І чайкай ляціць твая песня ў бязмеж…. 21.by

І чайкай ляціць твая песня ў бязмеж…

Размер текста:
A
A
A

Некалі так паэтычна Максім Танк пісаў пра сваю “малую ра­дзіму” - Мядзельшчыну, якая ў гэтыя дні святкуе 100-годдзе з Дня нараджэння земляка і народнага пісь­менніка Беларусі. За восемдзесят два гады, што ён пражыў, паэт пакінуў нам вялікі скарб літаратурных шэдэўраў, прыклад цвёрдай грамадзянскай пазіцыі, памяць пра шчодрасць і адкрытасць беларускай душы. Сёння застаўся толькі светлы сум, што гэтага чалавека больш няма. Засталіся кнігі паэзіі і прозы, якія ўвабралі ў сябе фарбы і колеры роднай зямлі і мовы, раскрылі  іх адметнасць і прыгажосць. Творчасць аўтара выйшла за гарызонты свайго часу, на абсягі новай эпохі, XXI стагоддзя.

Сталічны Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры таксама прымае актыўны ўдзел у справе  ўшанавання  памяці  паэта.  Дзеля гэтага зроблена перасоўная выстава “Гартаючы жыцця свайго старонкі…”, якая распавядзе, у першую чаргу моладзі, пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Яна ахоплівае не толькі дзейнасць паэта ў межах беларускай культуры, але і расказвае пра яго сяброўскія адносіны з прадстаўнікамі іншых народаў, раскрывае перакладчыцкую дзейнасць паэта на нацыянальную мову лепшых твораў сусветнай літаратурнай класікі.

Падчас свята прэзентуецца яшчэ адна выстава, зробленая па выніках Міжнароднага фотаплэнера. Яна называецца “Дарогамі Максіма Танка”. Гэта арыгінальны калаж з фотаработ знакамітых майстраў і старых здымкаў часоў Максіма Танка. У наведвальнікаў экпазіцыі з’явіцца цудоўная магчымасць успомніць былое, паглядзець на ўзоры фотамастацтва і бліжэй пазнаёміцца з творчасцю знакамітага пісьменніка. Сярод вядомых фотамастакоў  - С. Плыткевіч, В. Сібрыкаў, В. Ракевіч і інш.

Падрыхтаваць згаданыя выставы музею дапамаглі сваякі і знаёмыя творцы. У юбі­лейны 2012 год у музей было перададзена шмат рэчаў, звязаных з жыццём славутага творцы. Яны сталі каштоўнымі прадметамі фондаў музея. Сярод іх скураны партфель, з якім пісь­меннік хадзіў на працу, рарытэтныя сямейныя і сяброўскія фота­здымкі, сувенірныя фотаальбомы, аўтарскія рукапісы і сшыткі з нізкамі вершаў, кнігі з аўтографамі вядомых людзей, падараваныя у свой час пісьменніку, кнігі пачатку ХХ стагоддзя, якімі карыстаўся Максім Танк падчас вучобы, мастацкія работы  П. Сер­гіевіча і М. Гуціева.

Шлях Максіма Танка да зорнага пісь­менніцкага небасхілу распачаўся з Нарачанскага краю,  дзе  17 верасня 1912 года ў сям’і Домны і Івана Скурко нарадзіўся хлопчык Яўген (сапраўднае імя пісьменніка). У кожнага творцы быў свой куток зямлі, як кажуць «зямля абетаваная», праз прызму якой мастак глядзіць на свет. Такім месцам для будучага Максіма Танка стала вёска Пількаўшчына Мядзель­скага раёна, дзе пабудавалі хату яго баць­кі. “Малая радзіма” была той крыніцай

натхнення, якая жывіла яго паэзію ўсё жыццё:

Парог, вычасаны з успамінаў,

Астаўся за мной;

Дзверы на завесах

цвыркуновай песні,

Асталіся за мной;

Вокны, зашклёныя

вачамі блізкіх,

Асталіся за мной, -

Як жа мне не азірнуцца назад,

Нават калі б я застыў

Слупом солі?

Казкі і песні матулі Домны моцна паўплывалі на ўспрыняцце Жэнем свету, на яго густы. “Кожная гісторыя, - успамінаў паэт, - пакуль стане гісторыяй, абапёртай на факты і дакументы, - пачынаецца з легенды ці казкі. Біяграфія - гісторыя чалавека. І я пачынаю яе з успамінаў казак сваёй маці.” Нават верлібр, які так моцна палюбіў Максім Танк у творчасці, меў сваімі вытокамі вусныя народныя песні. У беларускім фальклоры  існуе напеў, але незаўсёды захоўваецца рыфма.

