Народная или «антинародная» медицина?. 21.by

Народная или «антинародная» медицина?

09.02.2018 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Народная ці «антынародная» медыцына?
Днямі адзін наш чытач прынёс у рэдакцыю атрыманае ім цікавае пісьмо. Пра тое, што ад многіх хвароб, у тым ліку і смяротна небяспечных, можна пазбавіцца з дапамогай… грыбоў. Аб гэтым наш чытач даведаўся, калі ў яго бацькі медыкі выявілі рак на апошняй стадыі. Відавочна, што дыягназ урачоў быў несуцяшальным. Але ж родныя спрабавалі самастойна знайсці хаця б які-небудзь ратавальны сродак, які, магчыма, і не вылечыць блізкага чалавека, але хаця б аблегчыць яго боль. Так яны і натрапілі ў інтэрнэце на прапановы аднаго з прыватных прадпрыемстваў, зарэгістраваных на Брэстчыне.

— Мы патрацілі нямала сродкаў на грыбныя сумесі гэтай кампаніі: прымаць іх трэба было не адзін месяц і ў вялікіх аб’ёмах, — расказвае Андрэй В. — Але ўсё было дарэмна, і хутка тата пайшоў з гэтага свету. У выніку мы расчараваліся ў падобных «знахарах».
Прызнаюся, што з падобнымі прапановамі даводзіцца часта сутыкацца: сур’ёзныя «цёткі і дзядзькі» з дыпломамі неіснуючых універсітэтаў і цэнтраў «касмічнай энергетыкі» на старонках бульварных выданняў і нават з экрана тэлевізара без усялякага сораму раяць лячыць галаўныя болі настойкай з дажджавых чарвякоў або заспіртаваных пацукоў. Напэўна, хто-небудзь з чытачоў адразу заўважыць маё негатыўнае стаўленне да такіх парад, але як інакш да іх адносіцца? Асабліва калі ўважліва прачытаць пісьмо, атрыманае нашым чытачом.
У гэтым лісце таксама згадваецца «цэнтр стараславянскага грыбалячэння», які, мяркуючы па інфармацыі інтэрнэту, складаецца з уладальніка менавіта таго, «грыбнога», прыватнага прадпрыемства. Таксама аўтар паслання запэўнівае сваіх патэнцыяльных кліентаў «не слухаць урачоў», а займацца самастойным лячэннем. Пры гэтым ён адразу сабе «ўсцілае саломку»: маўляў, не лайцеся, калі ў мяне не атрымаецца, бо маёй віны мала ў тым, што «хворыя часта начытаюцца інтэрнэту і займаюцца самалячэннем». Падобных цытат з ліста можна прывесці нямала, але самае сур’ёзнае сумненне ў мяне выклікалі рэцэпты грыбных сумесяў, якія дапамогуць пазбавіцца ад многіх хвароб, у тым ліку ад тых, якія цяжка паддаюцца традыцыйнай медыцыне. Аўтар сцвярджае, што так можна вылечыцца ад алкагалізму, наркатычнай залежнасці (з дапамогай атрутных грыбоў?!) і нават вярнуць сабе «мужчынскую моц». І ўсё гэта, і многае іншае — толькі з дапамогай грыбоў, якія можна спажываць у выглядзе адвараў, настоек, гатовых крэмаў і свечак.
«Што дзіўнага ў карысных якасцях грыбоў, якія нашы продкі спажывалі тысячагоддзямі?» — запытаецца дасціпны чытач. Усё так, спрачацца не буду, тым больш, што ёсць сапраўдныя даследаванні наконт карысці гэтых дароў прыроды. Але ж ці можна без сур’ёзнага вывучэння фізіялагічных асаблівасцей чалавека прапаноўваць яму лячыцца настойкай вясёлкі або мухамора, якія добра вядомыя як вельмі атрутныя грыбы? А такія рэцэпты між тым прапануе прыватнае прадпрыемства. А можа, менавіта той «стараславянскі цэнтр» і праводзіў патрэбныя даследаванні? Вось толькі ці варта іх лічыць сапраўднымі без афіцыйнага прызнання навукай? Акрамя таго, дакладна ведаю, што ў нашай краіне вельмі строга рэгламентуецца фармацэўтычная дзейнасць, хаця аб дазволе на яе ажыццяўленне на сайце той кампаніі няма ні слова, указана толькі тое, што яна мае пасведчанне аб рэгістрацыі і можа займацца «прапагандай здаровага ладу жыцця». Здаецца, што заснавальнік прадпрыемства па-свойму зразумеў гэты дазвол, і замест уздзеяння «словам» вырашыў падзяліцца самаробнымі лекавымі сродкамі.
Такіх сумніўных акалічнасцей мы знайшлі ў дасланым пісьме нямала, некаторыя з іх запрасілі пракаментаваць спецыялістаў адпаведных устаноў.
В.М. Дараневіч, галоўны ўрач Пружанскай ЦРБ:
— Па-першае, падазрэнне ў праўдзівасці гэтай прапановы асабіста ў мяне ўзнікла, калі прачытаў спецыялізацыю «калегі» — фунгатэрапеўт. Згодна з афіцыйным медыцынскім класіфікатарам, такой медыцынскай спецыяльнасці няма. Па-другое, я не буду сцвярджаць ні пра карысць такога віду лячэння, ні пра яго шкоднасці, таму што падобны накірунак увогуле не падвяргаўся даследаванню афіцыйнай медыцынай. Магчыма, некаторыя прэпараты з прыродных дароў і выкарыстоўваюцца ў фармакалогіі, але настойваць на тым, што чыста грыбы з’яўляюцца панацэяй ад сотняў хвароб, як сцвярджаецца ў лісце, нават не мае сэнсу.
Не буду выключаць, што народныя лекавыя сродкі і рэцэпты працуюць. Напрыклад, мы таксама можам параіць хвораму пры прастудзе гарачы чай з малінай і таму падобнае. Толькі ёсць адна акалічнасць — мера, усё павінна быць нармавана і разлічана па дозах, бо «больш» у гэтым выпадку зусім не азначае «лепш». Менавіта на гэтым і настойвае традыцыйная медыцына як фундаментальная навука.
І.С. Крац, загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі № 7:
— На маю думку, указаныя сродкі хутчэй за ўсё адносяцца да гамеапатычных прэпаратаў, але яны таксама павінны праходзіць сертыфікацыю ў нашай краіне. Што азначае гэта працэдура? Праводзяцца шматлікія аналізы і выпрабаванні, у тым ліку і на людзях-добраахвотніках, вызначаюцца супрацьпаказанні і магчымасці сродкаў. Таксама падбіраецца адпаведная дазіроўка. Дык вось адзначу, што ў афіцыйным лекавым фармуляры ніводнага з названых у лісце прэпаратаў няма. Гэта сведчыць пра тое, што аўтар рэцэптаў «на сваю рызыку» робіць сумесі, прапануючы іх пакупнікам. Асабліва трывожна тое, што ён выкарыстоўвае ў якасці інгрэдыентаў мухамор або вясёлку.
А.В. Мацаюк, загадчыца юрыдычнай кансультацыі:
— На мой погляд, падобная дзейнасць можа лічыцца яўным парушэннем заканадаўства. Згодна з нарматыўнай базай нашай рэспублікі, да ліцэнзіруемых адносяцца такія віды дзейнасці, ажыццяўленне якіх можа ствараць пагрозу або нанесці ўрон нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, абароне правоў і свабод, маралі, здароўю насельніцтва і навакольнаму асяроддзю. У адпаведнасці з Указам № 450 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ліцэнзія — гэта не толькі спецыяльны дазвол, але і неабходнасць абавязковага выканання адпаведных патрабаванняў і ўмоў. У згаданым нарматыўным акце таксама прыводзіцца спіс асобных відаў дзейнасці, якія падлягаюць ліцэнзіраванню. Так абавязковай для атрымання адпаведнага дазволу называецца фармацэўтычная дзейнасць, у тым ліку прамысловы выпуск лекавых сродкаў у галіне перапрацоўкі, фасоўкі і ўпакоўкі лекавай расліннай сыравіны, вырабу збораў і іх аптовая рэалізацыя.
Айцец Ігар Мрыхін, протаіерэй:
— Царква прызнае толькі афіцыйную медыцыну, якая таксама з’яўляецца дакладнай навукай, заснаванай на вопыце і ведах. І самае галоўнае ў тым, што традыцыйная ўрачэбная дапамога датычыцца толькі матэрыяльнага свету. Але калі даводзіцца сустракаць заклікі да лячэння ад тых, хто палічыў сябе «адораным», то падобнае ўспрымаецца царквой толькі як спроба падмяніць сабой Бога. Відавочна гэта і па змесце пісьма, у якім аўтар сцвярджае: «…і не імкніцеся, каб лячэнне было бясплатным. Бясплатна — азначае «бес» плаціць!». І пры гэтым слова «бес» піша з вялікіх літар, а вось пра Бога ўвогуле не ўспамінае. На маю думку, і сам «лекар», і тыя, хто даверыўся такім абяцанням, парушаюць адзін з Божых запаветаў: «Не обращайтесь к таковым, ибо мерзок перед Господом всякий делающий это» (Второзаконие 18:10–12), дзе гутарка вядзецца менавіта пра зварот да чарадзеяў і знахароў. Думаю, што аўтар несвядома служыць князю цемры. Паверце, гэта не проста нейкія прымхі або нежаданне царквы ўспрымаць новае. Калі святары гавораць, што «нельга» без ведання асноў рэлігіі займацца духоўным асветніцтвам сярод людзей з пункту гледжання нейкіх абстрактных ідэй, то гэта дзякуючы багатаму царкоўнаму вопыту, які налічвае ўжо больш за дзве тысячы гадоў.
І ўсё ж пакупнікоў у «фунгатэрапеўта» хапае, прычым нельга сцвярджаць, што ўсе яны неразумныя або неадукаваныя. Проста ў чалавеку да апошняга моманту цепліцца надзея. Надзея вылечыцца, надзея на цуд, надзея на свой шанец. Вось толькі ці можна сцвярджаць, што давер абавязкова апраўдае менавіта народная медыцына? Без выкарыстання сучаснага абсталявання, ведання методык і дасягненняў такіх спадарожных навук, як анатомія, біялогія, хімія і нават фізіка, ставіць дыягназ, ад правільнасці якога і залежыць лячэнне, проста немагчыма. А значыць, у многім маюць рацыю тыя, хто лічыць нетрадыцыйныя падыходы проста шарлатанствам.

Алег Сідарэнка. Фота Дзмітрыя Міхеева.

Ці давяраеце народнай медыцыне:
Вера Сяргееўна:

— Не бачу нічога кепскага ў народнай медыцыне, але лічу, што варта да ўсіх парад падыходзіць разумна. Калі лекавы рэцэпт правераны часам, напрыклад, яго выкарыстоўвалі нашы бабулі і матулі, то ім можна карыстацца на практыцы. А вось сучасныя эксперыменты з травамі, як медык, успрымаю з насцярожанасцю.
Аляксандр:

— Народнай медыцыне давяраю, можа, і больш, чым лякарствам, але не поўнасцю: карыстаюся ёй, так бы мовіць, на ўзроўні «бабуліных рэцэптаў», напрыклад, спажываю травяны чай або ягадныя адвары. А ўсялякіх знахароў і шаптух я ўспрымаю так жа, як астролагаў, хірамантаў і прадказальнікаў будучыні, якія прыдумалі сабе навуку ізатэрыку са спасылкай на нейкія незямныя сілы, чорную магію. А вось парады наконт здаровага харчавання, спажывання толькі натуральных прадуктаў, без усялякай «хіміі», у маёй сям’і ўспрымаюцца з даверам і выкарыстоўваюцца ў паўсядзённым жыцці.
Вольга Міхайлаўна:

— Не скажу «не» народнай медыцыне, але і пагаджацца на часта прапануемыя зараз сумніўныя эксперыменты не буду. Самым распаўсюджаным рэцэптам магу і даверыцца, бо іх папулярнасць сведчыць пра тое, што яны карысныя. Мне, напрыклад, падабаецца парада растварыць мёд у вадзе і лячыць такім сродкам хворае горла. А вось нешта новае, хаця і гавораць, што прыйшло яно да нас ад продкаў, лічу нявыпрабаваным і небяспечным для выкарыстання.
Міхаіл:

— Поўнасцю давяраю і «бабуліным рэцэптам», і парадам знахароў. У многіх сітуацыях яны дапамагаюць. Асабіста я, прызнацца, не сустракаўся з пацверджанымі фактамі збаўлення ад хваробы і нават вяртання ледзь не з таго свету, але людзі расказваюць пра такія выпадкі. Таксама і замовы лічу карыснымі, бо ў іх выкарыстоўваюцца малітвы, а значыць, заклікаецца Божая дапамога.
Алег Сідарэнка. Фота  Сяргея Талашкевіча.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Народная ці «антынародная» медыцына? Днямі адзін наш чытач прынёс у рэдакцыю атрыманае ім цікавае пісьмо. Пра тое, што ад многіх хвароб, у тым ліку і смяротна...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика