За дзіцячай марай наўздагон. 21.by

За дзіцячай марай наўздагон

24.07.2017 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


АМАЛЬ пятнаццаць гадоў вадзіцелем пажарнага аўтамабіля працуе прапаршчык унутранай службы пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 горада Мядзела Дзмітрый Падгайскі.
— Быць вадзіцелем — мара дзяцінства, — падзяліўся падчас размовы Дзмітрый Дзмітрыевіч. — Таму пасля заканчэння дзевяці класаў Мядзельскай сярэдняй школы №1 імя Уладзіміра Дубоўкі без ваганняў накіраваў дакументы ў тагачаснае ПТВ-207 у Камарове. За тры гады навучання набыў спецыяльнасці вадзіцеля і электрыка. Толькі закончыў вучылішча — прызвалі на службу. Пашанцавала, служыў вадзіцелем «КамАЗа». Менавіта там набыў навыкі і вопыт кіравання аўтамабілем.
Дзмітрый расказаў, што пасля службы вярнуўся ў родны Мядзел, працаваць уладкаваўся ў ПМК-214 электрыкам. А праз два гады перасеў за руль самазвала. Адначасова юнак павышаў свой прафесійны ўзровень. Атрымаў катэгорыі «Д», «Е». Таму і аўтамабіль з прычэпам, і аўтобус яго не палохалі. Аднак усё гэта не тое, душа патрабавала нечага іншага. І вось у 2003 годзе перайшоў Падгайскі працаваць вадзіцелем пажарнай машыны.
— Чаму менавіта сюды? — пытаюся.
— Яшчэ будучы ў школе, наведваў колішні Дом піянераў, дзе займаўся ў гуртку «Юны пажарны». Нас прыводзілі на экскурсію ў пажарную часць. Мне гэта вельмі запала ў душу. Планаваў, што, як вырасту, абавязкова стану пажарным. Вось і збыліся дзіцячыя мары. Зараз ніколькі аб гэтым не шкадую, — адказвае Дзмітрый Дзмітрыевіч.
Вадзіцель пажарнай машыны — гэта адказна. Складана кіраваць аўтамабілем, ды і на дарозе можа здарыцца ўсялякае.
— Мая асноўная задача — акуратна і хутка давезці разлік да месца пажару і падаць ваду для тушэння агню, — кажа ён.
Вядома, за многія гады службы, у Дзмітрыя выпрацаваўся прафесійны вопыт. Тым не менш, прызнаецца выратавальнік, што падчас кожнага выезду адчувае хваляванне: надзвычайныя сітуацыі не падобныя адна на адну, і прадугледзець, як будзе ўсё развівацца, — немагчыма.
Але не толькі дастаўка выратавальнікаў на месца здарэння, падача вады ўваходзяць у абавязкі вадзіцеля пажарнага аўтамабіля. Здараецца, трэба аказаць першую дапамогу пацярпеўшым. Дзмітрый добра ведае: цана імгнення — цана жыцця. За гады службы ён удзельнічаў у ліквідацыі многіх надзвычайных сітуацый.
— Найскладаней тушыць тарфяныя пажары, — кажа ён. — А, зрэшты, кожны пажар — гэта бяда для кагосьці. Таму імкнёмся як мага хутчэй аказаць дапамогу…
Дзмітрый Падгайскі — адзін з найбольш вопытных вадзіцеляў пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 горада Мядзела. «Ведай сваю задачу і выконвай яе адказна і сумленна», — такога дэвізу прытрымліваецца ён у сваёй нялёгкай службе. А яшчэ важным у ёй называе пастаянную самаадукацыю і прафесійнае самаўдасканаленне. Гэтага патрабуе час, тыя змены, якія адбываліся і адбываюцца ў службе выратавання. Яны закранулі і абавязкі вадзіцеля пажарнага аўтамабіля, сярод якіх цяпер і работа з механізаваным інструментам на ліквідацыі аварыйных сітуацый.
А яшчэ прафесія вымагае ад таго, хто яе абраў, пэўных якасцей характару — чуласці, разумення, вытрымкі: на ліквідацыі надзвычайных сітуацый неабходна максімальная сканцэнтраванасць — без лішніх эмоцый і хваляванняў. Усе гэтыя якасці, кажуць калегі, якія добра ведаюць Дзмітрыя, уласцівыя яму.
Сёння Падгайскі з удзячнасцю ўспамінае сваіх настаўнікаў, якія дзяліліся з ім вопытам і навыкамі. Гэта старшы тэхнік Уладзімір Аўсяны, былы начальнік каравула, а зараз начальнік часці Віктар Булыга і многія іншыя. Цяпер і Дзмітрый вучыць моладзь, якая ўладкоўваецца да іх на службу.
Дома ў Дзмітрыя падрастаюць дочкі. Старэйшая Кацярына сёлета паступае ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, а вось малодшая Насця — школьніца, ёй 12 гадоў. Дзяўчаты вельмі паважаюць прафесію свайго таты, абедзве з’яўляюцца актыўнымі ўдзельніцамі Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных. Жонка працуе ў санаторыі «Сосны».
— Як бавіце вольны час? — пытаюся ў суразмоўцы.
— Ёсць два любімыя заняткі: рыбалка і тэхніка. Люблю таксама паблукаць па лесе ў пошуках грыбоў, — чую ў адказ.
Застаецца дадаць, што сёлета на сходзе актыву па падвядзенні вынікаў работы народнай гаспадаркі раёна за 2016 год менавіта Дзмітрый Падгайскі прызнаны «Лепшым па прафесіі». Яго фотаздымак змешчаны на раённай Дошцы гонару.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
АМАЛЬ пятнаццаць гадоў вадзіцелем пажарнага аўтамабіля працуе прапаршчык унутранай службы пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 горада Мядзела Дзмітрый...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика