Як журналісты Гродзеншчыны “ПРЭСАнулі” аўтапрабегам дарогі Ашмяншчыны. 21.by

Як журналісты Гродзеншчыны “ПРЭСАнулі” аўтапрабегам дарогі Ашмяншчыны

01.06.2017 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Другі год на Гродзеншчыне пры падтрымцы Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама рэалізуецца унікальная ініцыятыва – прэс-аўтапрабегі журналістаў рэгіянальных СМІ па адметных мясцінах, дзеля знаёмства з цікавымі фактамі, асобамі, старонкамі гісторыі. Летась аўтапрабег прайшоў па Смаргоншчыне, а сёлета журналісты “ПРЭСАнулі” дарогі Ашмяншчыны. Гэты край (разам з Лагойшчынай) называюць другой Швейцарыяй – за горысты рэльеф і, вядома, за прыгажосць. Хвалістымі стужкамі ўюцца тут дарогі: спускі, пад’ёмы, з якіх позірку адкрываюцца неверагоднай прыгажосці краявіды. Яшчэ больш уражвае ўбачанае, пачутае, перажытае. Каб расказаць пра ўсё, наўрад ці хопіць газеты, ды і ці варта – бо лепш адзін раз пабачыць, чым сто раз пачуць, піша «Лідская газета»

***

У Ашмянах усё пачынаецца з… краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча, дырэктар якога Настасся Навіцкая, была нашым экскурсаводам на працягу ўсяго аўтапрабега.

Мясцовы музей заслугоўвае асаблівай увагі. Экспазіцыя яго прызнаная адной з лепшых у Беларусі і прадстаўляе усё, што тычыцца Ашмянскага краю: прыроду, мастацтва, гісторыю, культуру… Прычым, музейшчыкі адышлі ад традыцыйнага тэматыка-храналагічнага метаду падачы экспазіцыі, аддаўшы перавагу вобразна-сюжэтнаму (хаця і не без храналогіі, бо гісторыя ж ёсць гісторыя) і падаюць сваю гісторыю ў фармаце 5D. Так-так, 5D можа быць не толькі кінатэатр, але і гісторыя. Наведвальнікам яе прадстаўляюць у пяці пластах. Напрыклад, першы – 14 стагоддзе, апошні, пяты – 21-е. Цікава, што пяты пласт… за акном музея – сённяшнія Ашмяны. Увогуле, тут цесна перапляліся і гісторыя, і сучаснасць: глядзіш з акна музея на вуліцу, а з фрэскі суседняга будынка на цябе глядзіць адзін з ашмянскіх стараст – Мікалай Радзівіл Руды.


Ізюмінкай музея з’яўляецца мемарыяльны комплекс Францішка Багушэвіча – паэта, празаіка, публіцыста, грамадскага дзеяча, сялянскага адваката. Дарэчы, праз музейныя залы праходзяць радкі яго верша “Мая дудка”, якія даюць наведвальнікам “эфект 25 кадра” і застаюцца ў памяці надоўга.


Ад музея рукой падаць да сінагогі. Праўда, сінагогай у поўным сэнсе слова яна была ў мінулым, зараз жа гэта гісторыка-культурная каштоўнасць, якая знаходзіцца ў аварыйным стане. Між іншым, аб’ект варты ўвагі. Калісьці гэта сінагога была адной з найбольшых на Беларусі і мае даўнюю гісторыю. Але галоўнае – яе духоўны змест.  Адухатворанасць адчуваецца з першых крокаў па ёй, ад самага парога. Гэта невыпадкова – на месцы сучаснага ўвахода была калісьці алтарная частка, святая святых, у ёй захоўваўся скрутак Торы. Над гэтай часткай і зараз ёсць надпіс: “Ад усходу да заходу славіцца імя Бога”. Адчуванні ўзмацняюцца, калі падымеш вочы ўгору і ўбачыш ўвагнуты купал сіняга зорнага неба.

З сінагогі шлях аўтапрабега ляжыць да руін старадаўняга францысканскага касцёла, ад яго – да так званай Галгофы, або Крыжовай гары, на якой ўзвышаецца 21 крыж. Штогод, у Вербную нядзелю, іх устанаўліваюць каталіцкія вернікі пасля таго, як вялікай працэсіяй ідуць ад касцёла святога Міхаіла-Арханёла да францысканскага касцёла, робячы чатырнаццаць прыпынкаў. З Крыжовай гары адкрываецца найпрыгажэйшая панарама на Ашмяны.


***

Пакінуўшы горад, мы накіроўваемся па незвычайных мясцінах ашмянскага краю. Адно з іх у народзе ахрысцілі “Нявесціным каменем”. Гэта неверагодных памераў валун (4 м у даўжыню, 2 м у вышыню, 10 м у абхваце), што невядома як і адкуль з’явіўся пасярод лесу. Навукоўцы кажуць, што валун – рэштка ледавіку. А ў народзе вераць легендзе, згодна якой у валун ператварылася маладая дзяўчына, што кінулася ў роў услед за сваім жаніхом-тапельцам. Вада ў рве высахла, а слёзы нявесты ператварыліся ў камень. Кажуць, тут можна загадаць самае запаветнае жаданне – яно збудзецца.


Аграгарадок Баруны называюць сімвалам Ашмяншчыны. Ён вядомы са старадаўніх часоў, а з 18 стагоддзя з’яўляўся цэнтрам асветніцтва. У Барунах быў пабудаваны касцёл святых Пятра і Паўла, кляштар, дзейнічала школа базыллянаў. У касцёле захоўваецца старадаўні цудатворны абраз Маці Божай Барунскай, тут жа б’е крынічка з цудадзейнай вадой.

Калі вы будзеце у Барунах, не прайдзіце міма памятнага знака, устаноўленага ў гонар подзвіга экіпажа бамбардзіроўшчыка “Ілля Мурамец”, што загінуў падчас першай сусветнай вайны. Гэта адзіны на постсавецкай прасторы імянны манумент у гонар канкрэтных удзельнікаў першай сусветнай.

Перамясціўшыся на некалькі кіламетраў ад Барун, у в. Цюпішкі (Тупішкі), трапляем на кропку геадэзічнай дугі Струвэ. Пункты дугі Струвэ ёсць і ў Лідскім, Шчучынскім раёнах, але толькі ў Ашмянскім створаны і дзейнічае паўнацэнны музей дугі Струвэ.



На Ашмяншчыне немагчыма не наведаць Гальшанскае гарадзішча – помнік археалогіі 12-14 ст., дзе, згодна паданняў, бяруць пачатак Гальшаны. Варта пераадолець некалькі соцень крокваў уверх і параўнацца з верхавінамі дрэў, каб узняцца над зямлёй, над часам і ўгледзецца ў гісторыю…

***

Гальшаны – адно з самых таямнічых і загадкавых месцаў не толькі Ашмяншчыны і Гродзеншчыны, але і Беларусі. Кажуць, што па гальшанскіх вуліцах і сёння ходзяць прывіды. Пры дзённым сонечным свеце мы іх не ўбачылі, але пачуцці перажывалі асаблівыя.


…Амаль чатырыста год налічвае гісторыя мясцовага касцёла (у наступны годзе ён адзначыць 400-годдзе), асвечанага ў гонар Іаана Хрысціцеля. Падканцлер Вялікага княства Літоўскага Павел Стэфан Сапега паклікаў сюды францысканцаў, і гэта традыцыя працягваецца да сённяшняга дня. У касцёле служыць айцец Багуслаў, сапраўдны францысканец. Ён носіць цёмна-карычневае адзенне і пояс з трыма вузламі, якія азначаюць адданнасць Хрысту, абет беднасці і абет цнатлівасці.

Калісьці пры касцёле меўся кляштар, а ў крыптах знаходзіліся пахаванні. У адной частцы – багатых прыхаджан, у другой – ксяндзоў, а ў трэцяй – саміх Сапегаў. Павел Стэфан Сапега, фундатар, будаўнік касцёла, чалавек з цяжкім лёсам, якога называлі “сіняй барадой”, таксама пахаваны тут. Яшчэ да смерці ён загадаў зрабіць мармуровую пліту і выявіць сябе ў атачэнні трох сваіх памерлых жонак у манаскім убранстве. Гэтая пліта з цягам часу была перавезена з касцёла ў мастацкі музей нацыянальнай Акадэміі навук.

Увогуле, адметны сам касцёл, святыня святыняў, і адметны айцец Багуслаў, у якім усё выдае сапраўднага правадыра да Бога.


Побач з касцёлам калісьці быў кляштар. З ім звязана нямала загадак і таямніц. Згодна адной з легенд, падчас будаўніцтва мелася шмат праблем. Адна са сцен кляштара ўвесь час рушылася. Што толькі не рабілі, усё адно нічога не атрымоўвалася. І тады нехта прапанаваў – прынесці ахвяру. Было вырашана замураваць у гэту сцяну маладую прыгожую жанчыну – тую з жонак працаваўшых тут мужчын, якая першая прыйдзе і прынясе свайму мужу ежу. Як ні прасіў у Бога самы малады рабочы, аднак яго жонка і ў гэты раз прыйшла самая першая…

Кляштар быў асвечаны. Але з тых часоў тут пасяліўся прывід Белай Панны. Шматлікія групы турыстаў прыязджалі сюды, каб яе пабачыць. Вялікі інтарэс падагрэла адкрыццё ў кляштары філіяла мастацкага музея. З’явіліся новыя сведчанні: хтосьці пасярод ночы бачыў цень, іншыя чулі крокі, у адной з вежаў бачылі сілуэт манаха…

У Гальшанах (незалежна ад веравызнання) абавязкова варта наведаць і праваслаўную царкву Георгія-Перамоганосца – у ёй захоўваецца ікона з часціцай мошчаў Іўліаніі Гальшанскай, нашай мясцовай святой. Сама яна пахавана ў Кіева-Пячорскай Лаўры. Існуе легенда, што ў Іўліаніі на пальцы быў прыгожы пярсцёнак. Адзін малады чалавек забраў яго, але не паспеў выйсці з храма, як упаў мёртвым. Іўліанія лічыцца ахоўніцай ад “таці” (зладзеяў), акрамя таго, мясцовыя вернікі кажуць, што Іўліанія дапамагае жанчынам пры іх хваробах.


Фінальнай кропкай прэс-аўтапрабегу стаў Гальшанскі замак. Нягледзячы на тое, што сёння гэта руіны, міжволі ўяўляецца ўся веліч і яго прыгажосць. Па словах экскурсавода, знешне Гальшанскі замак быў падобны на Мірскі, але значна прыгажэйшы. Гэта была шыкоўная рэзідэнцыя Паўла Стэфана Сапегі і замак абарончага тыпу.

Таямнічасцю авеяны замак. Кажуць, у лунную ноч з’яляюцца тут Белая Панна і Чорны манах. Белая Панна помсціць мужчынам, а Чорны Манах смуткуе па каханай, з якой яго разлучылі.

Мы абышлі замак вакол і зазірнулі ўнутр (хаця гэта небяспечна і забаронена) – уяўленне малявала, як бурлела ў гэтых сценах калісьці жыццё, як вырашаліся лёсы людзей і краін, як тварылася гісторыя. Нішто непадуладна часу. Застаецца толькі памяць. Яна мацней за ўсе муры.


***

Гісторыя Ашмяншчыны адкрывалася як на далоні. Праўда, ва ўсім сваім багацці далёка не памяшчалася ні на той самай далоні, ні ва ўяўленні. Адно станавілася ясна: тут, на Ашмяншчыне, гісторыя не штучная, апранутая ў сучасныя матэрыялы, а жывая, якая глядзіць на нас з мінуўшчыны сваімі вачыма і гаворыць сваім голасам.

Наша вандроўка таксама ўжо стала гісторыяй. І ўсё тое, што напішам мы аб ёй ў газетах, таксама стане гісторыяй – для наступных пакаленняў. А пакуль – мы жывём сёння. Едзем хвалістымі ашмянскімі дарогамі, мінаем Іўеўшчыну, з яе звычайнымі незвычайымі месцамі – Трабамі, Юрацішкмі, з іхнімі нібыта сышоўшымі з карцінак вежамі старадаўніх касцёлаў і багатай гісторыяй. Захапленне не пакідае да самай Ліды, на ўездзе ў якую адкрываецца панарама замка, што глядзіцца ў люстэрка возера. Куды не паедзь – дзіўны, прыгожы, цікавы, а самае галоўнае – наш беларускі край… Адчуванне шчырай радасці, гонару, любові да зямлі, якая дала табе жыццё?!





































 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Другі год на Гродзеншчыне пры падтрымцы Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама рэалізуецца унікальная ініцыятыва –
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика