Хто такі каморнік?... 21.by

Хто такі каморнік?..

24.06.2017 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


ЗЕМЛЕЎПАРАДЧЫК — гэта спецыяліст па тапаграфічнай здымцы, вымярэннях і межаванні зямельных угоддзяў. Землеўпарадчыка завуць таксама старадаўнім словам «каморнік», і ўяўленне хутка малюе чалавека з драўлянай меркай, падобнай да цыркуля. З гэтай меркай каморнікі ўжо сотні гадоў крочаць па палях, вылічваючы іх даўжыню і шырыню. Але гэта не адзіная іх функцыя. У іх абавязкі ўваходзяць вядзенне ўліку зямлі, пераафармленне права на валоданне зямлёй, падрыхтоўка дакументаў для правядзення аўкцыёнаў. Дзяржаўны кантроль за рацыянальным выкарыстаннем і аховай сельскагаспадарчых зямель таксама ўваходзіць у кампетэнцыю землеўпарадчыка. Значную частку рабочага часу забіраюць спрэчныя пытанні, якія ў асноўным узнікаюць, калі чалавек афармляе дакументы на ўчастак і трэба ўзгадніць межы з суседам. Словам, клопатаў пастаянна хапае. А з надыходам лета іх значна прыбаўляецца. Звычайна ў гэту пару людзі стараюцца вырашаць свае зямельныя пытанні, актывізуецца будаўніцтва, вяртаюцца ў вёску дачнікі, прыязджаюць уладальнікі спадчынных дамоў. На жаль, не ўсе стараюцца сачыць за парадкам на сваёй зямлі і за плотам. І тут у землеўпарадчыка ўзнікаюць не вельмі прыемныя размовы з такімі гаспадарамі.
— Па некалькі разоў даводзіцца нагадваць асобным грамадзянам, каб абкасілі пустазелле, навялі парадак на ўчастку. За мінулы год напісала 109 прадпісанняў па пытанні навядзенні парадку, — гаворыць спецыяліст землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Таццяна Сарокіна, якая курыруе Свірскі сельсавет.
Працуе тут дзяўчына са жніўня 2015 года. Здаецца, мінула зусім мала часу, але ёй хапіла, каб сваёй працавітасцю, сумленнымі адносінамі да даручанай справы заваяваць аўтарытэт і павагу сярод калег, кіраўніцтва сельвыканкама, жыхароў гарадскога пасёлка і навакольных вёсак.
Таццяна родам з горада Барань Аршанскага раёна. Пасля школы закончыла Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, дзе набыла спецыяльнасць землеўпарадчыка. Па накіраванні прыехала працаваць на Мядзельшчыну.
— Тут раней ніколі не была, але праз інтэрнэт пазнаёмілася з возерам Нарач, прыродным комплексам «Блакітныя азёры». А калі прыехала, то на свае вочы ўбачыла ўсю гэту непаўторную прыгажосць. І гарадскі пасёлак таксама прыгожы, асабліва вуліца Набярэжная. А галоўнае, тут жывуць гасцінныя, добразычлівыя людзі, — расказвае Таццяна. — У калектыве сельвыканкама мяне прынялі вельмі добра. Хутка вырашылася жыллёвая праблема. Безумоўна, на першым часе я нічога не ведала. Але мне дапамагалі хутчэй асвоіцца спецыялісты сельвыканкама, яго старшыня Віктар Іосіфавіч Субач, былы землеўпарадчык Соф’я Андрэеўна Лубінская. Калі што дакладна не ведала, то не саромелася патэлефанаваць у Мядзел начальніку землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Аляксандру Мікалаевічу Чарняўскаму. Ніколі не адмаўляў у дапамозе галоўны спецыяліст землеўпарадкавальнай службы, які курыруе Нарацкі сельсавет, Вячаслаў Вячаслававіч Жук і іншыя. Так паціху спазнавала спецыфіку практычнай дзейнасці. Зараз многіх жыхароў гарадскога пасёлка добра ведаю, ведаю амаль кожны ўчастак. Больш-менш знаёма і з жыхарамі навакольных вёсак.
Мне падабаецца прафесія землеўпарадчыка, яна запатрабаваная, а таму і някепска аплачваецца. Ніколькі не шкадую, што абрала менавіта яе. Параіла яе мне суседка, якая таксама працуе па гэтай спецыяльнасці ў горадзе. Хаця бацькі мае — настаўнікі матэматыкі, педагогамі працавалі і дзядуля з бабуляй. На іх расчараванне я не стала працягваць сямейную дынастыю. Ды і малодшы брат, які закончыў 11 класаў, марыць паступіць у Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны.
— Вы выдзяляеце зямельныя ўчасткі. А ці давялося забіраць іх? — пытаюся.
— Так. Летась мы канфіскавалі адзін участак у вёсцы Альшэва. Чалавек набыў яго з аўкцыёну для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома. Мінула некалькі гадоў, а ён і не прыступіў да будаўніцтва. Шмат разоў звярталіся да яго, нагадвалі. На пісьмы не рэагаваў, прадпісанні не выконваў. Давялося дзейнічаць у адпаведнасці з заканадаўствам. Жорстка, але нічога не зробіш, — чую ў адказ. — У паўсядзённай рабоце даводзіцца карыстацца дасягненнямі навукі і тэхнікі.
Землеўпарадчык значную частку часу знаходзіцца ў паездках і пад адкрытым небам. Па сваім утрыманні, гэта прафесія блізкая да прафесій тапографа, геадэзіста і кадастравага інжынеры. Хаця, як гаварыла Таццяна, пастаянна праводзіць прыём грамадзян. Але галоўнае — каб абраная прафесія падабалася і прыносіла задавальненне.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ЗЕМЛЕЎПАРАДЧЫК — гэта спецыяліст па тапаграфічнай здымцы, вымярэннях і межаванні зямельных угоддзяў. Землеўпарадчыка завуць таксама старадаўнім словам...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика