Творчы вечар шаркаўшчынскага літаратара Міледзія Кукуця. 21.by

Творчы вечар шаркаўшчынскага літаратара Міледзія Кукуця

Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Клiч Радзiмы

Творчы вечар шаркаўшчынскага літаратара Міледзія Кукуця
Напрыканцы мінулага года ў сталічным выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшаў чарговы зборнік члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, удзельніка народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”, нашага земляка Міледзія Кукуця пад назвай “У палоне кахання”. У творчым багажы шаркаўчаніна ўжо ёсць кнігі “Адзін дзень і ўсё жыццё”, “Сялянскі лёс”, “Чысціня душы”, “На сёмым небе”. Назву чарговаму зборніку дала аднайменная аповесць. У зборнік увайшлі таксама аповесць “Без віны вінаваты” і апавяданне “Рыкашэт”.

Пра што ж і пра каго ў сваіх творах піша Міледзій Мікалаевіч? Адкуль ён чэрпае інфармацыю для іх стварэння? А можа наогул ёсць прататыпы яго аповесцяў і апавяданняў, якія жывуць побач з намі? Пра гэта можна было даведацца ад самога аўтара на яго чарговым творчым вечары, які адбыўся ў раённай бібліятэцы.

Пад гукі чароўнай павольнай музыкі ішла па-сяброўску шчырая гутарка аўтара кнігі і аўдыторыі. Прысутныя з захапленнем слухалі Міледзія Мікалаевіча, задавалі яму пытанні, атрымлівалі на іх адказы, выказвалі свой пункт погляду і ўласнае меркаванне па сюжэтах твораў. Асноўную частку прысутных склалі работнікі бібліятэк раёна. А яны, як вядома, у першую чаргу цікавяцца літаратурнымі навінкамі, асабліва, калі іх аўтарамі з’яўляюцца нашы землякі.

— Героі маіх твораў — простыя вяскоўцы, руплівыя працаўнікі і сумленныя людзі, — сказаў Міледзій Мікалаевіч. — На долю кожнага з іх выпадае нямала гора, аднак яны з годнасцю праходзяць праз усе выпрабаванні і, нарэшце, знаходзяць сваё шчасце.

Творы Міледзія Кукуця напоўнены верай, надзеяй, каханнем. Аўтар шчыры ў сваіх пачуццях, і таму створаныя ім вобразы ўспрымаюцца як рэальныя. Прататыпамі твораў, у сваёй большасці, з’яўляюцца нашы землякі. Гэта адразу бачна, калі гартаеш старонкі апавяданняў ці аповесцяў. А таму і чытаеш з цікавасцю, як аўтар малюе іх вобразы, падзеі з жыцця кожнага з герояў.

Наперадзе ў Міледзія Мікалаевіча ў планах яшчэ шмат новых твораў. Дарэчы, сам пісьменнік адкрыў прысутным невялікі сакрэт: цяпер ён пачаў працу над чарговай аповесцю, сюжэт якой, канечне ж, ён не паведаміў. Але кожны ўпэўнены, што новы твор будзе такім жа цікавым для чытача, як і папярэднія.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

 
 


Архив (Новости Культуры)

21.by в социальных сетях



Партнёры

© 2004-2019 21.by
Яндекс.Метрика