З чатырохсот жыхароў вёскі засталіся толькі 30. Гісторыя вёскі Чарэмшыцы ля Нарачанкі. 21.by

З чатырохсот жыхароў вёскі засталіся толькі 30. Гісторыя вёскі Чарэмшыцы ля Нарачанкі

12.12.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Сустрэча на вясковай вуліцы.

Вёска Чарэмшыцы на Мядзельшчыне размясцілася крыху воддаль ад дарогі Купа – Занарач – Брусы, у кіламетрах пяці ад Занарачы.

Першае, што кідаецца ў вочы пры знаёмстве з вёскай, тут толькі адна вуліца – праўда, доўгая.

– Жылі раней людзі небагата. Малыя надзелы зямлі былі, таму і хаты гусценька стаяць адна ля адной, – прыгадвае мясцовы старажыл, ветэран вайны Уладзімір Талайка. – У трыццатых гадах ў вёсцы двароў каля 90 было, шмат дзяцей. Школа працавала, чатыры класы, адзін настаўнік быў. Вучыліся ў хаце звычайнай – нанятай. Строга было: калі хто не хадзіў ў школу, то бацькоў выклікалі ў гміну ў Кабыльнік, штрафавалі.

У эпіцэнтры ваенных падзей

Незайздросны лёс выпаў на Чарэмшыцы ў мінулым стагоддзі: вёсцы давялося абедзве сусветныя вайны быць у цэнтры крывавых падзей.

Недарэмна ў рамане-хроніцы аб Першай сусветнай Ягора Іванова “Разам з Расіяй” у назвах некалькіх глаў побач з Пецярбургам, Берлінам, Лонданам пазначана “Вёска Чарэмшыцы”.

Напярэдадні Нарачанскай аперацыі 1916 года ў вёсцы дыслакаваўся штаб 7-й пяхотнай дывізіі 2-й рускай арміі, а падчас аперацыі – корпусны рэзерв 5-га армейскага корпуса. Як памяць пра гэтыя падзеі на вясковых могілках ёсць пахаванне рускіх салдат. А за пяць кіламетраў ад вёскі на месцы былога хутара Гушчар пахавана 400 салдат рускай арміі, якія загінулі ў сакавіку 1916 года.

Помнік на месцы пахавання рускіх салдат на вясковых могілках.


У Вялікую Айчынную вайну за лічаныя кіламетры ад вёскі ў лесе знаходзіўся штаб партызанскай брыгады імя Варашылава. Пры штабе дыслакаваліся Вілейскія падпольныя абкамы КП(б)Б і ЛКСМБ (гэта месца зараз вядомае як комплекс “Партызанскія базы”).

Вядома, увага фашыстаў да партызанскай зоны была адпаведная. Неаднойчы немцы ішлі сюды з баямі, і нават бамбілі наваколле, у тым ліку і Чарэмшыцы.  Так, у адзін з лютаўскіх дзён 1943 года наляцелі 12 варожых самалётаў. Неўзабаве бамбёжка паўтарылася.

Шмат людзей загінула ў вайну ў Чарэмшыцах, ды і вёска разбураная была: пасля вызвалення Беларусі яе давялося адбудоўваць наноў.

– Ад дамоў толькі адны фундаменты засталіся і коміны, – прыгадвае Уладзімір Талайка. – Адбудоўвалі хаты так, як было пры Польшчы: на тых самых месцах.

А пакуль пабудаваліся, жылі людзі ў зямлянках. Угадваюць, што і вяселлі ў іх гулялі.

Калгаснае мінулае

– Я сама з хутароў, тры кіламетры адсюль. У 1952 годзе ў Чарэмшыцы жыць прыйшла, – гэта расказвае Галіна Каўрус. Яна, дарэчы, хлеб сама пячэ (але пра гэта – іншым разам).


– Як за гэты час вёска змянялася?

– Раней і клуб, і школа тут былі. Я ў паляводстве працавала, 60 жанчын выходзіла працаздольных. Саджалі, жалі, капалі – усё ўручную. Вельмі цяжка было. Рвеш-рвеш лён – прыйдзеш дадому, гліны накладзеш на рукі, каб лягчэй заснуць – бо мярцвелі.

– Якія самыя лепшыя гады з калгасных былі?

– У 70-80-х гадах ужо можна мірыцца было. Ужо камбайны пайшлі, саджалкі, лён рвала машына, а мы толькі падымалі і мялі – палягчэнне было.

…і дачная будучыня

Калі пазнаёмішся з гістарычнымі звесткамі, то ўбачыш: у мінулым стагоддзі бывалі гады, што ў вёсцы больш за 400 чалавек жыло. А цяпер як прыняліся лічыць, то толькі каля 30-ці мясцовых жыхароўтут, ды амаль усе пенсіянеры. Калі ж ўлічыць, што некаторыя на зіму да дзяцей едуць, то звосені ў Чарэмшыцах становіцца зусім сумна. На сваім прыкладзе адчуў: толькі пачаў гаварыць з дзвюма бабулямі – адразу яшчэ дзве падышлі з пытаннем: “А хто вы будзеце?”. Цікава ж: новы чалавек у вёсцы.

Затое дачнікаў тут шмат: прыгожыя дамы адбудоўваюць. Што іх прыцягвае сюды? Возера Нарач хай крыху воддаль, затое блізенька лес і рака Нарачанка (афіцыйная назва – Нарач). Ды і траса побач.

Вось як завабліваюць патэнцыяльных пакупнікоў лецішча ў Чарэмшыцах на адным з сайтаў аб’яў: “Пяць кіламетраў ад возера Нарач. Вакол грыбны лес, рэчка Нарачанка 150 метраў ад дома (можна купацца і рыбу лавіць)”.

На ўездзе ў Чарэмшыцы можна пабачыць дзіцячую пляцоўку. Зрабіў яе адзін з ураджэнцаў вёскі.


Так што, летам вёска ажывае.

–  Цешымся мы, што і з дзеткамі папрыязджаюць, – кажа Галіна Каўрус. –Выйдзеш на вуліцу – убачыш чалавека. А ўжо як выехалі, то цішыня: толькі ў выхадныя дзеці да каго прылятуць. Раней было ў Чарэмшыцах людзей. А хто ўжо цяпер застаўся: падбор…

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.

З гісторыі Чарэмшыц

У 1846 годзе – вёска маёнтка Вузла Вілейскага павета Віленскай губерні. Уладанне графа К. Тызенгаўза, 29 двароў, 264 жыхары. З 1892 года працавала школа граматы.

У 1904 годзе вёска Занарачанскай воласці Свянцянскага павета, 442 жыхары.

З 12.10.1940 у Занарачанскім сельсавеце Мядзельскага раёна. У 1940 годзе было 79 двароў, 385 жыхароў.

У 1949 годзе ў вёсцы створаны калгас імя Мічурына. У 1960 годзе – 318 жыхароў.

Паводле гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць”.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вёска Чарэмшыцы на Мядзельшчыне размясцілася крыху воддаль ад дарогі Купа – Занарач – Брусы, у кіламетрах пяці ад Занарачы.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика