«Летний патруль» на охране безопасности. 21.by

«Летний патруль» на охране безопасности

07.08.2018 — ЧП |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чалавечая бестурботнасць часам прыводзіць да таго, што месцы адпачынку ля вадаёмаў становяцца зонай небяспекі. Таму быць асцярожным на вадзе — гэта першая неабходнасць. Каб летні адпачынак не скончыўся сумна, неабходна ведаць і выконваць правілы бяспечных паводзін на водных аб’ектах.

Капыльскія выратавальнікі разам з актывістамі раённай арганізацыі БРСМ на працягу лета праводзяць прафілактычную акцыю «Летні патруль». У апошнія дні ліпеня рэйд прайшоў у месцах для купання на сажалцы № 2 у зоне адпачынку г. Капыля і на вадаёме паблізу аграгарадка Мажа.


Першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Таццяна Дубовік разам з галоўным спецыялістам райкама Настассяй Давыдзенкай, членам МААП Кірылам Мацкевічам і начальнікам пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 г. Капыля Дзмітрыем Шаўровым раздалі адпачываючым лістоўкі, пагутарылі з імі наконт бяспечнага адпачынку.

— Апошнім часам правядзенне падобных акцый актывізавалася, — адзначыў Дзмітрый Шаўроў. — Звязана гэта з тым, што ўсталявалася цёплае надвор’е, якое вельмі вабіць людзей да вады. Але такія прагулкі, на жаль, не заўсёды заканчваюцца добра. Падобны рэйд мы нядаўна правялі на тэрыторыі Доктаравіцкага сельсавета сумесна з прадстаўнікамі райвыканкама і мясцовай улады.

Прыкра тое, што ў месцах, дзе забаронена купанне, устанаўліваюцца адпаведныя таблічкі, але літаральна на наступны дзень яны ўжо знікаюць… Нагадаю, што на тэрыторыі раёна дазволена купацца толькі на сажалцы № 2 у г. Капылі, на вадаёмах у Багушах і Астраўку. У астатніх месцах забаронена: вада прызнана тэхнічнай і не адпавядае патрабаванням.


— Дзмітрый Аляксандравіч, напэўна, будзе не лішнім яшчэ раз успомніць пра асноўныя правілы паводзін на вадзе?

— Уменне добра плаваць — адна з найважнейшых гарантый бяспечнага адпачынку на вадзе, але нават выдатны плывец павінен праяўляць асцярожнасць, дысцыпліну і строга прытрымлівацца правіл паводзін.

На пляжы ў Капылі размешчаны выратавальны пост. Тры чалавекі ажыццяўляюць тут штодзённае дзяжурства.

— На вадаёме ўсталяваны знакі (буйкі), якімі пазначаны месцы для купання, пабудаваны лаўкі, альтанкі, раздзявальні. Непадалёку знаходзяцца туалет, кантэйнеры для смецця, па жаданні адпачываючых уключаем музыку, — расказвае старшы Капыльскага выратавальнага паста Васіль Сельвановіч. — Размешчана наглядная інфармацыя аб правілах паводзін на вадзе, спосабах выратавання, аказання пацярпелым першай медыцынскай дапамогі. На жаль, на яе мала хто звяртае ўвагу. А калі і чытае, то не выконвае… Працуе пост з 11 гадзін і да захаду сонца, пакуль на вадаёме знаходзяцца людзі. Мы стараемся з кожным пагутарыць індывідуальна. Напрыклад, у мінулую нядзелю пляж наведалі 380 чалавек, з якімі праве-дзены інструктаж.

Капыльскі пляж карыстаецца папулярнасцю не толькі ў мясцовых жыхароў, але і ў прыезджых. Гэта пацвярджае і жыхарка г. Мінска, ураджэнка г. Капыля Святлана.

— У спякотнае надвор’е тут вельмі добра адпачыць, — дзеліцца жанчына. — Са сваімі ўнукамі, якія прыехалі з Мінска і Масквы, у гэтым месцы знаходзім паратунак ад гарачыні. Яшчэ адно любімае месца ў Капылі — дзіцячая пляцоўка насупраць зоны адпачынку. Хацелася б пажадаць, каб такіх «астраўкоў» у горадзе было больш.

Таццяна ДУБОВІК, першы сакратар райкама ГА «БРСМ»:

— У ходзе рэалізацыі акцыі члены маладзёжнага атрада аховы правапарадку сумесна з супрацоўнікамі РАНС ажыццяўляюць патруляванне месц для купання і адпачынку грамадзян ля берагавой лініі вадаёмаў з мэтай прадухілення гібелі людзей на вадзе. Таксама праводзіцца навучанне асновам бяспекі жыццядзейнасці шляхам распаўсюджвання наглядна-выяўленчай прадукцыі, флаераў.

Дзмітрый ШАЎРОЎ, начальнік пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 г. Капыля:

— Перш-наперш не купайцеся ў забароненых для купання месцах рэк, азёр і іншых вадаёмаў.

Месца для адпачынку выбірайце там, дзе чыстая вада, роўнае пясчанае або жвіровае дно, невялікая глыбіня (да 2 метраў), няма моцнай плыні. Пры гэтым не забывайце, што засмечваць вадаёмы, заязджаць на тэрыторыю пляжа на транспартным сродку, парушаць рэжым утрымання водаахоўных тэрыторый строга забараняецца.

Не купайцеся на вадаёмах у нецвярозым стане, памятайце, што п’яны плывец — патэнцыяльны тапелец.

Нельга таксама заплываць за буі і іншыя знакі, якія абазначаюць зону купання, і ўзбірацца на іх, падплываць да плаўсродкаў, скакаць у ваду з лодак, прычалаў і іншых збудаванняў, не прыдатных для гэтага, плаваць на дошках, аўтакамерах і надзіманых матрацах.

Будзьце пільныя ў дачыненні да паводзін падлеткаў на водных аб’ектах, не дапускайце знаходжанне дзяцей на пляжы і ў вадзе без нагляду дарослых.

Пачынайце купанне пры тэмпературы вады, не ніжэйшай за 18 градусаў, у яснае зацішнае надвор’е пры тэмпературы паветра 25 і больш градусаў.

Сяргей КОЗЕЛ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чалавечая бестурботнасць часам прыводзіць да таго, што месцы адпачынку ля вадаёмаў становяцца зонай небяспекі. Таму быць асцярожным на вадзе — гэта першая...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (ЧП)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика