Паўстагоддзя служэння медыцыне. 21.by

Паўстагоддзя служэння медыцыне

25.04.2018 — Новости Здоровья |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Валерый Мікалаевіч Аўдзеенка ў нашым горадзе чалавек вядомы, паважаны і аўтарытэтны. З 1996 года працуе ён у цэнтральнай раённай бальніцы. У гэтую ўстанову ён прыйшоў падпалкоўнікам медыцынскай службы, маючы за сваімі плячыма 28 гадоў кар'еры ваенурача. 

Калі суміраваць гэтыя лічбы, то атрымліваецца, што ў сакавіку гэтага года споўнілася роўна 50 гадоў з таго дня, калі В.М. Аўдзеенка прыступіў да работы па ахове здароўя людзей. Зайздросная лічба, ці не праўда?

Валерый Мікалаевіч – наш, хойніцкі. Нарадзіўся 24 красавіка 1949 года ў вёсцы Валокі. Зараз такога тапоніма ўжо няма на сучасных геаграфічных картах. Вёска стала вуліцай Катоўскага райцэнтра, але за гады свайго існавання паспела даць Беларусі рэжысёра-кінадакументаліста Віктара Дашука і заслужаную артыстку БССР Ганну Аўдзеенка. Дарэчы, знакамітая ў 60-80-я гады спявачка была дваюраднай сястрой бацькі Валерыя Мікалаевіча. Сам жа ён працаваў на партыйнай рабоце, і ўсё сваё дзяцінства наш герой правёў па месцу чарговага прызначэння бацькі – у вёсцы Малоткавічы Пінскага раёна. Там жа скончыў васьмігодку, а потым паступіў у Пінскае медвучылішча.
Пасля яго заканчэння атрымаў размеркаванне ў наш раён, дзе ўзначальваў Рудакоўскі ФАП. Да работы прыступіў 20 сакавіка 1968 года, і менавіта ад гэтай даты Валерый Мікалаевіч вядзе адлік сваёй дзейнасці ў якасці медыка.
Першым выпрабаваннем для 19-гадовага фельчара стала не медыцынская практыка (хаця і яе хапала – на яго «папячэнні» было больш за 2,5 тысячы жыхароў Рудакова, Высокага, Плоскага, Рудых і Чахоў), а рамонт фапаўскага будынка. І разам з падначаленымі ўласнымі рукамі зрабілі яго так, што потым нават раённы семінар тут правялі – так прыгожа і з густам усё падрамантавалі, пабялілі і пафарбавалі.
А якую выдатную прафесійную школу прайшоў малады фельчар у хойніцкіх медыкаў! Хірургі М.А. Бейманаў, Л.Ф. Дубоўскі, ЛОР-урач С.Р. Рутман, акуліст Л.К. Зелянкоўская, рэнтгенолаг У.М. Цімафееў – усіх гэтых людзей, а таксама В.І. Кабылку і А.І. Кавалёва, з якімі давялося папрацаваць пазней, Валерый Мікалаевіч называе ўзорам служэння ўрачэбнаму доўгу.

Цікавая дэталь. З дзяцінства Валерый захапіўся фатаграфіяй і не развітваўся з гэтым заняткам ажно да сталых гадоў. Ішоў час, майстэрства фотааматара ўзрастала, а сведчаннем таму стаў той факт, што яго фота сталі друкаваць раённыя газеты. Спачатку гэта быў наш «Ленінскі сцяг» (не паленаваўся і пралістаў падшыўку «ЛС» за 1967 год, а таму засведчу: фота якасныя і прафесійныя нават па мерках сённяшняга дня), а потым, калі Валерыя ў лістападзе ўсё таго ж 1968 года прызвалі ў армію, фотаздымкі В. Аўдзеенкі сталі друкаваць раённая газета «Пінская праўда» і Брэсцкая абласная газета «Зара».
Службу Валерый праходзіў у Брэсце ў якасці медфельчара. А праз некаторы час перад ім сур’ёзна паўстала дылема: якую прафесію – журналіста альбо ўрача выбраць?
Пераважыла медыцына, і Валерый Мікалаевіч зараз не шкадуе аб гэтым. З першага разу, за 4 месяцы да дэмабілізацыі, паступіў у знакамітую Ленінградскую ваенна-медыцынскую акадэмію (хаця конкурс там быў больш за 10 чалавек на месца), з бляскам яе закончыў і больш за два з паловай дзесяцігоддзі нёс службу ў гарнізонах Чарняхоўска, Калінінграда, Каўнаса, Клайпеды, у Манголіі, а таксама ў беларускіх Ваўкавыску і Снове. Быў і начальнікам медыцынскай службы авіяцыйнага палка, і ўрачом-рэнтгенолагам, служыў у вялікіх і малых шпіталях і медсанбатах.

Дарэчы, пры канчатковым выбары медыцынскай спецыяльнасці ўрача-рэнтгенолага, як прызнаецца сам В.М. Аўдзеенка, у нейкай ступені адбілася ранейшае захапленне фатаграфіяй. Але потым, скончыўшы адпаведныя курсы і ўцягнуўшыся ў новую для сябе спецыялізацыю, ён яшчэ раз пераканаўся ў тым, што зрабіў правільны выбар.
– Прафесія ўрача-рэнтгенолага патрабуе глыбокіх і дасканалых ведаў ва ўсіх сферах медыцыны: неабходна ведаць усе ўнутраныя органы, усе косці і суставы. Засвоіўшы іх, адчуваеш, што расцеш прафесійна як урач, і толькі ў гэтым выпадку можна па рэнтгенздымку дакладна і беспамылкова паста- віць дыягназ, – гаворыць ён.
Вось і ў нашу райбальніцу В.М. Аўдзеенка прыйшоў таксама ўрачом-рэнтгенолагам. А праз некаторы час узначаліў калектыў кабінета рэнтгеналогіі. Менавіта пры яго кіраўніцтве ў аддзяленні ўпершыню ў Беларусі запусцілі ў работу лічбавы флюараграфічны апарат «Пульмаскан» для дакладных даследаванняў органаў грудной клеткі, а таксама з магчымасцю даследаванняў прыдатачных пазух носа і органаў брушной поласці.

Потым былі 12 гадоў працы на нялёгкай і адказнай пасадзе намесніка галоўнага ўрача па медыка-сацыяльнай экспертызе і рэабілітацыі. А з 2014 года В.М. Аўдзеенка ўзначальвае аддзяленне Дзяржаўнага рэгістру асоб, якія падвергліся ўздзеянню радыяцыі з-за катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і іншых радыяцыйных аварый. Цяперашняя работа Валерыя Мікалаевіча напрамую звязана з Праграмай па ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і вывучэннем стана здароўя насельніцтва, якое пражывае на тэрыторыі, пацярпеўшай ад аварыі. Ад звестак, якія калектыў яго аддзялення ўносіць у рэспубліканскую базу даных, у многім залежаць і наступныя дзяржаўныя мерапрыемствы ў галіне аховы здароўя, іх планаванне і фінансаванне.
Адміністрацыя райбальніцы задаволена яго работай, а таксама тым, што і справай, і парадай дапамагае вучыць маладых медыкаў-рэнтгенолагаў.
Некалькі гадоў таму заўчасна пайшла з жыцця яго жонка Жанна Ільінічна. Яна была ўрачом, спецыяльнасць – фтызіятр, жылі ў каханні і згодзе. Разам вырасцілі двух выдатных сыноў: старшы Андрэй працуе выкладчыкам Акадэміі нацыянальнай бяспекі ў Мінску, мае навуковыя працы, рыхтуе кандыдацкую дысертацыю. А малодшы Ілля скончыў Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі ў Гомелі, працуе ў КТУП «Гомельаблпасажыртранс». Абодва ўжо жанатыя, у старэйшага падрастае дзве дачкі, а ў малодшага – 4-гадовы сын Антон. Яны і не даюць сумаваць, калі ўсе збіраюцца разам.

Не магу не ўзгадаць аб высокай адукаванасці і рознапланавым інтэлекце В.М. Аўдзеенкі. У час нашай размовы ён з лёгкасцю і дакладнасцю аперыраваў самымі рознымі тэрмінамі і ведамі з галін эканомікі, апошніх сацыяльна-эканамічных даследаванняў, ён прафесійна валодае камп’ютэрам. Акрамя таго, Валерый Мікалаевіч выдатна разбіраецца ў рускім і савецкім жывапісу – у свой час збіраў маркі і ілюстраваныя альбомы па гэтай тэматыцы, не чужая яму і тэма прафесійнага спорту, паважае літаратуру, і сёння любіць пачытаць добрую кнігу. А таму яго можна смела назваць рознабакова эрудыраваным чалавекам, інтэлігентам у поўным сэнсе гэтага слова.

…Жыццё не раз ставіць чалавека перад важным, лёсавырашальным выбарам, ад якога часта залежыць увесь яго далейшы шлях. Такіх сітуацый было нямала ў лёсе В.М. Аўдзеенкі. Як бачым, ён ні разу не памыліўся ў прыняцці рашэння.

Віктар НАЗАРАНКА.

Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Валерый Мікалаевіч Аўдзеенка ў нашым горадзе чалавек вядомы, паважаны і аўтарытэтны. З 1996 года працуе ён у цэнтральнай раённай бальніцы. У гэтую ўстанову ён...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Здоровья)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика