Клопат — гарантаваны!. 21.by

Клопат — гарантаваны!

06.01.2017 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На двары — студзень. У першыя дні года самы час падвесці вынікі зробленага, адзначыць тых,  хто вызначыўся летась. Пра гэта прапанаваная ніжэй гутарка са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірынай ГЛІНСКАЙ:
— Паспяхова вырашаць пастаўленыя задачы могуць толькі людзі з добрым настроем і спакойным станам душы. А таму стварэнне нармальнага маральнага мікраклімату ў калектыве, вытворчая ўзаемадапамога, пошук шляхоў зладжанасці ў рабоце прафсаюзных камітэтаў з адміністрацыяй заўсёды былі прадметам клопату райкама галіновага прафсаюза. У нас нямала прыкладаў, калі прафкамы і адміністрацыя ўстаноў адукацыі працуюць на ўмовах партнёрства, узаемапавагі. І людзі гэта бачаць і цэняць, бо і самі адчуваюць з іх боку падтрымку і ўвагу.
—  Наколькі ведаю, пагадненне, калектыўны дагавор — асноўныя дакументы, якія служаць абароне сацыяльна-эканамічных інтарэсаў работнікаў.
— Гэта на самай справе так. Усе ключавыя моманты, якія датычаць нармальнай жыццядзейнасці працоўных калектываў, узаемаадносін паміж наймальнікам і працуючымі, адлюстраваны ў Пагадненні паміж аддзелам адукацыі, спорту і турызму і райкамам галіновага прафсаюза, а на месцах — у калектыўных дагаворах. У гэтых дакументах агавораны ўсе пытанні, якія рэгулююць працоўныя адносіны ў калектывах і дапамагаюць абараніць сацыяльна-эканамічныя інтарэсы работнікаў. Нездарма наша пагадненне, заключанае на 2016-2019 гады, выйшла пераможцам абласнога конкурсу, прымеркаванага да 95-годдзя галіновага прафсаюза.
—  Ірына Васільеўна, калі ласка, крышку спыніцеся на пытаннях, якія замацаваны ў пагадненні і калектыўных дагаворах.
— Асноўнае пытанне, якое ўсіх хвалюе, — гэта нарміраванне і аплата працы. Яна ніколі не была высокай у нашай сістэме. Вось райкам прафсаюза і ўдзяляе ўвагу правільнасці прымянення дзеючых умоў аплаты працы, гэта значыць, адсочвае своечасовае ўстанаўленне тарыфных ставак (акладаў), даплат, надбавак, матэрыяльнае стымуляванне і аказанне матэрыяльнай дапамогі работнікам, а таксама папярэджанне незаконных пераплат. У пагадненне і калектыўныя дагаворы ўключаны і выконваюцца нормы пры ліквідацыі і рэарганізацыі ўстаноў адукацыі, працоўных адносін, развіцця сацыяльнага партнёрства, замацаваны гарантыі занятасці, аховы працы  работнікаў, гарантыі для прафсаюзнага актыву і іншыя.
— А ці ёсць якія сацыяльныя гарантыі для маладых педагогаў?
— Райкамам сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму прыняты мерапрыемствы, накіраваныя на работу з маладымі спецыялістамі. Замацаваны настаўнікі з ліку вопытных калег, арганізавана работа школы маладога спецыяліста. У калектыўных дагаворах прадугледжаны ўмовы заключэння працоўных адносін, устаноўлены надбаўкі, аказанне матэрыяльнай дапамогі на першаснае працаўладкаванне, зніманне жылля, праезд на работу і іншае. Прымаюцца меры па перамяшчэнні моладзі на кіруючыя пасады.
— Напэўна, удзяляецца ўвага і пытанням аховы працы?
—  Райкамам заўсёды аказваецца садзейнічанне наймальнікам па забеспячэнні здаровых і бяспечных умоў працы. Прадугледжаны меры матэрыяльнага стымулявання кіраўнікоў і работнікаў за захаванне патрабаванняў аховы працы. Стымулююцца грамадскія інспектары, якія ажыццяўляюць перыядычны кантроль за захаваннем заканадаўства аб ахове працы, удзельнічаюць у рабоце розных камісій. Дарэчы, ім прадастаўляецца да 4 гадзін у тыдзень для вядзення гэтай грамадскай работы. У нас 34 грамадскія інспектары. Найбольш актыўныя з іх: Уладзімір Бойка (Свірскі ВПК дзіцячы сад-СШ), які прызнаны лепшым грамадскім інспектарам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Вольга Лётка (Мядзельскі ВПК яслі-сад-СШ), Тамара Сачыўка (дзіцячы сад аг. Нарач), Алена Самуленкава (гімназія-інтэрнат г. Мядзела). Штогод удзельнічаем у рэспубліканскім конкурсе на лепшую арганізацыю грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы. Па выніках 2015 года яго пераможца — Алена Самуленкава, якая ўзнагароджана дыпломам ЦК галіновага прафсаюза.
— А ці ўдзяляеце ўвагу аздараўленню работнікаў сістэмы?
— Праз сістэму калектыўна-дагаворных адносін рэалізуюцца меры, накіраваныя на ўмацаванне здароўя работнікаў, паляпшэнне іх санітарна-бытавога і лячэбна-прафілактычнага абслугоўвання, арганізацыі харчавання і яго патаннення. Прадугледжаны мерапрыемствы па матэрыяльным стымуляванні работнікаў, якія вядуць здаровы лад жыцця, прымаюць актыўны ўдзел у спартыўным жыцці калектыву. Нашы педагогі нядрэнна выступаюць на раённых і абласных спартакіядах, розных спартыўных спаборніцтвах. У полі зроку райкама і пытанні санаторна-курортнага лячэння, аздараўлення, турыстычнага абслугоўвання працуючых і іх дзяцей. Дарэчы, для членаў прафсаюза прадугледжана 25% скідка ў здраўніцы “Белпрафсаюзкурорта”. Толькі за бягучы год 20 работнікам галіны выдзяляліся пуцёўкі на санаторна-курортнае лячэнне і 19 — іх дзецям. Актыўна працуем над пытаннем патаннення пуцёвак на аздараўленне дзяцей работнікаў у летні перыяд. Плённа супрацоўнічаем з УП “Беларустурыст” па арганізацыі экскурсійных мерапрыемстваў.
— Ірына Васільеўна, напэўна, і матэрыяльную дапамогу аказваеце работнікам галіны?
— З прафсаюзнага бюджэту аказваем матэрыяльную дапамогу членам прафсаюза, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, — у сувязі з хваробай саміх ці дзяцей, стыхійнымі бедствамі, пажарамі, з выпадку смерці бацькоў, дзяцей… Акрамя таго, ушаноўваем юбіляраў-імяніннікаў, у сувязі з выхадам на пенсію, нараджэннем дзяцей, уступленнем у шлюб, воінаў-інтэрнацыяналістаў. Не забываем і ветэранаў. Вельмі цесна працуем з саветам ветэранаў працы сістэмы адукацыі, які ўзначальвае Ядвіга Чарняўская.
— А чым яшчэ даводзіцца займацца?
— Поле дзейнасці райкама прафсаюза даволі шматграннае. Гэта работа са зваротамі, вучоба і метадычная дапамога кіраўнікам устаноў адукацыі і прафсаюзнаму актыву па распрацоўцы лакальных нарматыўных прававых актаў, па атэстацыі педагагічных кадраў. Гэта і падрыхтоўка пісьмаў, запытаў у вышэйстаячыя органы кіравання адукацыяй, галіновага прафсаюза па шматлікіх прававых, сацыяльна-эканамічных пытаннях, што дазволіла вырашыць шэраг праблем на карысць людзей. Далучаемся да шматлікіх прафсаюзных акцый, якія праводзяцца. У тым ліку: “Прафсаюзы — дзецям”, “Збяры партфель у школу”, “Абавязак і памяць”, “З клопатам пра ветэрана”. Раённая арганізацыя ўдзельнічае ва ўсіх важных для нашай краіны падзеях, розных конкурсах, іншых мерапрыемствах. Напрыклад, летась пераможцам рэспубліканскага прафсаюзнага вакальнага конкурсу “Новыя імёны Беларусі” сярод маладых выканаўцаў стаў педагог-арганізатар НДЦ “Зубраня” Руслан Рагалевіч. Сёлета ў раённым этапе рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў удзельнічала 15 работнікаў галіны (з 47 удзельнікаў). Многія вызначыліся і ў творчым аглядзе-конкурсе “Суквецце талентаў”, прымеркаванага да Года культуры. Каманды педагогаў з’яўляюцца таксама пераможцамі і раённага чэмпіянату інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?”.
— Як бачна, работа праводзіцца вялікая. Можа каго хочаце назваць, каму падзякаваць за супрацоўніцтва?
— Найперш хачу падзякаваць начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяне Ефімавай, яе намесніку Святлане Кундра, кіраўнікам устаноў адукацыі за цеснае супрацоўніцтва з галіновым прафсаюзам, за разуменне, дапамогу і падтрымку ў вырашэнні многіх пытанняў. Асобна хачу спыніцца на ролі прафсаюзных лідараў, якія сёння павінны быць не масавікамі-забаўнікамі, а людзьмі, якія бачаць праблемы тых, хто побач, і стараюцца іх вырашаць. Менавіта да такіх адносяцца старшыні прафсаюзных “пярвічак” Крывіцкага СЛВПТУ закрытага тыпу Таццяна Васілевіч, НДЦ “Зубраня” Святлана Хільман, Будслаўскай СШ імя П. Мядзёлкі Алена Каробчыц, Крывіцкага ВПК дзіцячы сад-СШ Галіна Ярчак, Мядзельскага ВПК яслі-сад-СШ Алена Сергеенка, Мядзельскай СШ №1 імя У. Дубоўкі Раіса Русак, Сваткаўскай СШ імя М. Танка Марына Кляноўская, Свірскага ВПК дзіцячы сад-СШ Святлана Саковіч і іншыя. Мне вельмі прыемна, што для многіх старшынь пярвічных арганізацый прафсаюз стаў своеасаблівай школай, дзе яны набылі вопыт работы з людзьмі, які цяпер прымяняюць на больш высокіх пасадах. Напрыклад, Антаніна Крыўко зараз узначальвае Слабадскі сельскі выканаўчы камітэт, Тэрэса Кальчынская працуе дырэктарам Нарацкай СШ №1, а Ганна Пляшак — намеснікам дырэктара НДЦ “Зубраня”.
Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На двары — студзень. У першыя дні года самы час падвесці вынікі зробленага, адзначыць тых,  хто вызначыўся летась. Пра гэта прапанаваная ніжэй гутарка са...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика