у Солах, Асіпанах і пад Скірдзімамі 29 ліпеня 1917 года былі прымеркаваны да прыезду кайзера Вільгельма ІІ.

Не ўсе здагадаліся, што ў будынку першай гарадской электрастанцыі ў Смаргоні цяпер размяшчаецца магазін “Анастасія”. Затое, што герб Смаргоні зарэгістраваны 16 снежня 2004 года, ведалі ўсе ўдзельнікі. А ці ўспомняць чытачы такія стравы, як какоры, сітнік і рагойш? Гэта ўсяго толькі пончыкі, хлеб і мясны пірог. Справіліся дзеці і з вершаванымі заданнямі. Ніхто не памыліўся ў радках, якія прысвяціў Францішку Багушэвічу паэт Рыгор Семашкевіч. Правільна назвалі аўтара іншага верша – Алеся Жамойціна. Ды іасоба Міхаіла Мільгуя, колішняга настаўніка Крэўскай школы, а цяпер вядомага вучонага аказалася ім вядомым.

Разабраліся і з храмамі. Драўляны крыж з рэшткамі праху Аўгуста Чартарыйскага і рэліквія святога Ізідора знаходзяцца ў касцёле ў Нястанішках. А царква, пабудаваная без адзінага цвіка, дзе, згодна з паданнем, аслеплі французскія коні, - гэта СвятаГеоргіеўская ў Залессі. Лепш за ўсіх, без адзінай памылкі з заданнямі справілася дзевяцікласніца гімназіі Вольга Бусько. Крыху недакладнасцей дапусцілі сямікласнік школы №5 Данііл Карасевіч і адзінаццацікласнік школы №1 Максім Пашкевіч. Усе яны ўзнагароджаны памятнымі прызамі з лагатыпам газеты “Светлы шлях”.

Вольга БУСЬКО:

Ольга Бусько.JPG

“Калі я ўпершыню ўдзельнічала ў віктарыне ад “Светлага шляху”, мне вельмі дапамаглі работнікі гімназічнага музея. На гэты раз я справілася цалкам самастойна. Даведалася пра конкурс, праглядаючы сайт газеты. Там жа знайшліся і адказы на многія пытанні. Увогуле, сайт чытаць зручна. Інфармацыя там з’яўляецца вельмі аператыўна”.

Данііл КАРАСЕВІЧ:

Даниил Карасевич.JPG

“Паўдзельнічаць у віктарыне мне прапанавала мама. Падключылі і тату.Штосьці знайшлі на старонках газеты, штосьці ў інтэрнэце. Больш за ўсё здзівіла пытанне пра “Метэаралогію” Апалінары Пяткевіча. Ды ўвогуле, на многія пытанні я знаходзіў нечаканыя адказы. Дагэтуль я чытаў, у асноўным, артыкулы пра спорт, але і краязнаўчыя старонкі мяне вельмі зацікавілі”.

Максім ПАШКЕВІЧ:

Максим Пашкевич.JPG

“Са многімі адказамі мне дапамаглі мая бабуля Тамара Пашкевіч, якая з’яўляецца вашай даўняй падпісчыцай, і настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Леанід Гаўрылкевіч. Разам з імі гарталі падшыўкі “Светлага шляху”, хадзілі ў музей”.

Віялета ВОЙТКА.

Фота Наталлі АНТОНЕНКІ і Сяргея ЮРЭВІЧА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Газета «Светлы шлях» сумесна з краязнаўцам Аляксандрам Камінскім прапанавала школьнікам паўдзельнічаць у віктарыне “Ці ведаеце вы гісторыю малой радзімы?”
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика