Насуперак непагодзе. 21.by

Насуперак непагодзе

18.10.2017 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


ПАКУЛЬ не выпадае механізатарам расслабляцца і адпачываць, хаця і жніво закончана, і бульба выкапана.

— Зараз на парадку дня востра стаіць пытанне ўборкі кукурузы. Сёлетняя дажджлівая восень не вельмі спрыяе нам у гэтай справе. З-за пераўвільготненай глебы тэхніка гразне, не ўсюды можа праехаць як касілка, так і трактары для адвозкі масы, не гаворачы пра аўтамабілі. Вось і даводзіцца ўбіраць кукурузу выбарачна. Дажджам людзі супрацьпастаўляюць сваё ўменне і майстэрства, — расказвае галоўны аграном ААТ «Будслаўскае» Франц Томкавіч.

— Ці многа гектараў засталося ўбраць? — пытаюся.

— Усяго кукуруза займала 260 гектараў. Пасеялі яе ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны. Гэтай справай займаліся руплівыя механізатары Міхаіл Крамок і Юрый Кузняцоў. Потым арганізавалі належны догляд. І вынік не прымусіў сябе чакаць. Сярэдняя ўраджайнасць зялёнай масы складае больш за 280 цэнтнераў з гектара. На ўборцы кукурузы задзейнічаны два «КЗРы». Адным кіруе Вячаслаў Аўгусціновіч, другім — Аляксандр Сташкевіч. Хлопцы адказныя, старанныя, але не ўсё ад іх залежыць, — адказвае Франц Мечыслававіч. — На сёння ўжо ўбрана 211 гектараў «царыцы палёў», засталося — 49. З іх 15 гектараў пакідаем  на зерне.


— Хто яшчэ з механізатараў заняты на ўборцы?

— На адвозцы сіласнай масы працуюць Міхаіл Крамок і Аляксандр Лемяшонак, Аляксей Фірага і Дзяніс Аксючыц. А вось на трамбоўцы заняты Сяргей Штура. Заклалі траншэю кукурузнага сіласу ля вёскі Сіўцы. Зараз закладваем ужо другую траншэю на малочнатаварнай ферме «Палессе». А кукурузнае поле знаходзіцца непадалёку, лічыце, праз дарогу. Вось і даводзіцца Сяргею Штуру заўсёды быць напагатове і па першым сігнале ехаць на дапамогу таварышам, каб выцягнуць іх, калі загразнуць. Таму і атрымліваецца, што Сяргей і трамбуе, і буксіруе, — працягвае размову аграном. — Спадзяёмся, што надвор’е палепшыцца. Трэба ж убраць усё вырашчанае.

Франц Мечыслававіч паведаў, што ў гаспадарцы паспяхова справіліся з сяўбой азімых культур, нават сёлета пасеялі 60 гектараў азімага ячменю. Зараз тэхніка працуе і на ўздыме зябліва. Найбольшым стараннем і руплівасцю вызначаецца механізатар Уладзімір Нарэйка, за якім замацаваны «МТЗ-3022» з абаротнымі плугамі.

— Будзем імкнуцца як мага больш узараць глебы з восені, тады вясной будзе спраўней, — дадаў на развітанне Франц Томкавіч.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымках: на ўборцы кукурузы плённа працуе Вячаслаў Аўгусціновіч; не ведае прастоеў «Амкадор», якім кіруе Сяргей Штура.

Фота Аляксандра Высоцкага.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ПАКУЛЬ не выпадае механізатарам расслабляцца і адпачываць, хаця і жніво закончана, і бульба выкапана. — Зараз на парадку дня востра стаіць пытанне ўборкі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика