Дзяўчына з характарам, альбо “Залатая” Рыбак выконвае пажаданні. 21.by

Дзяўчына з характарам, альбо “Залатая” Рыбак выконвае пажаданні

01.08.2017 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота Андрэя Шыманскага.
Хто з нас хоць аднойчы, крытычна зірнуўшы ў люстэрка, не даваў сабе слова пачаць “новае, здаровае, правільнае” жыццё з Новага года альбо з панядзелка? А потым наступаў аўторак… Здаецца, сіла ёсць, воля ёсць. Дзе б яшчэ сілу волі ўзяць?
Аднойчы такое адбылося і ў лёсе жыхаркі Жабінкі Людмілы Рыбак. Толькі ў адрозненне ад многіх, яна аказалася гаспадыняй таго слова: абяцала сабе новае жыццё – і абяцанае стрымала!

Пажаданне першае: патрэбна скідваць вагу…

ГЭТА ГІСТОРЫЯ пачалася пяць гадоў таму.
Справы ішлі ўгору. Людміла Мікалаеўна, прыроджаная жабінкаўчанка, выпускніца першай гарадской школы, уладальніца дыплома Брэсцкага філіяла недзяржаўнага інстытута сучасных ведаў па спецыяльнасці “Эканоміка кіравання прадпрыемстваў”, стала дырэктарам ПУП “СПИРИТАВТО”, што пачало актыўна займацца грузаперавозкамі ў суседнія краіны. У падначаленых – толькі мужчыны, але і ў яе аказаўся мужчынскі характар. Да таго ж яшчэ стала галоўным бухгалтарам ажно ў трох фірмах. Паўсюль паспявала. Адным словам – дзелавая сучасная жанчына, здольная, як класік казаў, калі спатрэбіцца, нават жалезнага “каня” спыніць…
Усё б добра – адно засмучала: нездаровы лад жыцця, які прымушаў забыцца на правільнае харчаванне ды сон, пачаў здзекавацца з гардэроба. Як у песні пяецца, раптам любімая спадніца стала вузкаю… Узнялася на вагі – і сумелася. Вердыкт аказаўся бязлітасны: 72 кг!!! Пры 159 см ад галавы да пятак… З гэтым жахам тэрмінова патрэбна было нешта рабіць… Напрыклад, разбіць вагі… Ці ўсё ж за розум узяцца, на “люстэрка” не злавацца і пачаць цягнуць сябе за валасы з таго балота, у якім загрузла? Рашэнне абрала правільнае, тым больш, што вагі былі чужыя, а вага – свая.
Падказку выхаду з тупіка пачала шукаць у інтэрнэце. Знаёмым было цікава, што з гэтага атрымаецца. Нехта не верыў і пасміхаўся, іншы, наадварот, супакойваў і падтрымліваў. А Люда ўпарта пачала рухацца да мэты, пастаўленай перад сабою. Спачатку распрацавала сістэму харчавання, зненавідзела начынне халадзільніка, аб’явіла “байкот” маянэзам, пампушачкам, каўбаскам, фастфудам, соль ды цукар абвясціла смяротнымі ворагамі… І канечне, здаровы сон – абавязкова ў “рацыёне”.
Мінула дзесяць месяцаў пасля таго дня, калі хацелася разбіць вагі. Цяпер яны безапеляцыйна спыніліся на адзнацы 50. Дваццаць два кілаграмы “жывой вагі” засталіся ў страшным сне!
На календары быў панядзелак, 31 снежня 2012 года.
Пачыналася новае жыццё…

…вагу патрэбна браць!
(Другое жаданне)

НОВЫ ГОД даў старт у спорт. Прычым, абрала для сябе такі брутальны яго від, як цяжкая атлетыка.
У студзені 2013-га Людміла Рыбак пачала займацца ў клубе “Юнацтва”, што дзейнічае ў Жабінцы пры жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Першым трэнерам стаў Андрэй Курыга, які дапамог асвоіць надзвычай няпростую тэхніку экіпіровачнага жыму штангі лежачы.
Увесь першы год Людміла Мікалаеўна прысвяціла тэхніцы выканання, а наступныя тры – непасрэдна жыму магутнага спартыўнага снараду. Толькі пасля гэтага спартсменка выйшла на прафесійныя падмосткі.
25 лютага 2017 года быў суботні дзень. Белаазёрск прымаў юбілейны Х чэмпіянат Брэсцкай вобласці ў паўэрліфтынгу па жыме штангі лежачы. Для Людмілы гэта быў першы сур’ёзны старт – і адразу “бронзавая” прыступка на п’едэстале. Такога пачатку яна не чакала, паколькі ў турніры ўдзельнічалі ажно дзве чэмпіёнкі Еўропы, канкурэнцыя – надзвычай вострая.
Здавалася, цяпер няма тых вяршынь, на якія нельга ўзняцца… Аднак ужо праз некалькі тыдняў спартсменка з Жабінкі атрымала на трэніроўцы траўму пляча. У выніку – нельга падняць нават авоську з прадуктамі. Давялося пачынаць усё з нуля: лекі – спартзал – трэніроўкі. Да лета аднавілася і ўжо ў чэрвені атрымала запрашэнне ад майстра спорту Сяргея Калядзіча ў зборную каманду горада Брэста “Гефест”, дзе выступаюць дзесяць чалавек, чацвёра з іх – дзяўчаты. Людміла Рыбак – адзіная жабінкаўская прадстаўніца ў камандзе.
У час падрыхтоўкі да наступнага чэмпіянату памянялі разам з новым трэнерам тэхніку жыму, па-ранейшаму Людміла выступала ў экіпіроўцы.
15-16 ліпеня ў Брэсцкім лёгкаатлетычным манежы пад эгідай Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Федэрацыя экіпіровачнага і класічнага паўэрліфтынгу” ладзілася першынство Беларусі ў жыме штангі.
У першы дзень спаборніцтваў Людміле Рыбак давялося быць у ролі балельшчыцы, падтрымліваць сябра па камандзе Сяргея Кузняцова, які змагаўся за месца на п’едэстале. Якім жа вялікім было задавальненне, калі берасцейскі волат узышоў на самую вяршыню! У класічным жыме Сяргей узняў 242 з паловаю кілаграмы, не пакінуўшы ніякай надзеі сапернікам. Ягоны поспех віталі многія, хто быў у той дзень у манежы, найбольш за астатніх, вядома ж, “гефестаўцы”.
Аднак сапраўдны медальны ўраджай чакаў іх на наступны дзень. Нядзеля 16 ліпеня сапраўды стала чырвоным днём для берасцейскай каманды. Кузняцоў ізноў пацвердзіў, што адзін з мацнейшых у краіне, дадаўшы ў сваю скарбонку другі медаль, цяпер ужо сярэбранай пробы. Яшчэ шасцёра ягоных аднаклубнікаў ўзнімаліся на п’едэстал, чым забяспечылі сабе першае каманднае месца.
Вядома, у гэтым поспеху вялікі ўнёсак Людмілы Рыбак. Ад яе выступленняў проста зіхацела “золатам”. Адзіная ў камандзе яна атрымала дзве ўзнагароды найвышэйшай пробы. Спачатку – “золата” сярод катэгорыі М1, якая аб’ядноўвае спартсменаў ва ўзросце ад 40 да 49 гадоў. Затым – у вагавой катэгорыі да 52 кг. Такім чынам, Людміла Мікалаеўна стала двойчы чэмпіёнкай Беларусі па паўэрліфтынгу ў жыме лежачы.

Як шчасце ўзважыць?
(Галоўнае жаданне)

ВЯДОМА Ж, КАЛЕГІ па камандзе “трымалі за яе кулачкі”, радаваліся бязмерна, калі жаночым рукам пакарылася 60-кілаграмовая штанга. Прысутнічалі ў шэрагах балельшчыкаў і жабінкаўцы з клуба “Юнацтва”, у якім Люда пяць гадоў таму рабіла першыя свае крокі да значнага спартыўнага поспеху.
Але ж найбольшую падтрымку спартсменка ўсё ж адчувала з боку малодшай дачкі Лізы, якая таксама была на трыбуне ў час спаборніцтваў. Як і матуля, Лізавета захапляецца фізічнай культурай і спортам, вядзе здаровы лад жыцця, зараз вучыцца ў гарадскім ліцэі. Яе рэкорды і перамогі, верыцца, яшчэ наперадзе. А пакуль – вялікая радасць за маму, у якой гэтак добра атрымліваецца выконваць свае пажаданні.
Для Людмілы Рыбак яе дочкі – галоўная крыніца шчасця і душэўных сіл. 22 ліпеня, праз шэсць дзён пасля “залатога дажджу”, што абрынуўся на галаву Людмілы Мікалаеўны, Жабінка шыкоўна адзначала сваё 200-годдзе. Да гэтага агульнага свята ў нашай гераіні дадалося і асабістае: для старэйшай дачкі Вікторыі прагучалі гукі вясельнага марша.
У планах бізнесвумен – далей развіваць сваю справу. У пражэктах штангісткі – спадзяванне выканаць нормы на кандыдата ў майстры спорту. У надзеях проста жанчыны – узняць неўзабаве над галавою маленькі лёгкі “канверт”, перавязаны блакітнай ці ружовай стужкай, – з унукам ці ўнучкаю.
Тады й стане зразумела, колькі важыць сапраўднае чалавечае шчасце.
На здымках: Людміла РЫБАК па-за спартыўным памостам; пераможная вага ўзята.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота Андрэя Шыманскага. Хто з нас хоць аднойчы, крытычна зірнуўшы ў люстэрка, не даваў сабе слова пачаць “новае, здаровае, правільнае” жыццё з...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика