У мінулую суботу 5 мая працоўныя і вучнёўскія калектывы Кіраўшчыны выйшлі на майскі суботнік. На падставе даручэння старшыні Магілёўскага аблвыканкама Пятра Рудніка з мэтай далейшай актывізацыі работы па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні населеных пунктаў, падрыхтоўкі да правядзення ў Горацкім раёне Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2012” кіраўніцтва райвыканкама прапанавала кіраўчанам добра-ўпарадкаваць некаторыя аб’екты і тэрыторыі грамадскага карыстання. Фронт работ разгарнуўся на тэрыторыі ўсяго раёна, прадуктыўнаму працоўнаму настрою спрыяла цёплае майскае надвор’е і ўсведамленне таго, што, дзякуючы вось такім калектыўным суботнікам, наш край становіцца чыстым, прыгожым і ўтульным для жыцця і працоўнай дзейнасці. У межах абласнога суботніка вяліся работы па ліквідацыі несанкцыяніраваных звалак у Барчыцах, Гарадцы, Выжарах, Пацавай Слабадзе, Мышкавічах. Шэраг жыхароў раёна быў задзейнічаны на разборцы пустуючых дамоў і добраўпарадкаванні тэрыторый, прылягаючых да іх: у Хвайніцы, Барсуках, Добасне. Вяліся добраўпарадкаванне могілак у Сяргеевічах, Колбава, Чыгірынцы; вырубка дзікарастучых раслін; прыводзіліся ў належны стан помнікі і воінскія пахаванні і інш. Значны аб’ём работ быў выкананы ў в. Гарадзец: прадстаўнікамі аддзела адукацыі райвыканкама, ДЮСШ праводзілася ўборка пляцоўкі каля будынка дзіцячага садка, работнікамі Баравіцкага сельвыканкама, ФАПа, СДК, школы ўбрана несанкцыяніраваная звалка па вул. Маладзёжнай. Шмат работ вялося і ў райцэнтры. Так, калектывы «Вадгаса», «Дзяржстраху», аддзела статыстыкі, ДЮСШ вырубалі дзікарастучую расліннасць па абодвух баках вул.Валадарскага. Працаўнікі аўтапарка №14, ДТСААФ і райпаліўзбыту ачышчалі ад смецця, сухіх дрэў парк “Селішча”. Мужчыны райвыканкама, гімназіі, райветстанцыі, Дэпартамента аховы, ДРБУ-197, «Жылкамгаса» былі задзейнічаны на дэмантажы тратуарнай пліткі па вул.Ленінскай і мантажы яе на тэрыторыі гімназіі. Тым часам жаночая палова калектыву гімназіі добраўпарадкоўвала клумбы на тэрыторыі навучальнай установы. Таксама ў межах суботніка на грамадскіх клумбах былі высаджаны кветкі. Не быў абыдзены ўвагай той факт, што хутка адбудзецца адкрыццё купальнага сезону: калектывы райбальніцы і цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі працягвалі весці ўборку берагавой лініі Чыгірынскага вадасховішча. Навучэнцы ліцэя №15 ачышчалі ад смецця бераг Селіцкага возера. Яўгенія КАРАНКЕВІЧ. Фота аўтара.
У мінулую суботу 5 мая працоўныя і вучнёўскія калектывы Кіраўшчыны выйшлі на майскі суботнік. На падставе даручэння старшыні Магілёўскага аблвыканкама Пятра...