Яшчэ зусім малым хлопец ужо цягнуўся да кніг, меў неатоленую прагу да ведаў. Спачатку ён хадзіў у Шкленікове і Сватках у поль­­­-
с­кую пачатковую школу, потым вучыўся ў Вілейскай рускай і Радашковіцкай беларускай гімназіях. За ўдзел у школьнай забастоўцы, накіраванай супраць ліквідацыі беларускіх школ, у 1928 го­дзе яго выключылі з навучэнцаў знакамітай Радашковіцкай гімна­зіі.  Ён паехаў у “крывіцкую Мекку” для маладых талентаў (па сл. У. Жылкі), у Віль­ню. Сяброўства з такімі асобамі, як У. Самойла, А. Станкевіч, Р. Шырма, Е. Путрамант, Г. Дэмбінскі, Ё. Каросас узбагацілі паэта духоўна. Менавіта тут ён працягнуў вучыцца ў беларускай, а потым Віленскай рускай гімназіі імя А. С. Пушкіна, выдаў свае першыя кнігі, вёў падпольную барацьбу за вызваленне Заходняй Беларусі. Горад стаў для будучага пісьменніка пераломным і ва ўласным жыцці: ён сустрэў сваё каханне, прыгажуню з дзіў­ным імем Любоў, якая стала спадарожніцай Максіма Танка на ўсё жыццё.

У старажытнай Вільні Яўген Скурко прайшоў і свой “жыццёвы ўніверсітэт”. Творчая атмасфера, дух незалежнасці і самадастатковасці вітаў у паветры, даваў магчымасць маладым лю­дзям актыўна праяўляць свае здольнасці. Такая пазіцыя не вельмі падабалася кіруючым у той час польскім уладам. За супрацоўніцтва ў легальных і нелегальных выданнях камуністычнага характару і рэвалюцыйную пазіцыю паэт трапляў пад увагу паліцыі і за краты ў Лукішскую турму. Упершыню творцу затрымалі ў красавіку 1932 года. Пад увагу ахоўнікаў правапарадку трапіў часопіс “Пралом”, у двух экзэмплярах выдадзены Жэнем Скурко і мастаком Янкам Гарохам. “На вокладцы, - успамінаў Максім Танк, - Янка Гарох намаляваў разбураную турэмную сцяну. На руінах яе стаіць рабочы. У адной руцэ ў яго молат, у другой - чырвоны сцяг.” А ў 1936 годзе была ўзбуджана ўжо чарговая судовая справа з-за першай кнігі маладога паэта Максіма Танка, якая была названа аўтарам вельмі сімвалічна - “На этапах”. Кніжка пабачыла свет па ініцыятыве знакамітага Рыгора Шырмы. Ён угаварыў свайго сябра В. Труцько стаць выдаўцом зборніка. Кнігу канфіскавалі, а над выдаўцом і паэтам навісла пагроза турэмнага зняволення на некалькі месяцаў. Аднак выданне заўважылі і далі яму добрую адзнаку, “баявое хрышчэнне” пісьменніка адбылося.

17 верасня 1939 года з Чырвонай арміяй на зямлю Заходняй Беларусі прыйшла з усходу доўгачаканая свабода. Гэтым падзеям суджана было адбыцца ў дзень нараджэння будучага Народнага паэта Максіма Танка. Ён успамінаў у адным са сваіх інтэрв’ю: “Ну, Максім - гэта ад Горкага, пад уплывам якога мы ўсе тады знаходзіліся. А Танк… нават сам не магу добра растлумачыць: ча­му Танк? Як многім пачынаючым паэтам, мне здавалася, што літаратур­ны поспех залежыць  і ад гучнага псеўданіма. Свет “раслінных” псеў­да­німаў быў ужо, што называецца, разаб­раны: Колас, Чарот, Пушча, Васілёк… Мне нічога не заставалася, як пашукаць што-небудзь “жалезнае”, вось я і спыніўся на Танку. Ведаў я тады ці не ведаў, што гэта слова мае адносіны і да вершаў: танка - адзін з класічных жанраў япон­скай і карэйскай паэ­зіі?.. А танкі з чырвонымі зоркамі на вежах, якія прынеслі нам свабоду, былі саснёны, і, магчыма, сэрца падказала, што нады­дзе такі дзень…”.

Праца ў віленскіх перыядычных выданнях 1930-х гадоў, газетах “Наша воля”, “Беларускае жыццё”, “Poprostu”, часопісах “Беларускі летапіс”, “Калоссе” ў якасці журналіста, крытыка і пачынаючага пісьменніка прынесла свой плён. Былі выдадзены кнігі паэта “Журавінавы цвет” (1937) і “Пад мачтай” (1938). “Паэзія наша - цяжкая, як камень, вырваны з бруку падчас вулічных баёў, немілагучная - як стогн і крык, чырвоная - як пралітая кроў”, піша Танк у “Лістках календара”.

З прыходам савецкай улады для 27-гадовага аўтара адкрыліся новыя магчымасці. Ён працуе ў родных ваколіцах, у газеце “Вілей­ская праўда”, а з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны камандзіруецца ў Маскву ў штаб рэдакцый  газет “Раздавім фашысцкую га­дзіну” і “За Савецкую Беларусь”, якую ў той час узначальваў Мі­хась Лынькоў, у будучым адзін з самых блізкіх сяброў паэта. З-пад пяра неабыякавага Танка выхо­дзяць палымяныя вершы і сатырычныя апавяданні. У 1943 годзе друкуецца знакамітая паэма “Янук Сяліба”, якую чыталі і перадавалі адзін аднаму беларускія партызаны ў перапынках паміж баямі.

У трыццаць шэсць год Максім Танк стаў галоўным рэдактарам самага адметнага ў БССР літаратурнага часопіса “Полымя”. У складзе савецкіх дэлегацый ён шмат вандраваў па замежных краінах, бываў у Заходняй Еўропе, у ЗША, Чылі, у Кітаі і Япо­ніі, тройчы прадстаўляў дзяржаўныя інтарэсы краіны ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Мак­сім Танк быў удзельнікам Першага сусветнага кангрэсу пры­хіль­нікаў міру. Гэта знайшло адлюстраванне ў паэме “Пражскі дзённік” (1949), дзе ўз­дымаецца праблема лё­су чалавецтва, актуальная і сёння, у ХХІ стагоддзі. Потым ён бу­дзе ўдзельнічаць у пася­джэннях за абарону міру на Зямлі не адзін раз.

Шмат вершаў ён пры­свяціў сваім уражанням ад традыцый розных культур. Узніклі сапраўдныя шэдэўры, прысвечаныя яго падарожжам: “У Парыжы”, “Палёт над айсбергамі”, “Мост вечнага спакою”, “Вецер радзімы”, “Касмалогія”, “Ля падножжа Охас-дэль-Салады”, “У Хіра­сімскім музеі”, “Трэска з дома Шэкспіра”. Вандруючы, па ўспамінах сына, пісьменнік імк­нуўся трапіць на рынак, бо там, як нідзе, можна было адчуць менталітэт мясцовых жыхароў, убачыць краіну ў паўся­дзённым жыцці. Ехаў Максім Танк з маленькім чамаданчыкам, а вяртаўся з некаль­кімі вялікімі. Напрыклад, з Амерыкі, ён прывёз чамадан гальштукаў і кожнаму са знаёмых літаратараў падарыў. Любіў Танк, як усе творчыя асобы, прывозіць і незвычайныя рэчы, звязаныя з наведанымі мясцінамі. Напрыклад, з Чылі ён прывёз кавалак меднай руды на памяць, а з Англіі - трэску ад до­ма, дзе працаваў знакаміты
У. Шэкспір (сёння гэтыя рэчы захоўваюцца ў музеі).

З 1966 па 1990 год Максім Танк узначальваў Саюз пісьменнікаў Беларусі, быў актыўным членам камісіі па літаратурных сувя­-
зях у СССР. Ён шмат сіл паклаў для папулярызацыі літаратур нацыянальных меншасцей у складзе магутнай савецкай дзяржавы. Падчас сустрэч з дзеячамі культуры на чужыне пісьменнік абменьваўся вопытам, завязваў сяброўскія адносіны, імкнуўся перакласці вядомыя літаратурныя творы. Ш. Петэфі, Н. Хік­мет, Дж. Байран, А. Міцкевіч,
Ю. Тувім, У. Бранеўскі, Ю. Славацкі, М. Горкі і У. Маякоўскі, А. Твардоўскі, Т. Шаўчэнка і
І. Франко, П. Тычына, М. Рыль­скі, М. Бажан, У. Сасюра і С. Ту­дор, Т. Цільвіціс, А. Венцлава і Э. Межалайціс, Я. Судрабкалн і М. Кэмпе - класікі і выдатныя сучаснікі, творы якіх перакладаў Максім Танк на беларускую мо­ву. Вершы самога Танка выходзілі асобнымі выданнямі на рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, узбекскай, таджыкскай, казахскай, польскай, балгарскай, карэйскай і іншых мовах. У спадчыне паэта пераклады твораў звыш як ста шасці­дзесяці паэтаў свету - “яскравае сведчанне не толькі маштабаў перакладчыцкай дзейнасці і шырыні Максіма Танка, але і інтэнсіўнасці, абсяжнасці ягоных пошукаў, імкнення да ўніверсальнасці” (паводле В. Бечыка).

“Кожная мова, - пісаў творца, - гэта непаўторны скарб, якім трэба даражыць. З выкрэсліваннем яе не толькі ты становішся нікім, але і бяднее, губляе многа непаўторных якасцей міжнародная культура… Вось ёсць, скажам, з боку мовы, здавалася б, бедныя народы. Але тыя ж чукчы на адно толькі акрэсленне снегу маюць каля сотні слоў. Ні ў адной з самых развітых еўрапейскіх моў мы гэтага не зной­дзем. Вось і перакладай… Здава­-
лася б, куды ўжо багатая руская мова, а вось: “миру - мир”. Не хапіла табе аднаго слова… Я люблю сабаку і люблю чалавека. Я люблю і я кахаю - гэта ж два розныя словы. А ўжо такая багатая мова, такая багатая. І так поўна, усюды. Мова - гэта неад’емная якасць кожнага чалавека, і трэба даражыць гэтай якасцю. Справа не толькі ў тым, што гэта твая мова; калі ты даражыш мовай сваёй, то ты бу­дзеш даражыць і мовай суседа. Таму што праз яе ты завязваеш кантакт з ін­шымі, узмацняеш братэрскія сувязі і самога сябе. Чым жа ты ўзмацніш - кілбасой?..”.

Ужо напрыканцы жыцця, у 1991 была выдадзена кніга яго пера­кладаў “На зорных шляхах”. Дакранаючыся да скарбніц ін­шых культур, пісьменнік гаварыў, што ўсюды ёсць прыгожыя мясціны, але самыя светлыя, самыя лепшыя вершы ён пісаў на роднай зямлі…

Як вандроўны мастак,

Я заўсёды з сабою нашу

Краявіды радзімы…

Танкаўскія несупынныя пошукі магчымасцей - пазнаваць, сябраваць, пісаць, глыбіня яго светапогляду дапамаглі паэту выйсці за рамкі савецкай ідэалогіі, зазірнуць у будучыню, за гарызонты новай эпохі. У рытме свайго арытмічнага сэрца паэт пісаў верлібры на самыя розныя тэмы: пра родны Нарачанскі край, пра пераломныя падзеі гісторыі краіны, праблемы беларускага грамадства, інтымны свет кожнага чалавека, радасць існавання, каханне, пра шляхі, якія мы выбіраем. Свой шлях ён выбраў і, прайшоўшы ўсе выпрабаванні, застаўся верным сабе, сям’і, сябрам, радзіме. Мак­сім Танк стаў чалавекам сусветнай прасторы - вялікага зямнога свету, выбранцам духоўнай спадчыны беларускай зямлі…

Н. Настасіч.

Старшы навуковы супрацоўнік

навукова-экспазіцыйнага аддзела

Дзяржаўнага музея гісторыі

беларускай літаратуры.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Некалі так паэтычна Максім Танк пісаў пра сваю “малую ра­дзіму” - Мядзельшчыну, якая ў гэтыя дні святкуе 100-годдзе з Дня нараджэння земляка і народнага...
 
 
 


Архив (Разное)

21.by в социальных сетях

Свежие газеты

14.12.2018
Mir24.TV Belarus
Кобринский вестник
Навiны Палесся
Полесская правда
Пинский Вестник
Двинская правда (Верхнедвинск)
Гарадоцкi веснiк
Днепровская правда (Дуюровно)
Голас Сененшчыны
Патриот (Ушачи)
Чырвоны прамень
Клiч Радзiмы
Газета Авангард
Новости Волковыска
Вороновская газета
Ивьевский край
Полымя
Заря над Неманам
Светлы шлях
Единство
Новости Дзержинска
Нясвижскiя навiны
Слуцк Город
Смалявiцкi край
Soligorsk News
Маяк Преднепровья
Радзiма
Горецкий вестник
Савецкая вёска
Кировец
Голас Касцюкоушчыны
Кричевская жизнь
Новости Хотимска
Новы дзень (Жлобин)
Перамога (Дятлово)
Святло кастрычнiка (Мстиславль)
15.12.2018
Mir24.TV Belarus
Полесская правда
Пинский Вестник
Гарадоцкi веснiк
Газета Авангард
Новости Волковыска
Вороновская газета
Полымя
Lida.Info
Заря над Неманам
Светлы шлях
Единство
Нясвижскiя навiны
Слуцк Город
Маяк Преднепровья
Радзiма
Горецкий вестник
Новы дзень (Жлобин)
Святло кастрычнiка (Мстиславль)

© 2004-2018 21.by
Яндекс.Метрика