Спыніць баі на шлюбным фронце!. 21.by

Спыніць баі на шлюбным фронце!

13.05.2010 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Да 25 гадоў я была ўпэўнена, што НА ДВАІХ — гэта пра шампанскае. Але ў 25 давялося "папалавініць" усё, што ў мяне тады было. А як жа: прыйшоў ЁН, мой рыцар (з задавальненнем уяўляю выраз твару мужа, які прачытаў гэты пасаж)! У становішчы НА ДВАІХ жывём мы з рыцарам акурат 10 гадоў. І за гэты час з'елі не тое што дробнабуржуазны пудзік солі... Кожны, хто перажыў марш Мендэльсона, разумее глыбіню красамоўнага шматкроп'я. Пудзік солькі — гэта было б за шчасце! Словам, жартую і зычу ўсім добрым людзям мець такую СЯМ'Ю, якую вы заслужылі. А наступная інфармацыя з вуснаў кампетэнтных профі ў справе НА ДВАІХ, няхай дапаможа ніколі не шкадаваць пра тое, што вакантнага месца побач з вамі ўжо няма. З падачы Фонду ААН у галіне народанасельніцтва ў ролі кампетэнтных інфарматараў выступаюць загадчыца аддзялення планавання сям'і і дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій РНПЦ "Маці і дзіця" Ала КАМЛЮК, урач-сэксолаг Мінскага абласнога псіханеўралагічнага дыспансэра Дзмітрый КАПУСЦІН і сямейны псіхолаг Алена ЗЯНЕВІЧ.

Ці ёсць у вас план?

Паводле амерыканскіх даных, крыху больш за палову дзяцей — выпадковыя, бо іх зачацце адбылося па-за планамі асобна ўзятых мужчын і жанчын. Вядомыя выпадкі, калі гэтая выпадковасць аказвалася шчаслівай, аднак сёння спецыялісты ў галіне шлюбу і сям'і нічога добрага ў падобных сюрпрызах не бачаць. Зачацце і нараджэнне дзіцяці гадоў сто таму — гэта адно, цяпер — зусім іншае, мяркуюць профі. Нездарма ва ўсім свеце, і, вядома, у нашай краіне з'явілася служба планавання сям'і — жаночыя кансультацыі, цэнтры здароўя моладзі, абласныя кансультацыі "Шлюб і сям'я", Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр "Маці і дзіця". Задачы службы — падрыхтаваць пару да жаданай цяжарнасці і не дапусціць цяжарнасці нежаданай. Наогул сучасны чалавек яшчэ да пачатку палавога жыцця павінен атрымаць уяўленне пра планаванне нараджэння дзяцей, бяспечнае мацярынства і нават грудное выкормліванне.

  Фізіялагічныя метады планавання сям'і прызнаюцца ненадзейнымі. Для рэгулявання нараджальнасці неабходна прымяняць сучасныя кантрацэптывы. Адназначна не рэкамендуецца падбіраць іх па ўласным жаданні, падказцы знаёмых ці інфармацыі, атрыманай з інтэрнэта. Такі выбар хутчэй нашкодзіць, паколькі кожны метад валодае не толькі пэўным станоўчым дзеяннем, але і пабочнымі эфектамі. Сродкі кантрацэпцыі развіваюцца гэтак жа актыўна, як і ўся медыцына ў цэлым, так што без спецыяліста можна ніколі не даведацца пра больш бяспечныя і простыя ў выкарыстанні навінкі. Узяць хоць бы гарманальную кантрацэпцыю. Нізкія і мікрадозы эстрагенаў могуць цяпер уводзіцца праз скуру і слізістыя. Спецыялісту вядома, каму і калі патрэбны прафілактычны і лекавы эфекты гарманальнай кантрацэпцыі. Дарэчы, доказаў адносна таго, што ўжыванне гарманальнай кантрацэпцыі спрыяе развіццю анкалогіі малочнай залозы, на гэты момант не існуе.

Такі метад рэгуляцыі нараджальнасці, як аборт, нельга лічыць аптымальным, і, тым не менш, даступнасць гэтай паслугі ў медустановах краіны дазваляе гаварыць пра адсутнасць крымінальных абортаў. А менавіта яны ў першую чаргу падрываюць асноўны прынцып Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў гэтай справе: у любым узросце аборт павінен быць бяспечным. Жанчына не павінна загінуць у выніку маніпуляцыі. Іншая справа — развіццё ўскладненняў. Гэтая рызыка, безумоўна, застаецца. Абсалютна бяспечных метадаў аборту не існуе і наўрад ці калі-небудзь такія з'явяцца. Дастаткова нагадаць, што 1/3 бясплодных жанчын перарвалі першую цяжарнасць.

Беларускія гінеколагі загаварылі аб прымяненні ў Беларусі ўжо ў гэтым годзе медыкаментознага аборту. Нягледзячы на тое, што размова ідзе пра неінвазіўны, нетраўматычны метад, і ў гэтым выпадку нельга гаварыць пра абсалютную адсутнасць ускладненняў. Выконвацца і кантралявацца медыкаментозны аборт будзе гінеколагамі. Выкарыстанне рэкамендуецца ў тэрмін да 49 дзён ад апошніх месячных. Медыкаментозныя прэпараты спрыяюць спачатку заміранню цяжарнасці, а потым яе эвакуацыі. У адрозненне ад вакуум-аспірацыі медыкаментозны аборт не патрабуе грунтоўнага папярэдняга абследавання, якое ў выніку не паспявае зрабіць дзесьці кожная трэцяя жанчына. Прыблізны кошт новага віду перарывання цяжарнасці — 200 тысяч рублёў.

Пара, якая плануе цяжарнасць, павінна зрабіць дзеля будучага дзіцяці дзве рэчы — трымацца здаровага ладу жыцця (палавыя клеткі надзвычай адчувальныя да любых шкодных фактараў, у першую чаргу да шкодных залежнасцяў) і звярнуцца да спецыяліста, абследавацца. Трэба ведаць, што для наступлення цяжарнасці патрабуецца шэраг момантаў: сперматагенез, авуляцыя, узаемадзеянне цэрвікальнай слізі і спермы, стан поласці маткі, праходнасць матачных труб і іх анатамічная сувязь з яечнікамі, асемяненне. Нягледзячы на тое, што большая частка пералічанага адносіцца да здароўя жанчыны, роля мужчыны ў адсутнасці цяжарнасці значна ўзрасла, як, дарэчы, і спалучэнне фактараў мужчынскай і жаночай бясплоднасці. Адсутнасць цяжарнасці на працягу года адкрытага рэгулярнага палавога жыцця з'яўляецца падставай для паўторнага звароту да спецыялістаў.

Да актуальных праблем бясплоднасці цяпер адносяцца рост колькасці дэфектаў авуляцыі, спалучанай жаночай бясплоднасці, змяншэнне эфектыўнасці пластычных аперацый (мэтазгодным цяпер лічыцца выдаленне непраходнай трубы цалкам, а не толькі непраходнага ўчастка), завышэнне ролі інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам. Што да апошніх, то акцэнт павінен рабіцца не на так званых "нармальных жыхарах" мікрафлоры палавых органаў жанчыны — урэаплазме і гарднерэлах, напрыклад, а на трыхаманадах, хламідыях, цытамегалавірусе.

Ці ёсць у вас сэкс?

Многія задумаліся. Адны — над тым, ці адносіцца да сэксу самастымуляцыя, другія — ці можна назваць сэксам тое, што адбываецца ў іх час ад часу. Наогул сэкс уваходзіць у склад такога паняцця як якасць жыцця. Аднак малая колькасць урачоў-сэксолагаў і нізкая колькасць зваротаў насельніцтва да іх у нашай краіне наводзіць на думку, што ў беларусаў інтымная сфера стаіць асабняком ад памянёнага паняцця. Прычынай таму — нізкая сэксуальная культура нацыі. З-за гэтай нізкай культуры нашы мужчыны не сочаць за сваім здароўем, эксперыментуюць на сабе з дапамогай пілюль, пра якія фактычна нічога не ведаюць, а жанчыны (кожная трэцяя, дарэчы) практыкуюць "паводзіны кастрыравання". Слабы пол проста не ведае, што неасцярожнае слова ў бок мужчыны можа вымусіць апошняга адмовіцца ад інтымных адносінаў на дзесяцігоддзі.

На прыём да айчынных сэксолагаў прыходзяць галоўным чынам мужчыны. Расстройствы ў іх бываюць розныя, а вось пасылаў, бадай, толькі два. Або партнёрка адправіла, маўляў, няхай з табой там папрацуюць, або сам вырашыў крышку падкарэкціравацца, маўляў, на ўсякі выпадак. Між тым, вырашэнне сэксуальнай праблемы — гэта не барацьба з лішнімі кілаграмамі, чым можна займацца і ў адзіночку. На прыём да сэксолага трэба прыходзіць з сэксуальным аб'ектам, разам з ім "працаваць" над праблемай.

Няма пары, у якой на працягу сямейнага жыцця не ўзнікалі б тыя ці іншыя пытанні адносна парушэння сэксуальнай гармоніі. У такіх сітуацыях партнёры могуць дапускаць тыповыя памылкі. Жанчыны, напрыклад, ігнаруюць праблему. Калі яна датычыцца іх саміх, нішто не перашкаджае ім рабіць выгляд, што ўсё нармальна. Калі ж праблема звязана з іх мужчынам, яны разважаюць прыкладна так: "Грошы прыносіць? І добра". Аднак жанчына можа вярнуцца ў сэкс нават праз 20 гадоў устрымання — з'явіўся б аб'ект. З мужчынам складаней. Па-першае, найбольш частыя сэксуальныя праблемы ў іх — парушэнні, звязаныя з эрэкцыяй і эякуляцыяй — не схаваеш і не замаўчыш. А калі так, значыць, партнёр перайшоў на лаву запасных, што ў сваю чаргу пагражае вылетам з вялікага сэксу. Калі абыякавая да сэксуальнай паўзы жанчына дастанецца мужчыну з моцнай палавой канстытуцыяй, той адшукае выйсце — будзе апрацоўваць дзялянку на баку. Не здольны на здраду мужчына са слабай палавой канстытуцыяй рызыкуе ў сэкс ужо не вярнуцца. Асабліва калі паўза прыпала на 40-45 гадоў. Спроба вяртання да палавога жыцця праз нейкі час можа праваліцца — з-за слабасці эрэкцыі ці заўчаснай эякуляцыі. Словам, з узростам партнёрка павінна заахвочваць мужчыну да "подзвігаў", а не спрыяць паўзе.

Асноўная колькасць праблем у інтымнай галіне — родам з... дзяцінства. Калі ваша сэксуальнае жыццё пакідае жадаць лепшага, паспрабуйце з дапамогай сэксолага высветліць, якія памылкі ў вашым выхаванні дапусцілі бацькі, і дапамажыце свайму партнёру зрабіць тое самае. Не дапускайце грубых памылак пры выхаванні сваіх дзяцей.

Ці ёсць у вас шанц?

На што спадзяюцца мужчыны і жанчыны, калі ўступаюць у шлюб? На тое, што "мінусы" партнёра можна будзе падрэдагаваць. Асабліва грашаць тут жанчыны, якія не хочуць разумець, што кожны чалавек прыходзіць у шлюб са сваім багажом, атрыманым у спадчыну ад сваёй сям'і. Ні выкінуць, ні падкарэкціраваць гэты скарб немагчыма.

Стомленыя барацьбой з заганамі партнёра жанчыны часам ідуць да псіхолага. Абсалютная большасць кліентаў псіхолагаў — жанчыны, якія нават не могуць дакладна сфармуляваць, што менавіта іх не здавальняе ў адносінах. Партнёры да кансультацыі далучаюцца вельмі рэдка. Беларускім мужчынам псіхолаг падаецца нейкім шаманам, які чытае думкі на адлегласці.

Існуе чатыры ўзроўні сумяшчальнасці партнёраў у шлюбе: узровень інтымных адносінаў, псіхалагічны (тэмперамент), ролевы і маральных каштоўнасцяў. Самы праблемны — ролевы, які мае дачыненне да размеркавання абавязкаў у галіне побыту і гаспадарчых спраў: хто што гатовы рабіць сам і чаго чакае ад партнёра? Жанчыны ў нас, як правіла, вельмі шмат працуюць і шмат "змагаюцца" з менш актыўнымі, часам інфантыльнымі, мужчынамі.

Пачынаць вырашэнне любога пытання трэба, як вядома, з сябе. У першую чаргу жанчынам-змагарам трэба ўзгадаць пра ўласную жыццёвую прастору. Сектару "для сябе" ў агульным раскладзе нашага часу і сіл павінна належаць да 30 працэнтаў. Астатнія 70 працэнтаў можна размеркаваць паміж прафесіяй і сям'ёй так, каб гэта не шкодзіла, на вашу думку, ні аднаму, ні другому. Наша частка жыцця "для сябе" — крыніца энергіі. Пустая крыніца нараджае незадаволенасць сямейным жыццём. Таму важна пашырыць сферу для сябе, і тады з новымі сіламі прасцей будзе дыхаць як у прафесіі, так і ў сям'і.

У дзяцінстве хлопчыкі гуляюць у стралялкі і машынкі, а не ў лялькі і каструлькі, якія, зразумела, маюць большае дачыненне да сямейнай схемы. Мужчынкі растуць, іх цацкі становяцца больш дарагімі, але лялькі з пасудкай у іх сферу інтарэсаў па-ранейшаму не ўваходзяць. Словам, на працягу свайго станаўлення мужчыны ніяк ці амаль ніяк не ўцягнуты ў побыт-гаспадарку. Уцягнуць мужа ў гэты працэс — задача жонкі. Сапраўдны мужчына не павінен атрымліваць задавальненне ад мыцця посуду, але мудрая жанчына павінна даць яму правільны пасыл, маўляў, "зрабі дзеля мяне, любімай".

Для мужчын жыццё да ЗАГСа істотна адрозніваецца ад таго, якім яно становіцца пасля. Сітуацыю мяняе адно жаночае слова: "павінен". Але ў сапраўднасці ніхто нікому нічога не павінен! "Хацелася б", — вось пасля чаго магчымы дыялог, паколькі для любога чалавека важна ўспрымаць сітуацыю не як патрабаванне, а як шанц. Калі мы чагосьці патрабуем, аб'ект нейкі час трывае, але аднойчы абавязкова выбухне, прадэманструе агрэсію або замкнёнасць. Чым больш выхаваны наш мужчына, тым менш схільны ён будзе да агрэсіі і больш да замкнутасці. Уявіце сабе, спадарыні, што кожны дзень да вас прыходзіць суседка і пастаянна псуе вам настрой. І тое ёй у вашым доме не падабаецца, і гэта. І так дзень за днём. Аднойчы вы абавязкова выбухнеце або... зробіце выгляд, што вас няма дома і замкняцеся.

У кожнага чалавека ёсць запаветная тэрыторыя. Падчас стасункаў з іншымі людзьмі мы выходзім са сваёй тэрыторыі ў нейтральную зону, дзе павінны весці перамовы, дыялогі і г.д. На жаль, жанчыны грашаць тым, што рэгулярна забягаюць на тэрыторыю мужчыны, чагосьці патрабуюць, на нечым настойваюць. Іх уласная тэрыторыя тым часам губляе свой некалі прывабны выгляд. Аднойчы мужчына страчвае жаданне не тое што зазірнуць на тэрыторыю партнёркі, але нават выйсці на нейтральную. Чым часцей жанчына робіць набегі, тым хутчэй псуюцца адносіны з партнёрам. Дзейнічае закон псіхалогіі: калі на цябе нехта бяжыць, узнікае толькі адно жаданне — уцякаць. На ўсякі выпадак. Ці мала з чым на нас бягуць...

Па вялікім рахунку, сямейнае жыццё — гэта гульня. Хоць бы і ў даганялкі. Толькі такія, калі то мы даганяем, то нас... З дапамогай гульні, у якой час ад часу мяняюцца правілы, можна дабівацца пазітыўнага выніку і пазбягаць канфліктаў. Бярыце на ўзбраенне псіхалогію. Той жа паводзінавы падыход. Згодна з ім, у партнёра варта падмацоўваць патрэбныя нам паводзіны. Возьмем усю нашу рэакцыю на ўчынкі партнёра за 100 працэнтаў. Дык вось, калі ён зрабіў што-небудзь добрае, то на нашу рэакцыю трэба аддаць 80 працэнтаў, а на адмоўную... 20. Трэба бачыць станоўчае.

А яшчэ — дакладна выказвацца. Абстрактныя жаночыя намёкі, недасказанасць, цьмянасць выразаў мужчыны не ўспрымаюць і з лёгкасцю ігнаруюць. Іншая справа — фраза, у якой закладзена пэўная карысць: "Калі б ты мне зараз дапамог, мы б пасля разам паглядзелі тэлевізар". Трэба прымяняць пазітыўную матывацыю, а не прынцып пакарання, калі ўключаецца абарончы механізм (у псіхалогіі вядома 11 механізмаў абароны!), нежаданне партнёра нават з месца зварухнуцца.

P.S. <І>Карыстайцеся ведамі спецыялістаў. Вучыцеся сямейнай навуцы, і будзе вам сямейнае шчасце!

Святлана БАРЫСЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да 25 гадоў я была ўпэўнена, што НА ДВАІХ — гэта пра шампанскае. Але ў 25 давялося "папалавініць" усё, што ў мяне тады было. А як жа: прыйшоў ЁН, мой рыцар (з...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика