Вязні канцлагераў за калючым дротам чакалі паратунку. 21.by

Вязні канцлагераў за калючым дротам чакалі паратунку

22.03.2019 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вязні канцлагераў падчас Другой сусветнай вайны пакутавалі не менш за тых, хто быў на лініі фронту.

Яны былі зломленымі, галоднымі, бяссільнымі аб’ектамі медыцынскіх эксперыментаў, “выпрабавальнікамі” газавых камер і проста тымі, на кім можна было без усялякіх наступстваў сарваць сваю злосць і праявіць асаблівую жорсткасць. Назіральнікі і ахоўнікі часта не глядзелі, дзіця перад імі, кволая жанчына ці даведзены да крайняй ступені знясілення  мужчына.

У тых, хто ў вайну пабываў за калючым дротам, успаміны падобныя да страшнага сну. Неахвотна яны дзеляцца імі, але, здаецца, жудасныя малюнкі, апісаныя словамі, прыносяць і некаторую палёгку. А нам дапамагаюць спачуваць, суперажываць і памятаць.

У першыя дні вясны група спецыялістаў адправілася ў госці да былых вязняў канцлагераў, каб у чарговы раз удзяліць ім увагу, выслухаць іх патрэбы, прасачыць, ці ў належных умовах яны жывуць. Спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аліна Ясюкайціс, спецыяліст УТЦСАН “Цёплы дом” Алена Волк і старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Касакоўскі першай наведалі Ірыну Білішчак, якой перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны споўнілася толькі чатыры гады.

Билищак Ирина Ивановна.JPG

У сям’і было 12 дзяцей. Старэйшыя – у партызанах. За гэта і паплаціліся ўсе. Здаў іх паліцай. Маму з трыма малодшымі дзецьмі забралі ў Асвенцім. Везлі туды ў “таварняку“. Па дарозе некаторым удавалася збегчы, пераважна мужчынам.

“А мама з татам – дзе ж уцякуць з трыма дзецьмі на руках”, - расказвае Ірына Іванаўна. У лагеры спалілі маму, а дзяцей пакінулі ў жывых. Для чаго? У іх бралі кроў для пералівання параненым салдатам. Пасля вызвалення ў 1944 годзе дзяцей раскідалі па дзіцячых дамах. Малодшая Ірына спачатку жыла ў Польшчы, потым перавезлі ў Расію. Якая ж радасць была, калі яе знайшоў старэйшы брат і забраў у сям’ю! Сёння няма ў жывых ні братоў, ні сясцёр Ірыны Білішчак. Засталася яна, апошняя з дванаццаці, і памяць, якая будзе жыць у нашчадках.

Бондаренко Глафира Илларионовна.JPG
Глафіра Бандарэнка трапіла ў Азарычы пяцігадовай дзяўчынкай. А разам з ёю – мама і яшчэ чацвёра дзяцей. Дзіцячая памяць міласэрная, усё самае страшнае яна не захавала. Пра свае пакуты жанчына ведае толькі па расказах родных. Канваіравалі іх у лагер натоўпам. Хто мог ісці – ішоў. Хто адставаў, падаў – стралялі. Мама змагла зберагчы сваіх птушанят і ад зверстваў наглядчыкаў, і ад эпідэміі тыфу, што бушавала ў той час. А трупы вывозілі з лагера цэлымі машынамі. У суседкі чацвёра дзяцей памерлі. А браты і сёстры Глафіры Іларыёнаўны выжылі. Усе пяцёра. Чаго гэта каштавала маме! Нават у гной іх хавала, калі немцы асабліва лютавалі. Праўда, як памятае Глафіра Іларыёнаўна па маміных аповедах, былі сярод ворагаў і такія, хто адносіўся са спачуваннем: 

“Паказвае мама салдату на мігах, што ў яе пяцёра дзяцей з голаду паміраюць. Ён узяў і кінуў ёй бохан хлеба. Якое шчасце! А аднойчы злавіла мама такі неабходны дзецям хлеб, ажно нехта са сваіх, лагерных, выскачыў і адабраў. Вядома ж, усе галодныя. А немец яго ўдарыў і вярнуў маме хлеб”.

Бычковский Сергей Александрович.JPG
Сям’ю трохгадовага Сяргея Бычкоўскага з хаты выгналі падчас аблавы. Тады многіх забралі. Бацькі ледзь паспелі падхапіць дзяцей (Сяргея і яго старэйшую сястру) на рукі. Трохі адышоўшы і азірнуўшыся, на месцы дома ўбачылі велізарнае вогнішча. Ні яны, ні аднавяскоўцы не ведалі, куды іх вядуць.
Спадзяваліся толькі, што не на расстрэл. А трапіла сям’я ў Германію. У тыя гады заможныя немцы не цураліся бясплатнай рабочай сілы з ліку палонных. Спачатку працавалі на ўборцы гародніны, потым прыйшла зіма, палявыя работы скончыліся, усіх памясцілі ў канцэнтрацыйны лагер, там ужо размяркоўвалі па працоўных месцах. Мама Сяргея мела слабое здароўе, таму працавала ў лагеры. І дзеці былі пры ёй. Тата трапіў на прыватную фабрыку па перапрацоўцы драўніны. На ўвесь лагер яны былі адзінай поўнай сям’ёй. У Германію Бычкоўскія трапілі ў жніўні 1943 года, а вярнуцца змаглі толькі восенню 1945. Пажылі трохі ў цёткі, потым адбудавалі сваю хату. І толькі тады паверылі, што самае страшнае скончылася – можна будаваць новае жыццё.

Плохотникова Мария Семеновна.JPG
Марыя Плахотнікава ў вайну была старэйшай за трох папярэдніх герояў. Калі яе забралі на прымусовыя работы ў Германію, мела ўжо 18 гадоў. 

“Як забралі? – успамінае Марыя Сямёнаўна. - Прыйшла павестка. Мама мяне навучыла: ты рукі натры крапівою. Можа, пабаяцца заразы і не забяруць. Я так і зрабіла. Паказваю нямецкаму ўрачу свае рукі, а ён мне: “Пройдзе!” Шэсць чалавек з нашай вёскі тады забралі”. Марыя Сямёнаўна асабліва не хоча ўспамінаць “нямецкія” гады. Працавала кухоннай рабочай на камнедрабільнай фабрыцы. З усмешкай узгадвае толькі момант вызвалення: 

“Стаім на кухні, заходзіць салдат у савецкай форме і па-руску: “Дзяўчаты, адпрацавалі, пой­дзем!” Гаспадыня наша так і засталася стаяць моўчкі”.

Дзяўчына вярнулася дадому, у Горацкі раён. Тады і даведалася, што ў тых месцах праходзіў фронт. Таму сям’я ратавалася ад смерці ў іншай мясцовасці. На шчасце, усе вярнуліся жывымі.

Горкая спадчына, якая засталася вязням ад той вайны, застаецца з імі назаўсёды. Яна нагадвае аб сабе начнымі жахамі, раз-пораз коле балючымі ўспамінамі. І застаецца толькі здагадвацца, якімі шчаслівымі маглі б быць гады, вырваныя з іх жыцця.

Віялета ВОЙТКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вязні канцлагераў падчас Другой сусветнай вайны пакутавалі не менш за тых, хто быў на лініі фронту. Яны былі зломленымі, галоднымі, бяссільнымі аб’ектамі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика