“СМІ павінны заставацца на вастрыі жыцця”. 21.by

“СМІ павінны заставацца на вастрыі жыцця”

Размер текста:
A
A
A

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.

Такую думку выказаў галоўны рэдактар газеты “Заря”, старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў Аляксандр Лагвіновіч, задаючы тон пленарнаму пасяджэнню семінара-практыкума “Работа са зваротамі грамадзян у сродках масавай інфармацыі”, што ладзіўся 5 кастрычніка ў Івацэвічах.

Шчырай размове папярэднічалі сустрэчы ў Івацэвіцкай ЖКГ і мясцовым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Намеснік дырэктара жыллёва-камунальнай гаспадаркі Уладзімір Бурдзь пазнаёміў удзельнікаў семінара з тым, як на ягоным прадпрыемстве пастаўлена работа са зваротамі грамадзян, якое ўзаемадзеянне маюць службы ЖКГ не толькі са службамі МНС, праваахоўнымі органамі, але і з раённай газетай “Івацэвіцкі веснік”. Прынамсі, за дзевяць месяцаў у раёнцы было змешчана 20 публікацый (у асноўным, аб’яў і тлумачэнняў), што дазваляе аператыўна даносіць да жыхароў горада і раёна звесткі пра змены ў аплаце камунальных паслуг, тарыфы ЖКГ, мажлівасці камунальнікаў у вырашэнні праблем і пытанняў, што хвалююць грамадзян.
Незабыўны след у памяці гасцей пакінула, бясспрэчна, наведванне Івацэвіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Удзельнікі семінара ўвачавідкі маглі пабачыць, як маладыя інваліды з дапамогай супрацоўнікаў установы прылучаюцца да сённяшняга няпростага жыцця, у якім бывае складана нават тым, хто фізічна здаровы і актыўны. Існуе, між іншым, сацыяльны магазін, праз які інваліды, надзеленыя талентамі, рэалізуюць цудоўныя рэчы, зробленыя ўласнымі рукамі. Прадстаўнікі СМІ пазнаёміліся з асаблівасцямі працы са зваротамі грамадзян у тэрытарыяльным цэнтры.
А далей усіх чакала прыемная неспадзяваная сустрэча, не прапісаная асобным радком у праграме мерапрыемства. У прасторнай зале тэрытарыяльнага цэнтра адбылося ўганараванне літаратурнай прэміяй імя Уладзіміра Калесніка Анатоля Галушкі. Гэты таленавіты, мужны і сарамлівы чалавек – прыклад для многіх, хто “мае дзве рукі, але апускае іх”. Анатоль Мікалаевіч з 16 гадоў прыкаваны да інваліднага крэсла. Таму 26 верасня, калі ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна адбывалася афіцыйнае ўручэнне Калеснікавай прэміі, неаднойчы выказваліся шкадаванні, што “аўтара выдатнай кнігі “Яблычны Спас” няма сярод нас”. І вось спрыяльная нагода – у рамках семінара-практыкума сабраліся прадстаўнікі пішучай браціі, сябры лаўрэата, каб у цёплай, амаль сямейнай абстаноўцы ўручыць “узнагароду, што знайшла свайго героя”. Адзін з тых, хто паспрыяў выхаду ў свет кнігі, – адказны сакратар газеты “Івацэвіцкі веснік” Валерый Гапееў, – прыгадаў, як няпроста ішлі творы аўтара да чытача. Анатоль Галушка не толькі паэт і празаік, ён яшчэ і цудоўны мастак, чые палотны можна пабачыць не толькі ў Беларусі (прынамсі, у Парламенце краіны, у зборах Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі), але і ў блізкім ды дальнім замежжы. Пры гэтым Анатоль Мікалаевіч піша свае карціны, трымаючы пэндзлік у зубах…
Дыплом лаўрэата прэміі імя У.А. Калесніка таленавіты нараджэнец івацэвіцкай зямлі атрымаў з рук першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Вадзіма Ляўковіча. У сваім віншавальным слове Вадзім Мікалаевіч падзякаваў таленавітаму аўтару і ягоным сябрам за цудоўны падарунак – кнігу, у якой гучаць матывы надзеі, аптымізму і глыбокай любові да роднага краю.
Са свайго боку, мне ў якасці члена Савета абласнога аддзялення СПБ пашчасціла павіншаваць аднаго з найбольш самабытных сяброў берасцейскай літаратурнай суполкі з прызнаннем ягоных заслуг у прыгожым пісьменстве.
Пад уражаннем гэтай сустрэчы ўдзельнікі семінара сабраліся ў будынку Івацэвіцкага раённага выканаўчага камітэта, каб прадоўжыць працу ў фармаце дыялогу. Папярэдне праслухалі намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Вялікасельца. Аляксандр Фёдаравіч на цудоўнай беларускай мове распавёў пра свой раён, яго гістарычны лёс і сучаснае сацыяльна-эканамічнае развіццё.
Удзельнікаў семінара, бясспрэчна, цікавіла тое новае, што з’яўляецца ў заканадаўстве і тычыцца работы журналістаў са зваротамі грамадзян. Пра гэта падрабязна распавяла начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Брэсцкага гарвыканкама Ірына Мокат. Ірына Уладзіміраўна адказала на праблемныя пытанні, што хвалявалі прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, прывяла прыклады, якія адбываліся на практыцы ў такой няпростай сферы, як скаргі, пажаданні, крытычныя заўвагі з боку людзей.
Акрамя таго, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Галіна Мазіна, абапіраючыся на публікацыі ў раённых газетах, прааналізавала работу журналістаў Брэстчыны ў згаданым накірунку.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара. Такую думку выказаў галоўны рэдактар газеты “Заря”, старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў Аляксандр...

Комментарии


 
 
 


Архив (Разное)

21.by в социальных сетях



Партнёры

Яндекс.Метрика