Музыка іх звязала. 21.by

Музыка іх звязала

14.04.2015 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мудрыя людзі раяць: знайдзі сабе працу па душы — і ты ніколі не будзеш працаваць. Настаўнік па класе баяна Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Святлана Зотава лічыць, што ў яе жыцці так і склалася. Ад працы сваёй яна атрымлівае вялікую асалоду, з задавальненнем спяшаецца да вучняў, каб увесці іх у свет музыкі.

Святлана родам з горада Белаазёрска, што на Бярозаўшчыне. З дзяцінства яе зачароўвала ігра на акардэоне. У марах і снах яе пальцы віртуозна бегалі па клавішах, нараджаючы прыгожыя мелодыі. Аднак у год паступлення Святланы ў музычную школу запісу на навучанне ігры на акардэоне не было, і ёй давялося пайсці ў групу па баяне.
З набыццём вопыту прыйшлі конкурсы, перамогі, знаёмствы з рознымі таленавітымі педагогамі і дзецьмі. Удзельнічала ў Рэспубліканскім адкрытым конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя Іосіфа Жыновіча (стала яго лаўрэатам), у Міжнародным дзіцячым фестывалі “Пралескі”, які праходзіў у Брэсце (1994, 1996). Дзякуючы перамогам паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Рыгора Шырмы без экзаменаў.
— Другой спецыяльнасцю ў “народнікаў” было дырыжыраванне, — расказвае Святлана Зотава. — Яно захапіла мяне нават больш, чым ігра на баяне. Выкладчык па класе баяна і па дырыжыраванні Людміла Міхайлаўна Жабінская заўважыла і развіла ў мяне такія здольнасці і таленты, пра якія я нават не падазравала. Мне здаецца, што без дырыжыравання немагчыма ў поўнай меры раскрыць музыку.
Пасля заканчэння каледжа ў 2002 годзе Святлана паступіла ў кансерваторыю Брэсцкага філіяла Бе-ларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Яе выпуск 2007 года быў першым у гэтай установе.
— З Антонам (будучым мужам — Заўвага аўтара.) мы пазнаёміліся ў каледжы, — расказвае Святлана Зотава, — ігралі ў адным аркестры: ён на бас-гітары, я — на баяне. Нас у той час запрасілі ў ансамбль “Праменьчык”. Я працавала ў іх канцэртмайстрам, Антон іграў на гітары. З гэтым дзіцячым танцавальным калектывам мы тройчы выязджалі за мяжу: летам — у Францыю, восенню — у Бельгію. Пашчасціла пабываць у Іспаніі, а таксама на італьянскім востраве Сіцылія.
Спачатку паміж маладымі людзьмі наладзіліся сяброўскія адносіны, а ўжо потым успыхнула каханне.
— Прыйшло разуменне, што разам нам цікава, камфортна, у нас аднолькавыя інтарэсы, — дзеліцца Святлана. — Зразумелі, што па жыцці хочам крочыць побач.
Іх пазнаёміла і звязала музыка. У 2007-ым згулялі вяселле. У маладой сям’і быў выбар, дзе жыць і працаваць: у Брэсце, Пінску або Жабінцы — родным горадзе Антона. Яны выбралі маленькі райцэнтр, таму што перспектыва атрымаць уласную кватэру была тут найбольш рэальнай. У 2010-ым Зотавы ўжо спраўлялі наваселле. Святлана прызнаецца, што Жабінкаўшчына стала для яе другой радзімай, а Жабінка — другім домам.
Сёння Антон Зотаў працуе настаўнікам па класе гітары ў Ленінскай дзіцячай школе мастацтваў, з’яўляецца ўдзельнікам кавер-групы “БаянДай”. Акрамя бас-гітары, музыкант валодае яшчэ акустычнай і электрагітарай. Святлана віртуозна музыцыруе на баяне і валодае ігрой на акардэоне, фартэпіяна, балалайцы, домры, складае партытуры. У яе быў свой рок-гурт “YourГурт Ellitte” на цукровым заводзе, аднак з-за недахопу часу давялося з ім развітацца.
Святлана Іванаўна вучыць дзяцей музычнаму майстэрству ў Жабінкаўскай дзіцячай школе мастацтваў, а таксама кіруе там аркестрам педагогаў. На розных канцэртах жабінкаўцы неаднаразова былі сведкамі запамінальных выступленняў калектыву. Не пакідаў нікога абыякавым і экстравагантны выгляд дырыжора і яго ўмелыя рухі рукамі.
Настаўнік па класе фартэпіяна Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Струц, якая іграе ў аркестры педагогаў пад кіраўніцтвам Святланы Зотавай, характарызуе яе як прафесіянала сваёй справы, камунікабельную і творчую натуру.
Якім яшчэ можа быць чалавек, які нарадзіўся 31 снежня? Светлым, добрым, пазітыўным, словам — падарункам і для бацькоў, і для калег.
“Мама — радасць, мама — свята”, — лічыць і 4-гадовая дачка Зотавых Яўгенія. Дзяўчынка прыгожа спявае, ходзіць у вакальны гурток “Вясёлкавы мікс”, якім кіруе Вікторыя Міцковіч. Святлане хацелася б, каб дачка стала музыкантам. (Яе муж, дарэчы, таксама вырас у музычнай сям’і: бацька Антона Ігар Зотаў спяваў у ансамблі “Каларыт”).
— Я лічу, што самае галоўнае — гэта сям’я, — разважае Святлана Зотава. — Трэба любіць і паважаць адно аднаго, адносіцца з разуменнем да рэпетыцый, “гастроляў”, выступленняў у выхадныя дні, у святы, да затрымак на рабоце мужа або жонкі-музыканта. У нашай сям’і з гэтым праблем няма. У мяне з Антонам аднолькавыя музычныя густы: любім слухаць джаз, рок-музыку. З задавальненнем глядзім камедыі, КВЗ, жартуем. Карацей кажучы, жывём на адной хвалі.
Аб чым яшчэ можна марыць?
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

На здымку: Святлана, Антон і Жэнечка Зотавы.
Фота з сямейнага архіва.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мудрыя людзі раяць: знайдзі сабе працу па душы — і ты ніколі не будзеш працаваць. Настаўнік па класе баяна Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Святлана Зотава...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика