Літаратурная гасцёўня «Зямля і людзі» прайшла ў Ашмянскім музеі (фота, відэа). 21.by

Літаратурная гасцёўня «Зямля і людзі» прайшла ў Ашмянскім музеі (фота, відэа)

12.10.2017 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Тыдзень напярэдадні прафесійнага свята работнікаў культуры прайшоў у нашым раёне пад назвай «Наша культурная спадчына». Клубныя ўстановы і бібліятэкі ў чарговы раз узгадалі і ўшанавалі імёны тых, хто імкнуўся нястомнай працай уславіць родны край, хто і сёння праз творчасць, краязнаўчыя даследаванні, навуковыя адкрыцці дбае аб росквіце зямлі, адкуль бяруць карані продкаў.


Аб такіх людзях вялася размова ў краязнаўчым музеі імя Багушэвіча, дзе прайшла літаратурная гасцёўня «Зямля і людзі».

Аляксандр Каранеўскі, Эдуард Корзун і Чэслаў Янкоўскі — асобы, якіх яднала адзіная мэта і адзінае жаданне — раскрыць перш для сябе, а таксама  для сваіх землякоў нязведаныя старонкі з гісторыі Ашмяншчыны.


На помніку Чэславу Янкоўскаму на віленскіх Росах выбіты словы: «Спачывае той, хто ніколі не меў спакою». Усе трое краязнаўцаў у сваіх памкненнях і прагавітасці да працы былі падобнымі,  пры жыцці імкнуліся зрабіць як мага больш. Кожны з іх пакінуў пасля сябе важкі след. Чэслаў Янкоўскі — чатырохтомнік «Павет Ашмянскі», Эдуард Корзун — кнігу «Гальшаны», Аляксандр Каранеўскі — гісторыка-дакументальную хроніку «Памяць. Ашмянскі раён».


У гэтым годзе спаўняецца 160 год з дня нараджэння Чэслава Янкоўскага — перакладчыка, пісьменніка, публіцыста, які сабраў грунтоўныя матэрыялы «да гісторыі зямлі і людзей». Пра жыццёвы і творчы шлях нашага земляка цікавую і змястоўную інфармацыю падрыхтавала дырэктар музея Настасся Навіцкая, а вось артыст народнага тэатра Яўген Астрамовіч распавёў ад імя свайго героя маналог з «Павета Ашмянскага» аб тым, чаму ён узяўся за справу па зборы  ўспамінаў старажылаў пра павет.


На мерапрыемства былі запрошаны старшакласнікі гарадскіх школ, тыя, хто ведаў асабіста Аляксандра Каранеўскага і Эдуарда Корзуна, іх родныя, вучні Гальшанскай школы, у якой размяшчаецца народны музей імя краязнаўца, а таксама людзі, для якіх гісторыя роднай зямлі нешта большае, чым проста даты і падзеі. Удзел у пасяджэнні гасцёўні прыняў народны ансамбль выкладчыкаў Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў «Карусель».

Для Аляксандра Каранеўскага гісторыя была прызваннем. Ён жыў гэтай навукай, не шкадаваў часу на тое, каб адшукаць таямніцу, звязаную з Ашмяншчынай. Радаваўся гэтым знаходкам і дзяліўся з чытачамі нашай раёнкі, у якой доўгі час працаваў. Часта прападаў у музеях, бываў у архівах Беларусі і Літвы, сустракаўся з людзьмі. Ён увесь час нешта занатоўваў, збіраў, сістэматызаваў. Аляксандр Рыгоравіч быў чалавекам надзвычай сціплым, ніколі і нічога не прасіў, не меў высокіх узнагарод. Шкада, што ён  не пабачыў  сваёй грунтоўнай работы,  бо пайшоў з жыцця некалькімі месяцамі раней,  чым выйшла ў свет сабраная ім па драбніцах кніга-хроніка. Прадаўжальніцай справы бацькі стала дачка Ларыса. Пасля заканчэння школы яна паступіла вучыцца на гістарычны факультэт БДУ і зараз выкладае гісторыю ў гарадской гімназіі. З гісторыяй звязала сваё жыццё і ўнучка Аляксандра Каранеўскага Кацярына.


Ізноў жа хочацца працытаваць Чэслава Янкоўскага, які калісьці напісаў: «Праз сто год ці знойдзецца такі чалавек, які будзе любіць сваю зямлю так, як я?». Безумоўна, такія людзі былі і будуць. У адзін час з Аляксандрам Каранеўскім жыў і працаваў Эдуард Корзун, для якога цэнтрам жыцця і творчых даследаванняў сталі Гальшаны, дзе надзвычай востра адчуваецца ірэальнасць быцця: сярэднявечча ўплятаецца ў сучаснасць, а прывіды са старадаўніх легенд — у штодзённасць. Як адзначылі вядучыя мерапрыемства Алена Нагель і Ірына Бусловіч, гісторык Уладзімір Чантурыя назваў Гальшаны адзіным у Беларусі мястэчкам, якое захавала свой архітэктурны твар. Стагоддзямі тут складваўся архітэктурны ансамбль, які надае населенаму пункту непаўторны «местачковы каларыт». Гэтаму мястэчку Эдуард Сямёнавіч прысвяціў сваю кнігу з аднайменнай назвай, а таксама сабраў багаты матэрыял для музея, які зараз носіць імя краязнаўца.  Падрыхтаваў некалькі артыкулаў для энцыклапедыі гісторыі Беларусі. Справу гальшанскага педагога і даследчыка прадаўжае  жонка Яніна Іванаўна, а таксама вучні мясцовай школы. Аб сваім земляку падрыхтавалі паведамленне вучаніцы 7 класа Гальшанскай СШ Анастасія Адашкевіч і Мілена Дулько. Яніна Іванаўна зачытала ўспаміны настаўніцы Таццяны Івановай пра Эдуарда Сямёнавіча.


У краязнаўстве маюцца два ўзроўні: адзін — для навукоўцаў, другі — для шырокай публікі. Абодва не супярэчаць адзін аднаму, а, наадварот, дапаўняюць. Шмат год сябруе з краязнаўчым музеем Тамара Філіповіч, былы дырэктар мясакамбіната, фатограф і даследчык, аўтар некалькіх прац пра Ашмянскі павет, чалавек, улюбёны ў Ашмянскі край. Яе па праву можна назваць прадаўжальніцай справы вышэй пералічаных асоб. Тамара Уладзіміраўна ўзгадала, што была добра знаёма з Аляксандрам Каранеўскім, і прызналася, што такія апантаныя людзі, як ён, сталі штуршком да даследчай дзейнасці, паслужылі яскравым прыкладам адданасці і служэння Айчыне.


Пройдзе час, стануць гісторыяй  сённяшнія падзеі і даты.  Па-іншаму мы будзем успрымаць і кнігі Тамары Філіповіч. Адшукаем на яе здымках людзей, якіх ужо няма, будынкі і славутасці, якія разбурыў час, і падзякуем аўтару за тое, што гісторыя не знікла разам з падзеямі, яна тут, побач з намі.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

Відэа Аляксандра НАУМЧЫКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тыдзень напярэдадні прафесійнага свята работнікаў культуры прайшоў у нашым раёне пад назвай «Наша культурная спадчына». Клубныя ўстановы і бібліятэкі ў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика