Хочаш замуж — пасядзі на камені! У Ашмянскім раёне ёсць валун, які прыносіць дзяўчатам шчасце. 21.by

Хочаш замуж — пасядзі на камені! У Ашмянскім раёне ёсць валун, які прыносіць дзяўчатам шчасце

01.07.2017 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

«Кажуць, на гэтым месцы пахавана паслушніца, якая шчыра малілася за шчасце маладых кабет у шлюбе». Пра «нявесцін камень» гісторый ходзіць шмат. У яго цудадзейную сілу вераць здаўна. Прыязджаюць да каменя і цяпер: дзяўчаты, якія доўга не могуць выйсці замуж, просяць годнага кавалера, маладыя пары — сямейнага шчасця, а бяздзетныя жанчыны — дачку ці сына.


У ахвяру — ручнікі і грошы

Знайсці цудадзейны валун нескладана. На трасе М-7 стаіць указальнік да «нявесцінага» каменя. Прайсці крыху ў гушчар, спусціцца па прыступках у роў — і вось той самы двухметровы ружовы граніт. Навукоўцы мяркуюць, што валун з’явіўся тут 20 тысяч гадоў таму: ледавік прынёс яго з Аландскіх астравоў, што ў Балтыйскім моры.

У мясцовых жыхароў камень, відаць, карыстаецца папулярнасцю. На тоненькіх галінках дрэў, што растуць пры валуне, чаго толькі не пакідаюць. Стужкі, ручнікі, рызінкі для валасоў… Сяргей Жылік, метадыст па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны Ашмянскага раённага цэнтра культуры, прыгадвае, як адзін з хлопцаў павязаў каля граніту… шнурок ад красовак.

— Са студэнтамі аграрна-эканамічнага каледжа мы прыходзілі чысціць камень. Адзін з іх якраз з дзяўчынай пасварыўся, вось і вырашыў жаданне загадаць, каб хутчэй памірыцца. А пад рукой нічога іншага, каб павязаць, не было, — з усмешкай расказвае Сяргей Жылік.

Жарты жартамі, але папрасіць патаемнага ў валуна прыязджаюць не толькі беларусы. У плеценым кошычку, што стаіць на версе каменя, апроч нашых пяцісотак і тысяч, ляжаць еўрапейскія цэнты: літоўскія турыстычныя групы сюды часта заязджаюць.

Прыгажуня з каменным сэрцам

У суседніх Навасёлках пра магічную славутасць ведаюць ледзь не ўсе дзяўчаты. І бегаюць да каменя пастаянна. Адзінокіх маладых жанчын у аграгарадку амаль няма. Супадзенне?

— Нашы дзяўчаты рана выходзяць замуж, у 19-20 гадоў. А вось хлопцаў нежанатых хапае, — смяюцца навасёлкаўцы.

Старэйшыя жанчыны памятаюць шмат легенд пра «нявесцін» камень. Раней, кажа бібліятэкар Ірэна Макей, яго называлі «ромбаўскім».

— Ад імя хлопца, які некалі жыў у гэтым паселішчы, — тлумачыць Ірэна Уладзіміраўна і працягвае паданне: — Дом Ромбы стаяў на пагорку, за ім — глыбокі роў, дзе цякла чорная вада. Закахаўся хлопец у бедную дзяўчыну. А бацька яго не дазваляў ім сустракацца, надумаў знайсці для сына багатую нявесту. Сыграў Ромба вяселле з нялюбай: у той жа час нельга было аслухацца. Пасля вяселля стаяў хлопец каля рова і думаў: усё, больш з каханай не пабачымся, няма чаго і жыць. І кінуўся ўніз. Любая дзяўчына сэрцам пачула, што бяда здарылася, і пабегла да Ромбы на спатканне, але спазнілася. Калі зразумела, што сталася з хлопцам, таксама кінулася ў ваду. І ў гэтае ж імгненне дзявочыя слёзы ператварыліся ў вялікі камень.

— А я ад маці іншую гісторыю чула, — далучаецца да размовы Алена Скібіцкая. — У той вёсцы адна з дзяўчат прыгажуня з прыгажунь была. І хлопцы ўсе хацелі з ёй у пары хадзіць. Аднойчы яны спаткалі гэту дзяўчыну, акружылі і кажуць: каго выбераш, той застанецца з табой, а астатнія адступяць. Яна падумала і вырашыла: нікога. «У цябе ж каменнае сэрца», — усклікнулі хлопцы. Калі дзяўчына гэта пачула, ператварылася ў вялікі валун. А хлопцы, што стаялі побач, — у дубкі. Вы ж бачылі, там і цяпер вакол каменя адны дубы растуць.

Былая настаўніца Алена Місюк падзялілася з намі яшчэ адным паданнем. Жыла калісьці маладая пара, у якой доўга не было дзяцей. Жанчына ўжо і па бабках-шаптухах хадзіла, і па знахарках, але гэта нічога не давала. Муж злаваўся: або нараджай нашчадка, або знайду іншую. Жонцы гэтыя папрокі надакучылі. І вырашыла яна: пайду куды вочы глядзяць. Увесь дзень ішла, а ўвечары, калі стомленая прабіралася праз гушчар, упала і скацілася ў роў, да нейкай сцяны. Кідалася ў адзін бок, у іншы — ніяк не магла выбрацца адтуль. Прыхілілася жанчына да сцяны і задрамала. Раптам чуе нейкі голас з-пад зямлі: «Не палохайся, гэта не сцяна, а камень, які валодае незвычайнай сілай. З-пад яго выцякае крынічка з жывой вадой. Ты раніцай убачыш яе. Папі вады з той крынічкі, апаласні твар і вяртайся да мужа. Усё наладзіцца». Жанчына так і зрабіла. А праз дзевяць месяцаў здарыўся цуд — у пары нарадзіўся сынок.

«Каля валуна знайшла мужа»

Ад легенд пераходзім да рэальных гісторый. «Ці ведаеце тых, каму камень дапамог?» — пытаемся ў навасёлкаўскіх.

— А як жа! Далёка не трэба хадзіць — былая дырэктарка клуба выскачыла замуж, як пасядзела на камені, — агарошвае Наталля Шымановіч, мастацкі кіраўнік мясцовага аддзела культуры і вольнага часу. — Яна ўжо немаладая была, з былым мужам шмат гадоў развёўшыся. І тут з Гродна прыехаў чалавек да нас у калгас працаваць. Пазнаёміліся яны, пасябравалі. А праз год былая дырэктарка выйшла за таго мужчыну замуж і пераехала да яго ў Гродна.

Мужа каля каменя знайшла і Валянціна Шукеловіч.

— Ён там кароў пасвіў, — удакладняе пенсіянерка (яна сама з вёскі Агароднікі, што непадалёк адсюль). — Мы дагэтуль бачыліся, але не любіліся яшчэ. А пасля той сустрэчы прыглядзеліся адно да аднаго.

Кабеты раяць: хто хоча выйсці замуж, мусіць абавязкова пасядзець на камені, а не проста дакрануцца да яго. Гэта «методыка» самая эфектыўная.

— А з Ашмян прыязджала жанчына, якая не магла мець дзяцей, — успамінае выпадак Ірэна Уладзіміраўна. — Яна з мужам два тыдні кожны вечар да каменя хадзіла. І казалі, што нарадзіла потым.

— А праўда ці не, хто ведае, — заўважае Алена Вікенцеўна. — Жаданні спаўняюцца, калі мы верым. Цяпер і вучоныя кажуць: 15 працэнтаў вылечваюць урачы, а 85 — мы самі, сваёй верай.

«Звязда»

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Кажуць, на гэтым месцы пахавана паслушніца, якая шчыра малілася за шчасце маладых кабет у шлюбе». Пра «нявесцін камень» гісторый ходзіць
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика