Ля вытокаў жыццёвага шляху. 21.by

Ля вытокаў жыццёвага шляху

12.09.2014 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


СЯРОД нас яшчэ шмат тых, хто нарадзіўся і вырас у вёсцы. Тых, чые ўспаміны — кубак сырадою, наліты спрацаванымі рукамі маці, водар свежага сена, якое з бацькам складалі ў пуню, золкія раніцы, калі гналі кароў у поле… У памяці — адчуванне сапраўднай свабоды, дзіцячай бесклапотнасці, веданне таго, што наперадзе цэлае жыццё і ўсё абавязкова будзе добра.

Шчыра дзяліліся ўспамінамі пра дзяцінства, маладосць тыя, хто прыехаў напрыканцы жніўня на свята вёскі Карабаны Занарацкага сельсавета. Чалавек сабралася пад сотню: цяперашнія жыхары, іх дзеці і ўнукі, нашчадкі тых, хто некалі тут жыў, людзі з суседніх вёсак. Наведаліся на свята старшыня мясцовага сельвыканкама Уладзімір Зелянкевіч, настаяцель храма Праабражэння Гасподняга ў в. Занарач айцец Анатолій, работнікі Занарацкага Дома культуры. З раніцы грала музыка, па ўпрыгожанай паветранымі шарамі дарозе пад’язджалі машыны. Людзі віталі адзін аднаго, часам з цяжкасцю пазнаючы былых аднавяскоўцаў. Тут і радасць сустрэчы, і ўсмешкі, і слёзы, якія некаторыя не змаглі схаваць.Пачалося свята з асвячэння крыжа, які нядаўна ўстанавілі на ўездзе ў вёску. Крыж, трэба сказаць, дыхтоўны, на бетонным падмурку, з агароджай. Такі прастаіць доўга, каб яшчэ не раз сабраць вакол сябе карабанаўцаў. Асвяціў айцец Анатолій і абуладкаваную крынічку. Раней, да таго як асушылі мясцовае балота, іх было многа ў ваколіцах вёскі. Цяпер засталося некалькі. І вось адной з іх, якую жыхары называлі Сталяровай, далі новае жыццё. Тэрыторыю каля яе ачысцілі ад хмызняку, насыпалі шырокую сцяжынку, у месцы, дзе яна выцякае, укапалі бетоннае кольца, змайстравалі стрэшку над ім і бетонны жолаб, па якім нетаропкі празрысты раўчук нясе сваю гаючую прахалоду далей у нізіну. Каб крынічку лягчэй было знайсці, на дарозе паклалі валун з указальнікам. Калі ласка, падарожнік, спыніся — наталі смагу, адпачні ад штодзённай мітусні.

А ў цэнтры вёскі ёсць крынічка пад назвай Рышток. Каля яе вытоку — плоскі камень, на якім некалі карабанаўскія жанчыны мылі бялізну: адбівалі яе пранікамі, паласкалі. Дойдзе чарга добраўпарадкаваць і яе. У гэтым мяне запэўнівае ўраджэнец Карабанаў Зянон Ломаць. Для яго крынічкі — яркія ўспаміны дзяцінства. Узгадвае, як маці прыносіла ваду ў хату: сцюдзёную што зімой, што летам… Займаючы высокія пасады (апошняя — старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь), Зянон Кузьміч заўсёды памятаў пра малую Радзіму, прыязджаў, дапамагаў аднавяскоўцам. А зараз, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, вырашыў нагадаць усім выхадцам з вёскі пра іх карані, запрасіў прыехаць, прывезці сваіх дзяцей, унукаў. На яго прапанову правесці свята адгукнуліся і мясцовы сельвыканкам, і ААТ “Занарацкі” ў асобе кіраўніка Пятра Уладзіміравіча Каўруса, які арганізаваў работы па добраўпарадкаванні вёскі. Цікавую канцэртную праграму падрыхтавалі сумесна работнікі Занарацкага Дома культуры і бібліятэкі.

Менавіта вядучыя мерапрыемства расказалі, што раней свята ў вёсцы ладзілася ў апошнюю суботу перад Спажой, калі прыяз¬джаў святар. Таму і зараз вырашылі аднавіць гэты звычай. Нагадалі гісторыю Карабанаў, якая пачыналася ў другой палове 18 стагоддзя. Тады вёска ўваходзіла ў склад Свянцянскага павета Віленскай губерніі. У 1868 годзе тут налічвалася 15 двароў, у якіх пражывала 129 жыхароў. Вёска расла, развівалася: з 1901 года працавала школа граматы. На 1907 год прыпаў пік колькасці насельніцтва — 230 чалавек. А падчас Першай сусветнай вайны гэты населены пункт апынуўся амаль у эпіцэнтры Нарачанскай аперацыі. Сведка па¬дзей мінулых гадоў — дот у канцы вёскі. Было і воінскае пахаванне нямецкіх салдат таго часу на мясцовых могілках, але яго перанеслі пад Пронькі.

Не пашкадавала Карабаны і Вялікая Айчынная вайна. У верасні 1943 года гітлераўцы поўнасцю спалілі вёску (30 двароў), забілі траіх жыхароў. З вайны не вярнуліся дадому Ціхан Алёшка (загінуў у 1941 годзе), Пётр Ломаць (прапаў без вестак у лістападзе 1944 года), Уладзімір Януць (загінуў у кастрычніку 1944 года, пахаваны ва Усходняй Прусіі).

Аднак вёска вярнулася да новага жыцця — зноў адбудавалася. У 1949 годзе быў створаны калгас імя Варашылава, потым мясцовая гаспадарка ўвайшла ў склад калгаса “Барацьбіт” з цэнтрам у Сідаравічах. З 1973 года гэта ўжо калгас “Шлях да камунізму”, зараз — ААТ “Занарацкі”. Яшчэ ў 1960 годзе тут налічвалася 117 чалавек. Па ўспамінах Зінаіды Рошчанкі, якая на свята прыехала з Брэста, у тыя часы ў вёсцы было шмат моладзі, а таму і жыццё кіпела. Весела было і працаваць, і адпачываць. А Валянціна Грэль, якая пасля Горацкай сельгасакадэміі вярнулася ў тагачасны калгас “Барацьбіт”, прыпамінае, як сустракалі ў клубе ў Сідаравічах паэтэсу Яўгенію Янішчыц, на танцы ў гэту вёску бегалі і ў школу хадзілі, а потым — і на працу. Адлегласць не адчувалася, а стомленасць хутка праходзіла. Маладыя ж былі! Зараз яна жыве ў Занарачы, а сюды прыехала разам з дарослай унучкай Веранікай, у сэрцы якой Карабаны таксама займаюць пэўнае месца.

Гонар вёскі — яе людзі. Таму добрыя словы гучалі ў адрас Зянона Ломаця, які прыклаў шмат намаганняў, каб свята адбылося. Узгадалі яго


бацькоў — маці, якая працавала на ферме, бацьку, які там жа быў даглядчыкам, а потым ездзіў на заробкі на мінскія будоўлі, лесанарыхтоўкі ў Карэлію. Трэба было падымаць дзяцей, якіх у сям’і было шасцёра. Сын дапамагаў маці: разносіў буракі каровам, сена, салому на подсціл. Дванаццаць галоў было замацавана за ёй. А ўся ж праца ручная. Зянон Кузьміч назаўсёды запомніў рукі пажылой маці: са скручанымі ад цяжкай працы пальцамі. Дапамагаў сын і бацьку, які адным часам працаваў на канюшні і выдаваў кожную раніцу пад роспіс конскую збрую. Каму што выдалі — запісвалася, бо ён нёс матэрыяльную адказнасць за калгасную маёмасць. Цэнтрам вясковага жыцця быў калгасны двор. Тут кожны дзень збіраліся аднавяскоўцы, брыгадзір дзядзька Кастусь (Канстанцін Ломаць) праводзіў нараду і размяркоўваў работы. Бывала, што тут на месцы высвятлялі адносіны, спрачаліся. Але, звычайна, да вечара ўжо мірыліся і падмацоўвалі дружбу кілішкам самагону.

Вышэйзгаданая Валянціна Грэль застала як росквіт вёскі, так і паступовы яе заняпад. Выехала з Карабанаў недалёка, у Занарач. Часта наведвала маці, таму і бачыла, як у пошуках лепшай долі раз’язджаліся нашчадкі, прадаваліся і вывозіліся нікому непатрэбныя хаты. Аж да выхаду на пенсію Валянціна Канстанцінаўна працавала ў мясцовай гаспадарцы і займала адказныя пасады — галоўнага бухгалтара, галоўнага эканаміста. Усё жыццё трымалася актыўнай жыццёвай пазіцыі, не была абыякавай да патрэб вяскоўцаў, чым і займела сярод іх павагу і аўтарытэт.

Добрым словам успомнілі і іншых былых жыхароў: вядомых ва ўсёй акрузе шаўцоў Пятра Сачка і Іосіфа (Язэпку) Ломаця, краўца Казіміра (Казю) Ломаця, Галіну Ломаць, якая ўсё жыццё адпрацавала ў гандлі. Узгадалі Раісу Бандаржэўскую, якая падчас будаўніцтва Кургана Славы набрала ў мяшочак зямлі са свайго агароду і адвезла на будоўлю.

З нагоды свята, якога даўно не было ў вёсцы, прыбраныя, з прыўзнятым настроем выйшлі на вуліцу тутэйшыя жыхаркі Соф’я Ломаць і Марыя Алёшка. Соф’я Іванаўна расказвае, як сумна зараз жыве вёска. На сямнаццаць хат шэсць жыхароў. Аўтакрама прыязджае спраўна, зімой рэгулярна чысціцца дарога, з пенсіяй затрымак не бывае. Марыя Венядзіктаўна згаджаецца з суседкай. Разам жанчыны паказваюць, дзе яшчэ хаты стаялі. І сапраўды, недзе можна сарваць смачны яблык з закінутага саду, а недзе, калі добра прыгледзецца, праз паросшае кустоўе бачны яшчэ моцны (будавалі ж раней!) падмурак. Радасна сёння жанчынам: столькі людцаў панаехала, каго дык і не пазнаць.

Ажыла вёска. Ну і хай сабе, што на дзень. Затое, як адзначалі некаторыя, узрадаваліся, напэўна, продкі. Гэта было важна — аддаць даніну памяці тым, хто спачывае на мясцовых могілках, хто сваім жыццём ствараў гісторыю вёскі, хто некалі благаславіў у далёкі шлях. Не памылюся, калі скажу, што ўсе прысутныя атрымалі задавальненне ад свята, ад пануючага прыўзнятага настрою, ад духоўнага яднання, якое ўзбагачае ўнутраны свет чалавека, робіць яго дабрэйшым, мацнейшым і не дазваляе згубіць галоўнае — памяць продкаў.

Іна ЯРЧАК.

На здымках: 1. Падчас асвячэння крынічкі; 2. Нашчадкі Раісы Рыгораўны Бандаржэўскай: Максім Алешка з бабуляй Фаінай; 3. Карэнныя жыхаркі вёскі Надзея Міхайлаўна Януць, Соф’я Іванаўна Ломаць і Марыя Венядзіктаўна Алёшка; 4. Моладзь вёскі пачатку 1960-х гадоў: першы рад — Люба Ломаць, Саша Ломаць, Фоня Ломаць, Ніна Ломаць, Марыя Ломаць, другі рад — Вольга Ломаць, Галіна Максімовіч, Надзя Януць, Вера Януць, Настася Ляшак, Соня Ломаць.

Фота аўтара, фота 4 з сямейнага архіва Зянона Ломаця.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
СЯРОД нас яшчэ шмат тых, хто нарадзіўся і вырас у вёсцы. Тых, чые ўспаміны — кубак сырадою, наліты спрацаванымі рукамі маці, водар свежага сена, якое з бацькам...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика