Віцебск дыхае фестывалем. 21.by

Віцебск дыхае фестывалем

11.07.2019 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Віцебск дыхае фестывалем
Як і заўжды, заліўнымі дажджамі вітаў горад Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».


Флаг фестывалю ўзнялі пераможцы 2018 года румынскі спявак Марчэла Рошка і Аляксандр Балабанаў з Украіны.

Урачыстае адкрыццё прайшло ўчора, але распачалася феерыя яшчэ ўвечары 7 ліпеня жараб’ёўкай дзіцячага музычнага конкурсу. Юныя артысты з 21 краіны свету прывезлі музыку ў сталіцу фестывалю. За Беларусь у дзіцячым конкурсе спявае Ксенія Галецкая. Іван Зданюк абараняе гонар нашай краіны на конкурсе выканаўцаў эстраднай песні.
Адметна, што ў цырымоніі ўзняцця сцяга «Славянскага базара- 2019» паўдзельнічаў ансамбль барабаншчыц «Экспрэсія» Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў.


Першы фестывальны канцэрт «Уверцюра: ад класікі да рока», які падрыхтаваў Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Беларусі Віктара Бабарыкіна, стаў унікальным эксперыментам, на які адгукнуліся замежныя і беларускія артысты. Рок-выканаўцы спявалі класіку, а класічныя артысты – рок. Упершыню на «Слявянскім базары» выступіў саліст Rainbow і Deep Purple Джо Лін. Канцэрт, прысвечаны ўрачыстаму адкрыццю фестывалю, запрасіў на сцэну Валерыя Лявонцьева, Тамару Гвердцытэлі, Стаса Міхайлава, Аляксандра Панаётава, Руслана Аляхно і многіх іншых любімых гледачамі артыстаў. Некаторыя прывезлі ў Віцебск сольныя канцэрты.
«Тэатральныя сустрэчы» стартавалі з пастаноўкі маскоўскага «Эрмітажа» «Маленькая нядзельная прыгода». У цэлым, віцебскі глядач спектакль прыняў, але аншлага не было. Таксама на сцэне тэатра імя Якуба Коласа маскоўская трупа выступіла з камедыяй «Шклянка вады» па п’есе Эжэна Скрыба. А яшчэ ў Віцебск прыехалі Валерый Гаркалін, Раман Мадзянаў і  маскоўскі Тэатр на Паўднёвым Захадзе.
Традыцыйна ажыўлена ў дні «Славянскага базару» і ў «Лялечным квартале». У сераду яго адкрыццё абвясціла вулічная музычна-фарсавая  праграма. На сцэне Беларускага тэатра «Лялька» свае лепшыя спектаклі ў дні фестывалю прэзентуюць лялечныя тэатры з Беларусі, Расіі і Украіны. Апроч таго «Лялечны квартал» прапануе чатыры паўнавартасныя вулічныя спектаклі і шматлікія канцэртныя ды забаўляльныя праграмы і перфомансы. Першым, як і заўжды, глядач убачыў спектакль віцебскіх лялечнікаў “Брэменскія музыкі». Таксама гаспадары сцэны падораць віцяблянам і гасцям горада дзве прэм’еры гэтага сезона – «Казкі пра казку» і «Мастак. Вяртанне ў Віцебск», прысвечаную Марку Шагалу. Практычна ўсе пастаноўкі, заяўленыя ў праграме – лаўрэаты і пераможцы прэстыжных міжнародных фестываляў.
Упершыню на фестываль завітаў Піцерскі класічны балет на лёдзе. Танцоры на каньках прывезлі два спектаклі: «Лебядзінае возера» Пятра Чайкоўскага і «Папялушку» Сяргея Пракоф’ева.  Народная артыстка Украіны Таісія Павалій сёлета стала лаўрэатам спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта «Праз мастацтва — да міру і паразумення» і ўладальнікам імянной зоркі на Алеі Славы.
Надзвычай багатая і выставачная праграма фестывалю. Акварэлі, фотаздымкі, валагодскія карункі, выставы музычных інструментаў, ювелірных вырабаў і многія іншыя знайшлі сваіх прыхільнікаў. Заўтра аматараў КВЗ чакаюць выступленні каманд-чэмпіёнаў і фіналістаў Вышэйшай лігі Міжнароднага саюза КВЗ.
Ужо традыцыяй фестывалю стаў парад і конкурс барабаншчыц і мажарэтак, які ладзіцца на плошчы Свабоды. Працуюць у горадзе «Задзвінскі кірмаш» на вуліцы Чайкоўскага і «Віцебскі вернісаж» на вуліцах Талстога і Суворава.
Горад квітнее ў дні фестывалю. Вуліцы ўпрыгожваюць новыя арт-аб’екты. Чаргу з жадаючых сфатаграфавацца можна ўбачыць ля глобуса і піяніна, якія размясціліся побач з амфітэатрам.
Адметна, што сёлета «Славянскі базар» стаў бязвізавай зонай для замежных грамадзян, якія набылі білеты на канцэрты. Усяго горад у фестывальныя дні прыме больш за 300 тысяч гасцей.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №54 ад 12.07.2019 г.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Віцебск дыхае фестывалем Як і заўжды, заліўнымі дажджамі вітаў горад Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Флаг фестывалю ўзнялі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика