Мы ў адказе за тых, каго прыручылі. 21.by

Мы ў адказе за тых, каго прыручылі

17.12.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Толькі ў экстрымальных пагодлівых умовах трэба падкормліваць вадаплаўных птушак, у адваротным выпадку можна толькі нашкодзіць ім
Ля вадаёмаў і рэк часта можна ўбачыць, як людзі кормяць птушак  кавалкамі хлеба, пячэннем і нават салёнымі чыпсамі. У цёплую пару года гэта больш напамінае забаву. Закормленыя шчодрымі падачкамі птушкі губляюць уменне самастойна здабываць сабе харч, што небяспечна для іх сумнымі наступствамі. Супраць масавай самадзейнасці з боку заступнікаў аб птушках выступаюць і арнітолагі, асабліва ў перыяд масавых міграцый вадаплаўных птушак.
Падкормліванне птушак у міграцыйны перыяд, калі іх натуральныя крыніцы харчавання вычарпалі сябе, усыпляе міграцыйны інстынкт птушак, робіць залежнымі ад людзей. У выніку многія з іх прывязваюцца да тэрыторый, дзе яны не могуць перажыць зіму нават з дапамогай чалавека. Таму не варта аказваць ім мядзведжую паслугу.
Большая частка вадаплаўных птушак, што зімуе ў прыродных умовах, наогул не падкормліваецца чалавекам і, тым не менш, добра пераносіць халодны перыяд года, самастойна знаходзячы сабе харч. Крыжанкі (кряквы) кормяцца зімой самымі разнастайнымі кармамі: малюскам драйсенай, актыўным глеем, вегетатыўнымі часткамі і насеннем раслін. Лебедзі харчуюцца зімой у асноўным падводнымі часткамі раслін, але таксама могуць фільтраваць дзюбамі дробных рачкоў і розных лічынак. Гэта іх натуральны рацыён, які намнога лепей падыходзіць птушкам, чым кашы і батоны.
Таму падкормліваць птушак з мэтай выратавання трэба толькі ў экстрымальныя перыяды зімоўкі – напрыклад, пры рэзкім паніжэнні тэмпературы (– 15 градусаў і ніжэй), а таксама пры наяўнасці ў птушак фізічных пашкоджанняў, калі вадаплаўныя сапраўды могуць аказацца на мяжы гібелі. З дыеталагічнага пункту гледжання птушкам у такіх выпадках лепей за ўсё даваць аўсянку з сырой і варанай гароднінай, праросшыя злакі – авёс, ячмень, пшаніцу. Але нават такі корм ненатуральны для вадаплаўных птушак і, па некаторых да­дзеных, адмоўна адбіваецца на страваванні, у цэлым, на абмене рэчываў. Што ж казаць пра белы і чорны хлеб, які выкарыстоўваецца для падкормкі часцей за ўсё!
Акрамя таго, неабходна помніць, што, падкормліваючы вадаплаўных, мы адбіваем у іх матывацыю да самастойнага пошуку харчу, прывучаем іх да чалавека, чым могуць скарыстацца зламыснікі. Такім чынам, вадаплаўныя птушкі, як правіла, самі могуць аб сабе паклапаціцца, а дапамога ім патрэбна толькі ў сапраўды экстрымальных сітуацыях. Больш таго, нашы добрыя намеры могуць выйсці ім “бокам”.
Варта помніць, што ўсе вадаплаўныя птушкі ў асенні перыяд назапашваюць значныя тлушчавыя рэзервы да 25-30% ад масы цела і, дзякуючы гэтаму, могуць доўгі час у пачатку зімы наогул абыходзіцца без корму. Таму не трэба клапаціцца, калі на якім-небудзь замярзаючым вадаёме застаюцца птушкі да яго поўнага замярзання. Звычайна ў такой сітуацыі птушкі пакінуць поўнасцю замерзлы вадаём і перамесцяцца на іншы. Не адлятаюць з замерзлых вадаёмаў толькі хворыя ці іншыя птушкі, не здольныя да палёту.
На жаль, у людзей склалася меркаванне, што пры поўным замярзанні вадаёмаў лебедзі могуць умерзнуць у лёд. На самой справе гэта можа здарыцца толькі з хворымі птушкамі. Яшчэ не назіралася выпадкаў, калі ў лёд умярзалі здаровыя птушкі. Падкрэслім, што лебедзі добра пераносяць холад, таму могуць доўгі час знаходзіцца без актыўнага руху. Птушка проста сядзіць на лёдзе ці на беразе, падкурчыўшы пад сябе лапы – так яна эканоміць энергію. А з боку на самой справе можа паказацца, што яна ўмерзла ў лёд.
У пераважнай большасці выпадкаў ратаваць птушак няма неабходнасці. Прычынай гібелі іх падчас зімоўкі часцей за ўсё становіцца траўма, нанесеная чалавекам альбо жывёлай. У крытычных сітуацыях супрацоўнікі грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, якія працуюць у цесным кантакце з прыродаахоўнымі структурамі і ажыццяўляюць рэгулярны маніторынг вадаёмаў і ўлікі зімуючых птушак, выязджаюць на месца, каб аказаць практычную дапамогу. А вось “эвакуіраваць” птушак, якія трапілі ў ледзяны палон, упаўнаважаны выключна структуры Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, дзе ёсць спецыялісты для выхаду на лёд і неабходнае абсталяванне.
Штогод на тэрыторыі Беларусі застаюцца на зімоўку дзясяткі тысяч вадаплаўных птушак, прынаджаных людзьмі і незамярзаючымі ўчасткамі рэк і вадаёмаў, якіх асабліва многа ў населеных пунктах. Больш за ўсё лебедзяў і качак зімуе ў Мінску, Гродна, Брэсце, Новалукомлі, Баранавічах, Белаазёрску, Барысаве. Бачым мы гэтых птушак і на вадасховішчы ў Крупках, на возеры Сялява.

Падрыхтавала Таццяна ТАЛКАЧОВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Толькі ў экстрымальных пагодлівых умовах трэба падкормліваць вадаплаўных птушак, у адваротным выпадку можна толькі нашкодзіць ім Ля вадаёмаў і рэк часта можна...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика